Рус Бел Eng
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75           

Электронная пошта:
inform@house.gov.by

20.11.2020

Дэпутаты далучыліся да ўдасканалення механізма выплаты дарожнага збору

20 лістапада 2020

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удасканаленне механізма выплаты дарожнага збору стала тэмай рабочай нарады ў Палаце прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта пытанне абмяркоўваецца ўжо не першы год, але адзінага рашэння так і не прынята. На адной з нядаўніх нарад Прэзідэнт чарговы раз узняў пытанне аб дарожным зборы і даручыў разгледзець яго на ўзроўні ўрада і парламента.

На рабочую нараду ў парламенце былі запрошаны ўсе зацікаўленыя дэпутаты. Тэма важная і закранае практычна кожную беларускую сям'ю. "Сёння мы праводзім унутрыпарламенцкае мерапрыемства. Гэта значыць, перш чым выносіць такую тэму на пляцоўку з запрашэннем членаў урада і іншых зацікаўленых, мы спачатку павінны абмеркаваць гэта пытанне з дэпутатамі, - расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Ігар Камароўскі. - Ведаю, што рабочая група ва ўрадзе таксама ўважліва працуе над гэтым пытаннем. Магчыма, на наступным тыдні мы правядзём сумесную нараду на пляцоўцы Палаты прадстаўнікоў".

Парламентарый упэўнены, што пытанне дарожнага збору даўно пераспела і патрабуе неадкладнага рашэння. "За гэты час напрацавана вялікая колькасць варыянтаў. Яны неаднаразова абмяркоўваліся на ўзроўні ўрада і ў парламенце. Самыя папулярныя з іх - выкарыстанне тэхнічнай сістэмы сродкаў фотавідэафіксацыі для кантролю за выплатай дарожнага збору, а таксама ўключэнне яго ў кошт паліва. Але хачу сказаць, што любы варыянт не ідэальны, на жаль, і мае як дадатныя, так і адмоўныя моманты. Таму неабходна выпрацаваць найбольш аптымальны", - падкрэсліў ён.

Ігар Камароўскі адзначыў, што пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы ў парламент сталі актыўна паступаць прапановы ад грамадзян. "Усе яны, безумоўна, будуць прааналізаваны і разгледжаны пры абмеркаванні і выпрацоўцы канчатковага варыянту", - дадаў ён.

Старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Ніжэвіч прывяла статыстыку. На сёння ў Беларусі зарэгістравана 4,5 млн транспартных сродкаў, з іх 3,7 млн знаходзяцца ва ўласнасці ў фізічных асоб. Паводле слоў парламентарыя, у вырашэнні пытання выплаты дарожнага збору ёсць некалькі акцэнтаў. Перш за ўсё, любая рэформа апраўдана і прызнаецца падаткаплацельшчыкам, калі ў яе аснове знаходзяцца прынцыпы справядлівасці і суразмернасці. Акрамя таго, павінны быць улічаны інтарэсы і магчымасці кожнага падаткаплацельшчыка, а таксама эканамічны эфект. Выплачваючы дарожны збор, аўтамабіліст павінен дакладна ведаць, на якія мэты пойдуць гэтыя сродкі і ў якія фонды будуць паступаць.

Дарожны збор - гэта мінімальны ўклад аўтаўладальнікаў ва ўтрыманне дарог. Такая практыка ёсць практычна ва ўсіх краінах. Адрозніваюцца толькі механізмы яго спагнання. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч адзначыў, што ідэальнае рашэнне выпрацаваць вельмі складана, але трэба зрабіць так, каб гэта было максімальна камфортна для аўтаўладальнікаў. "Што датычыцца выплаты, трэба прадугледзець магчымасць аплачваць у пэўны перыяд часу: год, два, шэсць месяцаў, тры месяцы, два месяцы, можна нават да двух тыдняў. Па тэрмінах можна абмяркоўваць. Шкалой плацяжоў, як мне здаецца, можна стымуляваць максімальна працяглыя тэрміны аплаты", - дадаў ён.

Акрамя таго, парламентарыі аднагалосныя ў тым, што ўся неабходная інфармацыя аб выплаце дарожнага збору, праходжанні тэхагляду павінна знаходзіцца ў адзінай базе. Для гэтага ў Беларусі ёсць усе неабходныя тэхнічныя магчымасці. А для парушальнікаў павінны быць прадугледжаны вялікія штрафныя санкцыі.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by