Галоўная / Беларуская версія / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


22.06.2019

«Імкнуся рабіць усё для таго, каб людзі мне давяралі»

22.06.2019

З ДЭПУТАТАМ Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Наталіяй Жыбуль сустрэлася нядаўна падчас правядзення ёю чарговага прыёму выбаршчыкаў у райвыканкаме. Размова ішла пра дзейнасць прадстаўніка Мядзельскага і Вілейскага раёнаў у парламенце і, найперш, пра работу з выбаршчыкамі.

— Пачну з таго, што мая работа як парламентарыя складаецца з двюх асноўных частак — законатворчай дзейнасці і выканання наказаў выбаршчыкаў. Мне прыемна адзначыць, што асноўныя накірункі маёй перадвыбарнай праграмы выкананы. Дарэчы, пра мінулагоднюю работу я не так даўно ўжо расказвала на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”, а таму хацела б больш спыніцца на дэпутацкай дзейнасці ў бягучым годзе.

— Дык як вы будуеце работу з насельніцтвам, інтарэсы якога адстойваеце ў парламенце?

— Работа з выбаршчыкамі — даволі вялікі ўчастак маёй дзейнасці. З гэтай мэтай штомесячна праводжу прыёмы ў раённым выканаўчым камітэце, а таксама ў сельвыканкамах. Для чалавека вельмі важна, каб калі яму па¬абяцалі, то выканалі сваё абяцанне. Імкнуся рабіць усё магчымае для таго, каб людзі мне давяралі. Каб больш дэталёва разабрацца ў пытаннях, узнятых выбаршчыкамі, часта на прыёмы запрашаю зацікаўленых асоб, спецыялістаў. Сумесна высвятляем сітуацыю, якая склалася, разам вырашаем і праблемы, якія прывялі да мяне грамадзян.

— Наталія Пятроўна, раскажыце, калі ласка, пра адзін з такіх выязных прыёмаў. Як прайшоў? Якія праблемы прывялі да вас выбаршчыкаў?

— У якасці прыкладу назаву Будслаўскі сельсавет, у якім я была менш чым месяц таму. Хачу сказаць, што там жывуць людзі неабыякавыя, актыўныя. Пра гэта сведчаць і пытанні, якія прывялі да мяне на прыём асобных жыхароў слыннага куточка зямлі Нарачанскай. Адно з іх, напрыклад, датычыла работы ў аграгарадку аддзялення “Беларусбанка”. Адразу ж звярнулася да дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг № 619 у г. Мядзеле філіяла № 601 ААТ “Беларусбанк” у

г. Маладзечне Таццяны Біралы па ўзнятай праблеме. Таццяна Георгіеўна паабяцала вывучыць гэта пытанне. У выніку і рашэнне было прынята адпаведнае: аддзяленне ў аграгарадку, пачынаючы з 1 ліпеня бягучага года, будзе прымаць наведвальнікаў у Будславе два разы на тыдзень замест аднаго. Прасілі вяскоўцы таксама, каб запрацавала ў аграгарадку лазня, якая належыць ААТ “Будслаўскае”. Выйшла на кіраўніка таварыства. Антон Яўгенавіч Савінскі  паабяцаў, што лазня будзе працаваць у Будславе, былі б толькі ахвотнікі хадзіць туды мыцца.

— А што яшчэ цікавіла жыхароў аграгарадка?

— Было пытанне і наконт адсутнасці вады на некаторых вуліцах Будслава. Раней водаправодныя сеткі належалі мясцовай гаспадарцы. Людзі карысталіся вадой, нават не маючы дагавораў на аказанне названай паслугі. Пасля перадачы водаправодных сетак на баланс РВУП “Мядзельская ЖКГ” сітуацыя на кантролі. Перыядычна ўхіляюцца парывы, якія здараюцца, што дазволіла зняць скаргі насельніцтва. Адрамантавана артсвідравіна, і яна працуе пакуль у ручным рэжыме. Аднак ужо набыта аўтаматыка, якая ў бліжэйшы час будзе зманціравана. Робяцца захады па ўстаноўцы станцыі абезжалезвання вады, што дазволіць значна палепшыць яе якасць. Акрамя таго, будслаўчане  скардзіліся, што ў аграгарадку закрыты магазін прамысловых тавараў. Выдатна разумею, што гэта пытанне не вырашыцца, бо магазін ніхто не ад¬крые, і асноўная прычына такой сітуацыі — яго нерэнтабельнасць. Аднак дапамагчы людзям трэба. Вось і выйшла на кіраўніцтва райПО, дзе мне паабяцалі абсталяваць у прадуктовым магазіне секцыю з таварамі прамысловай групы першай неабходнасці. Спадзяюся, што праблема вырашыцца станоўча, але пакуль пытанне гэта знаходзіцца на кантролі. Дарэчы, ёсць у краме і журнал паступлення заявак на нехарчовыя тавары і на буйнагабарытную тэхніку.

— Наталія Пятроўна, якія яшчэ пытанні хвалююць жыхароў нашага раёна?

— Як паказвае аналіз, пераважная большасць узнятых  праблем носіць бытавы характар. Найчасцей задаюць пытанні адносна стану дарог, вулічнага асвятлення, работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пасажырскага транспарту, добраўпарадкавання населеных пунктаў і многія іншыя. Яны па меры паступлення дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, сельскіх выканаўчых камітэтаў вырашаюцца на месцах. Калі па шчырасці, то колькасць зваротаў увогуле паступова змяншаецца. Таму хачу падзякаваць за садзейнічанне і дапамогу прадстаўнікам мясцовай улады і асабіста кіраўніку раёна Анатолію Мар’янавічу Вайнілку, якія самі аператыўна здымаюць многія праблемы, што хвалююць насельніцтва. Хачу нагадаць таксама пытанне, якое ўздымалі жыхары Княгінінскага сельсавета. А датычыла яно карэкціроўкі руху цягнікоў і электрацягнікоў, каб хутчэй з Княгініна дабрацца да сталіцы і без перашкод вярнуцца назад. Вырашала яго сумесна з дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў Віктарам Іосіфавічам Чабатаром і старшынёй Княгінінскага сельскага выканаўчага камітэта Вольгай Станіславаўнай Галко. Нават на прыём да намесніка міністра транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь разам хадзілі, але знялі гэту праблему з парадку дня. І цяпер за лічаныя гадзіны можна дабрацца да сталіцы і дадому, не трацячы марна час на перапынкі.

— Можа, якія-небудзь яшчэ праблемы, якія давялося вырашаць, запомніліся? Раскажыце, калі ласка, пра іх.

— Акрамя бытавых пытанняў, былі і такія, якія датычылі змянення заканадаўчай базы. У тым ліку наконт правядзення бясплатна першай працэдуры ЭКА. Адназначна пра станоўчае вырашэнне праблемы пакуль нельга сказаць, але спадзяюся на падтрымку міністэрства. Была таксама просьба ад матуль падлеткаў, прыцягнутых да адказнасці выключна за ўжыванне наркотыкаў (без рэалізацыі), аб змяншэнні тэрміну пакарання іх дзяцей. Многія парламентарыі данеслі гэтае меркаванне да камісіі па нацыянальнай бяспецы (на момант падрыхтоўкі артыкула да друку стала вядома, што дэпутаты падтрымалі адпаведнае змяненне ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь).

Не магу не адзначыць і звароты жыхароў Вілейшчыны і Мядзельшчыны пра некамфортныя ўмовы ў Вілейскай анкалагічнай бальніцы, якая была размешчана на базе былой турмы. Пасля шэрагу сустрэч і зваротаў пры падтрымцы мініст-ра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерыя Анатольевіча Малашкі, дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Алега Рыгоравіча Суконкі, начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскай вобласці Наталлі Іларыёнаўны Баярскай у чэрвені гэтага года ў Вілейскай цэнтральнай раённай баль-ніцы ўстаноўлены рэнтгенаўскі камп’¬ютарны тамограф, закуплены за сродкі міністэрства. Гэта адзін з этапаў стварэння на базе Вілей¬скага анкалагічнага дыспансера міжраённага цэнтра па правя¬дзенні скрынінгу рака, які каардынуе работу Вілейскага, Мала¬дзечанскага, Валожынскага і Мядзельскага раёнаў у дадзеным накірунку. Дарэчы, такі важны крок запатрабаваў дадатковага аснашчэння названага цэнтра неабходным абсталяваннем, што і робіцца за кошт сродкаў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З увядзеннем у эксплуатацыю РКТ значна пашырацца дыягнастычныя магчымасці пацыентаў Вілейскага і Мядзель¬скага раёнаў, што дазволіць скараціць тэрміны аказання медыцынскай дапамогі і павысіць яе даступнасць і своечасовасць.

— Разумею, што не ўсе пытанні, якія людзі ўздымаюць, можна вырашыць. Іншы раз, напэўна, даводзіцца гэта тлумачыць заяўнікам. Як яны ўспрымаюць  рашэнне праблемы не на іх карысць?

— Вядома, па-рознаму: хто разумее ўсё належным чынам і згаджаецца з прынятым рашэннем, хоць яно і не на яго карысць. Не ўсе ўмеюць выслухаць тое, што ім даносіш. У такіх сітуацыях звяртаюся па дапамогу да кампетэнтных службаў, спецыялістаў, каб разам растлумачыць сітуацыю і не ствараць новых скаргаў, а таксама ўзгадваю сваю асноўную спецыяльнасць “настаўнік”, які часта выступае ў ролі псіхолага.

— А ці даводзіцца вырашаць вусныя звароты па тэлефоне?

— Так, бо хтосьці прыходзіць на прыём сам, а некаторыя тэлефануюць, каб узняць набалелае пытанне, якое хочуць вырашыць.

— Наколькі разумею, ніводная просьба, узнятая выбаршчыкамі, не застаецца вамі незаўважанай?

— Вядома, па большасці пытанняў, па якіх звярнуліся да мяне выбаршчыкі, прымаюцца меры аператыўнага рэагавання. На асобныя з іх заяўнікі атрымліваюць адказы тут жа ў ходзе правядзення прыёму. А некаторыя праблемы патрабуюць працяглага вырашэння і ставяцца на кантроль. Лічыла і лічу, што мая задача — дайсці да кожнага выбаршчыка. Ёй і кіруюся ў рабоце з людзьмі.

— А ці даносіце пытанні, якія задаюць вам грамадзяне, да кіраўніцтва раёна?

— Абавязкова. Падчас сустрэч і са старшынёй райвыканкама Анатоліем Мар’янавічам Вайнілкам, і са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Алегам Алегавічам Бароўкам заўсёды акцэнтую ўвагу на пытанні, з якімі да мяне звяртаюцца выбаршчыкі Мя¬дзельшчыны. Прычым стараюся не толькі данесці інфармацыю, але і разам абмеркаваць шляхі вырашэння праблем, каб па меры магчымасці дапамагчы людзям. Гэта вельмі важна. Бо, як неаднойчы пераконвалася, часта менавіта ад работы са зваротамі грамадзян залежаць аўтарытэт мясцовай улады і адносіны да яе насельніцтва. І давер гэты трэба абавязкова апраўдваць.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота Аляксандра Высоцкага. 

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць