Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


29.06.2018

29 чэрвеня 2018 года адбылося сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у ходзе якога члены Урада адказалі на пытанні парламентарыяў.

У пачатку пасяджэння намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Жарко В.І. выступіў з дакладам на тэму «Аб пытаннях развіцця сацыяльнай сферы».


Характарызуючы сітуацыю, якая склалася ў сферы аховы здароўя, намеснік Прэм’ер-міністра адзначыў яе як досыць станоўчую. Дзякуючы мерам, якія прымаюцца дзяржавай у гэтай галіне, сярэдняя працягласць жыцця ў краіне складае сёння 74,3 года. Па такім крытэры, як ахова мацярынства і дзяцінства, Беларусь займае 25 месца ў свеце. Дзіцячая смяротнасць у краіне не перавышае 2,1 выпадка на 1000 насельніцтва.

Віцэ-прэм’ер таксама адзначыў работу па аснашчэнню медыцынскіх устаноў сучасным абсталяваннем, укараненню інавацыйных тэхналогій і развіццю фармакалагічнай галіны. Дзякуючы гэтым намаганням атрымоўваецца павышаць узровень аказання медыцынскіх паслуг насельніцтву.

У якасці асноўных задач развіцця галіны В.І.Жарко назваў рэалізацыю праекта электроннай аховы здароўя і культываванне здаровага ладу жыцця. Выкананне апошняй задачы ён прапанаваў улічваць пры ацэнцы работы мясцовых уладаў. Неабходна як мага шырэй рэалізоўваць у краіне такія праекты, як «Здаровы клас», «Школа – тэрыторыя здароўя», «Здаровы горад», падкрэсліў ён. Самым актыўным чынам трэба процідзейнічаць алкагалізацыі насельніцтва, спажывання тытуню. У краіне створаны ўсе ўмовы, каб захаваць здароўе насельніцтва, фарміруючы яго з маладога ўзросту і падтрымліваючы да старасці, упэўнены віцэ-прэм’ер.

Далей намеснік Прэм’ер-міністра спыніўся на пытаннях сацыяльнага забеспячэння насельніцтва. У прыватнасці ён адзначыў, што працоўныя пенсіі ў Беларусі з 1 мая павялічаны ў сярэднім на 5,4 працэнта. Але да канца года будзе праведзены яшчэ адзін пераразлік працоўных пенсій з улікам росту сярэдняй заработнай платы ў краіне і развіцця эканомікі ў цэлым.

Прыярытэтам Урада ў сацыяльнай сферы ён назваў меры, накіраваныя на падтрымку сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. У рамках праграмы сямейнага капіталу ў 2017 годзе было адкрыта 16,8 тыс. дэпазітных рахункаў на суму 168 млн. дол. ЗША. Усяго ж з пачатку дзеяння праграмы адкрыта 54 тыс. такіх рахункаў на агульную суму каля 540 млн. дол. ЗША.

Закранаючы пытанні развіцця сістэмы адукацыі, В.І.Жарко праінфармаваў парламентарыяў, што да канца 2025 года будзе поўнасцю вырашана пытанне крокавай даступнасці дзіцячых садкоў.

Гаворачы аб удасканаленні сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, віцэ-прэм’ер адзначыў, што ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы Урадам разгорнута работа па падрыхтоўцы новых падручнікаў і перагляду навучальных праграм. У ёй актыўна задзейнічаны настаўнікі-практыкі. У мінулым годзе дапрацавалі ўсе навучальныя праграмы, цяпер ідзе падрыхтоўка новага пакалення падручнікаў. Да 1 верасня 2019 года будуць выдадзены 118 новых навучальных дапаможнікаў, у тым ліку 54 з іх выйдуць у свет у 2018 годзе.

Намеснік прэм’ер-міністра закрануў некаторыя змяненні, якія адбудуцца ў новым навучальным годзе. У прыватнасці, з 1 верасня на старэйшай ступені школы з’явіцца працоўнае навучанне. Старшакласнікі атрымаюць магчымасць набыць неабходныя прафесійныя навыкі і адпаведную кваліфікацыю, а для некаторых з іх гэта стане дадатковай падставай зрабіць свой далейшы выбар на карысць рабочай прафесіі. Неабходна перагледзець змест вучэбных праграм па фізкультуры, павялічыць лік гурткоў і секцый. Заняткі фізкультурай павінны стаць неад’емнай часткай ладу жыцця маладых людзей, упэўнены В.І.Жарко.

Віцэ-прэм’ер таксама спыніўся на такім складніке якаснага адукацыйнага працэсу, як харчаванне дзяцей. Павялічаны грашовыя нормы расходаў на харчаванне, распрацаваны і будуць рэалізаваны рэгіянальныя праграмы тэхнічнага перааснашчэння харчблокаў, значна ўзмоцнены кантроль за арганізацыяй харчавання ўсіх катэгорый навучэнцаў. З новага навучальнага года пачне дзейнічаць адзіны падыход да парадку цэнаўтварэння. Усе пытанні будуць рэгулявацца цэнтралізавана выключна Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Па завяршэнні дакладу намеснік Прэм’ер-міністра адказаў на пытанні парламентарыяў.

Дэпутат Паліціка В.С. засяродзіла ўвагу В.І.Жарко на пытаннях дзяржаўнага рэгулявання ў галіне аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый.

Дэпутат Зямчонак С.Р. падняў праблему роўнасці правоў грамадзян Беларусі і замежных грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у атрыманні медыцынскай дапамогі.

Дэпутат Рыбак А.А. папрасіў віцэ-прэм’ера патлумачыць, якія меры плануе прыняць Урад па развіцці дзіцячага і юнацкага хакея ў краіне.

Дэпутат Няхайчык А.У. звярнула ўвагу намесніка Прэм’ер-міністра на праблему забеспячэння жыллём дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дэпутат Дарафеева І.А. пацікавілася ў В.І.Жарко, якімі крытэрамі кіруюцца арганізатары нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне», выбіраючы ў якасці прадстаўнікоў Беларусі на гэтым конкурсе замежных грамадзян.

Далей на пытанні парламентарыяў адказвалі члены Урада.

Дэпутат Гайдукевіч В.У. спытаў Міністра спорту і турызму, якія перспектывы развіцця папулярных у краіне неалімпійскіх відаў спорту, у якіх беларускія атлеты традыцыйна паказваюць высокія вынікі.

Дэпутат Няхайчык А.У. пацікавілася ў намесніка Міністра аховы здароўя, калі будзе даведзена да лагічнага завяршэння сістэма «Электронны рэцэпт», якая забяспечыць аптымізацыю абслугоўвання насельніцтва ў паліклініках і аптэках краіны.

Дэпутат Канапацкая А.А. папрасіла намесніка Міністра культуры высветліць пазіцыю яго ведамства з нагоды канфлікту, які ўзнік паміж абаронцамі ўрочышча «Курапаты», адміністрацыяй і наведвальнікамі рэстараннага комплексу «Поедем, поедим».

Дэпутат Гуйвік Н.В. пацікавілася ў першага намесніка Міністра эканомікі, калі будуць прыняты запатрабаваныя грамадствам заканадаўчыя рашэнні, якія рэгулююць дзейнасць садаводчых таварыстваў.

Усяго ў ходзе пасяджэння парламентарыі задалі членам Урада 12 пытанняў.
Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць