Рус Бел En

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75           

Электронная пошта:
inform@house.gov.by

02.12.2020

2 снежня 2020 года адбылося чарговае пасяджэнне чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

Парламентарыі адобрылі Праграму дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года.

Прадставіў Праграму ў Авальнай зале Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Галоўчанка Р.А. Кансалідаваную пазіцыю дэпутацкага корпуса па гэтым пытанні далажыў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Семяняка В.М.

Р.А.Галоўчанка праінфармаваў парламентарыяў, што падрыхтоўка праграмы заснавана на фундаментальных прынцыпах: роўнасць усіх форм уласнасці, неўмяшанне ў добрасумленную канкурэнцыю, сістэмнасць, комплекснасць і празрыстасць прыняцця рашэнняў. Галоўнымі мэтавымі арыенцірамі дзеянняў Урада вызначаны павышэнне дабрабыту і дасягненне высокіх стандартаў жыцця насельніцтва краіны.


Прэм’ер-міністр адзначыў, што на іх рэалізацыю будуць нацэлены ўсе інструменты эканамічнай палітыкі. У кожным раздзеле Праграмы маюцца мэты, задачы і механізмы іх рэалізацыі. Прадугледжаны алічбаваныя індыкатары ключавых параметраў, замацаваны канкрэтныя члены Урада для забеспячэння каардынацыі работы па гэтых напрамках.

Р.А.Галоўчанка паведаміў, што Праграма ўключае чатыры блока: сацыяльны, інстытуцыянальны, галіновай і рэгіянальны.

У аснове работы Урада будзе стварэнне спрыяльных умоў для інвеставання, зніжэнне рызык для інвестараў і паляпшэнне бізнес-асяроддзя. Прычым умовы для развіцця бізнесу павінны быць не толькі ў Мінску, але і рэгіёнах. Кіраўнік Урада таксама анансаваў прыняцце праграмы развіцця канкурэнцыі.


Р.А.Галоўчанка звярнуў увагу на праблему нізкай інавацыйнай актыўнасці ў эканоміцы. «Таму акрамя ўдасканалення традыцыйнай эканомікі будзем настойліва фармаваць так званую новую эканоміку, дзе аснову будуць складаць інтэлектуальныя прадукты і паслугі», — паабяцаў Прэм’ер-міністр. Для гэтага будзе перафарматавана сістэма дзяржпадтрымкі інавацыйнай сферы. У прыватнасці, плануецца прадугледзець мэтавую фінансавую падтрымку праектаў па стварэнні новых прарыўных вытворчасцей.

У наступнай пяцігодцы Урад хоча рэалізаваць маштабныя праекты будучыні ў сферы электратранспарту, інавацыйнай аховы здароўя, фармацэўтыцы, укараненне разумных гарадоў, дакладнага земляробства.

На базе структур Банка развіцця плануецца стварыць нацыянальны экспартны цэнтр. «Гэта будзе новы інстытут падтрымкі. У яго аснове — прафесійны камерцыйны падыход па прасоўванні тавараў і паслуг на рынках, кіраванні імпартам, прыцягненню сродкаў для фінансавання экспартных праектаў. Павялічым даступнасць фінансавых інструментаў падтрымкі экспарту — гэта крэдыты і страхаванне, якія змогуць падаваць усе банкі і страхавыя арганізацыі», — сказаў Р.А.Галоўчанка.

Гаворачы аб рабоце на знешнім контуры, Прэм’ер-міністр адзначыў, што асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваны на паляпшэнні якасці экспарту і міжнародным супрацоўніцтве. Мэта — нарасціць экспарт тавараў і паслуг у 2025 годзе да 50 млрд. дол. Гэта будзе зроблена перш за ўсё за кошт росту маржынальнасці прадуктаў, прафесійнай работы з канчатковым спажыўцом. «Задача — прадукцыю прадаваць, а не адгружаць. Дзве траціны такога прыросту — гэта каля 10 млрд. дол. — павінны быць забяспечаны за кошт росту экспарту тавараў. Прычым практычна ўдвая трэба павялічыць пастаўкі высокатэхналагічнай прадукцыі — да двух млрд. дол. Прырост экспарту паслуг складзе каля пяці млрд. дол. Разлічваем на лідэрства ў ІТ-сферы, рост у транспартнай сферы, будаўніцтве, турызме і медыцыне. Доля паслуг у валавым экспарце павінна вырасці з бягучых 24 да 26%», — адзначыў Прэм’ер-міністр.

Паводле яго слоў, для росту і дыверсіфікацыі экспарту плануецца ў поўнай меры задзейнічаць магчымасці ўдзелу ў рэгіянальнай і глабальнай інтэграцыі. «У гэтай сувязі вызначылі напрамкі па паляпшэнню ўмоў доступу беларускіх тавараў і паслуг у рамках ЕАЭС, пашырэнню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з КНР, завяршэння перамоў па ўступленні ў СГА. Без гэтага немагчыма весці гаворку аб зніжэнні рызыкоўнай экспартнай залежнасці ад некалькіх рынкаў », — падкрэсліў Р.А.Галоўчанка.

Кіраўнік Урада паведаміў, што ў Савеце Міністраў распрацаваны падыходы да аздараўлення праблемных дзяржпрадпрыемстваў. Ён падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра тое, каб стварыць нейкія асаблівыя ўмовы падтрымкі дзяржсектара. «Тое, што ў рэспубліцы не проста захаваліся, але і развіліся цэнтры кампетэнцый ў галіне машынабудавання, прыборабудавання, нафтахіміі, — вялікі плюс для нашай краіны. Мы маем сур’ёзную вытворчую, навукова-тэхнічную базу, сістэмаўтваральныя прадпрыемствы, якія не толькі даюць працоўныя месцы, але і ствараюць экспарт», — сказаў Р.А.Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр заявіў, што не згодны з тымі, хто лічыць дзяржсектар безнадзейным, хоць прадпрыемствы і маюць патрэбу ў пэўных мерах па аздараўленні і павышэнню эфектыўнасці.

У залежнасці ад сітуацыі Урад ранжыраваў прадпрыемствы на тры катэгорыі. Першая група (практычна 80% прадпрыемстваў) — плацежаздольныя прадпрыемствы, якія здольныя развівацца самастойна без істотнай падтрымкі дзяржавы. Пытанне толькі ў іх пэўным фінансавым аздараўленні і паляпшэнні менеджменту. Для іх плануецца рэалізацыя пілотнага праекта па стварэнні дзяржкарпарацый.


«Другая група — прадпрыемствы з высокім узроўнем пазыковай нагрузкі, што не дазваляе ім моцна стаяць на нагах. Практычна ўсе, што яны зарабляюць, сыходзіць на абслугоўванне даўгоў. Іх не так шмат, каля 250, але яны здольныя развівацца, таму трэба прымаць меры па фінансаваму аздараўленню», — адзначыў Р.А.Галоўчанка.

Каля 400 прадпрыемстваў з трэцяй групы ўстойліва неплацежаздольныя. На думку Урада, фінансавая падтрымка з боку дзяржавы мэтазгодная толькі для 20 — 25 з іх. Пакінутай часткі прадпрыемстваў трэба будзе перапрафіляванне, санацыя, ліквідацыя з кіраваным ператокам працоўнай сілы. Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што гэтыя людзі павінны быць працаўладкаваны. У асноўным у трэцяй групе невялікія прадпрыемствы, палова з іх працуе ў сферы сельскай гаспадаркі.

Прэм’ер-міністр таксама сканцэнтраваў увагу на тым, што Урад чакае набліжэнне ўзроўню забяспечанасці жыллём у Беларусі да еўрапейскіх стандартаў. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра 30 квадратных метраў.

«У будаўнічым сектары прыярытэтныя кірункі — будаўніцтва якаснага і даступнага жылля, у тым ліку ў гарадах-спадарожніках. Акцэнт робім на падтрымку будаўніцтва індывідуальнага жылля сядзібнага тыпу», — сказаў ён. Таксама прадугледжваецца бязвыплатнае прадастаўленне грамадзянам невыкарыстоўваемых зямельных участкаў для будаўніцтва жылля. «Але пры ўмове навядзення парадку як на тэрыторыі самога ўчастка, так і прылеглай да яго тэрыторыі. Гэта тая задача, якую паставіў Кіраўнік дзяржавы па пераўтварэнні так званых неперспектыўных населеных сельскіх пунктаў», — адзначыў Прэм’ер-міністр.

Адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці Урада ў сацыяльнай сферы Р.А.Галоўчанка назваў умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу. «Меры па развіццю падтрымкі сем’яў з дзецьмі будуць ажыццяўляцца шляхам удасканалення сістэмы дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, і адраснай сацыяльнай дапамогі. Новае развіццё атрымае праграма сямейнага капіталу, у тым ліку шляхам пашырэння напрамкаў яго выкарыстання. Эфект праграмы сямейнага капіталу больш чым пераканаўчы — за 5 гадоў яе рэалізацыі колькасць шматдзетных сем’яў ўзрасла амаль удвая», – падкрэсліў ён.

Р.А.Галоўчанка таксама адзначыў, што найважнейшай задачай застаецца рашэнне жыллёвых пытанняў для сем’яў з дзецьмі. «Паляпшэнне даступнасці жылля для шматдзетных і маладых сем’яў з дзецьмі будзе забяспечана за кошт павелічэння аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля, бязвыплатнага выдзялення зямельных участкаў для будаўніцтва індывідуальнага жылля, развіцця іпатэкі, сістэмы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў».

Прэм’ер-міністр таксама праінфармаваў, што прадугледжваецца комплексная карэкціроўка заканадаўства аб міграцыі. Паводле яго слоў, значныя намаганні будуць накіраваны на скарачэнне адтоку насельніцтва, наданне знешняй міграцыі зваротнага характару, прадухіленне «уцечкі мазгоў», а таксама стымуляванне прытоку ў краіну высокакваліфікаванай замежнай працоўнай сілы.

«Для захавання стабільнасці пенсійнага забеспячэння трэба будзе перафарматаваць пенсійную сістэму. Для гэтага будзе максімальна задзейнічаны механізм прыватных пенсійных зберажэнняў і карпаратыўных пенсійных праграм наймальнікаў», — паведаміў Прэм’ер-міністр.

Ва Урадзе прапрацоўваюцца падыходы па падтрыманні сярэдняй пенсіі па ўзросце не ніжэй за 40% ад сярэднямесячнай зарплаты па краіне. Паводле слоў Прэм’ер-міністра, трэба будзе акцэнтаваць работу з арганізацыямі, у якіх узровень сярэдняй зарплаты складваецца ніжэй сярэднегаліновага значэння.

Прадугледжваецца пераход на новыя крытэрыі ўстанаўлення мінімальнай зарплаты ў памеры не ніжэй за 30% ад прагнознага значэння сярэднямесячнай зарплаты па рэспубліцы.


«Для работнікаў бюджэтнай сферы ў меру магчымасцей бюджэту прадугледжана паэтапнае павышэнне памеру базавай стаўкі. У рэальным сектары эканомікі будзе захаваны прынцып зараблення грошай праз павышэнне прадукцыйнасці працы. Акцэнт будзе зроблены на стымуляванні работнікаў за высокаэфектыўную працу, удасканаленні сістэмы матывацыі кіраўніка персаналу», — сказаў Р.А.Галоўчанка.

Пасля выступлення Прэм’ер-міністр адказаў на пытанні дэпутатаў. Ён, у прыватнасці, праінфармаваў аб дзяржпадтрымцы на фоне пандэміі ў гэтым годзе. «Па папярэдніх падліках, сумарны аб’ём падтрымкі эканомікі склаў каля 2 млрд. руб. Гэта аб’ём стымулаў і мер, якімі дзяржава падтрымала і грамадзян, і арганізацыі ў няпростай сітуацыі. Лічу, што для нашай краіны гэта сума значная», — сказаў Р.А.Галоўчанка.


Паводле яго слоў, дзеянне Указа № 143 «Аб падтрымцы эканомікі» плануецца падоўжыць на паўгода. Праект Указа практычна прайшоў узгадненні, у бліжэйшы час плануецца ўнесці яго на разгляд Кiраўнiка дзяржавы. Паводле інфармацыі Прэм’ер-міністра, дзяржпадтрымка ў рамках дзеяння Указа № 143 склала каля 65 млн. руб., асноўны блок — гэта падатковыя льготы.

Кіраўнік Урада таксама паведаміў, што ў Беларусі будуць максімальна аблічбоўваць адміністрацыйныя працэдуры, каб скараціць час зносін грамадзян і суб’ектаў гаспадарання з чыноўнікамі ў вочным фармаце. «Па-першае, гэта зручна, па-другое, гэта аптымізацыя загрузкі. Па гэтым шляху будзем рухацца, гэта абсалютны прыярытэт», — падкрэсліў Р.А.Галоўчанка.

Акрамя таго, працягнецца аблічбоўка аховы здароўя і адукацыі. Прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што пандэмія ставіць пытанне аб стварэнні інфраструктуры для паўнавартаснага дыстанцыйнага навучання. Р.А.Галоўчанка ўдакладніў, што пакуль кардынальных змен у кіраванні працэсамі лічбавай трансфармацыі не плануецца. Аднак разглядаецца пытанне аб узмацненні функцый Міністэрства сувязі і інфарматызацыі – не проста як каардынатара, але і рэгулятара сферы.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць