Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


29.12.2017

29 снежня 2017 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзежнай палітыцы Невар Ігар Леанідавіч наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу і павіншаваў дзяцей з надыходзячым Новым годам і Калядамі Хрыстовым.

У дзіцячым доме сямейнага тыпу ў аг. Велута 11-месячная Верачка з'явілася параўнальна нядаўна і, можна сказаць, выпадкова.

Бацькі-выхавальнікі Ніна Іванаўна і Анатоль Васільевіч Арэхва прыехалі ў дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы адведаць маленькую прыгажуню Каралінку, якая па волі нядбайных бацькоў перыядычна «падарожнічае» паміж біялагічнай сям'ёй і дзіцячым домам. Рыхтуючыся ў чарговы раз забраць дзяўчынку пад сваю апеку, у палаце заўважылі сінявокую малую, якая даверліва пазірала на кожнага, хто ўваходзіў у памяшканне.

Медыцынскі персанал не скупіўся на цёплыя словы, распавядаючы пра Верочку. Зрэшты, яны былі лішнімі: сэрца патэнцыяльнай матулі з першага погляду абрала дзяўчынку, якая, да таго ж, падалася вельмі падобнай на тату-выхавацеля. Словам, праз некаторы час у аг.Велута забіралі не адну, а двух малых.

Пра ўсё гэта бацькі-выхавальнікі Арэхва распавялі падчас наведвання дзіцячага дома сямейнага тыпу дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігару Невару і актывістам раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», якія напярэдадні Новага года вырашылі парадаваць падарункамі сямёра выхаванцаў гэтагй незвычайнай ўстановы.

Дарослым было пра што пагаварыць. Парадаваліся за Ігара Морза, які ў той дзень адправіўся на святочны ранішнік у сталіцу; абмеркавалі перспектывы далейшага лёсу яго старэйшага брата Максіма — юнак заканчвае школу і марыць аб прафесіі выратавальніка; пацікавіліся поспехамі чацвёртакласніка Кірылы Конарава і дзесяцікласніц Вікторыі Ільіч і Ганны Свірскай. У гэты час трохгадовая Каралінка Хілюк даверліва прыціскалася да мамы, на толькі ёй зразумелай дзіцячай мове спрабавала падзяліцца навінамі з гасцямі, а потым праспявала святочную песенку.

Ласкавы галасок прыцягнуў увагу маленькай Верачкі. Абхапіўшы ручкамі мяккага цацачнага пса, дзяўчынка шчыра ўсміхалася ўсіу, што адбывалася вакол. Прыемна было глядзець на атмасферу цяпла і ўзаемаразумення, што панавалі ў доме. І хоць вядома, што беспраблемнай жыццё дарослых і дзяцей, якія сабраліся пад адным дахам, не назавеш, верыцца: сямейнае адзінства кожнаму з іх дапаможа пераадолець перашкоды.

Спіс дэпутатаў: Невар Ігар Леанідавіч
Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць