Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


26.06.2017

26 чэрвеня 2017 года адбылося сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытаннях дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада Рэспублікі Беларусь.

Перад парламентарыямі выступіў Першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мацюшэўскі В.С. з дакладам на тэму «Аб развіцці эканомікі Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах».

Першы намеснік Прэм’ер-міністра праінфармаваў парламентарыяў аб тым, што Беларусь паступова выходзіць на траекторыю аднаўлення эканомікі. Мэтавая задача па тэмпах росту ВУП на першае паўгоддзе выконваецца з апярэджаннем — 100,9 працэнта (пры заданні 100,2 працэнта), заявіў Першы віцэ-прэм’ер. Рост інфляцыі знаходзіцца на мінімальным узроўні (2,7 працэнта пры прагнозе на паўгоддзе 6,7 працэнта). Зніжаецца працэнтная нагрузка на рэальны сектар эканомікі. Стаўка ў 15 працэнтаў па новых крэдытах для юрыдычных асоб — мінімальны ўзровень за ўсю мінулую пяцігодку.

У ліку пазітыўных тэндэнцый В.С.Мацюшэўскі адзначыў паляпшэнне фінансавых вынікаў работы арганізацый. Рэнтабельнасць продажаў вырасла да 7,4 працэнта (з 6,6 працэнта ў студзені — красавіку 2016 года). У 2,8 раза павялічаны чысты прыбытак, у той час як чыстая страта ў разліку на адну стратную арганізацыю знізілася на 32 працэнты.

Выконваюцца заданні па зніжэнні ўзроўню затрат. Пераадолена двухгадовая тэндэнцыя зніжэння рэальнай заработнай платы. Яе рост адзначаецца на працягу трох месяцаў. У цэлым па эканоміцы захавана ўвязка росту заробкаў з прадукцыйнасцю працы, падкрэсліў Першы намеснік Прэм’ер-міністра.


Ён таксама растлумачыў, што рост ВУП забяспечваецца галоўным чынам за кошт знешняга попыту. Спрыяльная знешняя кан’юнктура дазваляе нарошчваць экспарт высокімі тэмпамі (119,5 працэнта ў студзені — красавіку 2017 года). Пры гэтым апераджальнымі тэмпамі расце не сыравінны, а менавіта тэхналагічны экспарт. В.С.Мацюшэўскі адзначыў, што за чатыры месяцы Беларусь экспартавала інвестыцыйных тавараў амаль у 1,5 разы больш, чым у мінулым годзе, што сведчыць пра тэндэнцыю якаснага паляпшэння структуры экспарту.

Першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што золатавалютныя рэзервы з пачатку года выраслі больш чым на 300 млн. долараў ЗША. Пры гэтым валютныя даўгі дзяржавай пагашаюцца своечасова і ў патрабаваным аб’ёме. На плацежным балансе краіны і золатавалютных рэзервах пазітыўна адбіваецца тое, што знешні гандаль збалансаваны, а сальда захоўваецца на дадатным узроўні (каля 120 млн. долараў ЗША, або 0,7 працэнта да ВУП).

В.С.Мацюшэўскі расказаў, што большасць галін, за выключэннем будаўніцтва, дэманструюць станоўчую дынаміку. Асноўным драйверам росту выступае прамысловасць. Найбольшую аддачу паказваюць дрэваапрацоўка і цэлюлозна-папяровая вытворчасць, вытворчасць хімічных прадуктаў і лёгкая прамысловасць.

Першы віцэ-прэм’ер заявіў, што сітуацыя ў машынабудаванні стабілізавана. Вытворчасць машын вырасла на 19,3 працэнта, электраабсталявання — на 9,1 працэнта. Вырабленая прадукцыя паспяхова рэалізуецца, пра што сведчыць самы нізкі за апошнія пяць гадоў узровень складскіх запасаў.

В.С.Мацюшэўскі расказаў таксама аб мерах, якія прымае Урад, каб замацаваць станоўчыя тэндэнцыі ў прамысловым сектары, рабоце па зніжэнні даўгавых абавязацельстваў арганізацый і фарміраванні станоўчага сальда іх грашовых патокаў.

Гэтая дзейнасць прадугледжвае рэструктурызацыю назапашаных даўгоў. Тут два асноўныя механізмы— «продаж» запазычанасці з выкарыстаннем выпуску каштоўных папер (аблігацый) спецыяльнымі фінансавымі арганізацыямі і схема расчысткі даўгоў за кошт трыяды «банкі — бюджэт — прадпрыемства» з канвертаваннем даўгоў у акцыі арганізацыі, спісаннем астатку запазычанасці або продажам яе з дысконтам стратэгічнаму інвестару.

Прадугледжваецца таксама прамая падтрымка з бюджэту асобных арганізацый, якія маюць важнае значэнне для эканомікі, — пад задачы зніжэння затрат і аптымізацыі залішняй колькасці. Акрамя таго, ажыццяўляецца падтрымка ўнутранага рынку за кошт пралангіравання на бягучы год Указа Кiраўнiка дзяржавы № 146 аб фінансаванні закупкі тэхнікі і абсталявання, а таксама падтрымка экспарту ў рамках указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 466 і 534.

У 2017 годзе прыняты меры па зніжэнні затрат арганізацый прамысловасці. Асобным арганізацыям кампенсавана частка працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Па некаторых энэргаёмістых прамысловых арганізацыях прынята рашэнне аб дадатковым зніжэнні з 1 мая 2017 года тарыфаў на электра- і цеплаэнергію. У сукупнасці з фінансавай рэструктурызацыяй усе пералічаныя меры забяспечаць рост рэальнага сектара эканомікі, рэзюмаваў Першы віцэ-прэм’ер.

У мэтах зрушэння таварнай структуры экспарту ў бок складанай тэхнічнай прадукцыі праведзена мадэрнізацыя нацыянальнай сістэмы яго падтрымкі і развіцця. В.С.Мацюшэўскі растлумачыў, што новыя механізмы заснаваны на перадавых сусветных практыках. Яны прадугледжваюць крэдытаванне канцавых пакупнікоў (нерэзідэнтаў) беларускай прадукцыі, а не бягучай дзейнасці прадпрыемства; экспартнае крэдытаванне толькі праз Банк развіцця; крэдытаванне ў рамках зацверджанага пераліку тэхнічна складаных тавараў з высокім дабаўленым коштам, набыццё якіх патрабуе доўгатэрміновага крэдытавання. Яшчэ адзін прынцып — субсідзіраванне працэнтных ставак нерэзідэнтам, уключаючы банкі і лізінгавыя кампаніі, якія прадстаўляюць крэдыты для набыцця беларускай тэхнікі і міжнародны лізінг, паведаміў В.С.Мацюшэўскі.

Першы намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў, што для Беларусі экспарт застаецца прыярытэтам дзяржаўнага маштабу. Ставяцца дзве асноўныя задачы — таварная і краінавая дыверсіфікацыя. У 2020 годзе экспартны кошык павінен складацца з трох сегментаў сусветнага рынку ў роўных прапорцыях: рынак ЕАЭС, рынак ЕС і рынкі іншых краін, растлумачыў ён.

У бягучым годзе працягваецца работа па ўдасканальванні нацыянальнай сістэмы адміністравання знешнегандлёвай дзейнасці, сказаў Першы віцэ-прэм’ер. Кіраўніком дзяржавы падпісаны Указ, які прадугледжвае павелічэнне тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый пры экспарце з 90 (па дагаворах камісіі — 120) да 180 каляндарных дзён, пры імпарце — з 60 да 90 дзён. Ён падкрэсліў, што ад паспяховай рэалізацыі задачы па лібералізацыі валютнага заканадаўства залежаць павелічэнне экспарту і рост валютнай выручкі суб’ектаў гаспадарання, прыцягненне доўгатэрміновага знешняга фінансавання і забеспячэнне інавацыйнага шляху развіцця эканомікі.

В.С.Мацюшэўскі праінфармаваў парламентарыяў аб аднаўленні вытворчасці ў сельскагаспадарчых арганізацыях, што знаходзяцца ў санацыі (23 працэнты ад агульнай колькасці), якія атрымалі пакет мер падтрымкі і здольных паказаць станоўчыя вынікі бягучай дзейнасці ва ўмовах знятай нагрузкі.

Асноўнае патрабаванне да планаў санацыі такіх прадпрыемстваў — дакладнае адлюстраванне выхаду праз тры гады на нармальную работу. Пры гэтым у цэлым сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны дэманструюць паляпшэнне фінансавых паказчыкаў. Тэмп вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі за студзень — май бягучага года склаў 100,1 працэнта. Зніжэнне ў параўнанні з папярэднімі месяцамі чаканае і тлумачыцца позняй вясной і затрымкай росту травы.

Па словах В.С.Мацюшэўскага, Урад актыўна працуе над прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2018 год і асноўных параметраў да 2020 года. Праект Канцэпцыі прагнозу прадугледжвае два сцэнарыі развіцця эканомікі — мэтавы (для прагнозу) і кансерватыўны (для фарміравання бюджэту).

У кансерватыўным сцэнарыі ўзяты больш стрыманыя ацэнкі развіцця як нацыянальнай эканомікі, так і знешніх рынкаў. Гэты сцэнарый прадугледжвае ацэнку ВУП 2018 года ў 101,1 працэнта. Тут улічаны і эфект росту базы прамысловасці да канца мінулага года, і калійны прастой, і сітуацыя ў будаўнічай галіне, заявіў В.С.Мацюшэўскі. Пры гэтым жа сцэнарыі цана на нафту маркі URALS у 2018 годзе прынята на ўзроўні 40 далараў ЗША, курс расійскага рубля да долара — 70 рублёў, прырост расійскай эканомікі — не вышэй за паўтарапрацэнта. Мэтавы ж сцэнарый прадугледжвае выхад на асноўныя паказчыкі праграмы пяцігодкі, што прадугледжвае рэалізацыю запланаваных мер эканамічнай палітыкі, якія ствараюць стымулы для паскарэння эканамічнага росту, растлумачыў Першы намеснік Прэм’ер-міністра.

Па завяршэнні дакладу В.С.Мацюшэўскі адказаў на пытанні парламентарыяў.

Дэпутат Маркевіч А.І. спытаў, калі будзе прыняты пакет дакументаў па паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу і ці мяркуецца ўнясенне змяненняўу заканадаўства ў мэтах дэкрыміналізацыі асобных відаў эканамічнай дзейнасці.

Дэпутат Рыбак А.А. папрасіў Першага намесніка Прэм’ер-міністра расказаць аб асноўных выніках і перспектывах работы, якая праводзіцца Урадам па рэфармаванні дзяржаўнай уласнасці.

Дэпутат Барадзеня В.А. пацікавіўся ў В.С.Мацюшэўскага, наколькі эфектыўна змогуць суб’екты гаспадарання выкарыстаць прававыя інструменты, закладзеныя ў праекце Закона «Аб інвестыцыйных фондах», для аздараўлення фінансавай сітуацыі.

Дэпутат Гуйвік Н.В. звярнула ўвагу Першага віцэ-прэм’ера на шматлікія звароты грамадзян, якія паказваюць на адсутнасць нарматыўных актаў, што рэгулююць пытанні стварэння і развіцця садаводчых таварыстваў.

Дэпутат Паліціка В.С. завострыла праблему нерацыянальнага размеркавання паміж рэспубліканскім і мясцовымі бюджэтамі сродкаў ад збірання транспартнага падатку, якія накіроўваюцца на рамонт дарожна-вулічнага фонду. На думку парламентарыя, пры фарміраванні бюджэтна-падатковай палітыкі на 2018 год мэтазгодна прадугледзець выдзяленне 70 працэнтаў гэтых сродкаў менавіта ў мясцовыя бюджэты, а для рамонту рэспубліканскіх дарог шырэй выкарыстоўваць механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Дэпутат Брыч Л.Р. адзначыў, што ў многіх краінах, у тым ліку постсавецкай прасторы, прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці з’яўляецца важным сродкам папаўнення дзяржаўнага бюджэту і зніжэння знешніх запазычанняў. У сувязі з гэтыя ён пацікавіўся, ці маецца ва Урадзе праграма развіцця прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці.

Дэпутат Качына Л.І. спытаў, ці існуюць ва Урадзе даныя, якія дазваляюць ацаніць, наколькі ўплывае на павышэнне эфектыўнасці кіравання прадпрыемствамі практыка іх перадачы ў камунальную ўласнасць, а няпрофільных актываў — на мясцовы бюджэт.

Дэпутат Філіповіч Г.В. задала пытанне аб эканамічным парадку дня, які мяркуецца разгледзець на сустрэчы прэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў рамках чацвёртага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Дэпутат Гайдукевіч В.У. папрасіў В.С.Мацюшэўскага растлумачыць методыку разліку сярэдняй заработнай платы.

Дэпутат Сокал А.М. спытаў, ці існуюць ва Урадзе планы, накіраваныя на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў краіне і ўзмацненне абароны правоў інвестараў.

Дэпутат Старавойтаў А.Г. абазначыў праблему свабоднага доступу прадукцыі тэкстыльных прадпрыемстваў яго выбарчай акругі на расійскі рынак і прапанаваў разгледзець гэтае пытанне ў Еўразійскай эканамічнай камісіі, а таксама пацікавіўся, ці існуе магчымасць паскорыць выдачу крэдыту ААТ «Беларусбанк» Магілёўскаму металургічнаму заводу для вырашэння вытворчых задач.

Дэпутат Сайганава Т.І. праінфармавала Першага намесніка Прэм’ер-міністра, што ад гандлёвых арганізацый паступаюць скаргі на дзеянні асобных грамадскіх аб’яднанняў спажыўцоў, якія пры выяўленні нязначных парушэнняў у рабоце такіх арганізацый навязваюць ім дарагія адукацыйныя паслугі для іх спецыялістаў.

Дэпутат Рыбак А.А. прапанаваў Ураду аптымізаваць парадак фінансавання грамадскіх арганізацый, якія аказваюць юрыдычныя паслугі.

Дэпутат Гайдукевіч В.У. папрасіў Першага віцэ-прэм’ера патлумачыць парадак утылізацыі пратэрмінаваных прадуктаў харчавання.

Далей на пытанні парламентарыяў адказвалі члены Урада.

Звяртаючыся да Міністра працы і сацыяльнай абароны Касцевіч І.А., дэпутат Цупрык Л.А. завастрыў праблему недасканаласці парадку налічэння пенсій асобным работнікам сельскай гаспадаркі і адукацыі.

Дэпутат Кананчук Т.П. звярнула ўвагу намесніка Міністра фінансаў Кійко Д.М. на неабходнасць зняць абмежаванні на падтрымку індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў Магілёўскай вобласці, у сувязі з тым што гэтыя будынкі могуць быць выкарыстаны для патрэб суб’ектаў гаспадарання, што будзе спрыяць развіццю дзелавой ініцыятывы.

Дэпутат Мілашэўскі В.С. перадаў Д.М.Кійко просьбу сваіх выбаршчыкаў разгледзець пытанне аб удасканаленні працэдуры допуску аўтатранспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Гаворка ідзе перш за ўсё аб тым, што пры змене ўласніка аўтатранспартны сродак павінен паўторна праходзіць платную працэдуру тэхагляду.

Дэпутат Паліціка В.С. звярнула ўвагу, што ў апошнія гады зніжаецца сума збораў пошліны, якая спаганяецца пры праходжанні тэхнічнага агляду. Такая тэндэнцыя, на думку парламентарыя, звязана з неэфектыўным размеркаваннем сродкаў паміж рэспубліканскім і мясцовымі бюджэтамі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанка У.П. прапанаваў разгледзець пытанні, звязаныя з транспартным падаткам, у рамках падрыхтоўкі праекта рэспубліканскага бюджэту на 2018 год.

Дэпутат Шчэпаў У.А. папрасіў старшыню Беларускага дзяржаўнага канцэрна «Беллегпрам» ЯфімчыкаМ.В. надаць большую ўвагу сітуацыі, звязанай з далейшым развіццём прадпрыемства «Рэчыцкі тэкстыль».

Дэпутат Жыбуль Н.П. прыцягнула ўвагу першага намесніка Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі ПаскробкіА.Р. да таго, што пасля ўкаранення сістэмы аплаты камунальных паслуг АРІП таварыствы ўласнікаў апынуліся ў няроўных умовах у параўнанні з тымі, хто карыстаецца паслугамі службаў ЖКГ.

Дэпутат Ніжэвіч Л.І. вярнулася да пытання аб стане дарог і вуліц, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ, у аграгарадках і раённых цэнтрах. Гэтую тэму падтрымаў і дэпутат Гайдукевіч В.У., які ўказаў намесніку Міністра транспарту і камунікацый Ляхновічу А.А. на дрэнную якасць нядаўна пабудаваных дарог.

Дэпутат Мартынаў І.Ф., звяртаючыся да намесніка Міністра транспарту і камунікацый, зноў уздняў праблему транспартнага збору. Паводле яго слоў, некаторыя адукацыйныя арганізацыі, якія маюць транспартныя сродкі, вымушаны выплачваць гэты збор двойчы ў год.

Усяго ў ходзе пасяджэння парламентарыі задалі членам Урада 29 пытанняў.                                                          

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць