Інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне

Паштовы адрас:
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:   +375 (17) 222-64-75
            +375 (44) 755-22-94

Электронная пошта:
inform@house.gov.by


31.10.2018

31 кастрычніка 2018 года адбылося чарговае пасяджэнне пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў, на якім парламентарыі разгледзелі Праграму дзейнасці Урада на 2018 — 2020 гады.

Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанка У.П. адзначыў, што дэпутаты прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні Праграмы. Дакумент дэталёва разгледжаны на пасяджэннях усіх пастаянных камісій, пашыраным пасяджэнні камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце з удзелам Міністра эканомікі Крутога Д.М.

Прадставіў дакумент дэпутацкаму корпусу Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Румас С.М.

У сваім выступленні ён паведаміў, што Праграма ўманціравана ў адзіную сістэму дзеючых дакументаў, рэалізацыя якіх патрабуе кансалідацыі намаганняў усіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Галоўным арыенцірам дзейнасці Урада з’яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця народа. Дасягненню гэтай мэты будзе служыць пераарыентацыя бюджэтна-падатковай палітыкі на рашэнне сацыяльных задач, стварэнне стымулаў для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы, перафарматаванне рэгіянальнай палітыкі.

Гаворачы пра асаблівасці Праграмы, Прэм’ер-міністр адзначыў, што яе падрыхтоўка грунтавалася на прынцыпах роўнасці ўсіх форм уласнасці, неўмяшання ў добрасумленную канкурэнцыю, сістэмнасці і комплекснасці прыняцця рашэнняў, ініцыятывы і асабістай адказнасці ўсіх членаў Урада.

Дакументам прадугледжана рашэнне некаторых наспелых пытанняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016 –– 2020 гады. У гэтым плане кіраўнік Урада зрабіў акцэнт на падзеле функцый уласніка і рэгулятара ва ўпраўленні арганізацыямі з доляй дзяржаўнай уласнасці. Урадам ужо зроблены канкрэтныя крокі па замацаванні функцыі правядзення галіновай палітыкі за рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, вызначэнню Канцэпцыі галіновай палітыкі, дэкрыміналізацыя эканамічных рызык, адзначыў ён.

У якасці прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Урада С.М.Румас назваў развіццё бізнес-асяроддзя і стварэнне камфортных умоў вядзення бізнесу, апераджальнае развіццё сферы паслуг, фарміраванне ІТ-краіны і маштабную цыфравізацыю ўсёй эканомікі, правядзенне эфектыўнай бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, забеспячэнне ўстойліва нізкага ўзроўню інфляцыі, эфектыўнае кіраванне дзяржаўнай уласнасцю, актывізацыю знешнеэканамічнай дзейнасці, удасканаленне інвестыцыйнай палітыкі, зніжэнне міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі, забеспячэнне належных умоў жыцця насельніцтва і аплаты працы.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што адным з прыярытэтаў Савета Міністраў з’яўляецца рэалізацыя прынцыпаў, закладзеных у Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 7. У гэтых мэтах Урадам прынята Стратэгія развіцця прадпрымальніцтва. На чарзе — актуалізацыя Дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва».

С.М.Румас адзначыў важнасць забеспячэння бізнесу рэальнай фінансавай падтрымкай і фарміравання прававога асяроддзя, якоя стане для інвестара гарантам стабільнасці работы на беларускім рынку. На вырашэнне гэтых пытанняў накіраваны палажэнні праектаў Закона аб інвестыцыях і Дэкрэта № 10, растлумачыў ён.

Асабліва кіраўнік Урада спыніўся на пытаннях цыфравізацыі эканомікі і рэалізацыі Дэкрэта Кіраўніка дзяржавы № 8. Ён паведаміў, што ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве трэба маштабнае ўкараненне перадавых тэхналогій. Адначасова стаіць задача па падрыхтоўцы спецыялістаў, якія валодаюць адпаведнымі кампетэнцыямі.

У бюджэтна-фінансавай сферы асноўны акцэнт плануецца зрабіць на ўкараненні эфектыўнай сістэмы ацэнкі фіскальных рызык і прыняцці рашэнняў па іх мінімізацыі. Да канца пяцігодкі будуць прыняты меры па ўключэнні ў дзяржаўныя праграмы непраграмных расходаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў. Вынікам гэтых мерапрыемстваў павінна стаць штогадовае зніжэнне не менш чым на 10 працэнтаў расходаў бюджэту на аказанне ўсіх відаў дзяржпадтрымкі. Істотна павысяцца і патрабаванні да аказання такой падтрымкі.

С.М.Румас коратка ахарактарызаваў праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, галоўны ўпор у якім зроблены на спрашчэнне падатковага адміністравання, забеспячэнне прастаты і зразумеласці норм і зніжэнне падатковай нагрузкі.

Кіраўнік Урада таксама пазначыў асноўныя перспектывы развіцця фінансавага рынку краіны. Ён растлумачыў, што Кіраўніку дзяржавы накіраваны прапановы па развіцці банкаўскай, страхавой, лізінгавай дзейнасці, рынку каштоўных папер, дзейнасці мікрафінансавых арганізацый і інш.

Кажучы аб кіраванні дзяржаўнай уласнасцю, С.М.Румас адзначыў важнасць павышэння эфектыўнасці кіравання стратэгічнымі арганізацыямі, якіх у краіне налічваецца 3,5 тысячы. Плануецца перагледзець структуру кіравання такімі арганізацыямі, прафесійны ўладальніцкі нагляд, стандарты карпаратыўнага кіравання, выхад на міжнародныя фінансавыя рынкі. Гэтая работа атрымае сваё заканадаўчае замацаванне.

Найважнейшай крыніцай эканамічнага росту з’яўляюцца нарошчванне экспарту тавараў з высокім дабаўленым коштам, развіццё экспарту паслуг, роўнае размеркаванне таварных паставак паміж рынкамі ЕАЭС, ЕС і краін далёкай дугі, стымуляванне экспартнай дзейнасці малых прадпрыемстваў, падтрымка айчынных экспарцёраў.

Закранаючы пытанні інвестыцыйнай палітыкі, С.М.Румас адзначыў, што ў Беларусі плануецца стварыць лепшыя ў ЕАЭС умовы для прыцягнення інвестыцый. На дасягненне гэтай мэты накіравана работа па стварэнні асаблівага прававога рэжыму па заключэнні і рэалізацыі спецыяльных інвестыцыйных дагавораў. Акцэнт пры гэтым робіцца на рэалізацыі высокаэфектыўных камерцыйных інвестыцыйных праектаў.

У сферы рэгіянальнай палітыкі гаворка ідзе аб скарачэнні міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі, канцэнтрацыі рэсурсаў у цэнтрах эканамічнага росту. Для гэтага, у прыватнасці, будуць створаны спрошчаныя ўмовы перадачы дзяржуласнасці ў абмен на працоўныя месцы і іншыя меры.

С.М.Румас заявіў, што ў палітыцы даходаў вытворчага сектара будзе захаваны прынцып росту заработнай платы праз павелічэнне прадукцыйнасці працы. Асноўная ўвага будзе нададзена нізкааплатным катэгорыям работнікаў. У Урадзе прапрацоўваюцца падыходы па давядзенню памеру мінімальнай заработнай платы да яе прымальнага ўзроўню — не ніжэй мінімальнага спажывецкага бюджэту. Пры рэфармаванні сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы плануецца вывесці яе на ўзровень не ніжэй за 80 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы па краіне.

Таксама С.М.Румас падрабязна расказаў аб ключавых кірунках галіновага і сектаральнага характару. Рост канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў будзе забяспечвацца за кошт максімальнага раскрыцця ўнутраных рэзерваў на прадпрыемствах і стварэння дадатковых сістэмных макраэканамічных і галіновых умоў.

У ліку галоўных задач прамысловай палітыкі Прэм’ер-міністр назваў удасканаленне кіравання прамысловым комплексам, павышэнне канкурэнтаздольнасці традыцыйных галін, развіццё высокатэхналагічнага сектара, рацыянальнае імпартазамяшчэнне.

Асноўная задача ў энергетычнай сістэме –– завяршэнне будаўніцтва і інтэграцыя ў эканоміку краіны беларускай АЭС, а таксама нарошчванне экспартнага патэнцыялу галіны.

Прыярытэтам у сферы АПК, па словах кіраўніка Урада, застаецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016 –– 2020 годы.

Таксама С.М.Румас паведаміў, што Урадам заканчваецца распрацоўка Стратэгіі развіцця будаўнічай галіны да 2025 года. Драйверам развіцця выступіць жыллёвае будаўніцтва. Акцэнт будзе зроблены на падтрымцы індывідуальнага і малапавярховага домабудавання. Прадугледжаны штогадовы ўвод жылля з дзяржпадтрымкай у аб’ёме не менш як 900 тыс. кв. м. Пераважная частка жылля будзе ўзводзіцца для шматдзетных сем’яў. Будуць прыняты меры па павышэнню адказнасці дзяржзаказчыкаў і праектных арганізацый. Да 2020 года павінны запрацаваць жыллёвыя будаўнічыя зберажэнні і іпатэчнае крэдытаванне. Прыняцце названых мер дазволіць павялічыць паказчык сярэдняй забяспечанасці жыллём да 27,3 кв. м на аднаго жыхара краіны.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што асноўным вынікам рэалізацыі Праграмы павінна стаць канкурэнтаздольная эканоміка, якая дазваляе забяспечыць тэмпы развіцця Рэспублікі Беларусь вышэй за сярэднесусветныя і стварыць аснову для дасягнення да канца 2025 года валавога ўнутранага прадукту ў памеры не менш за 100 млрд. долараў ЗША.

Далей С.М.Румас адказаў на пытанні дэпутатаў, якія тычыліся палітыкі Урада ў сферы кіравання дзярждоўгам, інвестыцый і прыватызацыі, уступлення краіны ў СГА, падаўжэння і мадэрнізацыі праграмы сямейнага капіталу і інш.

Падводзячы вынікі абмеркавання Праграмы дзейнасці Урада, Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што дакумент грунтуецца на рашэннях Пятага Усебеларускага народнага сходу і даручэннях Кіраўніка дзяржавы, дадзеных у ходзе Паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў бягучым годзе. І Савету Міністраў трэба шмат зрабіць для выканання сур’ёзных задач па дасягненню прагнозных паказчыкаў пяцігодкі, павышэнню ўзроўню жыцця беларускіх грамадзян, эфектыўнаму эканамічнаму развіццю краіны.

Па выніках пасяджэння Палата прадстаўнікоў адобрыла прадстаўленую Праграму дзейнасці Урада.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць