Рус Бел Eng
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75           

Электронная пошта:
inform@house.gov.by

17.03.2021

Андрэй Савіных: Калі мы хочам рухацца далей, нам неабходна мяняцца, па-іншаму паглядзець на звыклыя рэчы

17.03.2021
Аўтар: Марыя Дадалка

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй САВІНЫХ, мабыць, адзін з самых вядомых і публічных дэпутатаў парламента. Яго часта запрашаюць на тэле- і радыёпраграмы, у яго бяруць каментарыі інтэрнэт-рэсурсы і друкаваныя выданні. Такая цікавасць з боку прэсы зразумелая: былы дыпламат мае багаты вопыт і дзеліцца ўласным нетрывіяльным меркаваннем аб шматлікіх працэсах у свеце і ўнутры краіны. У інтэрв'ю для нашага выдання Андрэй Савіных расказаў, што такое макрарэгіёны і чаму яны — дамінуючая тэндэнцыя новага светапарадку; растлумачыў, чаму ў Беларусі ёсць шанц увайсці ў ядро Еўразіі, і падзяліўся, якія казкі неабходна чытаць дзецям, каб выпрацаваць у іх прадпрымальніцкую жылку.

Задачы на пяцігодку і парадак дня макрарэгіёнаў

— Андрэй Уладзіміравіч, пачнём гутарку з вынікаў Усебеларускага народнага сходу (УНС). Якія пастулаты Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця вы б вылучылі як найбольш важныя?

— У рамках сходу на парадку дня былі два асноўныя пытанні — сацыяльна-эканамічнае развіццё і паслядоўнасць палітычных трансфармацый у краіне. Калі казаць пра першае, то ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, на мой погляд, выкладзены падыходы да рэформы дзяржаўнага кіравання эканомікай для яе большай эфектыўнасці. Ва ўмовах паўсюднага крызісу для нас вельмі важна забяспечыць адпаведны ўзровень дабаўленай вартасці, рэнтабельнасці ўсіх асноўных галін эканомікі. Так яна зможа ўстойліва перанесці ўсе выклікі і пагрозы. Праграмай закладзены таксама асновы эканамічнай мадэрнізацыі, абмяркоўваліся мадэлі кіравання, прыярытэтныя галіны.

Наконт палітычнай трансфармацыі — быў канкрэтна вымаляваны шлях мадэрнізацыі грамадства. Мы зыходзім з таго, што ў апошнія 10-15 гадоў адбыліся істотныя змены ў сацыяльнай структуры грамадства. Фактычна намаганнямі ўрада здзяйснялася планамерная рэформа ўсіх галін эканомікі ў інтарэсах людзей. Я маю на ўвазе з'яўленне сучаснага, актыўнага сектара прыватных прадпрыемстваў і сектара паслуг. Сёння 45 % працуючых занята ў прыватным сектары і 50 % падаткаў ён плаціць у бюджэт. Прыватныя прадпрыемствы дамінуюць у цэлых галінах: інфармацыйныя тэхналогіі, бытавыя і транспартныя паслугі, прыборабудаванне. Такія змены патрабуюць і рэформы палітычных адносін. У рамках Усебеларускага народнага сходу гэты кірунак вызначылі. Ён будзе ажыццяўляцца праз змяненне Канстытуцыі. Канстытуцыйная камісія, якая пачала дзейнічаць, будзе галосна рыхтаваць новы законапраект, выносіць яго на абмеркаванне. Работа павінна быць праведзена да восені бягучага года. Потым новую рэдакцыю Канстытуцыі вынесуць на рэферэндум, які мяркуецца правесці ў пачатку 2022 года.

— Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у сваім дакладзе на УНС распавёў аб стварэнні новай канцэпцыі знешняй палітыкі Беларусі. Якія падыходы вы б прапанавалі туды ўкласці?

— Канцэпцыя знешняй палітыкі павінна ўлічваць міжнародную абстаноўку — яна не можа быць адарваная ад рэальнасці. Зараз на планеце адбываюцца сур'ёзныя змены. Глабалізацыя адступае, і чалавецтва пераходзіць да стварэння макрарэгіёнаў. Гэта буйныя аб'яднанні суверэнных дзяржаў, якія сумесна вырашаюць палітычныя, эканамічныя і ваенныя праблемы. Макрарэгіёны становяцца дамінуючай тэндэнцыяй на наступныя 10—20 гадоў. Таму новая канцэпцыя знешняй палітыкі Беларусі павінна адказваць на пытанне, які макрарэгіён прыярытэтны для нас?

Зыходзячы з забеспячэння ваеннай бяспекі Беларусі, выбар ужо зроблены — удзельнічаць у дзейнасці АДКБ і ўзмацняць саюз. Калі разглядаць палітычных саюзнікаў, то, бясспрэчна, тут можна выбудаваць іерархію прыярытэтаў. Першы — інтэграцыя з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы і пашырэнне ўзаемадзеяння на іншыя краіны рэгіёна. У першую чаргу тыя, што ўваходзяць у ЕАЭС. На другім узроўні палітычных прыярытэтаў я размясціў бы краіны, што праводзяць знешнюю палітыку, якая не канфліктуе з інтарэсамі Беларусі. Да іх адносяцца Кітай, В'етнам, Індыя, Іран, Бразілія. Трэці прыярытэт — краіны, з якімі часам узнікаюць рознагалоссі, але ў адносінах з імі мы зыходзім з прынцыпу добрасуседства і неабходнасці вырашаць глабальныя праблемы. Я маю на ўвазе краіны ЕС і ЗША.

Яшчэ адзін элемент стварэння макрарэгіёнаў — эканамічнае супрацоўніцтва. Тут трэба захоўваць старыя падыходы. Наш дабрабыт звязаны з дыверсіфікацыяй экспарту, спробамі ўстанавіць як мага больш сувязяў у свеце.

Свет уступае ў эпоху, калі будучыня суверэнных дзяржаў будзе вызначацца не па адным, а ў міждзяржаўных саюзах краін, што маюць агульныя погляды, могуць адкрыта дамаўляцца, як жыць у гэтым саюзе. Вось такая канцэпцыя знешняй палітыкі нам неабходная.

— Калі мы ўжо закранулі тэму макрарэгіёнаў, як у іх рэальнасць укладваецца імкненне дзяржаў да суверэнітэту?

— Суверэнітэт — гэта дынамічная велічыня і права, якое не з'яўляецца абсалютным, бо ў міжнароднай супольнасці мы залежым ад агульных выклікаў. Суверэнітэт завязаны на праве краіны ўступаць у міжнародныя пагадненні, саюзы, дамоўленасці. Гэта не страта суверэнітэту, а імкненне да рэалізацыі сваіх мэт ва ўзаемадзеянні з партнёрамі. Калі мы ідзём на кампраміс, мы ўзмацняем свой суверэнітэт. Наша ўзаемадзеянне з Расіяй, з ЕАЭС адбываецца па зразумелых прынцыпах. Па прынцыпах, на якія мы зможам пагадзіцца і ў фарміраванні якіх можам удзельнічаць. Голас Беларусі будзе вельмі чуваць пры развіцці гэтага макрарэгіёна.

— Андрэй Уладзіміравіч, вы лічыце еўразійскую інтэграцыю найвышэйшым прыярытэтам нашай знешняй палітыкі. Але ў той жа час у гэтым аб'яднанні ёсць нявырашаныя пытанні. Як выбудоўваць інтэграцыю, калі ўнутрынацыянальныя інтарэсы дзяржаў пераважаюць над саюзнымі? Як еўразійская інтэграцыя ўкладваецца ў канцэпцыю макрарэгіёнаў?

— Калі кожная краіна цягне коўдру на сябе, гэта нармальна — дзяржавы «прыціраюцца» ў дробязях. Але саюзнікаў аб'ядноўваюць агульная карціна развіцця і магчымасць ісці на кампрамісы. Агульны выйгрыш будзе большы, чым страты. Саюз — выгада для кожнага.

Цяпер з-за пандэміі паміж макрарэгіёнамі з'яўляюцца межы, таму бурацца ланцужкі раздзялення працы. Аднаўляць іх неабходна ўжо ў маштабе аднаго макрарэгіёна. У Беларусі ёсць шанц увайсці ў ядро Еўразійскага макрарэгіёна са сваёй прамысловасцю, машынабудаваннем, сельскай гаспадаркай, транспартам. Граніцы такіх вялікіх аб'яднанняў дзяржаў не супадуць з граніцамі краін, што ў іх уваходзяць. Тут больш важныя не геаграфічныя межы, а межы эканамічнага, палітычнага, ваеннага ўплыву рэгіёна. То-бок ідзе працэс змены не межаў, а зон уплыву. Пры іх вызначэнні ёсць верагоднасць лакальных узброеных канфліктаў.

Дарэчы, кожны макрарэгіён будзе рэалізоўваць дзве стратэгіі: адна накіраваная на ўзмацненне сябе, а другая — контрстратэгія — не даць іншым развівацца больш хутка.

Стратэгія спрыяння бізнесу

— У адным з інтэрв'ю вы падзяліліся сваім меркаваннем, што палітыка дзяржавы павінна быць накіравана на партнёрства з бізнесам, а любое спрэчнае пытанне павінна трактавацца на карысць дзелавой супольнасці. Што трэба зрабіць, каб гэты ваш тэзіс ажыццявіўся?

— Адказваючы на пытанне, я хацеў бы вярнуцца да тэзісаў Усебеларускага народнага сходу. Мы павінны забяспечыць эфектыўнасць нашага вытворчага комплексу. Трэба павялічваць прыбытковасць, рэнтабельнасць і эфектыўнасць прадпрыемстваў, паколькі беларуская эканоміка — яднанне буйных дзяржпрадпрыемстваў і прыватнага бізнесу розных памераў. Людзі, якія кіруюць падобнымі арганізацыямі, павінны працаваць ва ўмовах максімальнага спрыяння. Каб выбудоўваць стратэгію свайго развіцця, яны павінны ведаць: у выпадку недакладнасці заканадаўства любое меркаванне будзе трактавацца на іх карысць. Дзяржаўныя органы, у сваю чаргу, павінны разумець, што іх задача — стварыць спрыяльныя ўмовы для паспяховага функцыянавання прадпрыемстваў, паставіць фірмы ўсіх формаў уласнасці ў роўныя ўмовы. Калі мы гэта зробім, перастанем ставіць інтарэсы міністэрстваў вышэй за інтарэсы прадпрыемстваў, тады, я думаю, дасягнем поспехаў.

І я бачу кірункі рашэння гэтага пытання ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, дзе гаворка ідзе аб рэструктурызацыі буйных прадпрыемстваў, стварэнні холдынгаў і адпаведнага дзелавога клімату. Мы павінны выпрацоўваць ментальнасць, калі дзяржслужачы разумее — ён працуе ў тым ліку і на інтарэсы айчыннага бізнесу, на ўзмацненне яго патэнцыялу, не важна, якой формы ўласнасці гэты бізнес.

Другі момант, які павінен стаць своеасаблівай нацыянальнай «рэлігіяй», калі мы факусіруемся на паляпшэнні ўсіх сфер жыцця Беларусі. Мы не кажам: «Гэты механізм працуе — і добра. Не будзем нічога змяняць». Мы кажам: «Калі ў нас з'яўляецца магчымасць палепшыць механізм, які добра працуе, мы павінны гэта зрабіць».

— З аднаго з вашых артыкулаў вынесла цікавую думку: «Галоўнае ўвасабленне зла і варожасці ў беларускіх казках — багаты пан, які прадстаўлены як абсалютнае зло, без гонару і сумлення. Такім чынам, з дзяцінства закладваецца адмоўнае або як мінімум падазронае стаўленне да багацця і росквіту». Няўжо казкі могуць аказаць значны ўплыў на развіццё грамадства?

— Напрыклад, калі ўзяць нямецкія казкі, там хтосьці пакрыўджаны нешта робіць, спрабуе, дзейнічае, праз рызыку дасягае свайго. А ў рускіх — 30 гадоў ляжаў на печы, потым стаў Ільёй Мурамцам. Гэтыя архетыпы дрэнна суадносяцца з рэальным светам. Такі вобраз засвойваецца ў раннім дзяцінстве. Калі чалавек вырастае, ён пераправярае свае ўяўленні адпаведна з рэальнасцю. І атрымлівае адваротную і нфармацыю: існуе іншы падыход — эксперымент, старанне, жаданне дасягнуць. Такі чалавек, мабыць, будзе сваім дзецям расказваць іншыя казкі, якія прывіваюць у іх каштоўнасць прадпрымальніцтва, адказнасці.

Нам неабходна адмовіцца ад кансерватыўнай стратэгіі, калі грамадства нясе за чалавека большую адказнасць, чым ён сам за сябе. Адсюль узнікае сацыяльная пасіўнасць, адсутнасць ініцыятывы, чалавек не выкарыстоўвае ўсіх магчымасцяў, што дае  жыццё. Падштурхнуць грамадзяніна да развіцця сваіх магчымасцяў, асваення новых уменняў, паляпшэння ўласнага жыцця — гэта задача, якую неабходна вырашаць у крызіс. Я часта цытую такі выраз: «Рэформы робяць не тады, калі іх неабходна рабіць, а тады, калі іх нельга не рабіць». Калі мы хочам рухацца далей, нам неабходна мяняцца, па-іншаму глядзець на прывычныя рэчы.

— У грамадстве востра абмяркоўваюць стварэнне так званага закона аб «замежных агентах». Наколькі рэальная імплементацыя такога нарматыўна-прававога акта ў заканадаўства Беларусі?

— На Усебеларускім народным сходзе прагучала думка, што Беларусь — апошняя самастойная краіна Еўропы. Гэта прыгожа і пачэсна, але небяспечна. Такая самадастатковая краіна становіцца аб'ектам перахвату кіравання. І для гэтага Еўрасаюзам, ЗША выдзяляліся апошнія 10 гадоў значныя грошы, каб сфарміраваць структуры, зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Захадам. Гэты працэс прывёў да вострага ўнутрыпалітычнага канфлікту.

Дзяржава мае права ведаць, што пэўныя рухі, клубы фінансуюцца з-за мяжы для рэалізацыі нейкай мэты. Практыка паказвае, што гэта звычайна не альтруістычныя задачы. Фонды, якія існуюць на прыватныя грошы, праследуюць свае інтарэсы, звязаныя з узмацненнем рэсурсу ўплыву. Мы павінны ведаць, што такая работа ў нас праводзіцца і хто, якія і на чые грошы выказвае ідэі ў нашай краіне. На гэта і накіраваны Закон аб замежных агентах.

Мяркую, што законапраект мы распрацуем сумесна з Міністэрствам юстыцыі. На працягу года, верагодна, зможам вырашыць пытанне з яго прыняццем.

Публічная палітыка

— Вы, мабыць, адна з самых публічных асоб у беларускім парламенце. Чаму, на ваш погляд, дэпутату неабходна імкнуцца размаўляць з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці?

— Ніводная арганізацыя, установа не можа дазволіць сабе існаваць асобна — яны павінны інфармаваць максімальна вялікую колькасць людзей аб мэтах, задачах сваёй дзейнасці, фарміраваць станоўчую рэпутацыю. Гэта магчыма зрабіць праз зносіны з прэсай, грамадзянамі.

У парламенце добра пастаўлена практыка сустрэч у працоўных калектывах. Але неабходна дадаваць і сучасныя сродкі інфармацыі, у тым ліку сеткавыя рэсурсы. Мне гэта рабіць прасцей, бо пэўны час я займаў пасаду прэс-сакратара ў Міністэрстве замежных спраў. Я добра разумею, што такое публічная дыпламатыя, публічная палітыка, як яны працуюць і якім чынам звязаныя ўяўленне людзей і рэальны змест любой палітычнай дзейнасці.

— У працяг тэмы. Вы — актыўны карыстальнік сацыяльных сетак. Вашу персанальную старонку можна знайсці ў «Фэйсбуку», на «Ютубе». У чым карысць такіх інструментаў у зносінах з электаратам? Як часта вы сутыкаецеся з крытыкай у сацсетках і як на яе рэагуеце?

— Я ўспрымаю і «Фэйсбук», і «Ютуб» у першую чаргу як магчымасць вылажыць на ўмоўную вітрыну свае ўяўленні аб гэтай рэальнасці, а далей — справа людзей навокал. Калі яны захочуць, возьмуць гэтыя ідэі. Не — пакінуць ляжаць там, дзе яны ёсць. Адзначу, што эфектыўная прапаганда сваіх думак можа быць толькі мяккай. Жорсткая прапаганда ў сучасным інфармацыйным грамадстве не працуе.

Сацыяльныя сеткі сёння нельга разглядаць як пляцоўку для глыбокіх прафесійных дыскусій. Па-першае, такі фармат абмену інфармацыяй не дазваляе гэтага дасягнуць. Па-другое, сацыяльныя сеткі для вялікай колькасці людзей — магчымасць выказаць свой пратэст, нязгоду. Там магчыма сутыкнуцца з нематываванай агрэсіяй, з суб'ектыўнымі, неабгрунтаванымі ўяўленнямі пра цябе і тваю дзейнасць. На гэта не трэба звяртаць увагі.

З іншага боку, сацыяльныя рэсурсы ў інтэрнэце дазваляюць даносіць і станоўчы сігнал — тое, што ты лічыш каштоўным. Важна не тое, як канкрэтны чалавек у пэўны момант адрэагаваў на пост, а што засталося ў яго памяці.

Дыпламат і дэпутат

— За амаль шэсць гадоў вашай работы ў пасольстве ў Турцыі тавараабарот паміж нашымі краінамі вырас на 50 %. Гэта прыемны факт, нават нягледзячы на адмоўнае сальда для Беларусі. Якія яшчэ поспехі ва ўзаемадзеянні краін вы можаце адзначыць за час вашай работы паслом?

— З таго, што мне ўдалося зрабіць, у першую чаргу нагадаю аб устанаўленні ўзаемадзеяння на вышэйшым узроўні. Я спрыяў арганізацыі некалькіх вельмі важных візітаў, у тым ліку першага ў гісторыі двухбаковых адносін візіту Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Беларусь. Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка таксама падчас маёй кадэнцыі пасля перарыву ў 20 гадоў зноў прыехаў у Турцыю. Гэтыя кантакты далі штуршок развіццю партнёрства амаль ва ўсіх галінах.

Значнымі праектамі лічу адкрыццё зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў пад Анкарой, прасоўванне айчыннай снегаўборачнай тэхнікі ў горны раён Эрзурума, дзе зіма цягнецца да 8 месяцаў у годзе. Там наша тэхніка стала знаходкай. Мы з туркамі асвойваем Арктыку — ёсць рэальная праграма аб узаемнай дзейнасці. Яны вельмі цікавяцца нашым арктычным вопытам. За гэты перыяд было рэалізавана яшчэ шмат маленькіх праектаў па кантактах паміж прадпрыемствамі, людзьмі, культурнымі калектывамі.

— У чым падабенства і прынцыповыя адрозненні работы ў сферы парламенцкай дыпламатыі і на дыпламатычнай рабоце ў МЗС?

— У дыпламатычнай рабоце ты строга «заточаны» на заключэнне пагаднення. Любы дыпламат мэтанакіравана працуе на дасягненне кампрамісу, імкнецца абыходзіць канфліктныя зоны і знаходзіць рашэнні, што могуць зблізіць два бакі. Гэта вельмі складаная, філігранная работа. Без яе нікуды не дзенешся, бо свет пазбягае вялікай колькасці ваенных канфліктаў дзякуючы намаганням дыпламатаў.

У парламенцкай дыпламатыі больш магчымасцяў. Тут часам мае сэнс канфлікт, каб высветліць адносіны. Разыходжанні і пікіроўкі могуць быць інструментам выпрацоўкі погляду, як рухацца наперад. Парламенцкая дыпламатыя працуе не на дасягненне імгненнага рашэння, а на ўзгадненне ўяўленняў аб каштоўнасцях. Гарызонт планавання шырэйшы — мы працуем не над канкрэтнымі практычнымі рашэннямі, а на фарміраванне адзінага погляду на каштоўнасці.

— Уладзімір Макей у адным з інтэрв'ю сказаў, што каля 5-6 % супрацоўнікаў МЗС звольнілася падчас пратэсных падзей, і адзначыў, што дыпламатычная служба падобная да ваеннай. Як, на ваш погляд, правільна дзейнічаць дыпламату, які не падзяляе пазіцыю дзяржавы?

— Калі чалавек працуе ў МЗС, перад ім пастаўлена галоўная задача — забяспечваць спрыяльныя знешнія ўмовы для паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Гэтым усё абмяжоўваецца. Я не бачыў ніводнага замежнага дыпламата, які б замест выканання сваіх прамых абавязкаў пачынаў крытыкаваць уласны ўрад ці асобнае міністэрства. Гэта нонсэнс, так нідзе ў свеце не бывае. Так, яны могуць прапаноўваць змены, але іх функцыя дакладна вызначана: на знешнім полі імкнешся забяспечыць спрыяльныя ўмовы для ўласнай краіны.

Калі дыпламат бачыць шмат праблем унутры краіны, ён заканчвае працаваць у МЗС, ідзе ў іншую сферу — напрыклад, у палітычную партыю, і займаецца ўнутраным развіццём дзяржавы. Тады ў яго з'яўляецца права крытыкаваць і выказваць публічна свае прапановы. Адзін з такіх варыянтаў — маё рашэнне пайсці ў парламент. Я ў Палаце прадстаўнікоў, каб займацца ўдасканаленнем нашай унутрай сістэмы, каб яна лепш адказвала на знешнія выклікі. Мне гэта цікава, я лічу гэта важным. Але я не стаў кідаць камяні ва ўласную краіну, калі мне даручылі работу за мяжой па абароне інтарэсаў гэтай жа краіны.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by