Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


22.12.2016

21 снежня 2016 года адбылося сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытаннях дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада Рэспублікі Беларусь.

Перад парламентарыямі выступіў Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Русы М.І. з дакладам на тэму «Аб прыярытэтах і выніках работы ў сферы развіцця мінеральна-сыравіннай базы краіны і выкарыстання прыродных рэсурсаў».

М.І.Русы адзначыў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца значныя запасы калійных і каменных соляў, даламіту, мелу і мергельна-крэйдавых парод, шкляных і сілікатных пяскоў, гравію і будаўнічага каменя, гліністай сыравіны, торфу, сапрапелю, прэсных і мінеральных падземных вод.

У краіне пастаянна ўдасканальваецца вытворчая база па здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў. Па словах Намесніка Прэм’ер-міністра, з 82 выяўленых радовішчаў нафты 75 знаходзяцца ў распрацоўцы. Аб’ём здабычы вуглевадародаў складае 1,64 млн. тон у год. Пры такім узроўні забяспечанасць запасамі нафты складзе каля 35 гадоў. Аднак ва ўмовах рэзкага падзення сусветных цэн на нафту ўвод у эксплуатацыю некаторых цяжказдабывальных запасаў не заўсёды эканамічна апраўданы, паколькі патрабуе ўкладання значных фінансавых, працоўных і матэрыяльных рэсурсаў.

З улікам таго, што ўся нафта, якая здабываецца, пастаўляецца на экспарт, задача папаўнення рэсурснай базы вуглевадародаў і павышэння ўзроўню здабычы нафты застаецца актуальнай, заявіў віцэ-прэм’ер. Асноўнымі шляхамі яе вырашэння з’яўляюцца актыўнае правядзенне пошукава-разведачных работ, укараненне новых тэхналогій і распрацоўка цяжказдабывальных радовішчаў пры павышэнні сусветных коштаў на нафту.

Штогод у рэспубліцы здабываецца каля 220 – 230 млн. м3 спадарожнага газу, сказаў М.І.Русы. Ён растлумачыў, што практычна ўвесь ён звадкоўваецца для далейшага выкарыстання. Каля 70 працэнтаў атрыманай прадукцыі адпраўляецца на экспарт.

Гаворачы аб здабычы і перапрацоўцы торфу, Намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў, што ў Беларусі ёсць звыш 9 тыс. яго радовішчаў з запасамі каля 4 млрд. тон. Выкарыстанне торфу дазваляе штогод замяшчаць да 456 млн. м3 імпартуемага прыроднага газу коштам 83 млн. долараў ЗША. Разам з тым аб’ёмы яго здабычы напрамую залежаць ад попыту на гэты від сыравіны.

Штогод у краіне здабываецца да 3 млн. тон торфу, што дазваляе цалкам забяспечваць унутраныя патрэбнасці рэспублікі і экспартаваць яго на знешнія рынкі. У той жа час з 2011 года зніжаецца попыт на тарфяныя брыкеты. У 2015 годзе іх спажыванне на ўнутраным рынку зменшылася ў параўнанні з 2011 годам больш чым на 40 працэнтаў. Экспарт брыкетаў за гэты ж час скараціўся больш чым у 3,2 разы. Прычынай такой сітуацыі з’явілася адмена Еўрасаюзам прэферэнцый і льгот для спажыўцоў тарфянога паліва.

М.І.Русый праінфармаваў парламентарыяў, што ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання торфу ў цяперашні час ажыццяўляецца перавод цэментных заводаў на выкарыстанне ў якасці паліва торфу замест дарагіх каменнага вугалю і прыроднага газу, павышэнне долі гэтага віду паліва ў энергетычным балансе ЖКГ, павелічэнне глыбіні перапрацоўкі торфу і сапрапелю, што дазволіць вырабляць якасныя ўгнаенні і кармавыя дабаўкі для розных раслінных культур. У цэлым да 2020 года аб’ёмы выкарыстання тарфяной прадукцыі плануецца павялічыць на 10 працэнтаў і скараціць за кошт гэтага імпарт прыроднага газу на суму каля 8 – 10 млн. долараў ЗША, сказаў Намеснік Прэм’ер-міністра.

Далей М.І.Русы расказаў аб стане калійнай галіны, якая, па яго словах, развіваецца даволі дынамічна. Па аб’ёмах запасаў калійных соляў і па экспарце калійных угнаенняў рэспубліка ўтрымлівае трэцяе месца ў свеце. Захаванню гэтых пазіцый будзе садзейнічаць рэалізацыя двух інвестыцыйных праектаў, якія забяспечаць здабычу 2,6 млн. тон хларыду калію ў год.

Беларусь валодае практычна неабмежаванымі запасамі каменнай солі, паведаміў віцэ-прэм’ер. Гэта дазваляе цалкам забяспечваць патрэбнасці краіны ў харчовай і тэхнічнай солі. Больш за 60 працэнтаў здабытай солі пастаўляецца на экспарт.

Будаўнічая галіна практычна поўнасцю забяспечана неабходнай сыравінай, падкрэсліў М.І.Русы. Разам з тым мы працягваем закупляць рэсурсы, якасць якіх прыкметна перавышае нацыянальныя. Гэта тычыцца, напрыклад, гіпсу, кааліну і бентаніту.

Урадам праводзіцца мэтанакіраваная работа па зніжэнні залежнасці эканомікі ад імпарту сыравінных рэсурсаў і далучэнню уласных радовішчаў у распрацоўку па такіх відах сыравіны, як гіпс, кааолінавыя і бентанітавыя гліны. Вызначаны парадак абмежавання прымянення імпартных матэрыялаў пры праектаванні. Уведзена сертыфікацыя кожнай партыі імпарту будаўнічых матэрыялаў. Актуалізаваны тэхнічны рэгламент. Прынятыя меры далі магчымасць не толькі скараціць імпарт шчэбню, але і наладзіць яго экспарт.

Па словах віцэ-прэм’ера, водныя рэсурсы Беларусі не толькі задавальняюць патрэбы мясцовага насельніцтва, але і адкрываюць вялікія перспектывы для вытворцаў бутыляваных мінеральных і прэсных вод. Гэта адна з рэальных крыніц па прыцягненню інвестыцый, стварэнні новых працоўных месцаў, нарошчванню экспарту. Тым не менш імпарт мінеральных вод перавышае экспарт, у сувязі з чым Урад плануе ўзмацніць работу па дасягненні дадатнага сальда.

Кажучы пра новыя віды сыравіны, Намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў, што ў краіне пачаты пошукава-ацэначныя работы і папярэдняя разведка базальтаў і туфаў з прыростам запасаў каля 20 млн. тон для стварэння вытворчасцей па каменным ліцці, вырабе мінеральных валокнаў. Плануецца таксама правесці геолагаразведачныя работы па выяўленні прамыслова значных радовішчаў бурштыну.

Гаворачы наконт прыярытэтаў у сферы развіцця мінеральна-сыравіннай базы краіны на бягучую пяцігодку, М.І.Русы акцэнтаваў увагу на выяўленні і засваенні новых, а таксама інтэнсіфікацыі распрацоўкі дзеючых радовішчаў карысных выкапняў, укараненні новых тэхналогій, павелічэнні глыбіні перапрацоўкі сыравіны, актыўным прыцягненні інвестыцый. Ён праінфармаваў парламентарыяў, што па распараджэнні Кіраўніка дзяржавы Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь 15 красавіка 2016 года зацверджаны План дзеянняў па інтэнсіфікацыі асваення мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 годы.

Для прыцягнення інвестыцый плануецца ажыццяўляць пошук новых залежаў вуглевадародаў, распрацоўку тэхналогій здабычы і перапрацоўкі такіх карысных выкапняў, як буры вугаль, гаручыя сланцы, берыліева-рэдказямельныя руды, адходаў здабычы і перапрацоўкі калійных руд, а таксама фосфарнай сыравіны.

Важным напрамкам у вырашэнні задач імпартазамешчэння і энергазберажэння з’яўляецца выкарыстанне драўняных паліўных рэсурсаў, укараненне тэхналогій газіфікацыі для выпрацоўкі цяпла і электраэнергіі як альтэрнатывы традыцыйнага прамога спальвання.

Біялагічныя рэсурсы выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны ў харчовай прамысловасці, фармацэўтыцы, атрыманні і вытворчасці трафеяў і могуць быць сур’ёзнай экспартнай крыніцай даходу рэспублікі, адзначыў віцэ-прэм’ер. Закранаючы пытанне выкарыстання паляўнічых і рыбных рэсурсаў, ён канстатаваў скарачэнне запасаў каштоўных драпежных відаў рыб і паляўнічых відаў жывёл. На вырашэнне гэтай праблемы накіравана рэалізацыя зацверджаных Урадам канцэпцый развіцця рыбалоўнай і паляўнічай гаспадаркі.

У гаспадарчае выкарыстанне дадаюцца новыя біялагічныя рэсурсы (вінаградны слімак, даўгалапы рак, лічынкі хіранамід (матыль), зялёная жаба, гадзюка), якія маюць высокі экспартны патэнцыял. Для таго каб іх запасы асвойваліся ў дастатковым аб’ёме, Урадам створаны неабходныя прававыя условия.

У заключэнне свайго выступлення Намеснік Прэм’ер-міністра падкрэсліў, што найважнейшым стымулам павелічэння інвестыцыйнай актыўнасці прыродакарыстальнікаў з’яўляецца зняцце адміністрацыйных бар’ераў і лібералізацыя прававога поля, і выказаў надзею на ўзмацненне ўзаемадзеяння выканаўчай і заканадаўчай улады ў вырашэнні пастаўленых задач.

Пасля дакладу віцэ-прэм’ера парламентарыі звярнуліся да яго з пытаннямі.

Дэпутат Міраш В.В. папрасіў М.І.Русага расказаць, якія меры прымае Урад па зняцці бар’ераў супраць паставак беларускіх тавараў на расійскі рынак, а таксама пацікавіўся меркаваннем віцэ-прэм’ера па пытанні ўстанаўлення адзіных санітарна-ветэрынарных норм для ўсіх вытворцаў прадукцыі птушкаводства.

Дэпутат Зямчонак С.Р. звярнуў увагу Намесніка Прэм’ер-міністра на недастатковы ўзровень асвятлення ў сродках масавай інфармацыі паспяховых прыкладаў рэалізацыі ў краіне розных інвестыцыйных праектаў.

Дэпутат Канапацкая Г.А. спытала ў М.І.Русага, у чым прычыны пагаршэння асноўных паказчыкаў дзейнасці сельскагаспадарчай галіны і як можа адбіцца на яе развіцці пашырэнне прыватнай уласнасці на зямлю, а таксама пацікавілася яго меркаваннем пра тое, якія крыніцы павышэння ўзроўню кадравага патэнцыялу сельгаспрадпрыемстваў.

Дэпутат Рыбак А.А. задаў пытанне аб эфектыўнасці выкарыстання прыродных рэсурсаў у сельскай гаспадарцы і наколькі навукова абгрунтаваны аб’ёмы мінеральных угнаенняў, якія ўжываюцца прадпрыемствамі галіны.

Дэпутат Цацоха А.У. спытаў у віцэ-прэм’ера, якія перспектывы здабычы даламіту ў Беларуси.

Дэпутат Шчэпаў У.А. звярнуўся да М.І.Русага з пытаннем, ці разглядаецца ў цяперашні час Урадам магчымасть пашырэння ўдзелу прыватнага бізнесу ў ільнаводчай галіне.

Дэпутат Дзевятоўскі В.А. пацікавіўся пра тое, наколькі беларускія спажыўцы забяспечаны айчыннымі рыбапрадуктамі, які экспартны патэнцыял у нацыянальных вытворцаў, а таксама наколькі адрозніваецца па якасці чорная ікра беларускай вытворчасці ад імпартнай.

Далей пытанні парламентарыі задавалі членам Урада.

Дэпутат Сопікава А.М. выказала падзяку Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за актыўны ўдзел у вырашэнні праблемы вывазу і ўтылізацыі пестыцыдаў і ядахімікатаў з пахаванняў на тэрыторыі Слонімскага раёна і спытала першага намесніка Міністра Малкіну І.В. аб мерах, якія збіраецца распачаць яе міністэрства ў далейшым па ўтылізацыі ядахімікатаў у краіне.

Дэпутат Анісім А.М. пацікавілася ў Міністра транспарту і камунікацый Сівака А.А. аб планах па развіцці сеткі рэгіянальных пасажырскіх аўтаперавозак.

Дэпутат Паліціка В.С. адрасавала сваё пытанне Старшыні дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Назаранку В.У. Яна канстатавала, што вытворцы энэргаспажывецкай прадукцыі абавязаны пацвярджаць энергаэфектыўнасць сваіх тавараў, і папрасіла В.У.Назаранку патлумачыць, як гэта мера паўплывае на айчынных вытворцаў, імпарцёраў і спажывецкі рынак.

Дэпутат Улаховіч М.Д. спытаў у намесніка Міністра архітэктуры і будаўніцтва Семянкевіча Д.І., які сабекошт квадратнага метра жылля, што будуецца ў г. Мінску.

Дэпутат Марачкава Т.Б. папрасіла намесніка Міністра па падатках і зборах Сяліцкую Э.А. расказаць пра змяненні, якія мяркуецца ўнесці ва Указ Кіраўніка дзяржавы «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Шэраг пытанняў парламентарыі задалі намесніку Міністра энэргетыкі Закрэўскаму В.А.

Дэпутат Зямчонак С.Р. пацікавіўся, чым абумоўлена розніца ў механізме аплаты за электраэнергію для буйных і дробных суб’ектаў гаспадарання, і калі будзе прымяняцца адзіны для ўсіх падыход.

Дэпутат Рыбак А.А. спытаў у намесніка Міністра, як яму бачыцца далейшая стратэгія развіцця энэргавытворчай галіны ў краіне і якія для гэтага плануецца прыцягнуць крыніцы інвесціравання.

Дэпутат Хішчанка А.П. папрасіў В.А.Закрэўскага ўдакладніць парадак выдзялення квот для будаўніцтва аб’ектаў зялёнай энэргетыкі.

Дэпутат Вабішчэвіч П.А. звярнуўся з просьбай да намесніка Міністра растлумачыць механізм аплаты за карыстанне і абслугоўванне сеткі вулічнага асвятлення ў сельскай мясцовасці.

Усяго ў ходзе пасяджэння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі задалі членам Урада 21 пытанне. 

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць