Рус Бел En

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75           

Электронная пошта:
inform@house.gov.by

18.12.2020

18 снежня 2020 года на ранішнім пасяджэнні чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання парламентарыі разгледзелі дзевяць пытанняў.

У другім чытанні былі прыняты сем законапраектаў.

З агульным дакладам па праектах Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях выступіла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Любецкая С.А.

У сваім дакладзе парламентарый адзначыла, што праекты КаАП і ПВКаАП з’яўляюцца сістэмаўтваральнымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія замацоўваюць прынцыпы і нормы прававога рэгулявання адміністрацыйнай адказнасці, адміністрацыйнага працэсу і якія забяспечваюць найбольш поўнае прававое рэгуляванне адпаведных грамадскіх адносін. Галоўная асаблівасць распрацаваных праектаў кодэксаў — прафілактычны і папераджальны характар іх нормаў.

Пасля разгляду ў першым чытанні законапраекты былі значна дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў, выказаных дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, прадстаўнікамі бізнес-супольнасці, навуковымі ўстановамі, грамадзянамі. У ходзе іх падрыхтоўкі да разгляду ў другім чытанні было разгледжана больш за 700 заўваг і прапаноў.

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Луканская І.Э. прадставіла праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях медыяцыі».

Дадзены праект Закона падрыхтаваны ў мэтах выканання артыкула 2 Закона «Аб ратыфікацыі Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб міжнародных сусветных пагадненнях, дасягнутых у выніку медыяцыі» і забеспячэння эфектыўнай рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі.

Асноўныя мэты Канвенцыі накіраваны на папулярызацыю медыяцыі як спосабу вырашэння спрэчкі і замацавання магчымасці выканання сусветных пагадненняў, прынятых у рамках медыяцыі.

Для рэалізацыі ў нацыянальным заканадаўстве інстытута забеспячэння прадмета міжнароднага медыятыўнага пагаднення, падстаў прызнання міжнародных медыятыўных пагадненняў і падстаў адмовы ў іх прымусовым выкананні прадугледжана карэкціроўка Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У мэтах выключэння практыкі ўнясення ў законы множных змяненняў, забеспячэння комплекснасці і сістэмнасці карэкціроўкі нарматыўных прававых актаў з праекта Закона выключаны нормы, якія прадугледжваюць змены Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, для ўключэння іх у законапраект па комплекснай карэкціроўцы названага кодэкса.

Праектам Закона прадугледжваецца дапаўненне Закона «Аб медыяцыі» нормамі, якія змяшчаюць вызначэнне міжнароднага медыятыўнага пагаднення, а таксама палажэннямі, якія рэгулююць парадак прызнання і выканання міжнародных медыятыўных пагадненняў.

Акрамя таго, для комплекснай карэкціроўкі заканадаўства ў сферы медыяцыі Закон аб медыяцыі дапаўняецца нормай, якая дае вызначэнне адасобленага падраздзялення юрыдычнай асобы, што забяспечвае правядзенне медыяцыі.

Практычная рэалізацыя Канвенцыі дазволіць забяспечыць абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, а таксама будзе спрыяць спрашчэнню і паскарэнню выканання медыятыўных пагадненняў міжнароднага характару, выкананне якіх уваходзіць у сферу прымянення Канвенцыі.

Аб праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў» далажыў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Мамайко І.А.

Законапраект накіраваны на далейшае ўдасканаленне прававых асноў функцыянавання адзінай дзяржаўнай сістэмы рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў (АДСРУП), прывядзенне іх у адпаведнасць з іншымі заканадаўчымі актамі.

Законапраект прадугледжвае рэгуляванне грамадскіх адносін, звязаных з улікам, рэгістрацыяй, захоўваннем у адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях звестак (АДБДП) аб правапарушэннях, іх абаронай і прадастаўленнем дзяржаўным органам і іншым арганізацыям Рэспублікі Беларусь, замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, а таксама адвакатам, натарыусам і іншым фізічным асобам.

Прымаючы пад увагу колькасць змяненняў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адзінай дзяржаўнай сістэме рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў» выкладаецца ў новай рэдакцыі.

У прыватнасці, законапраектам прадугледжваецца:

удакладненне тэрміналогіі дзеючага Закона аб АДСРУП;

магчымасць для органаў крымінальнага пераследу, органаў, якія вядуць адміністрацыйны працэс, і судоў ажыццяўляць рэгістрацыю правапарушэнняў непасрэдна ў АДБДП па электронных каналах;

зніжэнне тэрмінаў захоўвання звестак аб адміністрацыйных правапарушэннях, па якіх выкананы адміністрацыйныя спагнанні, з дзесяці да трох гадоў;

дадатак дзеючага Закона аб АДСРУП нормамі:

аб уліку крымінальных спраў прыватнага абвінавачвання, па якіх абавязкова папярэдняе следства; крымінальных спраў, што паступілі ад кампетэнтных органаў замежных дзяржаў, вылучаных з іншых крымінальных спраў;

якія рэгламентуюць парадак прадастаўлення звестак аб правапарушэннях дзяржаўным органам і іншым арганізацыям Рэспублікі Беларусь, замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, а таксама адвакатам, натарыусам і іншым фізічным асобам.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Дубаў А.В. выступіў з дакладам па праекце Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці».

Законапраект у цэлым арыентаваны на:

дэкрыміналізацыю і змякчэнне адказнасці за дзеянні, не звязаныя з прычыненнем істотнай шкоды;

забеспячэнне збалансаванасці пакарання за асобныя віды злачынстваў з улікам правапрымяняльнай практыкі;

стварэнне дадатковых прававых гарантый для ўдзельнікаў крымінальнага працэсу і аптымізацыю мер стрымання;

карэкціроўку палажэнняў крымінальнага заканадаўства з улікам развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій;

узгадненне палажэнняў крымінальнага закона са зменлівым галіновым заканадаўствам.

Так, праектам Закона прадугледжваецца дэкрыміналізацыя шэрагу складаў злачынстваў з адміністрацыйнай прэюдыцыі.

Прадугледжаная дэкрыміналізацыя тых складаў, выключэнне якіх было падтрымана большасцю зацікаўленых дзяржаўных органаў (незаконнае распараджэнне грашовымі сродкамі, якія знаходзяцца на банкаўскіх рахунках суб’екта гаспадарання, падман спажыўцоў, парушэнне правілаў аховы нетраў, парушэнне правілаў радыяцыйнага кантролю, незаконнае карыстанне эмблемай Чырвонага Крыжа, Чырвонага Паўмесяца, Чырвонага Крышталя, самавольнае заняцце зямельнага ўчастка, перадача прадметаў або рэчываў асобе, што ўтрымліваецца ў следчым ізалятары, папраўчай установе, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, або арыштным доме, або атрыманне ад яго прадметаў i рэчываў.

Пры гэтым, выключаючы склады з Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прапануецца ўсталяваць павышаную адміністрацыйную адказнасць за паўторнае ўчыненне адпаведных дзей.

Таксама карэкціроўцы падвяргаюцца меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, хатняга арышту, закладу. Прапанаваныя змяненні накіраваны на аптымізацыю мер стрымання, а таксама забеспячэнне максімальна індывідуалізаванага падыходу пры іх прызначэнні з улікам асобы падазронага або абвінавачанага, іх узросту і стану здароўя, роду заняткаў, сямейнага і маёмаснага становішча і інш.

Нададзена ўвага ўзмацненню гарантый абвінавачаных (падазраваных) у дачыненні да прымянення самай строгай меры стрымання — заключэння пад варту.

Уводзіцца абсалютна новая для нацыянальнага заканадаўства мера стрымання — забарона пэўных дзеянняў. Пашырэнне дзеючай сістэмы мер стрымання выклікана неабходнасцю павелічэння сферы ўжывання мер стрымання «абмежавальнага» характару, не звязаных з заключэннем пад варту.

Шэраг палажэнняў праекта накіраваны на ліквідацыю парушэнняў і іншых недахопаў у рабоце праваахоўных органаў і, у тым ліку, звязаныя з пераглядам падстаў прыпынення і падаўжэння тэрмінаў расследавання крымінальных спраў, выкарыстаннем беспапяровых тэхналогій для фіксацыі ходу і вынікаў следчых дзеянняў, пашырэннем паўнамоцтваў органаў пракуратуры на стадыі папярэдняга расследавання і іншае.

У праекце Закона рэалізаваны выпрацаваныя Генеральнай пракуратурай падыходы да прымянення інстытута паручыцельства пры памілаванні асуджаных.

Нормы законапраекта таксама звязаны з узмацненнем і дыферэнцыяцыяй адказнасці ў дзяржаўным і прыватным сектарах за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў. Прапанаваныя меры дазволяць ліквідаваць наяўныя прабелы, а таксама забяспечыць выкананне асобных міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь.

У праект Закона ўключаны нормы, накіраваныя на ўдасканаленне інстытута вызвалення ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з вяртаннем урону (шкоды), выплатай даходу, атрыманага злачынным шляхам.

Прыняцце праекта Закона будзе спрыяць рэалізацыі паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на лібералізацыю крымінальнай адказнасці, ліквідацыю праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць у правапрымяняльнай практыцы, павышэнне эфектыўнасці асобных прававых інстытутаў, а таксама прывядзенню Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў у адпаведнасць з заканадаўствам.

Аб навацыях законапраекта «Аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» праінфармаваў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Волкаў І.У.

Падрыхтоўка законапраекта абумоўлена неабходнасцю забеспячэння паўнаты і ўсебаковага рэгулявання грамадскіх адносін у сферы афіцыйнай геральдычнай сімволікі.

У законапраект уключаны палажэнні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых пытаннях стварэння, устанаўлення, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў», якія датычацца прававой рэгламентацыі нагрудных знакаў.

З дакладам аб праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пахаваннi i пахавальнай справе» выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Бабаловіч А.С.

Парламентарый адзначыў, што законапраектам, у прыватнасці, прапануецца:

пашырыць паняційны апарат, шляхам увядзення тэрмінаў «братэрская магіла», «групавая магіла» «агульная магіла», «перапахаванне» і «сямейны калумбарый»;

надзяліць спецыялізаваныя арганізацыі, асоб, адказных за ўтрыманне і добраўпарадкаванне месцаў пахавання, пасялковыя, сельскія выканаўчыя камітэты правам прыцягваць юрыдычных асоб, фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, на дагаворнай аснове да выканання работ па ўтрыманню і добраўпарадкаванню месцаў пахавання;

удакладніць патрабаванні да ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання, у тым ліку ўскласці абавязак па ўтрыманню ў належным стане ўчастка для пахавання або (нішы) месцы ў калумбарыі на асобу, адказную за арганізацыю ўстаноўкі надмагільнага збудавання;

усталяваць забарону на пахаванне спосабам, не прадугледжаным Законам;

прадугледзець магчымасць адкрыцця раней закрытых месцаў пахавання па рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню з улікам інтарэсаў грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;

вызначыць парадак фарміравання тарыфаў на гарантаваныя паслугі, а таксама вызначыць мінімальны пералік гарантаваных паслуг;

скараціць тэрмін пахавання спецыялізаванай арганізацыяй памерлых, асоба якіх не ўсталяваная, і памерлых пры адсутнасці асоб, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахаваньня, з трох да адных сутак

з моманту перадачы цел (парэшткаў) і з даты атрымання неабходных дакументаў і заключэнняў, неабходных для ажыццяўлення пахавання;

аднесці да кампетэнцыі спецыялізаванай арганізацыі, пасялковага і сельскага выканаўчых камітэтаў, адміністрацыі зон адчужэння і адсялення вызначэнне сектараў у месцах пахавання для пахавання памерлых, асоба якіх не ўсталяваная, і памерлых пры адсутнасці асоб, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахаваньня, а таксама спосабы пахавання названых памерлых;

прадугледзець парадак пахавання скрыняў з прахам (попелам) памерлых, асоба якіх не ўсталяваная, і памерлых пры адсутнасці асоб, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання;

уключыць даручальную норму, якая абавязвае мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы на працягу двух гадоў правесці інвентарызацыю месцаў пахавання ў сельскіх населеных пунктах, пасёлках гарадскога тыпу і перадаць іх на баланс спецыялізаваным арганізацыям.

У двух чытаннях быў разгледжаны праект Закона «Аб увядзеннi ў дзеянне кодэксаў», аб якім расказалі Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сліжэўскі А.Л. і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Любецкая С.А.

Законапраектам прадугледжваецца, што новыя кадыфікаваныя нарматыўныя прававыя акты па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці ўводзяцца ў дзеянне з 1 сакавіка 2021 года.

У сувязі з увядзеннем у дзеянне Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прапануецца прызнаць страціўшымі сілу шэраг дзеючых заканадаўчых актаў, якія рэгулююць пытанні прыцягнення да адказнасці грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых суб’ектаў гаспадарання за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў.

Акрамя таго, законапраект утрымлівае пераходныя палажэнні, якія тычацца прывядзення актаў заканадаўства ў адпаведнасць з КоАП і ПВКоАП, а таксама вызначаюць парадак прымянення такіх актаў да прывядзення іх у адпаведнасць з КаАП і ПВКаАП.

У законапраекце знайшлі адлюстраванне пытанні разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і выканання вынесеных у рамках дзеючых кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці пастаноў аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў з улікам падыходаў, прадугледжаных новымі КаАП і ПВКаАП у частцы лібералізацыі сістэмы пакаранняў за адміністрацыйныя правапарушэнні, змены працэсуальнай кампетэнцыі дзяржаўных органаў (арганізацый), службовых асоб на складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях і разгляд спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Акрамя таго, на пасяджэнні дэпутацкі корпус заслухаў даклад старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Савіных А.У. аб Заяве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у сувязі з прыняццем Еўрапейскім парламентам рэзалюцыі па Беларусі.

У выніку абмеркавання парламентарыі адобрылі тэкст заявы і прынялі адпаведную пастанову Палаты прадстаўнікоў.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць