Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


02.04.2019

2 красавіка 2019 года на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сфарміраваны рабочыя органы сесіі, зацверджаны парадак дня, разгледжаны 11 пытанняў.

Кіраўніком сакратарыята шостай сесіі шостага склікання абрана член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Сайганова Т.І. Падліковую камісію ўзначаліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Гайдукевіч В.У.

Зацверджаны парадак дня сесіі, якая ўключае 37 пытанняў.

У першым чытанні парламентарыі разгледзелі шэсць законапраектаў.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Касцевіч І.А. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Канановіч Л.М. прадставілі праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы».

Законапраект накіраваны на ўдасканаленне норм, якія рэгулююць забеспячэнне бяспекі жыцця і здароўя працуючых у працэсе іх працоўнай дзейнасці, скарачэнне вытворчага траўматызму, прафесійнай захваральнасці, павышэнне сацыяльнай абароненасці працуючых і прадугледжвае замацаванне права працуючых па грамадзянска-прававым дагаворы на адмову ад выканання гэтага дагавора поўнасцю або часткова ў выпадку, калі працадаўцам неналежным чынам створаны бяспечныя ўмовы для выканання работ (аказання паслуг); патрабаванняў да выканання работ з павышанай небяспекай, якія патрабуюць ажыццяўлення спецыяльных арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, кантролю за іх вытворчасцю; правоў і абавязкаў работнікаў-надомнікаў, хатніх работнікаў і іх наймальнікаў у галіне аховы працы; магчымасці дасудовага разгляду рознагалоссяў па пытаннях расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Праектам Закона таксама прадугледжваецца выключэнне асобных функцый у галіне аховы працы; удакладненне паўнамоцтваў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

З дакладам па праекце Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» выступіў намеснік Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Мельчанка М.А., з судакладам — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Корж І.А.

Праект Закона распрацаваны на падставе аналізу практыкі прымянення палажэнняў нацыянальнага заканадаўства ў сферы міграцыі ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання міграцыйнага патэнцыялу ў інтарэсах дзяржавы і процідзеяння незаконнай міграцыі.

Прапанаваныя дапаўненні і змяненні пашыраюць і карэктуюць паняційны апарат дзеючага Закона, замацоўваюць кампетэнцыю тэрытарыяльных падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі на прыняцце рашэнняў па адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца ў адносінах да замежнікаў, размяжоўваюць кампетэнцыю Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, тэрытарыяльных органаў унутраных спраў і падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі па прыняцці працэсуальна значных рашэнняў і інш.

Для стварэння ўмоў па прыцягненні ў Беларусь высокакваліфікаваных спецыялістаў з ліку замежных грамадзян праект Закона дапаўняецца новымі падставамі выдачы для гэтай катэгорыі замежнікаў дазволу на часовае, пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь. У прыватнасці, законапраектам прадугледжана, што дазвол на часовае пражыванне высокакваліфікаваным работнікам можа быць выдадзены тэрмінам да двух гадоў, дазвол на пастаяннае пражыванне выдаецца высокакваліфікаваным работнікам з ліку замежных грамадзян, калі яны пражылі ў Рэспубліцы Беларусь пасля атрымання дазволу на часовае пражыванне на працягу апошніх чатырох гадоў бесперапынна.

Важным дадаткам з’яўляюцца палажэнні, якія пашыраюць пералік падстаў для атрымання дазволу на часовае пражыванне замежным грамадзянам, якія прыбылі у мэтах навучання. Плануецца, што гэтая норма дасць магчымасць пашырыць магчымасці ўстаноў адукацыі па прыцягненню на навучанне ў нашу краіну замежнікаў, збалансаваць структуру экспарту паслуг адукацыі, павысіць якасць падрыхтоўкі замежнікаў да паступлення ва ўстановы адукацыі Беларусі.

У мэтах спрашчэння парадку ўезду і знаходжання замежнікаў у Рэспубліцы Беларусь законапраектам прапануецца павялічыць тэрмін іх знаходжання ў нашай краіне без рэгістрацыі з пяці да дзесяці сутак. Адпаведная прапанова накіравана на развіццё турыстычнай, інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі, а таксама на спрашчэнне дзелавых і прыватных кантактаў.

Акрамя таго, законапраект змяшчае палажэнні, накіраваныя на больш поўнае забеспячэнне права замежнікаў на абарону сваіх правоў шляхам падачы скаргаў на адміністрацыйныя і іншыя рашэнні, дзеянні (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў Беларусі, звязаных з выкананнем Закона і аптымізацыю тэрмінаў разгляду такіх скаргаў.

Аб праекце Закона «Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і» расказалі Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сліжэўскі А.Л. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Курсевіч В.В.

У прыватнасці, законапраектам прадугледжваецца:

увядзенне азначэння Шлюбнага дагавора і замацаванне магчымасці яго змянення і скасавання па рашэнні суда;

вызначэнне права мужа і жонкі (былых мужа і жонкі) на заключэнне Пагаднення аб падзеле маёмасці, якая з’яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю мужа і жонкі;

удакладненне парадку заключэння Пагаднення аб дзецях;

удакладненне ўмоў аднаўлення ў бацькоўскіх правах;

канкрэтызацыя парадку выплаты або спагнання аліментаў і ўстанаўлення апекі і папячыцельства над непаўналетнімі пры часовай адсутнасці бацькоў (аднаго з бацькоў) па ўважлівай прычыне;

удасканаленне сістэмы апекі і папячыцельства ў дачыненні да паўналетніх асоб, якія прызнаны недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымi.

Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Кавальчук С.М. далажыў аб праекце Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь» (аб супрацьдзеянні допінгу ў спорце) (судакладчык — член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Багдановіч А.В.).

У ходзе распрацоўкі законапраекта выкарыстоўваўся міжнародны вопыт, у тым ліку Аўстраліі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Расійскай Федэрацыі і Францыі.

Праектам Закона прапануецца ўстанавіць у Рэспубліцы Беларусь крымінальную адказнасць за схіленне спартсмена да выкарыстання забароненых у спорце рэчываў і метадаў персаналам спартсмена і за выкарыстанне забароненых у спорце рэчываў і метадаў у дачыненні да спартсмена, дапоўніўшы Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь адпаведна артыкуламі 3311 і 3312.

У мэтах гарманізацыі норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2018 г. № 201 «Аб супрацьдзеяньні допінгу ў спорце» і Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь праектам Закона прапануецца карэкціроўка названага кодэкса ў частцы дапаўнення яго новай падставай звальнення спартсменаў і трэнераў, іншых асоб з ліку персаналу спартсмена, — у сувязі са спартыўнай дыскваліфікацыяй за допінг у спорце.

Праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» у Авальнай зале прадставілі Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Касцевіч І.А. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Філіповіч Г.В.

Распрацоўка праекта Закона абумоўлена неабходнасцю выпрацоўкі адзіных падыходаў у частцы ўзнагароджання шматдзетных маці ордэнам Маці, неадназначным іх трактаваннем на практыцы, а таксама неабходнасцю дапаўнення падстаў для пазбаўлення дзяржаўных узнагарод.

Улічваючы, што дзяржаўныя ўзнагароды ўяўляюць сабой вышэйшую форму заахвочвання грамадзян, праект Закона накіраваны на павышэнне прэстыжу ордэна Маці.

Праектам Закона прапануецца ўстанавіць наяўнасць у дзяцей грамадзянства Рэспублікі Беларусь; вызначыць, што ўзнагароджанне жанчын, якія ўсынавілі (удачарылі) дзіця (дзяцей), праводзіцца пасля заканчэння пяцi гадоў з даты яго (іх) усынаўлення (удачарэння); пашырыць крытэрыі, па якіх жанчыны не могуць быць прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Маці. Гэта дазволіць выключыць неадназначнае прымяненне норм Закона на практыцы.

Уводзіцца тэрмін для прыняцця мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі рашэнняў аб узбуджэнні хадайніцтва аб узнагароджанні ордэнам Маці.

Прапануецца ўстанавіць шасцiмесячны тэрмiн з дня ўзнiкнення падстаў для ўзнагароджання (г.зн. з дня спаўнення пятаму дзіцяці ўзросту аднаго года, заканчэння пяці гадоў з дня ўсынаўлення (удачарэння), узнікнення іншых абставінаў, якія даюць права на ўзнагароджанне, напрыклад, у выпадку вяртання ў Рэспубліку Беларусь шматдзетнай маці, раней пражываўшай за мяжой).

У мэтах забеспячэння ўніверсальнасці падыходаў ва ўжыванні норм Закона, падставы для пазбаўлення дзяржаўнымі ўзнагародамі дапоўнены яшчэ адным крытэрыем — здзяйсненнем правіны, якая ганіць асобу, як ўзнагароджваемую. Так, прыняцце Закона дазволіць упарадкаваць працэдуру адбору мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі кандыдатур на ўзнагароджанне ордэнам Маці.

З дакладам аб праекце Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змянення ў некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь» (па пытаннях абмежавання грамадзян у наведванні віртуальных ігральных устаноў) выступіў намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Муквіч У.В., з судакладам — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Місько М.У.

Законапраектам прапануецца ўнясенне карэкціровак у нормы Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія датычацца пытанняў абмежавання фізічных асоб у наведванні ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях.

Так, прадугледжана, што суд накіроўвае копію рашэння суда, якое ўступіла у законную сілу, аб абмежаванні фізічнай асобы ў наведванні ігральных устаноў, віртуальных ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях у ТАА «Маніторынгавы цэнтр па ігральнаму бізнэсу» для ўнясення звестак аб грамадзяніне у пералік фізічных асоб, абмежаваных у наведванні ігральных устаноў, віртуальных ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях.

Два законапраекты дэпутацкі корпус прыняў у другім чытанні.

Аб праекце Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін»праінфармавала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Гайдук А.В.

Праект Закона прадугледжвае выкладанне Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь у новай рэдакцыі, а таксама карэкціроўку Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублiкi Беларусь «Аб iмянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь» і «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

У прыватнасці, праектам Закона прапануецца:

выключыць са сферы рэгулявання Жыллёвага кодэкса адносіны, звязаныя з прыватызацыяй жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду і прадастаўленнем іх па дагаворах паднайму, паколькі з 1 ліпеня 2016 годы тэрмін звароту грамадзян за прыватызацыяй займанага жылля мінуў, а абавязацельствы па дагаворах паднайму спынены;

удакладніць парадак прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, у тым ліку з улікам патрабаванняў па ўключэнні да 1 красавіка 2014 года жылых памяшканняў спецыяльнага службовага жыллёвага фонду і службовых жылых памяшканняў у склад арэнднага жылля;

устанавіць, што члены (былыя члены) сям’і ўласніка прыватызаванага жылога памяшкання, якія пражывалі сумесна з ім на момант прыватызацыі, але не прынялі ўдзелу ў прыватызацыі, а таксама члены (былыя члены) сям’і ўласніка жылога памяшкання, пабудаванага (рэканструяванага) або набытага з дзяржаўнай падтрымкай, прадстаўленай уласніку, у склад сям’і якога яны ўваходзілі, не падлягаюць высяленню з гэтага жылога памяшкання, за выключэннем вызначаных Жыллёвым кодэксам выпадкаў;

замацаваць, што ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў з ліку катэгорый, названых у пунктах 1 — 3 часткi першай артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах», надзяляюцца правам на пазачарговае ўключэнне ў арганізацыі забудоўшчыкаў, фарміруемыя з грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;

удакладніць пералік рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, якія ажыццяўляюць кіраванне рэспубліканскім жыллёвым фондам, прымаючы пад увагу, што названыя функцыі ажыццяўляюцца не толькі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, але і падпарадкаванымі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь;

пашырыць абавязкі наймальніка жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) прадстаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, уласнікаў жылых дамоў прыватнага жыллёвага фонду па забеспячэнню належнай эксплуатацыі жылых дамоў;

канкрэтызаваць і пашырыць паняційны апарат Жыллёвага кодэкса.

Акрамя таго, новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса прадугледжваюцца:

удасканаленне парадку ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;

устанаўленне права першачарговага атрымання жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах былымі выхаванцамі дзіцячых інтэрнатных устаноў, а таксама паўналетнімі дзецьмі грамадзян, якія пражываюць у жылых памяшканнях спецыяльных дамоў для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў;

канкрэтызацыя пытанняў прадастаўлення арэнднага жылля, карыстання ім і яго аплаты;

удасканаленне механізму перавода арэнднага жылля ў сацыяльнае і ўнясення платы за карыстанне арэндным жыллём з прымяненнем паніжальных каэфіцыентаў асобамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў;

удакладненне парадку падрыхтоўкі, арганізацыі і правядзення агульнага сходу (сходу ўпаўнаважаных) членаў таварыстваў уласнікаў, арганізацый забудоўшчыкаў, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, якія дазваляюць уцягнуць у працэс кіравання агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання максімальную колькасць уласнікаў;

замацаванне дыферэнцыраванага падыходу пры прыняцці рашэнняў органамі кіравання таварыстваў уласнікаў, арганізацый забудоўшчыкаў у залежнасці ад значнасці гэтых рашэнняў;

устанаўленне дадатковых патрабаванняў да кандыдата ў старшыні праўлення таварыства ўласнікаў або арганізацыі забудоўшчыкаў, у тым ліку абавязковае атрыманне пасведчання аб праходжанні яго прафесійнай атэстацыі;

удасканаленне парадку аплаты жыллёва-камунальных паслуг.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Ткачук А.У. выступіў з дакладам па праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь« Аб абыходжанні з адходамі».

Законапраект падрыхтаваны з мэтай прывядзення Закона Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 года «Аб абыходжанні з адходамі» ў адпаведнасць з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» (далей — Дэкрэт № 7), а таксама ў мэтах удасканалення заканадаўства аб абыходжанні з адходамі з улікам практыкі правапрымянення на падставе праведзенага аналізу дзеючага заканадаўства, зваротаў юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія закранаюць пытанні абыходжання з адходамі.

У сувязі з прыняццем Дэкрэта № 7 з 26 лютага 2018 года індывідуальным прадпрымальнікам і мікраарганізацыям прадастаўляецца права:

не прызначаць службовых (упаўнаважаных) асоб, адказных за абыходжанне з адходамi;

не распрацоўваць (не сцвярджаць) інструкцыі па абыходжанні з адходамі вытворчасці;

не распрацоўваць (не сцвярджаць) нарматывы ўтварэння адходаў вытворчасцi;

не весці ўлік адходаў і не праводзіць іх інвентарызацыю.

Згодна з Дэкрэтам № 7 суб’екты гаспадарання пры наяўнасці таварна-транспартнай накладной будуць ажыццяўляць перавозку адходаў вытворчасці без афармлення суправаджальнага пашпарта перавозкі адходаў вытворчасці (за выключэннем перавозкі небяспечных адходаў і грузаў, якая ажыццяўляецца з выкананнем міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь).

У сувязі з гэтым неабходна ўнесці адпаведныя карэкціроўкі ў Закон «Аб абыходжанні з адходамі» у частцы ўдакладнення абавязкаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць абыходжанне з адходамі, а таксама патрабаванняў, што прад’яўляюцца да іх, з улікам выключэнняў, прадугледжаных Дэкрэтам № 7.

У мэтах урэгулявання пытанняў, звязаных з аднымі з праблемных відаў адходаў — медыцынскімі адходамі, праектам Закона Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь даюцца паўнамоцтвы на вызначэнне парадку абясшкоджвання адходаў, якія ўтварыліся ў выніку знішчэння лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі.

На пасяджэнні таксама быў разгледжаны законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб міжнародных дагаворах Еўразійскага эканамічнага саюза з трэцімі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі або міжнароднымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі», які прадставілі намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Краўчанка А.І. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Корж І.А.

Пагадненне рэгулюе працэдурныя пытанні заключэння міжнародных дагавораў з трэцімі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі або міжнароднымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі.

У прыватнасці, прадугледжваецца, што падпісанне міжнароднага дагавора ад імя Еўразійскага эканамічнага саюза ажыццяўляецца на падставе рашэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пасля выканання дзяржавамі — членамі ў дачыненні да праекта міжнароднага дагавора адпаведных унутрыдзяржаўных працэдур. Пры гэтым Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет вызначае асобу органа ЕАЭС, упаўнаважаную на падпісанне міжнароднага дагавора ад імя ЕАЭС, у частцы, аднесенай да кампетэнцыі ЕАЭС.

Падпісанне міжнароднага дагавора ажыццяўляецца дзяржавамі —членамі і ЕАЭС, за выключэннем выпадку прыняцця Вышэйшым Еўразійскім эканамічным саветам рашэння аб іншым фармаце падпісаньня міжнароднага дагавора.

Пры падпісанні міжнароднага дагавора і (або) выказванні згоды на абавязковасць міжнароднага дагавора ЕАЭС можа зрабіць агаворку, калі іншае не прадугледжана палажэннямі самога міжнароднага дагавора ці іншымі нормамі міжнароднага права. Рашэнне аб агаворцы ад імя ЕАЭС прымаецца Вышэйшым Еўразійскім эканамічным саветам адначасова з прыняццем рашэння аб падпісанні і (або) выказванні згоды ЕАЭС на абавязковасць для яго міжнароднага дагавора.

Акрамя таго, парламентарыі прынялі да ведама Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2019 г. № 1 «Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». З дакладамі па гэтым пытанні выступілі Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Касцевіч І.А. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Шылаў В.П.

Дэкрэт падрыхтаваны ў мэтах выканання пакетнага прынцыпу падрыхтоўкi нарматыўных прававых актаў, якія патрабуюць карэкціроўкі ў сувязі з удасканаленнем сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы з 1 студзеня 2020 года.

На пасяджэнні было разгледжана кадравае пытанне. Парламентарыі далі згоду на вызваленне В.С.Мілашэўскага ад пасады намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы і Д.В.Заблоцкага ад пасады намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.

Дэпутаты таксама пагадзіліся з прапановай Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы прызначыць на пасаду намесніка старшыні гэтай камісіі А.Г.Старовойтова, а таксама з прапановай Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі прызначыць В.В.Курсевіча на пасаду намесніка старшыні гэтай камісіі.

Наступнае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў адбудзецца 11 красавіка 2019 года.



Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць