12.04.2019

12 красавіка 2019 г. Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі сумесна з Міністэрствам унутраных спраў правяла пасяджэнне круглага стала на тэму «Удасканаленне прававога рэгулявання бяспекі дарожнага руху».

У мерапрыемстве, якое вёў старшыня камісіі Рыбак А.А., прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў на чале з начальнікам упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі Карзюком Д.М., Міністэрства транспарту і камунікацый, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце, Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь, работнікі Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў.


Адкрываючы мерапрыемства, А.А.Рыбак адзначыў актуальнасць праблематыкі пытанняў бяспекі дарожнага руху, нязменную цікавасць да яе з боку парламентарыяў, іх выбаршчыкаў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі.

Д.М.Карзюк праінфармаваў прысутных аб некаторых выніках паслядоўнага правядзення ў краіне дзяржаўнай палітыкі па стварэнні ўмоў для бяспечнага ўдзелу ў дарожным руху ўсіх катэгорый грамадзян і фарміраванні такога дарожнага асяроддзя, якое забяспечвала б мінімізацыю колькасці пацярпелых і загінуўшых на дарогах.


Удзельнікамі пасяджэння быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, якія тычацца забеспячэння бяспекі ў гэтай сферы. У прыватнасці, былі прадстаўлены і абмеркаваны наступныя выступленні:

начальніка аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Навоя Д.В. з падрабязным асвятленнем Комплексу мер па павышэнні бяспекі дарожнага руху ў Рэспубліцы Беларусь «Добрая дарога» на 2019 — 2025 гады (з інфармацыяй дакладчыка можна азнаёміцца падрабязней у прэзентацыі 1);


дэкана аўтатрактарнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктара тэхнічных навук, прафесара Капскага Д.В. аб навукова-тэхнічнай падтрымцы работы, якая праводзіцца ў краіне, па павышэнні эфектыўнасці дарожнага руху і забеспячэнні яго бяспекі (з інфармацыяй дакладчыка можна азнаёміцца падрабязней у прэзентацыі 2);

старшыні праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Важніка Ю.П. з экспертным бачаннем сітуацыі ў сферы, якая разглядаецца (з інфармацыяй дакладчыка можна азнаёміцца падрабязней у прэзентацыі 3);

начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Галаўнёва А.Ф. з інфармацыяй пра неабходнасць асаблівай увагі да стану дарожнай сеткі ў краіне і прапановамі па фарміраванні праграмных дакументаў у частцы ўдасканалення арганізацыі дарожнага руху;

начальніка аддзела правапрымяняльнай дзейнасці ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Занімона А.Я. аб плануемых зменах у Правілы дарожнага руху. У прыватнасці, асабліва былі вылучаны прапануемыя ДАІ новаўвядзенні ў частцы рэгламентацыі выкарыстання сучасных сродкаў індывідуальнай мабільнасці, аптымізацыі патрабаванняў да веласіпеднага руху ў населеных пунктах, увядзення новых папераджальных знакаў, удакладнення парадку пропуску транспартнымі сродкамі пешаходаў і інш.


У ходзе праведзенай дыскусіі парламентарыі і запрошаныя закранулі шэраг важных аспектаў, якія тычацца падрыхтоўваемых або прапрацоўваемых пытанняў ў сферы нарматыўнага забеспячэння бяспекі ў дарожнай сферы, выказалі нямала канкрэтных прапаноў і давялі да прадстаўнікоў ДАІ шэраг пытанняў, якія хвалююць грамадзян.

Закрываючы пасяджэнне, А.А.Рыбак адзначыў яго высокую інфарматыўнасць і выказаў упэўненасць у карыснасці атрыманай інфармацыі для работы дэпутатаў над законапраектамі, а таксама ў выбарчых акругах пры зносінах з выбаршчыкамі, працоўнымі калектывамі і мясцовымі органамі ўлады. Усе ўдзельнікі круглага стала сышліся на думцы аб мэтазгоднасці працягу сумеснай работы над пытаннямі бяспекі дарожнага руху, у тым ліку на пляцоўках Палаты прадстаўнікоў.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць