Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


02.04.2019

2 красавіка 2019 года адбылося адкрыццё шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

З уступным словам на сесіі выступіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанка У.П.

 




Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнiкоў 2 красавiка 2019 года

Паважаныя дэпутаты,члены Урада i запрошаныя!

Пачынае сваю работу шостая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Яе парадак фармаваўася ў цеснай ўвязцы з ключавымі пытаннямі грамадска-палітычнага жыцця, якія сёння так шырока і зацікаўлена абмяркоўваюцца ў краіне па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы.

У гэты дыялог, важным этапам якога стане зварот Прэзідэнта з Пасланнем да народа і Парламенту, уцягнуты ўсе структуры ўлады, грамадзянскай супольнасці, бізнесу, айчынныя і замежныя медыя.

Усіх удзельнікаў вялікай размовы аб’ядноўвае жаданне бачыць Беларусь свабоднай, мірнай, справядлівай і паспяховай. І гэта цалкам адпавядае курсу на безумоўнае забеспячэнне нацыянальнага суверэнітэту, эканамічнай незалежнасці, абарону канстытуцыйных праў і гарантый нашых грамадзян.

Менавіта гэтыя прыярытэты ляглі ў аснову нашых заканадаўчых планаў. На сённяшні дзень у пастаянных камісіях знаходзіцца ўжо 64 законапраектаў, 37 з якіх цалкам падрыхтаваны да разгляду ў Авальнай зале.

Пералік пытанняў адлюстроўвае амаль увесь спектр задач па развіцці стабільнага дзелавога асяроддзя, ІТ-сектара, прасоўванні «зялёнай» эканомікі, павышэнню якасці жыцця ў розных сферах, падтрыманні міру, стабільнасці і грамадскай згоды.

Галоўны наш рэсурс — інтэлектуальны патэнцыял. Толькі абапіраючыся на яго, мы зможам прыкметна знізіць сваю сыравінную залежнасць і нарасціць аб’ёмы экспарту. Акрамя таго, павелічэнне колькасці працоўных месцаў у лічбавай сферы фармуе высокі попыт. Гэта жыццёва важна для многіх галін і прадпрыемстваў, якія традыцыйна арыентаваны на ўнутраны рынак.

Гэтыя пытанні выходзяць сёння на першы план, і для іх паспяховага комплекснага рашэння трэба аператыўна ствараць адпаведныя прававыя ўмовы.

Для паскоранага ўкаранення навукаёмістых тэхналогій патрабуецца канцэнтрацыя сродкаў пад праекты, якія дадуць гарантаваны эканамічны эфект. Таму сёння вельмі важна заканадаўча прапісаць эфектыўны механізм фарміравання праграмы інавацыйнага развіцця. Гэта і будзе наша асноўная задача пры карэкціроўцы Закона аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы.

Трэба сур’ёзна думаць і пра тое, каб правілы на беларускім рынку станавіліся ўсё больш зразумелымі і зручнымі для інвестараў. Гэта ў першую чаргу трэба ўлічваць пры разглядзе на сесіі законаў па пытаннях аўдытарскай дзейнасці, тэхнічнага нармавання, стандартызацыі і экалагічнай экспертызы.

Вядома, нельга выпускаць з-пад увагі і тую работу, якая вядзецца пакуль па-за сценамі Авальнай залы. Гаворка ідзе аб фарміраванні бюджэтна-падатковага заканадаўства. Мы дамовіліся актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

Несумненна, асаблівую ўвагу нашых выбаршчыкаў прыцягне шэраг запатрабаваных законапраектаў сацыяльнага блока, тым больш што на цяперашняй сесіі гэта будзе, мабыць, самы аб’ёмны пакет дакументаў.

Падрыхтоўка новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і паправак у Закон аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг прадыктавана неабходнасцю зняць цэлы комплекс праблем, назапашаных у правапрымяненні ў грамадзян, арганізацый забудоўшчыкаў і суб’ектаў гаспадарання.

Круг задач, якія трэба вырашыць у гэтай сферы, выразна акрэслены Кіраўніком дзяржавы ў яго дырэктывах па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўнічай галіны. Гэта перш за ўсё павышэнне якасці абслугоўвання, правядзенне справядлівай тарыфнай палітыкі, падтрымка сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва і развіццё грамадскага кантролю.


Важным паказчыкам дабрабыту грамадства з’яўляецца забеспячэнне канстытуцыйных праў грамадзян на якаснае медыцынскае абслугоўванне і спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Зразумела, сістэма беларускай аховы здароўя развіваецца даволі дынамічна. Але гэта як раз і патрабуе пастаяннай увагі да яе з боку заканадаўцаў. Сёння, напрыклад, ёсць відавочная неабходнасць абмеркаваць шляхі паляпшэння санітарна-эпідэміялагічнага кантролю, развіцця айчыннай транспланталогіі і методык лячэння бясплоддзя. Шэраг наспелых рашэнняў неабходна таксама прыняць у сферах экалогіі і радыяцыйнай бяспекі.

Кажучы пра бяспеку ў цэлым, трэба сказаць, што задача яе забеспячэння ў лічбавую эпоху патрабуе прынцыпова новых падыходаў. І ў гэтым плане ухваленая нядаўна Прэзідэнтам краіны Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі – выключна важны і актуальны дакумент, з улікам якога нам цяпер трэба будзе будаваць усю сваю далейшую работу.

У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу дэпутатаў па меншай меры на два сур’ёзных законапраекта. Адзін з іх датычыцца ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму. Яго значнасць абумоўлена тым, што метады розных дэструктыўных сіл з кожным днём становяцца ўсё больш выдасканаленымі. Мы ж павінны навучыцца распазнаваць усе гэтыя пагрозы і жорстка працаваць на апярэджанне.

Другі — антыдопінгавы праект. На першы погляд, яго сувязь з бяспекай у сферы інфармацыі не такая відавочная. Але мы бачым, які ўрон допінгавыя скандалы могуць нанесці рэпутацыі спартсменаў, ды і дзяржавы ў цэлым.

Нам гэта зусім не трэба, асабліва напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. Бо пазітыўны імідж краіны ствараецца коштам велізарных высілкаў, у тым ліку ў рамках рэалізацыі міралюбівага шматвектарнага знешнепалітычнага курсу нашай дзяржавы.

Беларусь нацэлена на канструктыўнае рашэнне міжнародных праблем, разглядаючы абсалютна ўсіх, хто гатовы супрацоўнічаць з намі, як раўнапраўных партнёраў. Таму забеспячэнне збалансаванасці нашых кантактаў на ўсіх вектарах беларускай знешняй палітыкі мы бачым галоўнай задачай сваёй парламенцкай дыпламатыі.

Перш за ўсё гэта датычыцца нашых намаганняў на заходнім і ўсходнім кірунках супрацоўніцтва. Бо менавіта ў гэтым вялізным рэгіёне свету пачынаюць сёння паступова праступаць контуры прынцыпова новай архітэктуры міжнародных адносін. І, зразумела, мы кроўна зацікаўлены ў тым, каб знайсці і замацаваць тыя кропкі, дзе сыходзяцца галоўныя эканамічныя і гуманітарныя інтарэсы на кантыненце.

Ідэю інтэграцыі інтэграцый, у аснове якой ляжыць ўмацаванне ўзаемнага даверу і эканамічнага супрацоўніцтва, беларускія парламентарыі актыўна прасоўваюць на ўсіх міжпарламенцкіх пляцоўках, у прыватнасці ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Менш чым праз месяц у сталіцы Беларусі пройдзе канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ па пытаннях павышэння інвестыцыйнай, транзітнай і турыстычнай прывабнасці краін, зацікаўленых у рэалізацыі гэтай ініцыятывы.

Форум абяцае быць даволі змястоўным. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі 23 дзяржаў. І мы перакананыя, што абмен думкамі будзе вельмі карысным і пазітыўна адаб’ецца на ўмацаванні ўсебаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У гэтых мэтах мы, вядома, паспрабуем прадставіць нашым замежным партнёрам максімальна поўную інфармацыю аб патэнцыяле Беларусі ў якасці важнага звяна Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Яшчэ адной беларускай ініцыятывай у рамках ПА АБСЕ стане праект чарговай рэзалюцыі, якую мы плануем вынесці на абмеркаванне ў ліпені гэтага года ў Люксембургу на 28-й штогадовай сесіі Асамблеі. Нагадаю, што дакумент прысвечаны ўмацаванню супрацоўніцтва ў галіне тэхналагічнага прагназавання.

Вельмі сур’ёзны комплекс задач пры актыўным удзеле парламентарыяў вырашаецца сёння ў рамках Саюзнай дзяржавы. Карыстаючыся выпадкам, хачу сардэчна павіншаваць усіх беларусаў і расіян са святам — Днём яднання нашых народаў.

Цалкам відавочна, што Саюзная дзяржава – гэта наша рэальнае дасягненне. Бо абсалютная большасць ініцыятыў, прасоўваемых намі сумесна на міжнароднай арэне, адпрацоўваецца менавіта на гэтай пляцоўцы. Пры гэтым шэраг ключавых напрацовак «двойкі» пакуль не мае аналагаў.

Пры падрыхтоўцы прапаноў па паглыбленні інтэграцыі нам важна засяродзіцца на пытаннях больш поўнага раскрыцця патэнцыялу нашага навукова-тэхнічнага, вытворчага ўзаемадзеяння і развіцця кааперацыі. Толькі магутная інавацыйная эканоміка можа зрабіць нас мацней і забяспечыць павышэнне дабрабыту нашых народаў.

Грамадзяне Беларусі і Расіі павінны рэальна адчуваць эканамічныя і сацыяльныя выгады інтэграцыі. Таму задача парламентарыяў – максімальна садзейнічаць ліквідацыі ўсяго, што перашкаджае сёння свабоднаму перамяшчэнню тавараў, паслуг, капіталу, рабочай сілы, стварэнню роўных умоў і гарантый для суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін.

Важна, што ў гэтых пытаннях мы знаходзім разуменне і падтрымку нашых расійскіх калег. У рамках бягучых мерапрыемстваў саюзнага Парламента ідзе вельмі насычаная і плённая работа па падрыхтоўцы да 56-й сесіі Парламенцкага Сходу, якая пройдзе ў Беларусі, і шостаму Форуму рэгіёнаў, запланаванага на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Асноўны ўпор тут трэба рабіць на кантролі за выкананнем раней прынятых рашэнняў.

Досыць нядрэнны зачын у нас ствараецца і для нарошчвання сувязяў з дзяржавамі іншых рэгіёнаў свету. Гэтаму спрыяюць кансультацыі, якія мы актыўна вядзем на палях міжпарламенцкіх арганізацый і на ўзроўні груп сяброўства, а таксама пастаянныя кантакты з прадстаўнікамі ўплывовых міжнародных структур, дзелавых колаў і дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі.

Нас задавальняе, як зацікаўлена і па-дзелавому будуецца сёння дыялог з нашымі еўрапейскімі калегамі. Вельмі карысна, у прыватнасці, прайшлі перамовы з прадстаўнікамі парламентаў Германіі, Нідэрландаў, Швецыі.

Пастаянны і прадуктыўны характар носяць сустрэчы з парламентарыямі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яскравы прыклад таму — цяперашні візіт у Беларусь высокай парламенцкай дэлегацыі Кітая.

У мінулым годзе мы практычна здзейснілі прарыў у беларуска-егіпецкіх парламенцкіх адносінах. А ў чэрвені гэтага года чакаецца афіцыйны візіт у Мінск Прэзідэнта Егіпта. Плануецца, што ён выступіць перад беларускімі парламентарыямі з прамовай. Гэта будзе першы выступ кіраўніка замежнай дзяржавы ў Авальнай зале.

У цэлым жа наша міжнародная праграма будзе даволі напружанай. Я не буду пералічваць усе мерапрыемствы. Скажу толькі, што кожнае з іх мы павінны разглядаць як падставу для замацавання пазіцый, дасягнутых у прасоўванні нацыянальных інтарэсаў. Ключавой кропкай прыкладання нашых намаганняў тут па-ранейшаму застаюцца гандлёва-эканамічныя пытанні.

Часта іх рашэнне ўпіраецца ў праблему СГА, далучэнне да якой абяцае Беларусі як немалыя выгады, так і відавочныя рызыкі. Дэпутаты падключыліся да вывучэння гэтай праблемы. І яна павінна стаць прадметам усебаковага аналізу ў рамках семінара, які плануецца арганізаваць сумесна з Сакратарыятам СГА.

Паважаныя калегі!

Задачы, якія нам трэба будзе вырашаць у ходзе сесіі, маюць прамую праекцыю на забеспячэнне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, устойлівага эканамічнага развіцця і паслядоўнага павышэння якасці жыцця нашых грамадзян.

У гэтым плане глыбока сімвалічна, што сесія праходзіць у год святкавання 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта гэтыя дзве падзеі ўвасабляюць для нас вышэйшыя каштоўнасці, якія складаюць унутраны стрыжань беларускага народнага характару і трывалую аснову нацыянальнай дзяржаўнасці.

Незалежнасць, міралюбнасць, сацыяльная справядлівасць, эвалюцыйны характар пераўтварэнняў. Аб’яднанне грамадства і дзяржавы вакол гэтых базавых прынцыпаў — гэта галоўная ўмова забеспячэння нашай агульнай упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Дзяржава — для народа. У гэтым і складаецца глыбокі сэнс адкрытай і сумленнай размовы, якую Прэзідэнт вядзе з краінай. І мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб наша дзейнасць адказвала патрабаванням Кiраўнiка дзяржавы i чаканням выбаршчыкаў.


 


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць