27.11.2018

27 лістапада 2018 года Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы правяла круглы стол на тэму «Аб удасканаленні заканадаўства аб культуры ў частцы арганізацыі і правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях пры аварыйных сітуацыях».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, адказныя работнікі Міністэрства культуры, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, праектных інстытутаў і іншых арганізацый. У рабоце круглага стала таксама прыняў удзел пратаіерэй Міхаіл Ізаітка, благачынны Глыбоцкага благачыння Полацкай епархіі.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня камісіі Марзалюк І.А. адзначыў, што ў ходзе правапрымянення Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, які ўступіў у сілу 3 лютага 2017 года, выявіліся праблемныя моманты ў частцы арганізацыі і правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях пры аварыйных сітуацыях, якія патрабуюць прапрацоўкі і абмеркавання.


Пратаіерэй Міхаіл Ізаітка, спасылаючыся на прыклад праваслаўнай абшчыны храма ў в. Верхняе (Глыбоцкі раён), прапанаваў спрасціць патрабаванні да правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на культавых будынках — помніках архітэктуры рэгіянальнага значэння, што асабліва актуальна пры аварыйных сітуацыях, калі надзвычай важная ў ліквідацыі пашкоджанняў аператыўнасць. Так, праваслаўная абшчына, якая з’яўляецца ўласнікам храма, у мэтах ліквідацыі пашкоджання ўчастка даху, выкліканага ўраганам, зрабіла без праектнай дакументацыі замену ўсяго дахавага пакрыцця, за што на абшчыну было накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Сматрэнка А.С. патлумачыла, што варта было зрабіць уласніку храма, каб застацца ў рамках прававога поля, а таксама расказала аб практыцы прымянення Кодэкса аб культуры ў частцы арганізацыі і правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях і аб яго заканадаўчых праліках.


Аб адсутнасці належнага кантролю з боку мясцовых органаў улады за захаванасцю культавых будынкаў — помнікаў архітэктуры і аб шляхах удасканалення дзеючага заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны расказаў член праўлення фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Чарняўскі І.М.

Узнятыя ў выступленнях пытанні кампетэнцыі мясцовых органаў улады, якасці рамонтна-рэстаўрацыйных работ, дэфіцыту кваліфікаваных будаўнічых кадраў, падрыхтоўкі і запатрабаванасці архітэктараў-рэстаўратараў выклікалі сярод удзельнікаў круглага стала ажыўленую дыскусію.


Пры абмеркаванні перспектыў удасканалення Кодэкса аб культуры вызначана такая асаблівасць заканадаўчага забеспячэння аховы гісторыка-культурнай спадчыны, як роскід нормаў па розных прававых актах (Кодэкс аб культуры, законы аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, аб мясцовым кіраванні і самакіраванні), што ў правапрымяненні стварае пэўныя нязручнасці.

З каментарыем аб сферы дзеяння Закона Рэспублікі Беларусь «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» і яго патрабаваннях адносна гісторыка-культурных каштоўнасцей выступіла прадстаўнік Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Паўлава Г.Г.


Пры падвядзенні вынікаў удзельнікі пасяджэння пагадзіліся з меркаваннем Марзалюка І.А. аб неабходнасці ўвядзення ліцэнзавання рамонтна-рэстаўрацыйнай дзейнасці на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны і вызначылі наступныя напрамкі ўдасканалення Кодэкса аб культуры:

надзяленне Міністэрства культуры паўнамоцтвамі на выданне нарматыўных прававых актаў у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны;

устанаўленне кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па маніторынгу гісторыка-культурных каштоўнасцей і садзейнічанні іх уласнікам у правядзенні мерапрыемстваў па захаванні і выкарыстанні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны;

устанаўленне абавязку ўласнікаў помнікаў архітэктуры па маніторынгу тэхнічнага стану помнікаў у мэтах недапушчэння і ўстаранення прычын узнікнення разбурэнняў і пашкоджанняў помнікаў, іх канструкцый і элементаў.

 

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць