Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


18.04.2019

16 красавіка 2019 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і работнікі Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў прынялі ўдзел у рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Тыдзень лесу — 2019».

Як і ў папярэднія гады, ініцыятарам удзелу беларускіх парламентарыяў у гэтай акцыі стала Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы на чале з яе старшынёй Кананчук Т.П.


У Рэспубліцы Беларусь лясы з’яўляюцца адным з асноўных узнаўляльных прыродных рэсурсаў і найважнейшых нацыянальных багаццяў. Лясы і лясныя рэсурсы маюць вялікае значэнне для трывалага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забеспячэння яе эканамічнай, энергетычнай, экалагічнай і харчовай бяспекі. Па шэрагу ключавых паказчыкаў, якія характарызуюць лясны фонд (лясістасць тэрыторыі, плошча лясоў і запас вырашчанай драўніны ў пераліку на аднаго жыхара), Беларусь уваходзіць у першую дзясятку лясных дзяржаў Еўропы.


Лясная гаспадарка Беларусі, паспяхова рэалізуючы прынцыпы неспусташальнага шматмэтавага лесакарыстання, дапамагае развіццю сумежных галін эканомікі, уносіць значны ўклад у выкананне падпісаных нашай краінай міжнародных дагавораў глабальнага ўзроўню ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. Яе эканамічная, экалагічная і сацыяльная роля няўхільна ўзрастае. Усё гэта дае падставы казаць, што ў сучасных умовах лясная гаспадарка з традыцыйна сыравіннай галіны ператвараецца ў інфраструктурную, адну з ключавых у народнагаспадарчым комплексе, у асаблівасці ў сельскіх раёнах краіны.

Сёлета акцыя прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Галоўныя мэты гэтай шырокамаштабнай акцыі — прапаганда руплівых адносін да лесу як да нацыянальнага багацця, прыцягненне грамадскасці да вырашэння агульнадзяржаўных задач у сферы ўзмацнення экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў.

Гэта маштабнае мерапрыемства падтрымліваюць дзяржаўныя органы, грамадскія і рэлігійныя арганізацыі, прыватныя кампаніі, сродкі масавай інфармацыі, школьнікі, студэнты і проста грамадзяне, якія жадаюць унесці свой уклад у павелічэнне лясоў рэспублікі.


Актыўны ўдзел у кампаніі па ўзнаўленні лясных угоддзяў, якая прайшла на базе Задор’еўскага лясніцтва Лагойскага лясгаса, прынялі дэпутаты практычна ўсіх пастаянных камісій, а таксама работнікі Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў.

У гэты дзень беларускія парламентарыі пасадзілі больш за 25 тысяч саджанцаў сасны і бярозы на плошчы каля 5 гектараў. Дэпутаты прадоўжылі добрую традыцыю, якая існуе ўжо дванаццаць гадоў. За гэты час парламентарыі пасадзілі каля 325 тысяч саджанцаў сасны і бярозы на плошчы больш за 56 гектараў. У выніку ўсё гэта будзе на карысць лесу і будучых пакаленняў.


Парламентарыі аднадушны ў меркаванні, што чалавек, які пасадзіў некалькі маленькіх парасткаў у зямлю, ніколі не будзе іх бязлітасна знішчаць, пакідаць непатушаным агонь пасля адпачынку на прыродзе. Яны адзначалі, што нашы лясы — гэта не толькі дар прыроды, але і вынік цяжкай працы лесаводаў. Іх высакародная работа вартая павагі і пашаны.

Па заканчэнні работы дэпутаты Палаты прадстаўнікоў устанавілі спецыяльную дошку — знак, які вызначае нумар квартала ляснога масіву, яго плошчу і дату пасадкі дрэў.



Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць