Галоўная / Беларуская версія / Прэс-служба / Інтэрв'ю, выступленні, публікацыі

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


09.07.2019

Законы, якія палепшаць наша жыццё

09.07.2019

Чацвёртага ліпеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Лобач правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян у памяшканні вузла паштовай сувязі.

У чаканні зваротаў грамадзян адбылася гутарка з начальнікам Уздзенскага ўчастка паштовай сувязі Дзяржынскага РВПС Дзмітрыем Наскоўскім. Калектыў сувязістаў у першую чаргу зацікавілі магчымыя новаўвядзенні у іх рабоце.

— Нядаўна вышэйшым заканадаўчым органам краіны быў прыняты новы закон “Аб паштовай сувязі”, — расказаў Юрый Аляксандравіч. – У адпаведнасці з ім цяпер на рынак паштовай сувязі разам з дзяржаўнымі структарамі дапускаюцца любыя аператары, канкурэнты, якія будуць аказваць паштовыя паслугі. Зразумела, асноўныя клопаты па забеспячэнні вяскоўцаў, асабліва ў невялічкіх населеных пунктах, сацыяльна значымымі работамі (падпіска і дастаўка перыядычных выданняў, дастаўка пенсій, пісьмаў ды пасылак і інш.) застануцца за паштавікамі, але і ім трэба будзе актывізаваць сваю дзейнасць, шукаць і ажыццяўляць шэраг новых паслуг, каб даказаць сваю канкурэнтаздольнасць, заваяваць давер у кліентаў.

У прыватнасці, ёсць намер пашыраць зону абслугоўвання за кошт садовых, дачных таварыстваў. Пасля заключэння адпаведных дагавораў там будуць устанаўлівацца калектыўныя паштовыя скрынкі, куды будзе пастаўляцца прэса, іншая карэспандэнцыя.

Пакуль толькі ў сталіцы, некаторых абласных цэнтрах знаходзіць шырокае прымяненне такая навінка, як паштаматы. Гэта своеасаблівыя камеры захоўвання, з кабінкамі-ячэйкамі, устаноўленыя на вуліцы. Кліент, атрымаўшы папярэдне паведамленне, можа ў любы час прыйсці сюды і атрымаць дасланую на яго адрас карэспандэнцыю, бандэроль, іншае паштовае адпраўленне. Для гэтага дастаткова ўвесці праз мабільны тэлефон свае даныя, сюды ж будзе накіраваны код, з дапамогай якога можна будзе адкрыць патрэбную ячэйку і забраць сваю рэч. Зразумела, за пэўную плату, якая спішацца з уласнай карткі. Заяўку на ўстаноўку паштамата падаў і Дзяржынскі РВПС, не выключана, што з часам такая навінка з’явіцца і ва Уздзе.

Яшчэ адно дасягненне прагрэсу заключаецца ў тым, што ў перспектыве паступова паштальёнаў будуць забяспечваць мабільнымі тэрміналамі, з дапамогай якіх без папяровых носьбітаў праз сістэму ЕРІП можна будзе ажыццяўляць падпіску на перыдычныя выданні, камунальныя і іншыя плацяжы. Для паштовай службы гэта не таннае задавальненне, а вось для людзей выгада – не трэба будзе плаціць банкам, іншым пасрэднікам працэнты.

Вельмі важнай лічыць Ю. Лобач работу парламентарыяў на сесіі, што нядаўна завяршыла работу, працу над карэкціроўкай Працоўнага кодэкса. Па ініцыятыве прафсаюзаў сюды ўнесены істотныя змяненні па ўрэгуляванні працоўных адносін, замацаванні дадатковых сацыяльных гарантый для працуючых. У прыватнасці, адрэгулявана кантрактная форма найму. Цяпер з работнікам, які не дапускае парушэнняў выканаўчай і працоўнай дысцыпліны, кантракт будзе прадаўжацца на максімальны тэрмін яго дзеяння (пяць гадоў), а новы кантракт з такім работнікам будзе заключацца на тэрмін не менш як тры гады. На меншы тэрмін – толькі з пісьмовай згоды работніка.

У Працоўным кодэксе замацаваны месячны тэрмін папярэджання работніка аб істотным змяненні ўмоў працы. Тыднёвага часу яўна недастаткова для таго, каб работнік змог аспрэчыць рашэнне наймальніка, а тым больш – знайсці новую работу. І на такое новаўвядзенне ёсць згода кіраўніка краіны. А яшчэ прадугледжваецца, што матэрыяльная адказнасць работнікаў, якія працуюць па кантракту, наступае на тых жа ўмовах, што і для тых, з кім заключаны працоўныя дагаворы, гэта значыць, толькі за наўмыснае прычыненне маёмаснай шкоды (да гэтага часу кантрактнікі неслі адказнасць і за ненаўмыснае прычыненне шкоды).

Навацыяй законапраекта з’яўляецца ўключэнне ў Працоўны кодэкс главы, якая рэгулюе адносіны наймальніка і работніка пры выкананні дыстанцыйнай работы. Наймальніку няма неабходнасці абсталёўваць для работніка рабочае месца, а работнік можа выконваць даручаемую яму работу ў любым зручным месцы, у любы час… Цяпер не добрай воляй наймальніка, а яго абавязкам стане прадастаўленне бацьку па яго жаданні адпачынку без захавання заработнай платы (да 14 каляндарных дзён) пры нараджэнні ў сям’і дзіцяці… Пры звальненні работніка па прычыне ўстанаўлення няпоўнага рабочага часу (да 20 гадзін у тыдзень) выхадная дапамога раней выплачвалася ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробка, а цяпер гэта сума павялічана да сярэднемесячнай заработнай платы… Прадугледжана ўрэгуляванне парадку часовага пераводу са згоды работніка на іншую работу, магчымасць у перыяд працоўнага водпуску працаваць па сумяшчальніцтве поўны рабочы дзень ці змену (для тых, хто працаваў на паўстаўкі).

— Завяршаючы сваю заканадаўчую работу (як вядома, восенню адбудуцца чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў новага склікання), цяперашні састаў дэпутацкага корпуса пастараўся працаваць максімальна эфектыўна, каб паспець ажыццявіць напрацаванае за ранейшыя гады, перадаць сваім пераемнікам трывалую законатворчую базу, зрабіць у рамках сваёй кампетэнцыі ўсё магчымае для паляпшэння жыцця людзей, — адзначыў Юрый Аляксандравіч.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

Усе інтэрв'ю
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць