13.03.2019

13 сакавіка 2019 года на базе санаторыяў «Чайка» і «Сосны» Магілёўскага раёна адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы на тэму «Практыка прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» у частцы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей».

У пасяджэнні прынялі ўдзел члены Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльнай абароне Шылаў В.П., дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Балбатоўскі Г.М., намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Кунцэвіч А.М., намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Заблоцкі А.Б., начальнік аддзела сацыяльнай абароны і прававой работы Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Кахноўская Н.У., начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Яфімаў Ю.Б., прадстаўнікі зацікаўленых арганізацый і ведамстваў.

Перад пачаткам пасяджэння яго ўдзельнікі былі азнаёмлены з лячэбнай базай, умовамі пражывання і навучання дзяцей у перыяд аздараўлення ў санаторыях «Чайка» і «Сосны» Магілёўскага раёна.

У ходзе пасяджэння Пастаяннай камісіі быў абмеркаваны шэраг пытанняў, якія тычацца санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей, што пражываюць на тэрыторыях, забруджаных радыёнуклідамі.

Аб рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у дадзеным напрамку, прававым забеспячэнні санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў праінфармавала Кахноўская Н.У.

Балбатоўскі Г.М. азнаёміў удзельнікаў пасяджэння з арганізацыяй у рэспубліцы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дадзенай катэгорыі дзяцей. Ён адзначыў, што аздараўленне дзяцей, у тым ліку і ў складзе арганізаваных груп, ажыццяўляецца ў 9 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтрах, а таксама на базе больш за 30 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Створаны ўмовы для арганізацыі лячэння і аздараўлення, вучэбна-выхаваўчага працэсу, сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і вольнага часу дзяцей. У 2018 годзе санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем былі забяспечаны 87,6 тыс. дзяцей, што пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання.

Аб арганізацыі гэтай працы ў Магілёўскай вобласці распаведаў Яфімаў Ю.Б. Санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне дзяцей з пацярпелых раёнаў ажыццяўляецца на базе 4 арганізацый вобласці, штогод аздараўленне праходзіць больш за 21 тысячу дзяцей.

У ходзе пасяджэння былі абмеркаваны пытанні якасці выканання дыягнастычных і лячэбна-рэабілітацыйных паслуг (працэдур), арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсаў у перыяд аздараўлення, праблемы, якія існуюць у гэтай сферы.

Падводзячы вынікі, старшыня камісіі Кананчук Т.П. адзначыла, што правядзенне выязнога пасяджэння сумесна з зацікаўленымі дазволіла дэпутатам падрабязна азнаёміцца з сапраўдным становішчам спраў па выкананні патрабаванняў заканадаўства аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, існуючымі праблемамі па санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні дзяцей, прааналізаваць практыку прымянення заканадаўства ў гэтай галіне, выявіць існуючыя недахопы ў яго правапрымяненні і азначыць асноўныя праблемныя пытанні, якія неабходна ўрэгуляваць у заканадаўстве.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць