Рус Бел En
Галоўная / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


23.06.2018

З арыентацыяй на канкрэтныя спецыяльнасці

23.06.2018

Рэспубліканскі семінар-практыкум “Прафарыентацыя: традыцыі, пераемнасць і наватарства”, які  адбыўся на базе сярэдняй школы № 3 Зэльвы Гродзенскай вобласці, сабраў дырэктараў, намеснікаў дырэктараў, настаўнікаў інфарматыкі ўстаноў адукацыі, якія курыруюць і рэалізоўваюць інавацыйную дзейнасць. У сустрэчы прыняла ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ала Мікалаеўна Сопікава.

Якой прафесіі аддаць перавагу, каб яна была карыснай для грамадства і прыносіла задавальненне? Такім пытаннем задаецца, бадай, кожны старшакласнік. “Каб вучні зрабілі правільны і асэнсаваны выбар, пачынаць працаваць з імі трэба яшчэ ў пачатковых класах”, — засяродзіла ўвагу прысутных кандыдат педагагічных навук дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Віктараўна Луцэвіч.Пры гэтым абавязкова варта ўлічваць інтарэсы і схільнасці дзяцей да той ці іншай прафесіі. Дарэчы, выявіць іх дапамагаюць і інфармацыйныя тэхналогіі, якія шырока прымяняюцца падчас навучання і выхавання.

— Дзяржава робіць высокую стаўку на развіццё такіх тэхналогій, — падкрэсліла дэпутат Ала Мікалаеўна Сопікава. — На гэта скіраваны нядаўна прыняты Дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Нашы дзеці дасягаюць высокіх вынікаў у разнастайных конкурсах і алімпіядах не толькі ў рэспубліцы, але і за мяжой. Гэта і ёсць стымул для развіцця і падтрымкі ІТ-адукацыі.

Па словах намесніка старшыні Зэльвенскага райвыканкама Сяргея Мікалаевіча Лойкі, інавацыі — гэта шлях наперад. Яны закладзены ў аснову дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна, якія ідуць у нагу з часам. Гонарам зэльвенскага краю з’яўляецца абласны рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі, адкрыты ў сярэдняй школе № 3 Зэльвы. Пры падтрымцы Алы Мікалаеўнай Сопікавай з 2017 года ў раёне дзейнічаюць тры інавацыйныя пляцоўкі, якія дапагаюць школьнікам у выбары спецыяльнасці пасля заканчэння школы, а настаўнікам — у прасоўванні іх педагагічных ідэй.

Невыпадкова рэспубліканскі семінар было вырашана правесці на базе цэнтра — як рэалізоўваецца прафарыентацыя, настаўнікам-наватарам лепш бачыць на свае вочы, каб пасля пераймаць існуючы вопыт.                                             

Педагогі зэльвенскай школы № 3 расказалі ўдзельнікам мерапрыемства, якім чынам яны арыентуюць вучняў на авалодванне канкрэтнай спецыяльнасцю. Напрыклад, на ўроках рускай мовы і літаратуры хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца разважаць, правільна фармуляваць свае думкі, і гэта дэманструюць на старонках школьнай газеты “Рытм”. Даследчай дзейнасцю захапіліся члены савета музея “Светач” — яны не толькі збіраюць экспанаты, але і самі праводзяць пазнавальныя экскурсіі.

Артыстычныя здольнасці вучні набываюць у тэатральным гуртку, спартыўныя — на занятках па скалалажанні і фехтаванні, кулінарныя — на ўроках працоўнага навучання.

Такім чынам школьнікі атрымліваюць навыкі па наступных прафесіях: журналіст, экскурсавод, гісторык, этнограф, археолаг, этнолаг, сцэнарыст, акцёр, драматург, рэжысёр, спартсмен, трэнер, інструктар па турызме, скалалаз, альпеніст, кандытар, повар, афіцыянт.

Зацікавіў прысутных праект шостага школьнага дня “Чалавек тыдня”, які рэалізоўваецца настаўнікамі сумесна з бацькамі.

Яго сутнасць у тым, што кожны тыдзень ва ўстанову адукацыі запрашаюцца прадстаўнікі той ці іншай прафесіі, якія расказваюць школьнікам пра сваю работу і такім чынам матывуюць навучэнцаў аддаць у будучыні перавагу менавіта ёй. Толькі ў 2017/2018 навучальным годзе з дзецьмі ўжо сустрэліся настаўнік, юрыст, тынкоўшчык-маляр, цырульнік,  швачка, фатограф, бухгалтар, журналіст, ратавальнік, ваенны, ляснічы. Наколькі каштоўны гэты праект, сведчыць тое, што ён атрымаў прызнанне на абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

У сярэдняй школе № 3 Зэльвы створаны сайт па прафарыентацыі. Тут падлеткі ў любы час могуць знайсці патрэбную інфармацыю пра сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы адукацыі, прайсці анлайн-тэсты, скарыстацца інфармацыйнымі прафарыентацыйнымі слоўнікамі, а таксама атрымаць кансультацыю пры дапамозе інтэрнэт-тэлефаніі — па скайпе на пытанні адкажа педагог-псіхолаг.

Асаблівую ўвагу прысутныя звярнулі на размешчаныя на сайце 3D-экскурсіі. Дзякуючы ім хлопчыкі і дзяўчынкі могуць завочна наведаць установы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, нікуды не выязджаючы. У трэцяй школе Зэльвы такія экскурсіі навучыліся ствараць самастойна і прымяняюць іх у адукацыйным працэсе.

Настаўнікі сельскіх устаноў адукацыі падзяліліся з калегамі напрацоўкамі ў інавацыйнай дзейнасці. Аб праекце, які з бягучага вучэбнага года рэалізоўваецца ў Галынкаўскай сярэдняй школе, расказала намеснік дырэктара Наталля Ракевіч. З пачатковых класаў для школьнікаў тут ладзяцца віртуальныя экскурсіі і падарожжы ў свет прафесій. Знаёмства з імі адбываецца на ўроках, класных гадзінах, пры дапамозе інфармацыі, размешчанай на стэндах, падчас конкурсаў малюнкаў, гульняў і інш. Методыка “Кім быць” дазваляе выявіць у пачаткоўцаў кола іх інтарэсаў.

Педкалектыў Елкаўскай сярэдняй школы прыярытэт аддае мабільнаму навучанню, а менавіта такой яго форме, як прафарыентацыйны кабінет. Наведваючы яго, вучні знаёмяцца з календаром дзён адкрытых дзвярэй ў беларускіх УВА, даведнікам прафесій. Тэматычныя матэрыялы выкарыстоўваюцца на факультатывах, пазакласных мерапрыемствах. Па словах дырэктара Анатоля Лебедзя, у прафарыентацыйнай рабоце актыўна прымяняюцца і электронныя дапаможнікі “Парад прафесій”, “Класны выбар”, “Куток прафарыентацыі”. Так што каштоўнасць інфармацыйных тэхналогій відавочная: вучні не праводзяць дарэмна час за камп’ютарам або мабільным тэлефонам, а знаходзяць у іх карысную інфармацыю.

Абмеркаванне тэмы семінара-практыкуму працягнулася падчас круглага стала. Гутарка ішла пра эфектыўнасць наватарскіх падыходаў у самавызначэнні школьнікаў. Падсумоўваючы сустрэчу, яе ўдзельнікі сышліся на думцы, што інавацыйныя ідэі павінны і далей укараняцца ва ўстановах адукацыі.

Людміла КАМЯКЕВІЧ, дырэктар сярэдняй школы № 3 Зэльвы Гродзенскаай вобласці;

Алена ЛУЦЭВІЧ, кандыдат педагагічных навук,дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць