Рус Бел En
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі
21.07.2020

Прафесіяналізм медработнікаў дапамог пераадолець сітуацыю з COVID-19 — Андрэйчанка

21 ЛІПЕНЯ 2020, 14:47

21 ліпеня, Докшыцы /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прафесіяналізм медыцынскіх работнікаў адыграў вырашальную ролю ў пераадоленні сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з калектывам Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле яго слоў, у Віцебскай вобласці Докшыцкая бальніца другой прыняла ўдар каранавіруса пасля медустаноў абласнога цэнтра. "Яе калектыў дастойна з гэтым справіўся. Мы ўдзячны вам за стойкасць і самаадданасць. Вырашальную ролю ў пераадоленні складанай сітуацыі адыграў прафесіяналізм медыцынскіх кадраў. Вы дастойна прайшлі гэты няпросты этап", - падзякаваў персаналу бальніцы Уладзімір Андрэйчанка.

Важным фактарам, які сыграў у плюс медыкам у складаных умовах, на яго думку, стала своечасова сфарміраваная нядрэнная матэрыяльна-тэхнічная база медустановы. "Некалькі гадоў таму мы ўвялі тут выдатную стаматалогію, якая паспяхова працуе. Праведзены вялікі рамонт у аддзяленнях бальніцы, мадэрнізаваны харчаблок. Цяпер ідзе рамонт паліклінікі", - канстатаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Уладзімір Андрэйчанка таксама звярнуў увагу на стратэгію, якой прытрымлівалася Беларусь у час эпідуздыму. "Мы ў краіне не ўводзілі каранцін, не закрывалі граніцы. Думаю, дзякуючы правільнаму балансу лячэбных і прафілактычных мер нам удалося пазбегнуць сур'ёзных успышак і распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі", - адзначыў ён.

Пераадоленню сітуацыі садзейнічала сацыяльная палітыка, праводзімая дзяржавай у сферы аховы здароўя па захаванні ложкавага фонду, медыцынскіх кадраў і інфекцыйных аддзяленняў у раённых бальніцах. Акрамя таго, на асаблівы кантроль былі ўзяты дамы-інтэрнаты для пажылых людзей. "Усяго ў Беларусі дзейнічаюць 153 дамы-інтэрнаты для састарэлых грамадзян, уключаючы аддзяленні кругласутачнага знаходжання. У іх знаходзіцца сёння 22 тыс. чалавек, з іх 5,2 тыс. - ляжачыя. Абслуговы персанал складае 15 тыс. чалавек. Яны таксама вельмі адказна паставіліся да выканання сваіх абавязкаў, перайшлі на самаізаляцыю і вахтавы рэжым працы па 14 дзён. Дзякуючы гэтаму ўдалося не дапусціць там вялікіх успышак захваральнасці", - падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Справіцца з хваляй каранавіруса дапамаглі ўсе прынятыя меры, перакананы Уладзімір Андрэйчанка. "Тым не менш расслабляцца нельга. Вы бачыце - у Еўропе ідзе другая хваля. Таму трэба выконваць усе тыя рэкамендацыі, якія вы ж і даяце: масачны рэжым, гігіена, сацыяльнае дыстанцыраванне. Трэба берагчы сябе і сваіх блізкіх", - дадаў ён.

У час сустрэчы Уладзімір Андрэйчанка таксама ўручыў падзякі старшыні Палаты прадстаўнікоў урачам Докшыцкай ЦРБ Людміле Захарэвіч, Наталлі Чумак і Наталлі Пятніцы.

У размове з журналістамі Наталля Чумак адзначыла з'яднанасць свайго калектыву. "Урачы, медсёстры, санітаркі - ніхто не скардзіўся. Агульная бяда ўсіх з'яднала. Гэта вялікае пачуццё, калі ёсць падтрымка. Салідарнасць калектыву дапамагала кожнаму з нас выстаяць. Вельмі падтрымлівала і насельніцтва. Дапамога была з усіх бакоў", - падкрэсліла ўрач.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць