Галоўная / Беларуская версія / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі
25.03.2019

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Зямчонак правёў у Шаркаўшчыне «прамую лінію» і прыём грамадзян

25.03.2019

Трэба ісці насустрач праблемам грамадзян — такога меркавання ў сваёй рабоце прытрымліваецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пастаўскай выбарчай акрузе № 29 Сяргей Рычардавіч Зямчонак.

22 сакавіка парламентарый прыняў удзел у рабоце дзявятай сесіі раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Затым ён правёў “прамую лінію” з жыхарамі Шаркаўшчынскага раёна.

Да дэпутата паступіла некалькі тэлефанаванняў ад грамадзян па самых розных пытаннях. Напрыклад, шаркаўчанка Вера Усцінаўна Сямёнава выказала пажаданне, каб у мікрараёне меліяратараў гарадскога пасёлка была пабудавана грамадская лазня. Вядома, што такія пытанні трэба дэталёва разглядаць на працягу немалога перыяду, бо будаўніцтва новага аб’екта — справа сур’ёзная. На сённяшні ж дзень у мікрараёне будаўнікоў маецца для патрэб грамадзян грамадская лазня. Патэлефанаваў дэпутату і жыхар райцэнтра Мікалай Васільевіч Косар. Мужчына больш за сорак год адпрацаваў у дарожна-будаўнічай галіне, таму яго непакоіць стан дарог у нашым раёне. На думку Мікалая Васільевіча, трэба больш увагі ўдзяляць стану мясцовых шляхоў зносін, правільна іх эксплуатаваць і своечасова праводзіць рамонт. Безумоўна, гэта слушна, але тых грашовых сродкаў, якія выдзяляюцца на дадзеныя мэты недастаткова. Парламентарый падкрэсліў, што падчас пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў неаднаразова паднімаецца гэта пытанне. У цяперашні час разглядаецца магчымасць выдзялення значна большых грашовых сум менавіта на будаўніцтва, рамонт і ўтрыманне мясцовых дарог.

Пасля правядзення “прамой лініі” Сяргей Рычардавіч правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Да дэпутата звярнуліся Аляксандр і Эма Баговічы. Праблема, з якой яны прыйшлі да парламентарыя, даволі складаная. Справа ў тым, што муж і жонка сталі ахвярай фінансавых махляроў. Не так даўно, сабраўшы пэўную суму грошай, яны набылі легкавы аўтамабіль. Здавалася б, вельмі цудоўна мець уласны транспарт, бо ў выпадку Аляксандра і Эмы гэта не проста сродак для перамяшчэння, а, у першую чаргу, вельмі неабходны набытак для сям’і і для працы. Але, як высветлілася пазней, набытая шаркаўчанамі машына, знаходзілася ў якасьці залогу па дамоўленасці паміж двума асобамі і прададзена ў абыход гэтаму дакументу. Справа ўскладняецца яшчэ і тым, што дамоўленасць аказалася не заверанай натарыяльна, а былы ўладальнік аўтамабіля наогул знік і не выходзіць на сувязь, нават не з’явіўся на судовыя пасяджэнні. Сяргей Рычардавіч запэўніў Аляксандра і Эму, што для вырашэння іх праблемы абавязкова звернецца да высокакваліфікаваных юрыстаў, каб здзейсніць у далейшым правільныя крокі ў прававым полі і дапамагчы людзям.

Майстар па будаўніцтве ААТ “Даватарскі” Юрый Пятровіч Жынгель таксама звярнуўся з праблемай, але не з асабістай. Спецыяліста гаспадаркі хвалюе пытанне, з якім апошнім часам сутыкнулася сельгаспрадпрыемства. Некаторыя ўчасткі ў гаспадарцы занятыя кустарнікавай расліннасцю. Перыядычна яны выразаюцца, нарыхтаваны матэрыял ідзе на патрэбы гаспадаркі. Але зусім нядаўна гаспадарцы быў выстаўлены грашовы штраф за незаконную высечку дрэў на дадзеных участках. Як патлумачыў у час прыёму Юрый Пятровіч, неабходныя дакументы на зямельныя ўчасткі ў гаспадарцы маюцца, тым не менш, прадстаўнікі Браслаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету запэўнілі, што іх недастаткова. Высветлілася, што ў такіх выпадках на ўчасткі для высечкі трэба спачатку аформіць дакументацыю ў аддзеле землеўпарадкавання райвыканкама, а затым у сельскім выканаўчым камітэце, што не было зроблена.

Сяргей Рычардавіч Зямчонак падчас прыёму грамадзян кіруецца прынцыпам, што чалавек, калі звяртаецца па дапамогу, павінен яе атрымаць, бо дзейнасць парламентарыяў менавіта на гэта і скіравана.

Сяргей РАЙЧОНАК

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць