Рус Бел En

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


20.12.2017

20 снежня 2017 года адбылося заключнае пасяджэнне трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Парламентарыі разгледзелі два законапраекты ў першым чытанні.

Аб праекце Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь»расказалі Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь Двігалёў А.М. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Камароўскі І.С.

Падрыхтоўка законапраекта абумоўлена тым, што правапрымяняльнай практыкай выяўлены шэраг недахопаў у Паветраным кодэксе Рэспублікі Беларусь, якія не дазваляюць Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту Рэспублікі Беларусь у поўным аб’ёме і з належнай якасцю рэалізоўваць ускладзеныя на яго паўнамоцтвы ў галіне эксперыментальнай авіяцыі.

Шэраг патрабаванняў і нарматыўных прадпісанняў Паветранага кодэкса рэгламентуе праваадносіны толькі ў галіне грамадзянскай авіяцыі, у той час як яны павінны распаўсюджвацца таксама і на адносіны ў галіне эксперыментальнай і дзяржаўнай авіяцыі. Гэта тычыцца пытанняў сертыфікацыі, кантролю, допуску да эксплуатацыі паветраных судоў і г.д.

У гэтых мэтах пашыраецца і ўдакладняецца паняційны апарат Паветранага кодэкса, асобнае прававое рэгуляванне атрымліваюць беспілотныя авіяцыйныя комплексы (далей — БАК), у той час як дзеючае заканадаўства рэгулюе толькі выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў (далей — БПЛА), якія з’яўляюцца часткай БАК.

Адсутнасць сістэм, прадухіляючых сутыкненне БПЛА з пілатуемымі паветранымі судамі, і высокая верагоднасць некантралюемага падзення на зямлю істотна абмяжоўваюць магчымасць выканання палётаў БПЛА ў агульнай паветранай прасторы сумесна з іншымі лятальнымі апаратамі, а таксама магчымасць выкарыстання БПЛА ў населеных раёнах. Для зніжэння ўзроўню рызыкі нанясення шкоды прапануецца ўсталяваць абавязковую працэдуру сертыфікацыі БАК у залежнасці ад класіфікацыі БПЛА па ўзлётнай масе.

Папаўняецца прабел у Паветраным кодэксе ў частцы адсутнасці органа, які ажыццяўляе кантроль у галіне эксперыментальнай авіяцыі. Гэты кантроль прапануецца ўскласці на спецыяльна ўпаўнаважаны орган у галіне эксперыментальнай авіяцыі — Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Законапраектам прапаноўваюцца нормы, накіраваныя на забеспячэнне ўзгодненасці прававых норм і прадпісанняў як унутры Паветранага кодэкса, так і самога кодэкса з іншымі заканадаўчымі актамі, ліквідаваны калізіі ў правапрымяняльнай практыцы, а таксама захаванне канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, медыцынскае забеспячэнне дапаўняецца навучаннем экіпажа грамадзянскага паветранага судна метадам аказання першай дапамогі пры станах, якія прадстаўляюць пагрозу для жыцця і (або) здароўя пасажыраў на борце грамадзянскага паветранага судна. Акрамя таго, выбудоўваецца дакладная сістэма нарматыўнага рэгулявання медыцынскага забеспячэння палётаў адпаведнымі авіяцыйнымі правіламі.

Законапраект прадугледжвае значную колькасць іншых карэкціровак Паветранага кодэкса з улікам практыкі правапрымянення.

Першы намеснік Міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Кручанаў А.У. выступіў з дакладам па праекце Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» (судакладчык — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Гурскі Д.М.).

Праект Закона прадугледжвае пашырэнне інструментара дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў, якія прадугледжваюць прадастаўленне асобным катэгорыям грамадзян, акрамя ільготнага крэдыту і аднаразовай субсідыі, субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі, якія выдаюцца банкамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля, і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па гэтых крэдытах.

У прыватнасці, названыя змены закранулі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, асоб, узнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу i бездакорную воiнскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, асоб, якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на будаўнiцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб’ектаў у межах тылавых гранiц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог, членам экіпажаў суднаў транспартнага флоту, інтэрніраваных у пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў партах іншых дзяржаў, асоб, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года i ўзнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда», і асобам, узнагароджаным знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда», і іншых.

З заключным словам на сесіі выступіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанка У.П.

Выступленне
Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

Паважаныя дэпутаты, члены Урада і запрошаныя!

Трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршае сваю работу.

Парадак дня вычарпаны –– разгледжана больш за 60 законапраектаў, прынятыя да ведама 5 дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя намаганні дэпутацкага корпуса ў гэты перыяд былі сканцэнтраваны на прававым забеспячэнні стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця, умацаванні суверэнітэту, пазіцый дзяржавы на міжнароднай арэне і стварэнні надзейных умоў для павышэння дабрабыту нашых грамадзян.

Найважнейшым вынікам сесіі, безумоўна, стала прыняцце пакета дакументаў, якія абумоўліваюць рэалізацыю збалансаванай бюджэтна-падатковай палітыкі ў 2018 годзе.

Праект рэспубліканскага бюджэту фарміраваўся на фоне паляпшэння макраэканамічнай сітуацыі. Гэта дазволіла стварыць неабходныя фінансавыя ўмовы для замацавання пазітыўных тэндэнцый. І хоць патрабаванні да расходавання дзяржаўных сродкаў па-ранейшаму застаюцца жорсткімі, у бюджэце закладзена магчымасць сфакусіраваць неабходныя рэсурсы на падтрымцы рэальнага сектара і вырашэнні задач інавацыйнага характару. У наступным годзе будуць таксама павялічаны расходы на найважнейшыя сацыяльныя мерапрыемствы, павышаны зарплаты, пенсіі і іншыя сацыяльныя выплаты.

Правядзенне сесіі супала з сапраўды знакавай падзеяй у эканамічным жыцці краіны. З прыняццем Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь шэрагу запатрабаваных мер па развіцці прадпрымальніцтва зроблены важны крок насустрач бізнес-супольнасці.

Новыя падыходы да кіравання эканомікай знайшлі сваё развіццё і ў выніках сесіі. У рэчышчы даручэнняў Кіраўніка дзяржавы прыняты комплекс заканадаўчых рашэнняў, накіраваных на лібералізацыю гаспадарчай дзейнасці, садзейнічанне добрасумленнай канкурэнцыі, павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці краіны, пашырэнне выкарыстання лічбавых тэхналогій у эканоміцы. Развіццю камерцыйнай дзейнасці будзе садзейнічаць удасканаленне банкаўскай сферы.

На разняволенне дзелавой ініцыятывы непасрэдна была накіравана работа па карэкціроўцы адміністрацыйнага заканадаўства. Зменшана адказнасць за нязначныя эканамічныя парушэнні. У сукупнасці з мерамі, прынятымі ў сферах антыманапольнай палітыкі і стымулявання дзелавой актыўнасці, гэтыя рашэнні істотна пашыраюць дыяпазон магчымасцей для людзей, якія хочуць адкрыць сваю справу.

Дэпутатам і ў далейшым трэба працягваць актыўную работу па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу, удасканальванні механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства, павышэнні даступнасці банкаўскіх рэсурсаў. Сваё лагічнае завяршэнне павінны атрымаць дэпутацкія ініцыятывы па пытаннях інвестыцый і прыватызацыі.

Адначасова з рашэннем наспелых эканамічных задач на сесii прыняты шэраг мер па ўзмацненні сацыяльнай абароны грамадзян. Пенсію па ўзросце цяпер будуць атрымліваць і асобы, якія доўгі час выконвалі сацыяльна значныя віды дзейнасці і таму не змаглі набраць неабходны стаж працы. Гаворка тут ідзе пра ваеннаслужачых, людзях, якія даглядалі інвалідаў або састарэлых. Акрамя таго, пашыраны магчымасці ў фінансаванні мерапрыемстваў, якія праводзяцца ветэранскімі арганізацыямі.

Некалькі прававых навацый датычацца развіцця масавага фізкультурнага руху і спорту высокіх дасягненняў, узмацнення барацьбы з допінгам.

Да другога чытання сёння рыхтуюцца праекты законаў па пытаннях пітнога водазабеспячэння і абароны правоў спажыўцоў. Усё гэта вельмі адчувальныя для насельніцтва тэмы. І дэпутатам неабходна самую сур’ёзную ўвагу надаць павышэнню якасці і даступнасці паслуг, што аказваюцца грамадзянам.

У ходзе сесіі сур’ёзна папоўнілася міжнародна-дагаворная база краіны. Важна адзначыць, што многія з ратыфікаваных дакументаў дапамогуць забяспечыць прыток замежных інвестыцый, развіццё прадпрымальніцтва, павысяць канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў на знешніх рынках.

У ліку найбольш значных дакументаў міжнароднага блока трэба назваць Дагавор аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза, пагадненні, накіраваныя на рэалізацыю сацыяльна-эканамічных праектаў у прыгранічных рэгіёнах рэспублікі за кошт сродкаў Еўрасаюза, падтрымку малога і сярэдняга бізнесу пры ўдзеле Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама дагаворы па пытаннях будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Дарэчы, заўтра на базе Беларуска-Кітайскага індустрыяльнага парка пройдзе семінар, падчас якога дэпутаты Палаты прадстаўнікоў абмяркуюць перспектывы далейшай работы ў гэтым кірунку.

У цэлым парламенцкая дыпламатыя ўносіць дастаткова сур’ёзны ўклад у рэалізацыю знешнепалітычнага курсу дзяржавы. У цяперашнім скліканні значна актывізавалася работа груп дружбы Нацыянальнага сходу Беларусі. Да прыкладу, мы вельмі плённа кантактавалі з нашымі калегамі з Азербайджана, Арменіі, Грузіі.

Рэальны плён пачынаюць прыносіць нашы намаганні на афрыканскім напрамку. У ходзе візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Судан быў падпісаны шэраг важных кантрактаў. Акрамя таго, мы дамовіліся аб развіцці кааперацыі ў банкаўскай сферы, машынабудаванні, перапрацоўцы карысных выкапняў. Для пашырэння беларускай прысутнасці на гэтым кантыненце трэба дамагацца эфектыўнага супрацоўніцтва з Панафрыканскім парламентам і пашырэння дзелавых кантактаў з краінамі Афрыкі.

За кароткі час мы значна нарасцілі сваю актыўнасць на еўрапейскім вектары. Мы сёння вядзём інтэнсіўны зацікаўлены дыялог з парламентарыямі Германіі, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі. Трэба больш актыўна накіроўваць яго ў практычную плоскасць, каб садзейнічаць рэалізацыі задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы па абароне і прасоўванні эканамічных інтарэсаў краіны.

Пашырэнне геаграфіі нашых кантактаў дапамагае ўмацаванню пазітыўнага іміджу Нацыянальнага сходу ў Міжпарламенцкім саюзе, парламенцкіх асамблеях АБСЕ, Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы і некаторых іншых аўтарытэтных міжнародных структурах. Пазітыўныя тэндэнцыі намеціліся і ў развіцці дыялогу з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. Са студзеня будучага года наша дэлегацыя зможа ўдзельнічаць у абмеркаванні ўсіх пытанняў, якія разглядаюцца на пасяджэннях палітычнай камісіі гэтай арганізацыі. Наша задача – скарыстацца гэтымі магчымасцямі для тлумачэння пазіцый краіны па прынцыповых пытаннях і прасоўвання беларускіх ініцыятыў, якія садзейнічаюць захаванню стабільнасці, бяспекі і супрацоўніцтва ў свеце.

У гэтым жа ключы трэба працаваць і ў рамках Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў – удзельніц СНД і Парламенцкай Асамблеі АДКБ. На першы план тут выходзяць такія актуальныя, непасрэдна звязаныя з абаронай суверэнітэту тэмы, як кібербяспека і гібрыдныя войны. Беларускім парламентарыям ёсць што прапанаваць сваім калегам у гэтай галіне.

Гаворачы аб рабоце па паглыбленні беларуска-расійскай інтэграцыі, неабходна адзначыць мінулую, 53-ю сесію Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Яе вынікам стала прыняцце праекта саюзнага бюджэту на 2018 год, а таксама дакумента, які вызначае стратэгію развіцця Саюзнай дзяржавы на чарговае пяцігоддзе. Рэалізацыя гэтых планаў – сфера адказнасці ў тым ліку і дэпутатаў нашых краін. Вопыт першых беларуска-расійскіх парламенцкіх слуханняў, прысвечаных гарманізацыі заканадаўстваў у сферы забеспячэння роўных правоў грамадзян, паказвае, што ў нас у гэтым плане яшчэ шмат нявыкарыстаных рэзерваў.

Мы працягнем актыўна працаваць у фармаце міжнародных парламенцкіх арганізацый і ў наступным паўгоддзі. Дэпутаты прымуць удзел у зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, мерапрыемствах Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і іншых.

Нам неабходна сур’ёзна падрыхтавацца да правядзення ў Беларусі выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі ПА АДКБ па пытаннях абароны і бяспекі, мерапрыемстваў Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Мы таксама накіруем сваіх прадстаўнікоў у склад міжнародных місій па назіранні за ходам выбарчых кампаній у дзяржавах СНД.

У нас ёсць канкрэтныя напрацоўкі і ў галіне двухбаковага супрацоўніцтва. Іх трэба рэалізаваць падчас чарговых візітаў беларускіх парламентарыяў у Кітай, Латвію, Швейцарыю, Эстонію. У сваю чаргу, з канкрэтнымі прапановамі ў Беларусь плануюць прыехаць дэлегацыі Індыі, Малдовы і Пакістана.

Словам, паважаныя калегі, тэмп работы набраны досыць нядрэнны. І цяпер важна не знізіць яго ў міжсесійны перыяд. Разам з заканатворчымі і міжнароднымі планамі нам трэба будзе вырашыць вялікі аб’ём задач у выбарчых акругах. Работа з людзьмі – гэта галоўны кірунак нашай дзейнасці. У лютым у Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы. У такія перыяды сацыяльная актыўнасць значна вырастае, і, зразумела, дэпутацкі корпус павінен быць у гушчы падзей.

Па традыцыі ў апошні тыдзень адыходзячага года ў краіне разгортваецца маштабная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Яе мэта ў тым, каб ні адно дзіця, якое апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, не засталося ў гэтыя дні без увагі і клопату. Падарыць такім дзецям свята – гэта наш з вамі святы абавязак.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць