Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


02.10.2019

2 кастрычніка 2019 года пачала работу сёмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Дэпутаты сфармавалі рабочыя органы, абралі сакратарыят і Падліковую камісію сёмай сесіі. Кіраўніком сакратарыята сесіі абрана намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Якубовіч Т.Р., Падліковай камісію ўзначаліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Гурскі Д.М.

Зацверджаны парадак дня сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая ўключае 38 пытанняў.

Падчас першага пасяджэння дэпутаты разгледзелі чатырнаццаць пытанняў, у тым ліку чатыры законапраекты ў першым чытанні, тры — у другім і сем праектаў законаў аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў.

На разгляд у першым чытанні праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб лекавых сродках» прадставілі Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Каранік У.С. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Платы прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Старавойтаў А.Г.

Законапраект распрацаваны ў мэтах узгаднення палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб лекавых сродках» з палажэннямі міжнародна-прававых актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама ў мэтах рэгулявання шэрагу пытанняў, што тычацца абарачэння лекавых сродкаў.

Праектам Закона, у прыватнасці, прапануецца ўдакладніць тэрміналогію, якая выкарыстоўваецца ў гэтым Законе, вызначыць асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў галіне абарачэння лекавых сродкаў, раскрыць змест належных фармацэўтычных практык і рэгламентаваць пытанні дзяржаўнага рэгулявання ў названай сферы.

Разам з гэтым законапраект прадугледжвае рэгуляванне грамадскіх адносін, звязаных з распрацоўкай, даклінічнымі, клінічнымі даследаваннямі і медыцынскім ужываннем лекавых прэпаратаў, рэалізацыяй, захоўваннем, транспарціроўкай, знішчэннем, увозам і вывазам лекавых сродкаў.

У першым чытанні дэпутаты прынялі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэкламы», які прадставілі намеснік Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Канстанцінавіч А.В. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Гурскі Д.М.

Законапраект закліканы забяспечыць больш эфектыўнае прававое рэгуляванне ў сферы рэкламы, ліквідаваць састарэлыя нормы.

У прыватнасці, праектам Закона прадугледжваецца:

карэкціроўка паняційнага апарату ў частцы змянення тэрмінаў «рэкламадавец», «рэкламараспаўсюджвальнік», «сродак вонкавай рэкламы», «сацыяльная рэклама», «аб’ект рэкламавання» і іншых. Уводзіцца тэрмін «сродак рэкламы»;

удакладненне паўнамоцтваў органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне рэкламы, Міжведамаснага савета па рэкламе;

выключэнне з Закона аб рэкламе патрабавання аб вырабе рэкламы айчынных тавараў, прадукцыі, работ, паслуг і вонкавай рэкламы выключна з прыцягненнем арганізацый і грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку аб рэкламаванні тавараў, прадукцыі, работ, паслуг у такой рэкламе толькі з выкарыстаннем вобразаў беларускіх грамадзян, у сувязі са стратай актуальнасці гэтага патрабавання;

канкрэтызацыя патрабаванняў да рэкламы (напрыклад, пашырэнне пераліку выключэнняў з патрабавання размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы на беларускай і (або) рускай мовах, замацаванне права спажыўцоў рэкламы (уласнікаў або іншых законных уладальнікаў абаненцкіх паштовых шафаў або індывідуальных паштовых скрынь) адмовіцца ад дастаўкі рэкламы ў гэтыя паштовыя шафы (скрыні) і інш.);

карэкціроўка патрабаванняў да рэкламы ў сродках масавай інфармацыі (так, выключаецца забарона на трансляцыю рэкламы ў дзіцячых перадачах і прадугледжваецца магчымасць перапынення ва ўстаноўленым парадку рэкламай адукацыйных і дзіцячых перадач, уключаючы дзіцячыя мастацкія фільмы, прадугледжваецца забарона на перавышэнне эквівалентнага ўзроўню гуку рэкламы і паведамлення пра яе наступную трансляцыю над эквівалентным узроўнем гуку транслюемай праграмы, якая перарываецца рэкламай);

увядзенне нормы аб неабходнасці атрымання пісьмовай згоды на распаўсюджванне рэкламы пры дапамозе тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі, электроннай пошты. У прыватнасці, згода абанента або адрасата на атрыманне рэкламы павінна быць аформлена ў пісьмовай форме шляхам складання тэкставага дакумента, уключаючы дакумент у электронным выглядзе (у тым ліку электронны дакумент);

удакладненне патрабаванняў да вонкавай рэкламы, уключаючы патрабаванні да сродкаў вонкавай рэкламы і іх размяшчэння. Напрыклад, прадугледжваецца, што сродкі вонкавай рэкламы павінны знаходзіцца ў належным эстэтычным і тэхнічным стане;

канкрэтызацыя норм аб размяшчэнні рэкламы на транспартных сродках (устанаўленне забароны гукавой рэкламы ў грамадскім транспарце, забароны на выкарыстанне транспартнага сродку, у тым ліку прычэпа, што стаіць асобна, для размяшчэння (распаўсюджвання) рэкламы на вуліцах, дарогах і ў іншых грамадскіх месцах, у выніку якога транспартны сродак не выкарыстоўваецца для перавозкі людзей, грузаў або ўстаноўленага на iм абсталявання, г.зн. па прадугледжанаму заканадаўствам прызначэнні);

аптымізацыя адміністрацыйнай працэдуры па ўзгадненні медыцынскай рэкламы і рэкламы біялагічна актыўных дабавак да ежы і актуалізацыя патрабаванняў да такой рэкламы (скарачэнне аб’ёму медыцынскай рэкламы, якая падлягае ўзгадненню з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, адмена забароны на ўказанне ў рэкламе зніжак (як формы матэрыяльнага заахвочвання) пры набыцці лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскай тэхнікі, біялагічна актыўных дабавак да ежы і інш.);

удакладненне патрабаванняў да рэкламы алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў, піва і слабаалкагольных напояў, зброі і прадукцыі ваеннага прызначэння, рыэлтарскіх паслуг, каштоўных папер і паслуг, звязаных з прыцягненнем, выкарыстаннем грашовых сродкаў арганізацый і (або) грамадзян;

канкрэтызацыя нарматыўных прадпісанняў аб рэкламе аб працаўладкаванні і вучобе грамадзян за межамі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, у мэтах спынення практыкі ўказанні ў рэкламе аб працаўладкаванні за межамі Рэспублікі Беларусь не адпаведнай рэчаіснасці заработнай платы дапускаецца ўказанне ў рэкламе толькі тых звестак пра заработную плату, якія могуць быць дакументальна пацверджаны і ўтрымліваюцца ў дагаворы аб працаўладкаванні;

рэгламентацыя рэкламы дзейнасці медыятараў;

карэкціроўка Закона аб рэкламе ў частцы зняцця асобных абмежаванняў на размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы букмекерскіх гульняў і гульняў таталізатараў;

магчымасць указання ў сацыяльнай рэкламе найменняў, таварных знакаў, знакаў абслугоўвання, эмблем ці іншай сімволікі спонсараў мерапрыемстваў у сферы культуры, фізічнай культуры, спорту, аховы здароўя насельніцтва, прапаганды здаровага ладу жыцця, сацыяльнай абароны насельніцтва, у лік арганізатараў якіх уваходзяць дзяржаўныя органы, а таксама асоб, якія аказалі садзейнічанне дзяржаўным органам у вытворчасці сацыяльнай рэкламы.

А.В.Канстанціновіч і Д.М.Гурскі таксама выступілі з дакладамі па праекце Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці», які быў прыняты ў першым чытанні.

Законапраект накіраваны на прадухіленне негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя насельніцтва, стварэнне ўмоў для абароны здароўя грамадзян ад уздзеяння навакольнага тытунёвага дыму, а таксама ад наступстваў курэння тытунёвых вырабаў, выкарыстання электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуню, у тым ліку за кошт увядзення мер дзяржаўнага рэгулявання абароту такіх сістэм.

У прыватнасці, праектам Закона прадугледжваюцца меры адказнасці за:

гандаль тытунёвымі вырабамі, электроннымі сістэмамі курэння, вадкасцямі для электронных сістэм курэння, сістэмамі для спажывання тытуню без наяўнасці дакументаў і (або) маркіроўкі, прадугледжаных заканадаўствам і (або) тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза, Еўразійскага эканамічнага саюза;

продаж тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння, вадкасцей для электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуню без нанесеных на спажывецкую ўпакоўку (ліст-укладыш) гэтых вырабаў звестак, прадугледжаных заканадаўствам да інфармацыі, якая змяшчаецца на спажывецкай упакоўцы (у лісце-ўкладышы);

рэкламу вадкасцяў для электронных сістэм курэння, выкарыстанне на шыльдах гандлёвых аб’ектаў слоў, тоесных або падобных да ступенi змяшэння з найменнем відаў тытунёвых вырабаў;

продаж індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай тытунёвых вырабаў без спажывецкай упакоўкі, з адкрытых спажывецкіх упаковак гэтых вырабаў, на вагу, паштучна, за выключэннем гандлю цыгарамі і цыгарыламі ў індывідуальнай спажывецкай упакоўцы;

продаж у крамах бяспошліннага гандлю, якія функцыянуюць у месцах перамяшчэння тавараў праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза паветраным відам транспарту, тытунёвых вырабаў у аб’ёме больш за 200 цыгарэт або 50 цыгар (цыгарыл), больш за 250 грамаў тытуню цi iншых тытунёвых вырабаў;

продаж тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння, вадкасцей для электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуню ў крамах і павільёнах, якія маюць гандлёвую плошчу 1000 і больш кв. метраў, па-за створаных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку таварных аддзелаў.

З дакладам па праекце Закона «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў» выступіў намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Корбут А.М. (Судакладчык — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Навумчык А.А.).

Законапраект распрацаваны ў мэтах комплекснага прававога рэгулявання пытанняў захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў на ўзроўні заканадаўчага акту.

У праекце Закона закладзены прававыя асновы аховы і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў у мэтах захавання іх асяроддзяўтвараючых, водаахоўных і іншых функцый, задавальнення эканамічных і іншых патрэбаў цяперашняга і будучых пакаленняў у гэтых рэсурсах і рэалізацыі канстытуцыйных праў грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Праектам Закона вызначаны:

асноўныя прынцыпы аховы і выкарыстання тарфянікаў, якія ўлічваюць міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь і падыходы, закладзеныя ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь;

правы і абавязкі землекарыстальнікаў і карыстальнікаў водных аб’ектаў, зямельныя ўчасткі і (або) водныя аб’екты якіх размешчаны ў межах тарфянікаў;

правы і абавязкі грамадзян пры наведванні тарфянікаў і ажыццяўленні імі права агульнага карыстання рэсурсамі тарфянікаў;

правы і абавязкі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў пры ажыццяўленні імі права спецыяльнага карыстання рэсурсамі тарфянікаў;

паўнамоцтвы службовых асоб і дзяржаўных органаў у галіне захавання і выкарыстання тарфянікаў;

рэжымы аховы і выкарыстання натуральных балот і іх гідралагічных буферных зон;

парадак ўстанаўлення межаў тарфянікаў і гідралагічных буферных зон натуральных балот;

патрабаванні ў галіне аховы і выкарыстання тарфянікаў пры ажыццяўленні гаспадарчай i iншай дзейнасцi;

пытанні экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў і іншыя пытанні ў галіне аховы і выкарыстання тарфянікаў.

Акрамя гэтага, у праекце Закона адлюстраваны пытанні распрацоўкі дзяржаўных праграм, стратэгій, схем і іншых дакументаў у галіне аховы і выкарыстання тарфянікаў, кіравання імі, размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання ў гаспадарчай i iншай дзейнасцi.

У сувязі з устанаўленнем рэжымаў аховы і выкарыстання натуральных балот і іх гідралагічных буферных зон праектам Закона прадугледжана ўнясенне змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 1992 г. № 1982-ХII «Аб ахове навакольнага асяроддзя».

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Паліціка В.С. расказала аб праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натуральных манаполіях», які парламентарыі прынялі ў другім чытанні.

Падрыхтоўка законапраекта абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення норм Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натуральных манаполіях» з улікам практыкі прымянення і прывядзення яго палажэнняў у адпаведнасць з іншымі заканадаўчымі актамі. Законапраект закліканы забяспечыць больш эфектыўнае прававое рэгуляванне ў сферах натуральных манаполій, ліквідаваць састарэлыя нормы.

У прыватнасці, у законапраекце:

уведзена магчымасць правядзення публічных слуханняў для абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, паколькі яны прымаюць рашэнні аб устанаўленні фіксаваных, гранічных цэн (тарыфаў) на паслугі цэнтралізаванага водазабеспячэння і водаадвядзення;

уведзены азначэнні тэрмінаў «метадалогія і правілы яе прымянення» і «кошт (тарыф)» для забеспячэння адназначнага разумення нарматыўных прадпісанняў;

больш выразна прапісаны тэрмін «галіновыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання» зыходзячы з паўнамоцтваў галіновых органаў, выкладзеных у палажэннях аб іх;

выкладзены ў новай рэдакцыі артыкул 6 «Абмежаванне дзейнасці суб’ектаў натуральных манаполій» у мэтах размежавання забарон для натуральных манапалістаў і забарон, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» для ўсіх дамінантаў ў цэлым;

уведзена мера прэвентыўнага рэагавання «папярэджанне» у мэтах аператыўнага і эфектыўнага аднаўлення праў спажыўцоў паслуг, якія адносяцца да сфер натуральных манаполій, выяўлення Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю дзеянняў (актаў) дзяржаўных органаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону;

унесена норма аб разглядзе Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю заяў аб парушэннi гэтага Закона для ўпарадкавання выканання функцыі па выяўленню і ліквідацыі парушэнняў Закона;

удакладнена норма аб тым, з якімі пазовамі можа Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю звяртацца ў суд;

нормы законапраекта прыведзены ў адпаведнасць з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

У другім чытанні таксама быў прыняты праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў». З дакладам па гэтым пытанні выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Салаўёў П.А.

Падрыхтоўка законапраекта абумоўлена неабходнасцю ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў» ў мэтах:

прывядзення яго ў адпаведнасць з Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе і ўзгаднення яго норм з іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;

удасканалення норм Закона аб адзінстве вымярэнняў з улікам правапрымяняльнай практыкі;

змены канцэпцыі Закона аб адзінстве вымярэнняў шляхам пэўнага пераходу ад рамачнага (базавага) да непасрэднага рэгуляванні важнейшых грамадскіх адносін у гэтай сферы, устнаўліваючы рацыянальны баланс паміж заканадаўчым і падзаконным прававым рэгуляваннем.

У сувязі з множнасцю змяненняў, што ўносяцца ў Закон аб адзінстве вымярэнняў, ён выкладаецца ў новай рэдакцыі.

У прыватнасці, у законапраекце:

выразна размежаваны паўнамоцтвы юрыдычных асоб, якія ўваходзяць у дзяржаўную метралагічную службу, i iншых юрыдычных асоб;

вызначана сфера заканадаўчай метралогіі, у якой ажыццяўляецца дзяржаўнае рэгуляванне;

выключаны перадумовы для ўзнікнення патрабаванняў аб абавязковым ажыццяўленні ў дачыненні да сродкаў вымярэнняў адначасова паверкі і каліброўкі;

пашыраны пералік інфармацыі, якая размяшчаецца на інфармацыйным рэсурсе Дзяржаўнага інфармацыйнага фонду па забеспячэнні адзінства вымярэнняў у глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт у частцы інфармацыі, якая прадстаўляе цікавасць для ўдзельнікаў грамадскіх адносін у галіне забеспячэння адзінства вымярэнняў;

удакладнены нормы, якія тычацца выключэння неабгрунтаваных змен існуючага парадку ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і падначаленых ім юрыдычных асоб, больш поўнага і дэталёвага рэгулявання пытанняў стварэння метралагічных службаў, забеспячэння аднолькавага падыходу да арганізацый рознай формы ўласнасці;

удакладнена форма прыняцця рашэння аб зацвярджэнні тыпу сродка вымярэнняў або аб зацвярджэнні тыпу стандартнага ўзору (пастанова), а таксама выключана магчымасць успрымання рашэння аб дазволе да ўжывання сродка вымярэнняў або стандартнага ўзору як асобнага дакумента. Інфармацыя аб дазволе прымянення сродка вымярэнняў або стандартнага ўзору будзе ўтрымлівацца ў вышэйназванай пастанове;

устаноўлена права юрыдычных асоб, якія ўваходзяць у дзяржаўную метралагічную службу, быць упаўнаважанымі юрыдычнымі асобамі ў цікавых для іх сферах дзейнасці. У асобных выпадках атрыманне адпаведных паўнамоцтваў юрыдычнымі асобамі, якія ўваходзяць у дзяржаўную метралагічную службу, можа ініцыіравацца Дзяржстандартам, што дазволіць забяспечыць наяўнасць неабходнага спектру прапаноў у частцы работ па метралагічнай ацэнцы i iншай дзейнасцi ў сферы забеспячэння адзінства вымярэнняў.

Аб праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» праінфармаваў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Васількоў М.А.

Карэкціроўка дзеючага Закона выклікана неабходнасцю прывядзення яго палажэнняў у адпаведнасць з нарматыўнымі прадпісаннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 2013 г. № 41 «Аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку» у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лiстапада 2018 г. № 431.

У прыватнасці ў законапраекце вызначаюцца мэты стварэння дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка:

абмежаванне доступу грамадзян на тэрыторыі зон радыеактыўнага забруджвання, з якіх эвакуявана і адселена насельніцтва;

забеспячэнне радыяцыйнай абароны насельніцтва;

прадухіленне распаўсюджвання радыенуклідаў;

правядзенне радыяцыйнага маніторынгу;

правядзенне радыеэкалагічных даследаванняў;

вывучэнне жывёльнага і расліннага свету, тыповых і ўнікальных экасістэм і ландшафтаў, натуральнай плыні прыродных працэсаў, характэрных для Прыпяцкага Палесся.

Праектам Закона таксама ўдакладняецца паняційны апарат.

Законапраектам уводзяцца нормы, у адпаведнасці з якімі на тэрыторыі запаведніка вылучаюцца запаветная і эксперыментальна-гаспадарчая зоны з указаннем пераліку відаў дзейнасці, якія можна ажыццяўляць у гэтых зонах.

Палажэнні Закона прыведзены ў адпаведнасць з нормамі Палажэння аб Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, якія рэгулююць парадак наведвання тэрыторыі запаведніка, ўвоз (вываз) маёмасцi за яго межы.

Парламентарыі прынялі сем законапраектаў аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Касцевіч І.А. і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Красоўская Т.П. праінфармавалі дэпутацкі корпус аб праекце Закона «Аб ратыфікацыі Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб сацыяльным забеспячэнні».

Асноўнай мэтай Дагавора з’яўляецца ўрэгуляванне пытанняў пенсіённага забеспячэння грамадзян Рэспублікі Беларусь і грамадзян Рэспублікі Польшча, якія працавалі за межамі сваіх дзяржаў. Дагавор заснаваны на прапарцыйным прынцыпе, калі пенсія прызначаецца і выплачваецца кожнай дзяржавай за перыяды стажу, набытага на яго тэрыторыі.

Аб праекце Закона «Аб ратыфікацыі Дагавора паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб утрыманні пагранічных чыгуначных маставых аб’ектаў на беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы»выступілі з дакладамі намеснік Міністра транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксандровіч Н.М. і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Рыбак А.А.

Прадметам прававога рэгулявання Дагавора з’яўляецца парадак утрымання ў Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліцы Польшча пагранічных чыгуначных маставых аб’ектаў на беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы.

Дагавор рэгулюе перыядычнасць правядзення камісійнай ацэнкі тэхнічнага стану маставых аб’ектаў, размяркоўвае абавязкі па ўтрыманні шляхам устанаўлення межаў утрымання па кожным з трох мастоў (Брэст-Паўночны — Цярэспаль, Брэст-Цэнтральны — Цярэспаль, Бераставіца — Зубкі Беластоцкія), размешчаных на беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы.

Нормы Дагавора накіраваны на ажыццяўленне дзеянняў, якія забяспечваюць належнае выкарыстанне маставых аб’ектаў, падтрыманне здавальняючага тэхнічнага стану з захаваннем бяспечнай іх работы без змяненняў геаметрычных памераў падчас эксплуатацыі, а таксама ўключаюць комплекс мерапрыемстваў, якія ажыццяўляецца цэлы год, па рэалізацыі і фінансавання ўсіх работ па наглядзе, рамонтам, мадэрнізацыі і кансервацыі маставых аб’ектаў.

Дагаворам устаноўлена права перасячэння беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы ў парадку, вызначаным міжнародным дагаворам, які рэгулюе пытанні рэжыму беларуска-польскай дзяржаўнай граніцы, і перамяшчэння па тэрыторыі дзяржавы іншага боку Дагавора для асоб, якія выконваюць работы па ўтрыманні маставых аб’ектаў.

Акрамя таго, Дагавор вызначае парадак інфармавання адпаведных органаў краін аб часовым абмежаванні руху ў выпадку пашкоджання маставых аб’ектаў.

Н.М.Аляксандровіч таксама выступіла з дакладам па праекце Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі аб міжнародных аўтамабільных перавозках» (судакладчык — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Камароўскі І.С.).

Пагадненнем прадугледжваецца, што міжнародныя аўтамабільныя перавозкі ажыццяўляюцца па тэрыторыях дзяржаў дагаворных бакоў у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам той дзяржавы, дзе яны выконваюцца, на аснове дазволаў, выдадзеных кампетэнтнымі органамі дзяржаў дагаворных бакоў, форма і колькасць якіх узгадняюцца Сумесным Камітэтам.

Палажэннямі Пагаднення рэгулюецца парадак ажыццяўлення перавозак пасажыраў і грузаў, а таксама забараняецца выкананне кабатажных перавозак, што спрыяе абароне праў нацыянальных перавозчыкаў на рынку транспартных паслуг.

Прымаючы пад увагу міжнародную практыку, па аналогіі з ужо заключанымі пагадненнямі з замежнымi дзяржавамi, Пагадненнем прадугледжаны ўмовы ўзаемнага вызвалення ад мытных пошлін, падаткаў і збораў, звязаных з валоданнем транспартнымі сродкамі або выкарыстаннем іх.

З дакладамі па праекце Закона «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб ваенным супрацоўніцтве ад 19 снежня 1997 года» выступілі Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Раўкоў А.А. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Мартынаў І.Ф.

Пратакол падпісаны у мэтах актуалізацыі і ўдакладнення наймення дакументаў і органаў Саюзнай дзяржавы, якія ўжываюцца пасля ўступлення ў сілу Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.

Намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Дапкюнас А.У. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Пацэвіч С.Л. праінфармавалі аб праекце Закона «Аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў у межах Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы».

Праектам Закона прадугледжваецца ратыфікацыя Другога пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор аб калектыўнай бяспецы ад 15 мая 1992 года, Другога пратакола аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб прававым статусе Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 7 кастрычніка 2002 года, Другога пратакола аб унясенні змяненняў у Статут Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 7 кастрычніка 2002 года, Трэцяга пратакола аб унясенні змяненняў у Статут Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 7 кастрычніка 2002 года, якія былі падпісаны на сесіі Савета калектыўнай бяспекі 8 лістапада 2018 года ў г. Астане.

Другі пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб калектыўнай бяспецы ад 15 мая 1992 года і Другі пратакол аб унясенні змяненняў у Статут Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 7 кастрычніка 2002 года былі распрацаваны па ініцыятыве армянскага боку ў сувязі з канстытуцыйнымі змяненнямі, якія адбыліся ў гэтай краіне ў 2018 годзе.

Паколькі Урад Арменіі заканадаўча надзелены паўнамоцтвамі па кіраўніцтве Узброенымі Сіламі, а Прэм’ер-міністр Арменіі ў якасці Вярхоўнага Галоўнакамандуючага мае права прымаць рашэнне аб іх прымяненні, у артыкулы 3 і 6 Дагавора аб калектыўнай бяспецы і ў артыкул 13 Статута АДКБ былі ўнесены адпаведныя змяненні, якія прадугледжваюць, што Савет калектыўнай бяспекі складаецца з кіраўнікоў дзяржаў –– удзельніц альбо кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельніц, калi ў адпаведнасцi з заканадаўствам сваёй дзяржавы яны надзелены паўнамоцтвамі прымаць рашэнні па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Савета.

Другі пратакол аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб прававым статусе Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 7 кастрычніка 2002 года накіраваны на прывядзенне тэрміналогіі ў адпаведнасці з прынятай рэдакцыяй Статута АДКБ, а таксама на ўдакладненне артыкула 11 Пагаднення, у адпаведнасці з новай рэдакцыяй якога Генеральны сакратар, намеснікі Генеральнага сакратара, члены іх сем’яў, якія пражываюць разам з імі, калі не з’яўляюцца грамадзянамі дзяржавы знаходжання, карыстаюцца прывілеямі і імунітэтам у аб’ёме, прадугледжаным Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах ад 18 красавiка 1961 года для дыпламатычнага агента і членаў яго сям’і.

Трэці пратакол аб унясенні змяненняў у Статут АДКБ прадугледжвае ўнясенне змяненняў у артыкул VII Статута АДКБ у сувязі з прававым афармленнем статусаў Назіральніка пры АДКБ і Партнёра АДКБ.

Палажэннямі Пратакола прадугледжваецца, што дзяржавы, якія не з’яўляюцца членамі АДКБ, а таксама міжнародныя арганізацыі, зацікаўленыя ў вывучэнні адкрытай нарматыўна-прававой базы, вопыту і практыкі дзейнасці АДКБ без прыняцця абавязацельстваў аб удзеле ў практычных мерапрыемствах Арганізацыі, могуць атрымаць статус Назіральніка пры АДКБ. У сваю чаргу, дзяржавы, якія не з’яўляюцца членамі АДКБ, а таксама міжнародныя арганізацыі, якія падзяляюць мэты і прынцыпы АДКБ, якія жадаюць устанавіць і развіваць з АДКБ адносіны ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, з прыняццем абавязацельстваў па ўдзелу ў практычных мерапрыемствах АДКБ, могуць атрымаць статус Партнёра АДКБ.

Дэпутацкі корпус прыняў праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб змяненні Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Кітайскай Народнай Рэспублікі Ганконг, упаўнаважаным Цэнтральным Народным Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі, аб адмене візавых патрабаванняў ад 25 красавiка 2017 года» (дакладчык — намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Дапкюнас А.У., судакладчык — член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Ждановіч П.Л.).

10 жніўня 2018 года ўступіла ў сілу Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб узаемным бязвізавы рэжым для ўладальнікаў звычайных пашпартоў ад 10 чэрвеня 2018 года, якім прадугледжана права грамадзян абедзвюх дзяржаў на бязвізавыя паездкі на тэрыторыі адзін аднаго на працягу 30 дзён.

Такі ж тэрмін бязвізавага знаходжання (30 дзён) прадугледжаны і Пагадненнем паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Кітайскай Народнай Рэспублікі Макао аб узаемнай адмене віз ад 18 сакавіка 2016 года, якое ўступіла ў сілу 27 лістапада 2016 года.

Пагадненне прадугледжвае павелічэнне тэрміну бязвізавага знаходжання грамадзян Рэспублікі Беларусь і пастаянных жыхароў Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна КНР Ганконг на тэрыторыях адзін аднаго з 14 да 30 дзён, такім чынам уніфікуючы гэтыя тэрміны з кантынентальным Кітаем і Спецыяльным адміністрацыйным раёнам КНР Макао.

А.У.Дапкюнас і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Далгашэй Т.С. прадставілі на разгляд праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Калумбія аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных, афіцыйных і службовых пашпартоў».

У адпаведнасці з Пагадненнем ўладальнікі дыпламатычных, афіцыйных і службовых пашпартоў змогуць уязджаць, знаходзiцца, выязджаць або перамяшчацца транзітам па тэрыторыі дзяржавы іншага боку без візы на працягу тэрміну, які не перавышае 90 (дзевяноста) дзён на працягу перыяду 180 (ста васьмідзесяці) дзён з даты першага ўезду.

Уладальнікі названых катэгорый пашпартоў, прызначаныя на пасады ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы, консульскія ўстановы і міжнародныя арганізацыі, могуць уязджаць, знаходзіцца, выязджаць або перамяшчацца транзітам без віз на працягу ўсяго перыяду сваіх паўнамоцтваў.

Наступнае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання адбудзецца 10 кастрычніка 2019 года.

 


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць