Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


14.12.2018

14 снежня 2018 года адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве на тэму «Удасканальванне прававога рэгулявання асобных пытанняў арганізацыі і ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці. Электронны натарыят (у рамках падрыхтоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці»)».

Мерапрыемства было праведзена ў мэтах вывучэння практыкі прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у натарыяльнай дзейнасці, а таксама азнаямлення з прынцыпова новымі магчымасцямі выкарыстання гэтых тэхналогій для павышэння ўзроўню абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый пры звароце да натарыусаў за здзяйсненнем натарыяльных дзеянняў.

Пасяджэнне прайшло ў г. Жодзіна Мінскай вобласці. У ім разам з членамі Пастаяннай камісіі па заканадаўстве прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Жодзінскай выбарчай акрузе № 64 Заблоцкі Д.В., начальнік упраўлення натарыяту і загсаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Захарава Ж.У., прадстаўнікі натарыяльнай супольнасці.

Адкрываючы пленарную частку пасяджэння (праходзіла ў канферэнц-зале ААТ «БЕЛАЗ»), старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Гуйвік Н.В. звярнула ўвагу, што шырокамаштабнае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у розныя сферы дзейнасці чалавека спрыяла ўзнікненню і развіццю глабальнага працэсу інфарматызацыі. Не застаўся ў баку ад гэтага працэсу і натарыят, інфарматызацыя якога пачалася ў 2014 годзе ў адпаведнасці з Канцэпцыяй інфарматызацыі натарыяту Рэспублікі Беларусь, распрацаванай Беларускай натарыяльнай палатай, у якой былі сфармуляваны асноўныя мэты, задачы, напрамкі інфарматызацыі натарыяту Рэспублікі Беларусь, а таксама вызначаны базавыя прынцыпы, падыходы і ўмовы для паспяховай рэалізацыі працэсу інфарматызацыі. Стратэгічная мэта гэтага працэсу — стварэнне ўмоў для аказання насельніцтву якасных натарыяльных паслуг.

У цяперашні час у натарыяльных канторах і натарыяльных бюро функцыянуе электронная аўтаматызаваная сістэма «Адзіная інфармацыйная сістэма натарыяту» (далей — АІС натарыяту), састаўной часткай якой з’яўляецца ўкаранёная з 1 студзеня 2017 года адзіная электронная сістэма ўліку натарыяльных дзеянняў і спадчынных спраў. АІС натарыяту ўтрымлівае інфармацыю аб усіх здзейсненых з 1 студзеня 2017 года натарыяльных дзеяннях, аб даверанасцях, засведчаных з 1 студзеня 2014 года, аб спадчынных справах, адкрытых з 2009 года, аб завяшчаннях, засведчаных з 2010 года, аб Шлюбных дагаворах, засведчаных з 1999 года.

Н.В.Гуйвік таксама адзначыла, што ўнесены ў лістападзе 2018 года ў Палату прадстаўнікоў праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» утрымлівае палажэнні, накіраваныя, у прыватнасці, на ўдасканальванне працэсу інфарматызацыі натарыяту. Прапануецца вызначыць формы ўзаемадзеяння адзінай электроннай сістэмы ўліку натарыяльных дзеянняў і спадчынных спраў з дзяржаўнымі інфармацыйнымі сістэмамі (рэсурсамі), спосабы доступу суб’ектаў інфармацыйных адносін (за выключэннем натарыусаў) да змешчанай ў ёй інфармацыі.


З прывітальным словам да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуўся выкончаючы абавязкі старшыні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта Конан С.П.

Удзельнікі пасяджэння таксама заслухалі выступленні аб агульных падыходах у сферы інфарматызацыі натарыяту, аб формах выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у натарыяльнай дзейнасці, аб спосабах забеспячэння абароны персанальных даных пры здзяйсненні натарыяльных дзеянняў у электронным выглядзе, аб узаемадзеянні АІС натарыяту са знешнімі інфармацыйнымі сістэмамі (рэсурсамі), аб перспектывах далейшага развіцця электроннага натарыяту.


Па асноўных пытаннях парадку дня выступили прадстаўнікі Беларускай натарыяльнай палаты.

У адпаведнасці з праграмай выязнога пасяджэння яго ўдзельнікі наведалі натарыяльную кантору № 1 г. Жодзіна і азнаёміліся з практыкай выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дзейнасці натарыуса.


Падводзячы вынікі, удзельнікі пасяджэнні адзначылі, што далейшае ўдасканальванне механізмаў і спосабаў інфарматызацыі натарыяту шляхам выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій дазволіць падняць натарыят на болей высокую ступень развіцця і забяспечыць яму заслужанае месца сярод иншых прававых інстытутаў.

Прынята рашэнне прыняць да ведама інфармацыю, атрыманую ў ходзе выязнога пасяджэння, і выкарыстоўваць яе ў заканатворчай дзейнасці, у тым ліку пры рабоце над праектам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці».

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць