Галоўная / Беларуская версія / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі
26.03.2019

Сустрэчы з выбаршчыкамі і сюрпрызы для дзяцей

26/03/2019 Сельская праўда

Святлана Бяляк.

Фота Крысціны Семянюк.

Жабінкаўскі раён наведала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 Жанна Стаціўка.

Спачатку Жанна Уладзіміраўна правяла сустрэчу з выбаршчыкамі ў КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” і выслухала хвалюючыя пытанні работнікаў прадпрыемства. Яны тычыліся добраўпарадкавання горада: асфальтавання дарог, афарбоўкі і замены агароджаў, вывазу смецця на міні-палігоны. Затым дэпутат накіравалася ў ААТ “Рагазнянскі”. Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Семянюк прыемна ўразіў госцю паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага становішча сельгасарганізацыі: цякучасць кадраў — нуль, сярэдняя зарплата — амаль 900 рублёў, працоўная дысцыпліна — педантычна-воінская, графік работы — з дакладнасцю да хвіліны (з 8 гадзін раніцы да 18-ці вечара з перапынкам на абед, у суботу — да 17.00, выхадны — нядзеля, нават у “гарачую” пару палявых работ аніякіх выключэнняў), поўны сацпакет і прывілеі кожнаму работніку пры адсутнасці парушэнняў; ніякіх даўгоў і крэдытаў у гаспадаркі. Такой дысцыпліне і гаспадарлівасці можна толькі пазайздросціць.

Жанна Стаціўка падчас візіту сустрэлася з працоўнымі калектывамі ААТ “Рагазнянскі” і Ленінскай сярэдняй школы.

Выступаючы перад жабінкаўцамі, Жанна Уладзіміраўна цікава і пазнаваўча расказвала аб сваіх дэпутацкіх працоўных буднях. Напрыклад, у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу працуюць 110 дэпутатаў з усёй краіны (ад Брэстчыны — 16 чалавек). Жанна Стаціўка прадстаўляе ў парламенце інтарэсы выбаршчыкаў ад Белавежскай выбарчай акругі № 8, у якую ўваходзяць Брэсцкі, Жабінкаўскі і Камянецкі раёны. Штомесяц, працуючы ў акрузе, дэпутат сустракаецца з выбаршчыкамі, выступае ў працоўных калектывах, праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян, прымае ўдзел у мерапрыемствах.

Затым працоўны дзень дэпутата меў працяг у Ленінскім сельвыканкаме, дзе асабістага прыёму Жанны Уладзіміраўны ўжо чакалі чатыры наведвальнікі. Два пытанні тычыліся рамонту дахаў шматкватэрных дамоў у аграгарадку Ленінскі, адно — налічэння пенсіі, апошняе пытанне — сітуацыі з ваеннаслужачым. Усе заяўнікі атрымалі грунтоўныя адказы і тлумачэнні.

Далей Жанна Стаціўка накіравалася ў Жабінкаўскую спецшколу-інтэрнат для дзяцей з аслабленым зрокам. У час свайго апошняга візіту дэпутат абяцала выхаванцам у наступны раз прыехаць з падарункам і слова сваё стрымала. Яна падарыла школе выдатную гульню — новус, ці марскі більярд. Растлумачылі правілы гульні і правялі майстар-клас з хлопчыкамі і дзяўчынкамі сябры з Брэста — Аляксандр Кабанаў і Антон Галянчук. Дзеці хутка зразумелі прынцып гульні (а маракі прыдумалі гэты варыянт “аблегчанага більярда” стагоддзе таму, каб можна было браць яго ў каюты) і з радасцю прыняліся забіваць драўляныя шашкі ў лузы, няхай і па дзіцячых правілах.

Аднак гэта быў не апошні сюрпрыз ад дэпутата — Жанна Стаціўка правяла акцыю “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, прысвечаную 25-годдзю прыняцця Канстытуцыі ў нашай краіне. Дэпутат уручыла дзесяці старшакласнікам выдатна аформленыя кнігі з сугучнай акцыі назвай і пажадала юнакам і дзяўчатам моцнага здароўя ды ажыццяўлення ўсіх мар.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць