10.09.2019

10 верасня 2019 года адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы на базе ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія» з парадкам дня «Аб удасканаленні прафарыентацыйнай работы ва ўстановах аграрнага профілю на прыкладзе УА «Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія». Агракласы як элемент прафесійнай арыентацыі моладзі».

У пасяджэнні камісіі акрамя дэпутатаў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы прынялі ўдзел першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь І.А.Старавойтава, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь У.А.Самсановіч, адказныя работнікі Горацкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, кіраўнікі шэрагу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Горацкага і Дрыбінскага раёнаў.

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. І.А.Марзалюк адзначыў актуальнасць абранай тэмы для абмеркавання. Праблема дэфіцыту прафесійных кадраў сёння актуальная для многіх сфер эканомікі, але асабліва востра яна адчуваецца ў сельскай гаспадарцы. Сёння ўстановы адукацыі адчуваюць праблему набору студэнтаў на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Без дзейснай прафарыентацыйнай дзейнасці ўстановы адукацыі не змогуць забяспечыць прыток абітурыентаў. Неабходны сістэмны падыход да выбару метадаў прафарыентацыйнай дзейнасці. Профільная дыферэнцыяцыя павінна спрыяць таму, каб навучэнцы маглі зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі.


У мэтах кадравага забеспячэння сельскагаспадарчых арганізацый кваліфікаванымі кадрамі, неабходнасці павышэння прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій у моладзі ў Рэспубліцы Беларусь створана сістэма бесперапыннай аграрнай адукацыі, важным звяном якой з’яўляюцца профільныя класы аграрнай накіраванасці. У 2018 годзе створана больш за 200 профільных класаў аграрнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі шляхам правядзення у 10 — 11 класах факультатыўнага курса «Увядзенне ў аграрныя прафесіі».


Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія з’яўляецца найбуйнейшай шматпрофільнай вышэйшай навучальнай установай аграпрамысловага напрамку і мае статус вядучай ВНУ ў нацыянальнай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь у галіне падрыхтоўкі кадраў для сельскай гаспадаркі. Акадэмія ўжо мае пэўны вопыт работы з профільнымі класамі аграрнай накіраванасці, узаемадзеяння з імі ў галіне вучэбна-метадычнага забеспячэння. На базе ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Горкі» рэалізуецца рэгіянальны праект «Малая акадэмія».

Дэталёвае абмеркаванне пытанняў парадку дня ў ходзе правядзення пленарнага пасяджэння з прыцягненнем прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, сустрэча з педагагічным калектывам, якія рэалізуюць праект «Малая акадэмія», будуць спрыяць павышэнню якасці падрыхтоўкі праекта новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

З прывітаннем да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуўся рэктар БДСГА, кандыдат ветэрынарных навук, дацэнт В.В.Веліканаў. Ён адзначыў своечасовасць і важнасць вынесенага на абмеркаванне дэпутатаў парламента, выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў пытання.

Аб некаторых тэндэнцыях, падыходах і выніках работы па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграрнай галіны краіны гаварыў у сваім выступленні У.А.Самсановіч. Ён прывёў шэраг статыстычных дадзеных, якія сведчаць аб тым, што па ўзроўні вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь трывала ўвайшла ў лік сусветных лідэраў. Разам з тым перад аграрным сектарам эканомікі пастаўлены новыя задачы па павелічэнні эфектыўнасці працы ў 1,4 раза, што дазволіць падняць экспарт прадукцыі да 7 млрд. даляраў ЗША. Для вырашэння гэтых задач патрэбны кадры высокага ўзроўню, якія ведаюць сучасныя тэхналогіі, адчуваюць адказнасць за вынікі працы на зямлі. Аднак на сённяшні дзень галіна адчувае дэфіцыт высокакваліфікаваных кадраў.

Пытаннях кадравага забеспячэння вёскі, удасканалення практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў для АПК надаецца асаблівая ўвага. Да 60% набору студэнтаў у аграрныя ВНУ дазваляецца праводзіць за кошт мэтавай падрыхтоўкі. У цяперашні час 13 нарматыўных актаў накіраваны на замацаванне кадраў. Але ўсё ж гэтага аказваецца недастаткова. Менавіта таму і ўзнікла ідэя стварэння ў сярэдніх школах рэспублікі агракласаў. У цяперашні час іх колькасць складае 202. Факультатыўную падрыхтоўку на працягу двух гадоў пройдуць 1187 навучэнцаў. Больш за ўсё агракласаў на Магілёўшчыне — 53 (268 вучняў), што справядліва звязана з актыўнай пазіцыяй і ўдзелам у гэтым працэсе БДСГА.

Выступаючы па тэме пасяджэння, першы намеснік Міністра адукацыі І.А.Старавойтава адзначыла, што сёння важна знайсці тыя рычагі ўплыву, якія дазволяць прыцягнуць у аграрную галіну добра падрыхтаваных матываваных спецыялістаў. Закранаючы пытанні, звязаныя з агракласамі, яна падкрэсліла, што важна не толькі сфарміраваць праграму факультатыўных заняткаў, але і прыцягнуць да працы новага дадатковага звяна ў структуры сярэдняй школы мясцовую выканаўчую ўладу, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў. Патрэбны адукацыйныя прафесійныя стандарты, якія дапамогуць стварыць новую адукацыйную праграму, што адкрывае для маладога чалавека новыя магчымасці. Каб ён убачыў, якімі кампетэнцыямі павінен валодаць, каб стаць запатрабаваным на рынку працы. Не павінны быць назіральнікамі гэтага працэсу і непасрэдныя заказчыкі кадраў для АПК.

Аб тым, як у гэтых няпростых умовах жорсткай канкурэнцыі працу па прафарыентацыі праводзіць вядучая аграрная ВНУ краіны, распавёў начальнік аддзела прафарыентацыйнай работы БДСГА А.А.Гарноўскі. Аб вучэбна-метадычным забеспячэнні работы класаў аграрнай накіраванасці казала ў сваім выступленні дэкан агранамічнага факультэта Н.А.Дуктава.


Удзельнікі пленарнага пасяджэння гаварылі аб неабходнасці павялічыць на адзін дзень тэрміны прыёму ў аграрныя ВНУ, пра алгарытм паступлення ў іх, аб матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні створаных агракласаў і г.д. Вынікі дзелавой размовы падвёў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. І.А.Марзалюк. Ён высока ацаніў заслугі і ўклад папярэдніх і цяперашніх пакаленняў навукоўцаў акадэміі у падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для народнай гаспадаркі краіны і выказаў перакананасць, што нягледзячы ні на што, мы захавалі традыцыі ўніверсітэцкай адукацыі.


Дыскусія працягвалася і пасля пленарнага пасяджэння. Яго ўдзельнікі на базе СШ № 2 г. Горкі пазнаёміліся з рэалізацыяй рэгіянальнага праекта «Малая акадэмія», наведалі майстэрні ў навучальным корпусе № 2 БДСГА, пабывалі на дыягнастычнай станцыі № 208 па правядзенні дзяржаўнага тэхагляду, убачылі унікальны помнік рэспубліканскага значэння — батанічны сад, наведалі рыбоводны індустрыяльны комплекс і школу-ферму, акадэмічны музей.


Па выніках пасяджэння прынята рашэнне прааналізаваць прапановы, якія паступілі ў ходзе яго правядзення, з мэтай іх абагульнення і магчымага ўліку пры рабоце над праектам новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.



Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць