Рус Бел Eng
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75           

Электронная пошта:
inform@house.gov.by

03.04.2021

Прыярытэты VІ УНС — галоўныя арыенціры ў рабоце дэпутатаў

02.04.2021

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанкі на адкрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Пачынае сваю работу пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Яе падрыхтоўка праходзіла на фоне ўнікальнага па сваім маштабе грамадскага дыялогу, кульмінацыяй якога стала правядзенне VІ Усебеларускага народнага сходу.

Усебаковае і зацікаўленае абмеркаванне пытанняў, ад вырашэння якіх залежыць будучыня Беларусі, дазволіла выпрацаваць дакладную стратэгію эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Воля народа, увасобленая ў дэвізе «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць», становіцца безумоўнай праграмнай устаноўкай для ўсіх галін улады. І дэпутацкаму корпусу неабходна актыўна ўключыцца ў рэалізацыю прамых даручэнняў кіраўніка дзяржавы і дакументаў, якія вызначаюць развіццё Беларусі ў бягучым пяцігоддзі.

У цэлым заканадаўчы парадак пятай сесіі адлюстроўвае асноўныя прыярытэты, вызначаныя на ўсенародным форуме: умацаванне суверэнітэту, павышэнне стрэсаўстойлівасці эканомікі ва ўмовах сусветнай няпэўнасці, падтрыманне сацыяльнай стабільнасці і развіццё чалавечага капіталу.

На першы план сёння, безумоўна, выходзіць задача надзейнага гарантавання бяспекі і абароны грамадзян ад дэструктыўных сіл, якія імкнуцца раскалоць беларускае грамадства і адкінуць рэспубліку ў развіцці на дзесяцігоддзі назад.

Так, мы вытрымалі беспрэцэдэнтны ціск. Але, як аказалася, у адрозненне ад многіх краін наша заканадаўства занадта ліберальнае, каб даваць сіметрычныя адказы на новыя формы экстрэмізму і інфармацыйнай агрэсіі. Ліквідаваць гэты недахоп — прамы абавязак дэпутатаў.

Нам неабходна аператыўна прыняць ініцыяваны дэпутатамі Закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. З пазіцыі ўмацавання грамадскай бяспекі варта разгледзець законапраекты па пытаннях абароны персанальных даных, супрацьдзеяння экстрэмізму, крымінальнай адказнасці, правядзення масавых мерапрыемстваў, працоўных адносін, сродкаў масавай інфармацыі, адвакацкай дзейнасці і шэраг іншых.

Многія з іх вынесены на сённяшняе пасяджэнне. І далейшую работу з імі трэба ўзяць на асаблівы кантроль, паколькі іх прыняцце дазволіць нам больш эфектыўна супрацьстаяць антыдзяржаўнай і антынароднай дзейнасці. А самае галоўнае — гэта дасць магчымасць засяродзіць намаганні ўлады і грамадства на пераўтварэннях, што датычацца грамадска-палітычнага развіцця, якімі займаецца створаная Указам Прэзідэнта Канстытуцыйная камісія.

У склад камісіі ўвайшлі дэпутаты. І, безумоўна, мы павінны ўнесці дастойны ўклад у яе дзейнасць. Разам з тым нам вельмі важна працягваць актыўную інфармацыйна-растлумачальную работу з насельніцтвам. Людзі павінны ведаць, як ідзе падрыхтоўка канстытуцыйнай рэформы, бо менавіта ім трэба будзе вызначыць лёс Асноўнага Закона на рэферэндуме.

Кажучы пра Канстытуцыю, адзначу, што яе абнаўленне пацягне за сабой змяненне цэлага масіву заканадаўства. Таму пастаянным камісіям ужо цяпер трэба дзейнічаць з прыцэлам на будучыню, аналізаваць і ўносіць свае прапановы.

Што датычыцца нашых бягучых планаў, тут таксама важна працаваць на апярэджанне, пастаянна ацэньваючы адпаведнасць дакументаў, якія намі абмяркоўваюцца, мэтам Праграмы развіцця на 2021—2025 гады, перш за ўсё ў сферы эканомікі.

Адной з самых прынцыповых пазіцый гэтага блока для нас застаецца паляпшэнне дзелавога клімату. Асаблівай увагі заслугоўваюць навацыі, што ўносяцца ў заканадаўства аб інвестыцыях. Яны прадугледжваюць умацаванне абароны правоў інвестараў у выпадках нацыяналізацыі або рэквізіцыі маёмасці, неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства. Іх варта сур'ёзна прапрацаваць з зацікаўленымі, каб выйсці на ўзважанае рашэнне. У цэлым жа праект носіць пазітыўны характар, і яго прыняцце дасць магчымасць узмацніць пазіцыі краіны ў перагаворным працэсе па далучэнні да СГА.

Сур'ёзныя меры для павышэння статусу і ролі бізнес-асацыяцый прадугледжаны праектам Закона «Аб самарэгулюемых арганізацыях». Надзяленне іх правам самастойна вызначаць стандарты і патрабаванні да ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці дасць магчымасць не толькі знізіць ступень дзяржаўнага рэгулявання галін эканомікі, але і ўзмацніць адказнасць бізнесу перад дзяржавай і грамадствам.

У рамках сесіі таксама чакаецца ўнясенне праекта Закона аб вырашэнні праблемы неплацежаздольнасці. Наша задача — абараняючы правы крэдытораў на спагнанне даўгоў, даць магчымасць прадпрыемствам, якія сёння трапілі ў складаную эканамічную сітуацыю, працягнуць дзейнасць, захаваўшы тым самым працоўныя калектывы і кампетэнцыі. Гэта прынцыповае патрабаванне кіраўніка дзяржавы.

Эфектыўнасць беларускай эканомікі непасрэдна залежыць ад развіцця чалавечага капіталу. І пры разглядзе новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі асноўны ўпор нам трэба зрабіць на цеснай сувязі адукацыі з навукай і вытворчасцю, раскрыцці творчага патэнцыялу асобы, без чаго ў прынцыпе немагчымая эканоміка ведаў. Навукова-даследчая база вышэйшай школы павінна генерыраваць новыя ідэі, якія дапамогуць нашым вытворцам выпускаць канкурэнтную інавацыйную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. Усе гэтыя кірункі мы абмяркуем з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі, работадаўцаў, бізнес-асацыяцый падчас парламенцкіх слуханняў, якія запланаваны на чэрвень.

На парадку дня нашай сесіі шмат і іншых пытанняў: аб турызме, дарожным руху, транспартных перавозках, сацыяльнай падтрымцы насельніцтва. Усе яны, безумоўна, значныя і прыцягнуць увагу грамадскасці. Гэта патрабуе ад нас якаснай, максімальна аператыўнай работы, каб надаць заканадаўству тую дынаміку і сацыяльную накіраванасць, якія былі абазначаны Прэзідэнтам і ўдзельнікамі Усебеларускага народнага сходу.

Нягледзячы на абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, Палата прадстаўнікоў працягвае актыўную міжнародную дзейнасць. Толькі з пачатку года мы правялі каля 30 анлайн-мерапрыемстваў.

Асноўны ўпор дэпутацкі корпус робіць на інфармаванні міжнароднай грамадскасці аб сітуацыі ў краіне, рашэннях Усебеларускага народнага сходу і ходзе іх рэалізацыі.

Карысныя кансультацыі праведзены з нашымі партнёрамі з Аўстрыі, Іспаніі, Турцыі. Адбыліся сустрэчы з пасламі Венесуэлы, Казахстана, Рэспублікі Карэя, Сірыі, Францыі. На чарзе — перагаворы з калегамі з Кітая, і парадак дня гэтай важнай сустрэчы трэба насыціць канкрэтным зместам.

У шматбаковым фармаце мы працавалі на такіх буйных міжнародных пляцоўках, як Міжпарламенцкі саюз, МПА АСЕАН, Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя і іншыя. Такую работу варта працягваць, не збаўляючы тэмпаў.

У ходзе зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ беларускай дэлегацыяй быў прадстаўлены праект рэзалюцыі аб супрацьдзеянні спажыванню наркотыкаў сярод дзяцей і моладзі. Гэта ўжо дзявятая рэзалюцыя, якую мы прасоўваем на гэтай пляцоўцы. І нам важна забяспечыць яе прыняцце. Нягледзячы на адмену поўнафарматнага правядзення летняй сесіі гэтай арганізацыі ў Бухарэсце, нам усё ж неабходна знайсці магчымасці для далейшай работы з нашымі калегамі па гэтым і іншых пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць.

Тэм для дыскусій і абмеркаванняў у нас дастаткова. Свет не становіцца больш бяспечны. Гонка ўзбраенняў, актывізацыя тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, наркотыкі, трансгранічная злачыннасць, стан экалогіі, пандэмія — вырашэнне гэтых праблем не церпіць адкладу. І альтэрнатывы дыялогу і супрацоўніцтву тут няма.

Менавіта на развіццё дыялогу і накіраваны ініцыятывы кіраўніка дзяржавы, якія Рэспубліка Беларусь прасоўвае на міжнароднай арэне, праводзячы шматвектарны міралюбівы знешнепалітычны курс.

Нам трэба працягваць шукаць пункты судакранання, магчымасці плённых кантактаў. Палітыкаў з цвярозым розумам у Еўропе нямала. Упэўнены, што ўсе яны бачаць бесперспектыўнасць палітыкі дыктату, санкцый і ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы.

Толькі беларускі народ мае права вызначаць свой шлях развіцця, уключаючы пытанні канстытуцыйнага будаўніцтва. І заходнім калегам, калі яны хочуць захаваць існуючыя міжнародны парадак і стабільнасць, неабходна падыходзіць да ўсіх працэсаў аб'ектыўна і непрадузята. Са свайго боку, беларускія парламентарыі адкрытыя да дыялогу і гатовыя ўзаемадзейнічаць у любым фармаце.

Безумоўна, галоўным нашым знешнепалітычным партнёрам застаецца Расійская Федэрацыя. Гэта было падкрэслена і ўдзельнікамі Усебеларускага народнага сходу.

Сёння ў Мінску і Маскве праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Карыстаючыся выпадкам, хачу сардэчна павіншаваць усіх прысутных у гэтай зале, а таксама расійскіх калег са святам. Нашы адносіны, заснаваныя на брацкім адзінстве беларускага і рускага народаў, агульных для нас каштоўнасцях, з'яўляюцца гарантыяй далейшага паглыблення саюзнага будаўніцтва і павышэння дабрабыту грамадзян дзвюх краін.

Сёлета мы адзначаем важную падзею — 25-годдзе саюзнага парламентарызму. Для нас гэты юбілей — цудоўная нагода па-новаму зірнуць на пройдзены шлях і намеціць далейшыя перспектывы сумеснай работы. З гэтай устаноўкай нам і трэба ісці на 60-ю юбілейную сесію Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая адбудзецца ў чэрвені.

Яшчэ адна знакавая памятная дата — 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, перамога ў якой прадэманстравала свету непахіснасць духу і веліч подзвігу савецкага народа.

На жаль, сёння нам прыходзіцца змагацца са спробамі фальсіфікацыі гісторыі, навязвання маладому пакаленню далёкіх ад рэальнасці ўяўленняў аб гэтай вайне, аб нашым мінулым. Дапускаць гэтага ні ў якім разе нельга. Трэба разам адстойваць гістарычную праўду і справядлівасць, што мы і робім з нашымі калегамі па Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі, МПА СНД, ПА АДКБ. Чарговым крокам у гэтым кірунку стала правядзенне канферэнцыі па пытаннях захавання гістарычнай праўды з удзелам расійскіх парламентарыяў.

Веданне гісторыі цэментуе грамадства і ўмацоўвае нацыянальную ідэнтычнасць. Таму ў найбліжэйшы час мы правядзём парламенцкія слуханні на тэму «Тэрытарыяльная цэласнасць і народнае адзінства Беларусі. Гісторыка-прававыя аспекты ўз'яднання заходнебеларускіх зямель у складзе БССР». Мы ўважліва разгледзім працэсы, якія праходзілі напярэдадні Другой сусветнай вайны, і прасочым, які ўплыў яны аказваюць на сучасны стан міжнароднай бяспекі. Упэўнены, што выступленні спецыялістаў акажуцца для многіх, асабліва для маладых людзей, сапраўдным адкрыццём.

Па выніках слуханняў, акрамя рэкамендацый, неабходна падрыхтаваць матэрыялы для парламентарыяў, якія стануць сур'ёзнай асновай для правядзення інфармацыйна-растлумачальнай работы і патрыятычнага выхавання моладзі, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства.

Кажучы пра іншыя практычныя задачы дэпутацкага корпуса ў выбарчых акругах, падкрэслю, што яны застаюцца нязменныя. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады трэба аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнімаюцца грамадзянамі, а па праблемах сістэмнага характару, выкліканых недахопамі ў заканадаўстве, уносіць узгодненыя прапановы па яго карэкціроўцы.

Самую сур'ёзную ўвагу трэба аддаць рэалізацыі на мясцовым і рэгіянальным узроўнях установак кіраўніка дзяржавы, выказаных на Усебеларускім народным сходзе. Асабліва па такіх ключавых пытаннях, як фінансавы стан прадпрыемстваў і арганізацый, тэндэнцыі на рынку працы, работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, кантроль за цэнаўтварэннем, у тым ліку на сацыяльна значныя тавары і лекавыя сродкі.

Менавіта ад таго, як вырашаюцца штодзённыя праблемы грамадзян, залежаць меркаванне насельніцтва аб эфектыўнасці работы дзяржаўных органаў і гатоўнасць грамадства падтрымаць уладу ў рэалізацыі сацыяльна-палітычнага курса. Па сутнасці, гэта пытанне даверу народа дзяржаве. І мы павінны даражыць тым рэсурсам даверу, які ў нас сёння ёсць, штодня апраўдваючы яго канкрэтнымі справамі.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by