Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


20.12.2018

20 снежня 2018 года адбылося заключнае пасяджэнне пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Дэпутаты прынялі ў першым чытанні праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», які прадставілі першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Малкіна І.В. і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Кананчук Т.П.

Праектам Закона прапануецца ўнесці змяненні і дапаўненні ў законы аб ахове навакольнага асяроддзя, азонавага слоя, атмасфернага паветра, аб жывёльным свеце, а таксама ў Кодэкс аб нетрах і Водны кодэкс.

Законапраектам прадугледжваецца, што нарматывы дапушчальнай антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе будуць ўстанаўлівацца для канкрэтных тэрыторый у мэтах рэгулявання сукупнага ўздзеяння ўсіх стацыянарных і мабільных крыніц уздзеяння на навакольнае асяроддзе, размешчаных у межах гэтых тэрыторый.

У сувязі з прыняццем у кастрычніку 2016 года Манрэальскага пратакола аб рэчывах, што разбураюць азонавы слой, законапраектам прапануецца дапоўніць Закон «Аб ахове азонавага слоя» азначэннем тэрміну «азонабяспечныя рэчывы».

Артыкулы Закона «Аб ахове атмасфернага паветра» прапануецца прывесці ў адпаведнасць з палажэннямі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і Агульнымі патрабаваннямі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя да ўтрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў i iншых аб’ектаў, якія належаць суб’ектам гаспадарання, зацверджаных названым Дэкрэтам. У прыватнасці, гэта тычыцца выключэння патрабаванняў па распрацоўцы праектаў нарматываў дапушчальных выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра і неабходнасці атрымання дазволу на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра або комплекснага прыродаахоўнага дазволу.

У Кодэксе аб нетрах прапануецца ўдакладніць патрабаванне па правядзенні дзяржаўнай экспертызы геалагічнай інфармацыі ў дачыненні да геатэрмальных рэсурсаў нетраў, выключыўшы патрабаванне па правядзенні названай экспертызы ў дачыненні да петрагеатэрмальных рэсурсаў.

Нормы Воднага кодэкса прапануецца прывесці ў адпаведнасць з нормамі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», указамі Кіраўніка дзяржавы ад 5 мая 2006 г. № 289 «Аб структуры Урада Рэспублікі Беларусь» і 24 чэрвеня 2008 г. № 348 «Аб таксах для вызначэння памеру кампенсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю» і іншымі заканадаўчымі актамі.

Парламентарыі таксама прынялі рэкамендацыі па выніках парламенцкіх слуханняў на тэму «Прававыя і практычныя аспекты паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь».

З заключным словам на закрыцці пятай сесіі выступіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанка У.П.

 

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

 

Паважаныя дэпутаты, члены Урада i запрошаныя!

Пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршае сваю работу.

Перыяд развіцця, які перажывае сёння краіна, вельмі дынамічны. Прынцыпова змяняюцца падыходы да кіравання эканомікай, ідзе актыўны пошук новых ідэй і рэсурсаў эканамічнага росту.

Буйныя інвестпраекты, малы і сярэдні бізнес, актыўнае ўкараненне лічбавых тэхналогій і развіццё сферы паслуг закліканы стаць тымі драйверамі, што выведуць на якасна новы ўзровень эканоміку і, як следства, дабрабыт грамадзян Беларусі.

Зразумела, усе гэтыя пытанні патрабуюць свайго заканадаўчага праламлення. І дэпутаты імкнуліся, каб рашэнні, прынятыя на сесіі, адказвалі дынамізм часу і тым задачам, якія ставіць Кіраўнік дзяржавы па фарміраванні новых эканамічных адносін.

З гэтых пазіцый мы падыходзілі да разгляду пакета бюджэтна-падатковых дакументаў. Бюджэт рэспублікі на 2019 год звярстаны менавіта з улікам задач па росце даходаў насельніцтва, павышэнні аддачы ад дзяржпадтрымкі і рацыянальным кіраванні дзяржаўным доўгам. Усё гэта накіравана на ўмацаванне макраэканамічнай стабільнасці, забеспячэнне збалансаванага росту заробкаў і павышэнне сацыяльнай абароны насельніцтва.

З улікам прапаноў бізнес-супольнасці быў сур’ёзна перапрацаваны Падатковы кодэкс. Спрошчаны многія адміністрацыйныя працэдуры, парадак узаемадзеяння плацельшчыкаў з падатковымі органамі. Забяспечана і некаторае зніжэнне падатковай нагрузкі на суб’екты гаспадарання.

Разам з тым работу па стварэнні новага дзелавога клімату неабходна працягваць. Падатковае заканадаўства павінна паслядоўна станавіцца ўсё больш ёмістым, празрыстым і зразумелым для ўдзельнікаў эканамічнага жыцця, ствараць прывабныя ўмовы для легальнай дзейнасці і не правакаваць прадпрымальнікаў адводзіць свой бізнэс у цень.

Адно з ключавых месцаў у нашым парадку занялі пытанні прыцягнення ў нацыянальную эканоміку замежнага капіталу і развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Дадатковыя магчымасці для іх вырашэння створаны з прыняццем законапраектаў, якія тычацца інвестыцый і прыватызацыі, дарожнай дзейнасці.

Аднак ужо сёння мы бачым новыя пункты прыкладання сваіх сіл у гэтых абласцях. Вызначыць іх дапамагло правядзенне парламенцкіх слуханняў па інвестыцыйнай праблематыцы. Але, каб рэкамендацыі, прынятыя па іх выніках, не засталіся на паперы, нам трэба ўзмацніць узаемадзеянне з Урадам, мясцовымі органамі ўлады, бізнес-супольнасцю і крок за крокам дамагацца пастаўленых мэтаў.

У ходзе сесіі нароўні са спрашчэннем некаторых умоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці прыняты і шэраг сур’ёзных крокаў па яе дэкрыміналізацыі. З Крымінальнага кодэкса, напрыклад, знікнуць такія паняцці, як ілжэпрадпрымальніцтва, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць і пакаранне ў выглядзе канфіскацыі. Істотна павышаны парогі шкоды, з якіх надыходзіць крымінальная адказнасць. Акрамя таго, за злачынствы ў сферы эканомікі, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, учыненыя ўпершыню, не будзе ўжывацца такая мера, як пазбаўленне волі. Гэта зроблена перш за ўсё для таго, каб неістотныя памылкі суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу не сталі фатальнымі для прадпрымальнікаў і службовых асоб прадпрыемстваў.

Словам, прасторы для манеўру ў прадпрымальнікаў становіцца больш, што дазволіць, дарэчы, больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці развіцця прамых сувязей з прадстаўнікамі замежнага бізнесу, якія адкрываюцца ў сувязі з правядзеннем беларуска-расійскіх і беларуска-ўкраінскіх форумаў рэгіёнаў. Але гэта далёка не ўсё. У нас створаны нядрэнны зачын па паляпшэнню прававога поля ў гэтай сферы. І я прашу профільныя камісіі трымаць рэалізацыю ўсіх гэтых напрацовак на асаблівым кантролі.

На сесii прыняты і шэраг значных рашэнняў у галіне сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Рэалізавана некалькі важных дэпутацкіх ініцыятыў у сферы экалогіі і прыродакарыстання. На чарзе – работа яшчэ над цэлым пакетам дакументаў, непасрэдна накіраваных на павышэнне якасці жыцця.

Зразумела, у першую чаргу якасць жыцця вызначаецца ўзроўнем эканамічнага дабрабыту. Стварэнне стабільнага асяроддзя для доўгатэрміновых інвестыцый – гэта неабходная ўмова даверу замежных дзелавых колаў да Беларусі і жадання рабіць тут бізнэс. А гэта ў сваю чаргу прадугледжвае надзейнае забеспячэнне законнасці, правапарадку, грамадзянскага міру і грамадскай згоды ўнутры краіны.

У святле нарастання сусветнай напружанасці здольнасць дзяржавы вырашаць гэтыя задачы значна вырастае ў цане. Менавіта таму Беларусь у апошнія гады ўсё часцей выбіраецца ў якасці пляцоўкі для абмеркавання сур’ёзных пытанняў рэгіянальнага і глабальнага парадку.

Дзякуючы ўмацаванню іміджу Беларусі і яе Парламента на міжнароднай арэне прыкметна змяніліся дынаміка і якасць нашых двухбаковых кантактаў. Важна, што ў рабоце парламенцкіх груп дружбы пачынае пераважаць канкрэтыка. Па-дзелавому абмяркоўваюцца пытанні пашырэння бізнес-сувязей, нарошчвання гандлёвага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Асабліва паказальныя тут вынікі кантактаў з нашымі калегамі з Германіі, Чэхіі і Швейцарыі.

Чым больш еўрапейскія палітыкі адкрываюць для сябе Беларусь, тым больш яны бачаць перспектыў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Гэта, дарэчы, пацвярджае і развіццё нашага дыялогу з прадстаўнікамі Еўрапарламента.

Не менш пазітыўныя тэндэнцыі адзначаюцца і на іншых вектарах міжпарламенцкага супрацоўніцтва. У гэтым плане трэба адзначыць некалькі знакавых падзей, і перш за ўсё афіцыйныя візіты ў Рэспубліку Беларусь егіпецкай і турэцкай парламенцкіх дэлегацый.

Візіт Старшыні Парламента Егіпта ў Менск стаў першым за ўсю гісторыю беларуска-егіпецкіх адносін. Важным яго вынікам стала падпісанне Пагаднення аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Сумесны дакумент, які спрыяе паглыбленню сувязей і кантактаў паміж органамі заканадаўчай улады, мы падпісалі і з Турцыяй. Такім чынам, наша дагаворная база папоўнілася адразу двума дакументамі. А ўсяго іх колькасць набліжаецца ўжо да 50.

Такога роду дагаворы з’яўляюцца вельмі эфектыўным інструментам развіцця супрацоўніцтва не толькі ў палітычнай, але і ў эканамічнай сферах. Мы ўсе выдатна разумеем, наколькі важныя для Беларусі дыверсіфікацыя рынкаў збыту айчыннай прадукцыі і пошук новых гандлёвых партнёраў. Дзякуючы Мемарандума аб супрацоўніцтве з Парламентам Судана нам удалося аб’яднаць свае намаганні па рэалізацыі волі лідэраў дзвюх нашых дзяржаў па рашэнні гэтых задач.

Нядаўняя сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Судана вывела адносіны паміж дзвюма краінамі на стратэгічны ўзровень, пра што кажуць заключэнне кантрактаў на чвэрць мільярда долараў і падпісанне важкага пакета міжурадавых пагадненняў.

Безумоўна, дэпутатам трэба падлучыцца да выканання гэтых дамоўленасцей. Пра гэта, у прыватнасці, мы гаварылі на сустрэчы з Прэзідэнтам Судана. Мы таксама пагадзіліся, што развіццю нашых адносін будзе спрыяць ўстанаўленне дыялогу з Панафрыканская парламентам.

Актыўна мы працуем і ў рамках еўразійскага міжпарламенцкага дыялогу. У гэтым плане хацеў бы адзначыць вынікі трэцяй Нарады спікераў парламентаў краін Еўразіі, якая прайшла у кастрычніку гэтага года ў Турцыі. Гэтая пляцоўка дазваляе нам абмяркоўваць прынцыповыя пытанні забеспячэння міру, бяспекі, стабільнага развіцця рэгіёну і з’яўляецца досыць эфектыўнай платформай нарошчвання эканамічнага супрацоўніцтва.

Наступная нарада пройдзе ў Астане. І на сустрэчы са Старшынёй Сената Парламента Казахстана, які знаходзіўся ў Мінску ў сувязі з удзелам у сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, мы абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў міжнародных структурах з улікам фактараў, якія здольныя аказаць сур’ёзны ўплыў на перспектывы еўразійскай інтэграцыі.

Адзін з такіх фактараў – кітайская ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях». Беларусь – актыўны прыхільнік гэтага праекта. Увесну наступнага года ў Мінску пройдзе Міжнародная канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху ў ПА АБСЕ. І задача дэпутатаў – годна прэзентаваць магчымасці нашай краіны як найважнейшага злучнага звяна на эканамічнай прасторы Еўразіі.

У гэтых мэтах трэба выкарыстоўваць і патэнцыял маючай адбыцца работы ў міжпарламенцкіх арганізацыях, тым больш што ў бліжэйшыя месяцы менавіта ў гэтую сферу перамесціцца цэнтр нашай актыўнасьці. Мы прымем удзел у зімовым пасяджэнні ПА АБСЕ ў Вене, сесіях ПАСЕ ў Страсбургу. Акрамя таго, у красавіку ў Санкт-Пецярбургу пройдзе сорак дзявятае пленарнае пасяджэнне МПА СНД.

21 снежня ў г. Маскве пачне сваю работу пяцьдзесят пятая сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Галоўным адрозненнем гэтага форуму стане тое, што разам з традыцыйным разглядам Саюзнага бюджэту мы, як і дамаўляліся раней, упершыню правядзем так званую ўрадавую гадзіну. На гэты раз дыскусія будзе прысвечана пытанням фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы, адмены роўмінгу. Мяркую, што менавіта такія інтэрактыўныя формы павінны часцей выкарыстоўвацца саюзнымі парламентарыямі для абмеркавання найбольш вострых пытанняў беларуска-расійскай інтэграцыі.

На заканчэнне, паважаныя калегі, хацеў бы сказаць некалькі слоў аб рабоце ў выбарчых акругах. Наступны год будзе дастаткова няпростым у тым сэнсе, што мы паступова ўступаем у перыяд важных выбарчых кампаній. Ужо сёння ў краіне назіраецца паступовае павышэнне палітычнай актыўнасці. Таму нам трэба сур’ёзна ўзмацніць інфармацыйны складнік сваёй работы з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, грамадскімі аб’яднаннямі.

Наша галоўная задача – кансалідацыя грамадства. Людзі павінны з першых рук атрымліваць дакладную і аб’ектыўную інфармацыю аб усіх дзеяннях улады, аб мерах, якія прымае дзяржава па правядзенні палітычнага курсу, накіраванага на захаванне суверэнітэту, мірнага і спакойнага развіцця краіны ў складаных знешнепалітычных і знешнеэканамічных умовах.

Ну, а напярэдадні Новага года нам, зразумела, трэба прыняць самы дзейсны ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Гэты дабрачынны марафон – выдатны прыклад таго, як добрыя справы здольны аб’ядноўваць людзей самых розных узростаў, прафесій і перакананняў. Бо за апошнія гады колькасць неабыякавых грамадзян, якія набываюць для дзяцей цацкі, прадметы першай неабходнасці, пераводзяць грошы на рахункі дзіцячых устаноў, значна вырасла.

Дэпутаты заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у гэтай акцыі, падключаюць да яе прадпрыемствы, грамадскасць. І нам трэба працягнуць гэтую добрую традыцыю – абавязкова наведаць інтэрнаты, дамы сямейнага тыпу, бальніцы, апякунскія і прыёмныя сем’і, аказаць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем і, вядома, падарыць дзецям свята.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць