Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


24.10.2019

24 кастрычніка 2019 года ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Міхневіча В.У. з дэлегацыяй кіраўніцтва Офіса па пытаннях маніторынгу і барацьбы з гандлем людзьмі Дзяржаўнага дэпартамента Злучаных Штатаў Амерыкі і Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.

Адкрываючы сустрэчу, В.У.Міхневіч цёпла вітаў членаў амерыканскай дэлегацыі і выказаў падзяку старшаму намесніку дырэктара Офіса па пытаннях маніторынгу і барацьбы з гандлем людзьмі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Кэры Джонстоўн і Часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур за магчымасць сумесна абмеркаваць важныя пытанні, якія тычацца барацьбы з гандлем людзьмі. Ён адзначыў, што ў апошнія гады праблема гандлю людзьмі, уключаючы працоўную і сэксуальную эксплуатацыю, набывае ўсё большае міжнароднае значэнне. Нягледзячы на тое, што гэтае пытанне для Беларусі не меў такіх маштабаў, як у іншых краінах былога СССР, наша рэспубліка першай на постсавецкай прасторы разгарнула шырокамаштабную кампанію барацьбы з гэтым злом.

Так, В.У.Міхневіч адзначыў, што яшчэ ў 2005 годзе на саміце ААН Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выставіў ініцыятыву аб актывізацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі, а па ініцыятыве Беларусі пры актыўнай падтрымцы дзяржаў — членаў ААН 30 ліпеня 2010 года Генеральнай Асамблеяй ААН прыняты Глабальны план дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі.


Старшыня Пастаяннай камісіі нагадаў членам амерыканскай дэлегацыі аб тым, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам найважнейшых міжнародных дагавораў у галіне процідзеяння гандлю людзьмі, палажэнні якіх прадугледжваюць крыміналізацыю дзеяннящ, звязаных з гандлем людзьмі, а таксама выдачу (экстрадыцыю) асоб, вінаватых у злачынствах, звязаных з гандлем людзьмі, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам дзяржаў-удзельніц. З 2002 года ў Беларусі рэалізуюцца комплексныя дзяржаўныя праграмы па супрацьдзеянні гандлю людзьмі, у цяперашні час — праграма на 2017 — 2019 гады, у якой асаблівы акцэнт зроблены на папярэджанне гандлю людзьмі, абарону і рэабілітацыю ахвяр такога гандлю.

Асобна В.У.Міхневіч падкрэсліў ролю Парламента краіны ў супрацьдзеянні гандлю людзьмі шляхам удасканалення заканадаўства. У прыватнасці, ён адзначыў, што за кароткі тэрмін у краіне прыняты неабходныя меры па ўдасканаленні і прывядзенні да міжнародных стандартаў нацыянальнага заканадаўства. Дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі», у якім заканадаўча ўрэгуляваны праблемныя пытанні ў такіх сферах, як працаўладкаванне і навучанне за мяжой, міжнароднае ўсынаўленне, дзейнасць турыстычных, шлюбных і мадэльных агенцтваў, замацавана паняцце «ахвяра гандлю людзьмі», вызначаны меры па іх абароне і рэабілітацыі.

Дэпутат праінфармаваў гасцей, што ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь у 2005, 2008, 2015 і 2019 гадах унесены змяненні і дапаўненні ў частцы гандлю людзьмі, і зараз у Беларусі дзейнічаюць 6 саставаў злачынстваў, якія крыміналізуюць гандаль людзьмі і звязаныя з ім дзеянні, ахопліваюць усе віды і формы «сучаснага рабства». Максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў са штрафам. Акрамя таго, у асобную групу вынесены 2 саставы злачынстваў, звязаныя з парнаграфіяй, у тым ліку дзіцячай. Пакаранне за дзіцячую парнаграфію — пазбаўленне волі тэрмінам да 13 гадоў са штрафам.

Ён таксама нагадаў, што з 2007 года ў Беларусі функцыянуе створаны пры падтрымцы Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Міжнародны вучэбны цэнтр, на базе якога праходзяць падрыхтоўку беларускія і замежныя спецыялісты праваахоўных і іншых профільных органаў па пытаннях процідзеяння гандлю людзьмі, прафілактыкі і мінімізацыі сацыяльных наступстваў гэтага злачынства, ідэнтыфікацыі і аказання дапамогі пацярпелым.

В.У.Міхневіч падкрэсліў, што ў працы па супрацьдзеянні гандлю людзьмі беларускія дзяржаўныя органы актыўна ўзаемадзейнічаюць з беларускімі і міжнароднымі грамадскімі арганізацыямі ў галіне павышэння дасведчанасці і абароны правоў ахвяр гандлю людзьмі, у прыватнасці Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа, МГА «Гендарныя перспектывы», «Ла Страда» і інш.

Канструктыўнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы склалася таксама з міжнароднымі арганізацыямі, установамі сістэмы ААН, уключаючы Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці, Міжнародную арганізацыю па міграцыі, Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека, Упраўленне Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў, ЮНІСЕФ, ПРААН, ЮНФПА і інш.


У сваю чаргу, Д.Мур і К.Джонстоўн падзякавалі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў за сардэчны прыём на беларускай зямлі і прадстаўленую магчымасць сустрэчы з беларускімі калегамі ў Палаце прадстаўнікоў, распавялі аб дзейнасці Пасольства ЗША і Офіса Дзяржаўнага дэпартамента ЗША па пытаннях маніторынгу і барацьбы з гандлем людзьмі, праінфармавалі беларускіх парламентарыяў аб місіі амерыканскай дэлегацыі ў Беларусі, станоўча ацанілі ініцыяваныя Рэспублікай Беларусь меры, накіраваныя на ўмацаванне каардынацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.

З асаблівым задавальненнем імі былі адзначаныя факты карэкціроўкі беларускага заканадаўства ў частцы зніжэння тэрмінаў пакарання па «антынаркатычным» артыкуле Крымінальнага кодэкса і прыняцця амністыі для непаўналетніх, у тым ліку асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў.

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы выказалі ўпэўненасць, што атмасфера даверу і ўзаемаразумення паміж беларускімі парламентарыямі, Пасольства ЗША і офіса Дзяржаўнага дэпартамента ЗША па пытаннях маніторынгу і барацьбы з гандлем людзьмі будзе і далей спрыяць творчаму абмеркаванню сумесных праектаў, а вынікі іх рэалізацыі будуць нязменна мець практычную накіраванасць.

У сустрэчы, якая насіла дзелавы і канструктыўны характар, з амерыканскага боку прынялі ўдзел намеснік дырэктара Офіса па пытаннях маніторынгу і барацьбы з гандлем людзьмі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Кэтрын Кэй, супрацоўнік па глабальных пытаннях Офіса па пытаннях палітыкі і па глабальных пытаннях Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Меліса Дымек, аналітык Офіса па пытаннях маніторынгу і барацьбы з гандлем людзьмі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Эндру Пфендэр, першы сакратар Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Крыстафер Маккейб; з беларускага — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Атрошчанка П.А., Багдановіч А.В., Місявец В.Р., Старынская Т.А., службовыя асобы Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, міністэрстваў замежных і ўнутраных спраў.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць