Рус Бел Eng

Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75           

Электронная пошта:
inform@house.gov.by

30.06.2020

30 чэрвеня 2020 года завяршыла работу другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

 




Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

 

Другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання завяршае сваю работу.

Яна праходзіла на фоне сур’ёзных змяненняў, якія закранаюць увесь свет. Супрацьстаянне дзяржаў, ускладненае наступствамі пандэміі і адсутнасцю канструктыўнага міжнароднага дыялогу, непазбежна адбілася і на сітуацыі ў нашай краіне. Спатрэбілася максімальная канцэнтрацыя намаганняў усіх органаў улады, у тым ліку Парламента, па падтрыманні эканамічнай стабільнасці, абароне жыцця і здароўя нашых грамадзян.

Усё гэта абумовіла напружаны характар парадку дня і складанасць тых задач, якія давялося вырашаць дэпутацкаму корпусу ў ходзе сесіі.

У гэты адказны для краіны перыяд намі прыняты важныя палітычныя рашэнні аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дачы згоды Кіраўніку дзяржавы на прызначэнне Прэм’ер-міністра.

Заканадаўчым вынікам сесіі стаў разгляд каля 80 дакументаў, значная частка якіх накіравана на разняволенне дзелавой ініцыятывы, паляпшэнне ўмоў гаспадарання ў краіне і прасоўванне эканамічных інтарэсаў Беларусі за мяжой.

Мы працягнулі курс на лібералізацыю асобных сфер заканадаўства. У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы дэпутацкі корпус прыняў самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы новых рэдакцый Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У пастаянных камісіях было прааналізавана каля 800 прапаноў, што паступілі ад выбаршчыкаў.

Прыняты закон «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гадоў», які даў шанец шматлікім асуджаным, у тым ліку і па 328-м артыкуле Крымінальнага кодэкса, вярнуцца да нармальнага жыцця ў грамадстве.

У ходзе сесіі ратыфікавана 37 міжнародных дагавораў, рэалізацыя якіх будзе садзейнічаць узмацненню гандлёва-эканамічных пазіцый Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, развіццю ўзаемавыгадных адносін з Іранам, Кубай, Сінгапурам, Сербіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам і шэрагам іншых краін.

Важным крокам ва ўмацаванні сувязяў з нашымі заходнімі партнёрамі стала ратыфікацыя Пагаднення з Еўрасаюзам аб спрашчэнні выдачы віз, якая ўступае ў сілу ўжо з заўтрашняга дня.

Гаворачы аб нашай міжпарламенцкай дзейнасці, варта адзначыць, што, нягледзячы на абмежаванні, уведзеныя ва ўсім свеце ў сувязі з пандэміяй, яна захавала сваю пазітыўную дынаміку.

Беларускія дэпутаты рэгулярна прымалі ўдзел у вэбінарах па лініі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, сустрэчах з парламентарыямі і кіраўнікамі дыпламатычных місій Германіі, Італіі, Расіі, ЗША, Японіі, а таксама з прадстаўнікамі шэрагу міжнародных арганізацый.

Упершыню ў рэжыме онлайн прайшлі пасяджэнні пастаянных камісій і Савета Парламенцкай Асамблеі АДКБ. Яго ўдзельнікі абмеркавалі стратэгію сістэмнага ўзаемадзеяння па забеспячэнню бяспекі ў рэгіёне і пацвердзілі сваю рашучасць супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі гісторыі і перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны.

Сур’ёзная работа праведзена па падрыхтоўцы да пяцьдзесят восьмай сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая адбудзецца ўжо на наступным тыдні. Асноўнымі прыярытэтамі для дэпутацкага корпуса тут застаюцца роўнасць правоў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання, адстойванне нацыянальных інтарэсаў у рамках Саюзнага будаўніцтва. Інтэграцыя павінна насіць узаемавыгадны характар, спрыяць эфектыўнаму развіццю эканомік нашых дзяржаў.

Толькі ўстойлівая, адаптыўная і эфектыўна кіруемая эканоміка служыць залогам сацыяльнага дабрабыту. Таму пытанні эканамічнага росту павінны заставацца ў цэнтры ўвагі дэпутатаў і ў міжсесійны перыяд.

Сёння прынцыпова важна аднавіць нармальны рытм работы эканомікі і падрыхтаваць пакет бюджэтных дакументаўна 2021 год. Дэпутаты ўжо падключыліся да гэтага працэсу, актыўна узаемадзейнічаючы з Урадам, профільнымі міністэрствамі і ведамствамі.

Наша задача – прааналізаваць сітуацыю, звязаную з пандэміяй, і прадумаць, як выкарыстоўваць патэнцыйныя магчымасці, якія яна ў сабе змяшчае, на карысць краіны.

Пры гэтым нельга забываць аб вызначэнні шляхоў далейшага развіцця. Неабходна прыстасаваць нацыянальную эканоміку да новай рэчаіснасці, робячы акцэнт на цыфравізацыі, тэхналагічных інавацыях, зменам бізнес-стратэгій і менеджменту.

Зразумела, гэтыя ідэі знойдуць сваё адлюстраванне ў новай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, у распрацоўцы якой прыме ўдзел і дэпутацкі корпус.

Пад жорсткі кантроль трэба ўзяць работу з законапраектамі эканамічнага блока. Гэта перш за ўсё змяненні ў законы аб гаспадарчых таварыствах, гандлі і грамадскім харчаванні, аб выканаўчай вытворчасці. Неабходна паскорыць іх падрыхтоўку да другога чытання і забяспечыць своечасовы разгляд.

Акрамя таго, варта актыўна падключыцца да работы профільных міністэрстваў над новай рэдакцыяй Закона аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве). Мы павінны забяспечыць яго якасную падрыхтоўку яшчэ да ўнясення ў Палату прадстаўнікоў.

З улікам правапрымяняльнай практыкі, шматлікіх зваротаў грамадзян неабходна падысці і да карэкціроўкі зямельнага заканадаўства. Пытанне няпростае і патрабуе захавання балансу інтарэсаў дзяржавы і грамадзян.

Асаблівая задача ў міжсесійны перыяд – выкананне даручэння Кiраўнiка дзяржавы аб уступленні ў сілу новых рэдакцый Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях са студзеня 2021 года. Прынятыя намі сёння ў першым чытанні адпаведныя праекты трэба дэталёва прапрацаваць, дасканала абмеркаваць з практыкамі, каб да пачатку восеньскай сесіі максімальна ліквідаваць наяўныя супярэчнасці.

Цэлы комплекс законапраектаў звязаны з рэалізацыяй канстытуцыйных праў і гарантый нашых грамадзян. На парадку дня – павышэнне даступнасці правасуддзя, якасць аказання медыцынскай дапамогі, актыўная сацыялізацыя інвалідаў, пенсійнае забеспячэнне, жыллёвыя пытанні.

Яшчэ адзін важны напрамак, дзе дэпутацкаму корпусу трэба сумесна папрацаваць з Урадам, – унясенне змяненняў у Кодэкс аб адукацыі. Падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, усебаковае развіццё чалавечага капіталу – гэта неадкладнае патрабаванне часу.

Словам, работа маецца быць вельмі адказная, паколькі нормы ўсіх гэтых законапраектаў закранаюць інтарэсы практычна кожнага грамадзяніна, запатрабаваныя бізнес-супольнасцю і правапрымяняльнікамі.

Натуральна, у цяперашні час асноўная ўвага грамадскасці прыцягнута да галоўнай палітычнай кампаніі – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Любыя выбары суправаджаюцца падвышанай сацыяльнай актыўнасцю і палітызацыяй грамадскага жыцця. На жаль, у Беларусі пэўныя сілы кожны раз спрабуюць выкарыстаць выбарчую кампанію не на карысць краіны, а каб разгайдаць сацыяльна-палітычную сітуацыю.

Цяперашнія выбары не выключэнне. Мы бачым спробы, якія падтрымліваюцца звонку, пасеяць раскол у грамадстве, унушыць народу недавер да ўлады, спекулюючы на тэме пандэміі і звязаных з ёй эканамічных цяжкасцях.

Пад выглядам перадвыбарных мерапрыемстваў ажыццяўляюцца адкрытыя правакацыі, выкарыстоўваюцца брудныя паліттэхналогіі, ідзе масіраваная інфармацыйная атака на кіраўніцтва краіны, прыхільнікаў дзеючай улады. Гэта недапушчальна.

Задача парламентарыяў – прыкласці максімум намаганняў, каб выбары прайшлі сумленна, адкрыта, у спакойнай, бяспечнай абстаноўцы і ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам.

Трэба больш актыўна працаваць з грамадзянскай супольнасцю, выслухоўваць усе меркаванні і цярпліва, без эмоцый тлумачыць, што стаіць за безадказнымі папулісцкімі заявамі і што на самой справе трэба рабіць, каб забяспечыць суверэнітэт краіны, сацыяльную стабільнасць і здароўе грамадзян.

Незалежнасць і дабрабыт дорага каштуюць. Яны дасягаюцца упартай працай, выверанай знешняй палітыкай, адзінствам нацыі. Галоўная задача сёння – захаваць тое, што створана ў краіне за чвэрць стагоддзя, забяспечыўшы мір, справядлівасць і эвалюцыйны шлях развіцця, і на гэтым трывалым падмурку рухацца наперад.

Адначасова дэпутатам неабходна працягнуць маніторынг сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэгіёнах. У цэнтры ўвагі павінны быць фінансавае становішча прадпрыемстваў, захаванне працоўных месцаў і працоўных калектываў, своечасовасць выплаты заробкаў, пенсій, дапамог. Асаблівага клопату патрабуюць найбольш уразлівыя катэгорыі насельніцтва – пажылыя людзі, інваліды, шматдзетныя сем’і і, зразумела, урачы, якія працягваюць заставацца на пярэднім краі барацьбы з вірусам.

Мы павінны падтрымаць людзей і словам, і справай. Упэўнены, што ў беларускага народа хопіць мудрасці годна прайсці гэтую палітычную кампанію і захаваць Беларусь як дзяржаву, якая ўпэўнена рэалізуе ўласны шлях развіцця.

Паважаныя калегі!

На заканчэнне дазвольце мне сардэчна павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і новых здзяйсненняў на карысць Радзімы.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by