Рус Бел Eng
02.12.2021

2 снежня 2021 года ў Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбылося першае пасяджэнне шэсцьдзесят першай сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Адкрыў сесію першы намеснік Старшыні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі — старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанка У.П.


 


Выступленне

Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П.

 

Паважаны Вячаслаў Віктаравіч!

Паважаныя калегі, запрошаныя!

Перш за ўсё, дазвольце ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павітаць вас на беларускай зямлі, павіншаваць расійскіх калег-дэпутатаў з выбраннем у Дзяржаўную Думу і дэлегаваннем у склад Парламенцкага Сходу Беларусі і Расіі.

Упэўнены, што, нягледзячы на складаныя знешнія ўмовы (нарастаючы ціск так званага калектыўнага Захаду), саюзныя парламентарыі зробяць усё магчымае для паступальнага развіцця інтэграцыйных працэсаў, пошуку найбольш эфектыўных форм беларуска-расійскага ўзаемадзеяння.

Зацвярджэнне Вышэйшым Дзяржаўным Саветам Дэкрэта аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021 — 2023 гады, а таксама пакета саюзных праграм адкрыла, па сутнасці, новы этап Саюзнага будаўніцтва.

Гэтыя стратэгічна важныя дакументы не толькі замацоўваюць дакладныя прыярытэты ў развіцці Саюзнай дзяржавы, але і змяшчаюць пералік канкрэтных крокаў і мерапрыемстваў па нарошчванню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Гэта эканамічная аснова, якая дае магчымасць яшчэ раз прадэманстраваць грамадзянам Беларусі і Расіі значнасць і прывабнасць саюзнай інтэграцыі.

Саюзнае будаўніцтва не абстрактны геапалітычны праект, а рэальны інструмент абароны інтарэсаў народаў Саюзнай дзяржавы. Такое бачанне інтэграцыі неаднаразова пацвярджалася лідарамі нашых краін.

Мяркую, што для парламентарыяў прынцыпова важна ведаць не толькі сутнасць прынятых саюзных праграм. Ключавым для нас таксама з’яўляецца бачанне выканаўчай уладай шляхоў і метадаў рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей, тых пытанняў, дзе спатрэбіцца ўдзел дэпутацкага корпуса.

Глыбока перакананы, што поспех Саюзнага будаўніцтва магчымы толькі на шляху актыўнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ўсіх галін улады.

Так, Дэкрэтам прадугледжваецца падпісанне і ратыфікацыя міжнародных пагадненняў, унясенне змяненняў у каласальны аб’ём нацыянальных нарматыўных прававых актаў.

Таму ва ўсіх гэтых працэсах парламентарыі павінны прыняць самы актыўны ўдзел. Прычым рабіць усё трэба максімальна аператыўна, бо тэрміны сціснутыя. Напрыклад, згодна з Дэкрэтам, міжнародны дагавор ў сферы мытнага ўзаемадзеяння павінен быць падрыхтаваны і падпісаны ўжо да 1 лютага 2022 года.

Каб зрабіць нашу работу максімальна эфектыўнай, прапаную разгледзець магчымасць уключэння саюзных дэпутатаў у склады міжведамасных рабочых груп па гарманізацыі заканадаўства ў адпаведных галінах эканомікі. Гэта дасць магчымасць не толькі падключыць дэпутацкі корпус да распрацоўкі рашэнняў на стадыі іх падрыхтоўкі, але, самае галоўнае, бачыць перспектывы развіцця той ці іншай сферы заканадаўства.

Неабходна істотна павысіць і аддачу ад работы нашых камісій. Эфектыўным бачыцца замацаванне за профільнымі камісіямі і канкрэтнымі дэпутатамі функцыі маніторынгу выканання саюзных праграм. Атрыманая імі інфармацыя можа стаць прадметам дэталёвага абмеркавання падчас парламенцкіх слуханняў, «урадавай гадзіны».

Паважаныя калегі!

Нельга не адзначыць, што далёка не ўсіх цешаць поспехі і далягляды саюзнага будаўніцтва. Фарміраванне шматпалярнага свету выклікае з боку калектыўнага Захаду і, у першую чаргу, ЗША цвёрдае непрыманне гэтага працэсу.

Менавіта тут крыецца асноўная прычына той непрадуманай і катастрафічнай па сваіх наступствах палітыкі, калі міжнароднае права падмяняецца сілай, эканамічнае супрацоўніцтва — санкцыямі, разрадка — гонкай узбраенняў.

Пры гэтым ліквідацыя наступстваў такой палітыкі ўскладаецца на трэція краіны. Так званы міграцыйны крызіс на заходняй мяжы Беларусі — яскравае таму пацвярджэнне.

Польскае і літоўскае кіраўніцтва, грэбуючы ўсімі міжнароднымі нормамі, элементарнымі нормамі чалавечай маралі, ставяць пад пагрозу жыццё і здароўе людзей. Супраць мірных грамадзян, жанчын і дзяцей выкарыстоўваюць сілу, зброю і слёзатачывы газ.

Здавалася б, такога кшталту дзеянні павінны атрымаць неадкладную рэакцыю з боку краін ЕС і ЗША, якія лічаць сябе эталонам дэмакратыі. Але не, Захад маўчыць. Больш за тое замест садзейнічання ў вырашэнні сітуацыі, якая склалася, Беларусь атрымлівае чарговы пакет санкцый. Мусіць, за тое, што, нягледзячы на ўсе складанасці, мы даем бежанцам прытулак, ежу і медыцынскую дапамогу, па магчымасці дапамагаем вярнуцца дадому.

Разам з тым хачу звярнуць увагу, што пад заслонай гэтага крызісу да заходніх граніц Беларусі сцягваюцца ўсё новыя кантынгенты войск НАТА, дастаўляецца новае ўзбраенне. Навошта гэта робіцца — пытанне рытарычнае.

Сёння ў рамках сесіі мы разгледзім пытанне аб Заяўленні Парламенцкага Сходу ў сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і Еўразвяза.

Прыняцце гэтага Заяўлення будзе нашай чарговай спробай адкрыта звярнуцца да заходніх міжпарламенцкіх арганізацый. Неабходна спыніць антычалавечую палітыку ЕС у адносінах да мірных грамадзян, даць аб’ектыўную ацэнку таму, што адбываецца, і садзейнічаць больш хуткаму вырашэнню існуючай сітуацыі.

У цэлым нам трэба больш актыўна і аператыўна выкарыстоўваць фармат заяўленняў Парламенцкага Сходу па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня. Нашы апаненты павінны дакладна разумець, што наша пазіцыя адзіная і мы будзем цвёрда адстойваць свае інтарэсы.

Паважаныя калегі!

Нам трэба зрабіць вялікі аб’ём работы па прасоўванні інтэграцыі, захаванні нашых каштоўнасцей, паляпшэнні якасці жыцця грамадзян Беларусі і Расіі. І ад кожнага з нас залежыць, наколькі хутка і эфектыўна мы будзем рухацца гэтым шляхам.

Дазвольце пажадаць нам удачы і выказаць упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі мы надзейна забяспечым права нашых народаў самастойна вызначаць свой лёс.

Далей беларускія і расійскія парламентарыі разгледзелі пытанні парадку дня. Шэраг з іх насіў арганізацыйны характар і датычыўся прызнання паўнамоцтваў дэпутатаў Парламенцкага Сходу, дэлегаваных Саветам Федэрацыі і Дзяржаўнай Думай Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

Адбыліся таксама выбары Старшыні і намесніка Старшыні Парламенцкага Сходу. Акрамя таго, былі зацверджаны абноўленыя склады камісій і выбраны старшыні і намеснікі старшыняў камісій.

Адным з галоўных пытанняў парадку дня сесіі стала абмеркаванне мер, накіраваных на выкананне Дэкрэта Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы ад 4 лістапада 2021 года нумар 6 «Аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021 — 2023 гады».

Асноўныя напрамкі прадугледжваюць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на уніфікацыю, гарманізацыю і збліжэнне заканадаўства дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы па наступных пытаннях:

правядзенне адзінай структурнай макраэканамічнай палітыкі і стварэнне агульнага фінансавага рынку;

стварэнне адзінай эканамічнай прасторы і забеспячэнне роўных умоў гаспадарання;

гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства, правядзенне адзінай падатковай палітыкі, а таксама адзінай гандлёвай і мытна-тарыфнай палітыкі ў адносінах да трэціх краін, міжнародных арганізацый і аб’яднанняў;

правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галіне аховы працы, сацыяльнай абароны насельніцтва, пенсіённага забеспячэння;

уніфікацыя грамадзянскага заканадаўства і вызначэнне асноў стварэння ўласнасці Саюзнай дзяржавы.

Беларускія і расійскія парламентарыі прынялі рашэнне разгледзець на чарговым пасяджэнні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі праект Праграмы дзеянняў Парламенцкага Сходу па рэалізацыі Асноўных напрамкаў, узмацніць ролю пастаянных камісій у гэтым працэсе.

Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння абмеркавалі сітуацыю на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай граніцах, рэакцыю Еўрасаюза і іншых міжнародных арганізацый на праблемы міжнароднай міграцыі.

Вынікам абмеркавання пытання стала прыняцце Заяўлення, якое асуджае дзеянні польскіх сілавых ведамстваў, накіраваных супраць мірных грамадзян, жанчын і дзяцей. Парламентарыі заклікалі міжнародныя арганізацыі даць аб’ектыўную публічную ацэнку такім радыкальным дзеянням і прыняць канкрэтныя меры па вырашэнні крызісу.

Па выніках сесіі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанка У.П. і Старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валодзін В.В. адказалі на пытанні журналістаў.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by