Рус Бел En
03.03.2018

3 сакавіка 2018 гады адбыўся круглы стол па праекце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі».

Дадзенае мерапрыемства было праведзена Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы ў рамках работы над праектам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі».

У пасяджэнні прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, спецыялісты Мінсельгасхарча, Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржстандарта, НЦЗПІ, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», а таксама зацікаўленыя асобы некаторых арганізацый прыватнай формы ўласнасці.

Адкрываючы пасяджэнне круглага стала, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Адаменка Я.Б. падкрэсліў, што мэтай падрыхтоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі» з’яўляецца развіццё вытворчасці арганічнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь, забеспячэнне насельніцтва арганічнай прадукцыяй, захаванне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў у працэсе вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі.


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Літвін С.І., адказны за падрыхтоўку законапраекта, далажыў аб яго падрыхтоўцы да разгляду Палатай прадстаўнікоў.

Важнасць прыняцця праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі» для ўпарадкавання адносін у гэтай сферы падкрэсліў намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Гракун У.У.

Ён праінфармаваў аб развіцці вытворчасці арганічнай прадукцыі на сусветным рынку, аб увядзенні сертыфікацыі арганічнай прадукцыі і яе вытворчасці. Адзначыў, што маркіроўка арганічнай прадукцыі павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з міжнароднымі прававымі актамі, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза. Паралельна з развіццём вытворчасці ў Беларусі актыўна вядзецца навукова-даследчая работа. Дзейнічае шэраг дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, дадаў намеснік Міністра.

Удзельнікам круглага стала таксама была прадстаўлена прэзентацыя прарэктара па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта, кандыдата сельскагаспадарчых навук Тарасенкі С.А. з інфармацыяй аб уплыве стану навакольнага асяроддзя на здароўе чалавека, аб павелічэнні попыту на якасную арганічную прадукцыю. У рамках даклада былі прадстаўлены практычныя рэкамендацыі па вядзенні арганічнай сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь, распрацаваныя ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным ўніверсітэце.

З прэзентацыяй на тэму «Развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь» спецыяліст па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі Цэнтра экалагічных рашэнняў Парэчына Н.І. азнаёміла ўдзельнікаў круглага стала аб стане і развіцці арганічнай сельскай гаспадаркі, важнасці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне арганічнага земляробства, правядзенні навучальных семінараў і лекцый для фермераў і студэнтаў у сельскагаспадарчых універсітэтах краіны.

Галоўны навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Аутка А.А. у сваім выступленні адзначыў важнасць экалагізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, што дазволіць знізіць забруджванне навакольнага асяроддзя, акцэнтаваў увагу на наступствах прымянення пестыцыдаў пры апрацоўцы агародніны і бульбы.

Загадчык кафедры эканамічнай тэорыі і права Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар Гануш Г.І. далажыў аб уплыве арганічнай сельскагаспадарчай вытворчасці на развіццё фермерскіх гаспадарак і аграэкалагічных сядзіб.

У ходзе пасяджэння круглага стала адбыўся зацікаўлены абмен меркаваннямі па пытаннях арганічнай вытворчасці, сертыфікацыі такой прадукцыі і працэсах яе вытворчасці, маркіроўкі, перспектывах і праблемах арганічнай сельскагаспадарчай вытворчасці ў Рэспубліцы Беларусь у цэлым, аб эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці арганічнай сельгаспрадукцыі і аб праблемных пытаннях рэалізацыі прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці, вырабленай згодна з патрабаваннямі да працэсаў такой вытворчасці.

Выказаны прапановы, якія будуць разгледжаны пры дапрацоўцы законапраекта пры яго падрыхтоўцы да разгляду ў другім чытанні.

Удзельнікі круглага стала адзначылі прадуктыўнасць адбыўшайся сустрэчы і выказалі ўпэўненасць у тым, што развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь стане альтэрнатывай традыцыйнай сельскай гаспадарцы, будзе садзейнічаць паляпшэнню стану навакольнага асяроддзя, павышэнню якасці жыцця кожнага асобнага чалавека, забеспячэнню людзей якаснай арганічнай прадукцыяй, а таксама павышэнню яе экспартнага патэнцыялу.

Навіны па тэме аграрнай палітыцы
Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць