Рус Бел En
20.03.2018

20 сакавіка 2018 года дэпутат Палаты Зямчонак С.Р. наведаў Шаркаўшчынскі раён, каб сустрэцца і выслухаць праблемы жыхароў нашага рэгіёну. 


З 9 да 10 гадзін дэпутат праводзіў “прамую лінію” з жыхарамі Шаркаўшчынскага раёна. У адным з тэлефанаванняў жыхар гарадскога пасёлка паскардзіўся на дрэнны стан участка дарогі па вуліцы Чырванадворскай. Прысутны на “прамой лініі” намеснік старшыні райвыканкама Валерый Венядзіктавіч Казлоўскі паведаміў, што работнікі УКП ЖКГ пачалі ямачны рамонт дарожнага пакрыцця ў гарадскім пасёлку, у тым ліку і названага участка.

А ў яшчэ адным тэлефанаванні дэпутат пачуў падзяку ў свой адрас. Справа ў тым, што падчас мінулага прыёму грамадзян, які праводзіўся ў лістападзе 2017 года, да дэпутата звярнуліся жыхары вуліцы Заслонава з пытаннем усталявання водаправода. Аказалася, што цяпер праблема вырашана, магістральная труба была заменена і цяпер жыхары вуліцы забяспечаны чыстай вадой. Сяргей Рычардавіч адзначыў, што асноўная заслуга ў рашэнні праблемы належыць мясцовай уладзе і службам, і выказаў падзяку старшыні райвыканкама Дзмітрыю Міхайлавічу Ламака за супрацоўніцтва і арганізацыю неабходных работ.

На асабісты прыём да дэпутата прыйшлі жыхары вуліцы Маладзёжная. У мінулым годзе быў распачаты рамонт дарогі па названай вуліцы. Іх хвалявала пытанне, ці будзе ён сёлета працягнуты, ці будуць зроблены тратуары, бардзюры, з’езды, адвод вады і іншае. Намеснік старшыні райвыканкама Валерый Венядзіктавіч Казлоўскі праінфармаваў, што сёлета рамонт будзе працягвацца згодна з праектам, дзе ўсе гэтыя работы пазначаны, і адпаведна выдзеленымі з бюджэту сродкамі. Яшчэ адной праблемай для жыхароў Маладзёжнай вуліцы з’яўляецца інтэнсіўны рух, у тым ліку і ноччу, буйнагабарытнага транспарту. У сувязі з гэтым дэпутат адзначыў, што лагічным рашэннем праблемы бачыць увядзенне ўчастка аб’язной дарогі, па якой мог бы рухацца грузавы транспарт у аб’езд Шаркаўшчыны. Але гэта адказнасць абласных дарожных служб і Міністэрства транспарту і камунікацый.


Да дэпутата звярнулася жыхарка вёскі Буйкі з пытаннем пенсійных выплат. Пэўны перыяд часу яна працавала ў Латвіі і цяпер, выйшаўшы на пенсію, хацела б атрымліваць ад латвійскага боку адпаведныя выплаты. Усе неабходныя паперы былі падрыхтаваны, але грошы пакуль яшчэ не прыходзяць. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вера Барысаўна Жук паведаміла, што неабходныя дакументы і сапраўды накіраваны ў Латвійскую Рэспубліку, але адказу адтуль яшчэ не атрымалі. Такія затрымкі здараюцца, і калі дакументы прыйдуць, то грамадзянцы абавязкова паведамяць.


Акрамя Шаркаўшчыны, у гэты дзень дэпутат праводзіў прыёмы грамадзян у Іёдскім, Більдзюжскім і Станіславоўскім сельвыканкамах. Жыхары звярталіся па наступных пытаннях: забеспячэнне палівам, здача насельніцтвам малака, сельскія ўчасткі дарогі, за рамонт якіх ніхто не адказвае. Ва ўсіх выпадках Сяргей Рычардавіч уважліва выслухаў хвалюючыя мясцовае насельніцтва праблемы і паабяцаў аказаць магчымую дапамогу.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць