04.05.2019

4 мая 2019 года Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанка У.П. прыняў удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 75-й гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны на тэрыторыі Ушацкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 гг.) і 45-годдзю з дня адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Прарыў».

Мемарыяльны комплекс «Прарыў» узведзены на тым месцы, дзе 75 гадоў таму народныя мсціўцы коштам велізарных ахвяр прарвалі кола акружэння фашыстаў, якія пераўзыходзілі іх па колькасці ў шмат разоў, і вывелі з яго 15 тысяч мірных жыхароў. Гэта была адна з самых маштабных партызанскіх аперацый Вялікай Айчыннай вайны.


 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў аддаў даніну памяці бессмяротнаму подзвігу партызан.

Выступаючы на мітынгу, У.П.Андрэйчанка падзякаваў ветэранам за іх уклад у перамогу над ворагам і пажадаў ім моцнага здароўя. «Менавіта ў вас, у тым, што вы здзейснілі, мы чэрпаем сілы і волю да стварэння сучаснай Беларусі», — падкрэсліў ён.


 

«Мы захаваліся як народ менавіта таму, што ў нашых сэрцах жыве памяць аб подзвігу абаронцаў Брэста, загінуўшых на Буйніцкім полі, партызанах Віцебшчыны, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Вельмі добра, што тут так шмат моладзі. Бо пакуль маладыя людзі неабыякавыя да гісторыі сваёй краіны — у яе ёсць будучыня».

У.П.Андрэйчанка таксама выказаў вялікую падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у рэканструкцыі мемарыяла «Прарыў» і падтрымлівае яго ў належным стане. Маштабная рэканструкцыя комплексу была праведзена ў 2016 годзе. Сродкі для гэтага былі сабраны фактычна ўсёй краінай. Зараз гэты велічны сучасны комплекс з’яўляецца месцам, дзе праходзяць самыя знакавыя мерапрыемствы не толькі раённага, але і рэспубліканскага ўзроўню.

У другой палове дня Старшыня Палаты прадстаўнікоў прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця футбольнага поля фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Юнацтва-Ушачы». За паўтара гады сваёй працы ФАК ужо паспеў стаць не толькі любімым месцам адпачынку для мясцовых прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і гасцей з іншых раёнаў Віцебскай вобласці, але і базай для падрыхтоўкі айчынных і замежных спартсменаў.



 

Футбольнае поле, якое дазваляе праводзіць турніры і трэніраваць зборныя каманды па гульнявых відах спорту, было пабудавана ў рамках сумеснага сацыяльнага праекта «Bonfesto — дзецям» Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і ААТ «Тураўскі малочны камбінат». У выніку яго рэалізацыі да 2022 года ў розных рэгіёнах Беларусі з’явяцца 78 футбольных пляцовак са штучным пакрыццём.

Аб тым, як важна, каб маладое пакаленне беларусаў расло здаровым і спартыўным, гаварылі падчас урачыстага адкрыцця аб’екта шматлікія госці свята.


 

У.П.Андрэйчанка выказаў надзею, што ўвод у строй такога якаснага і сучаснага поля падштурхне развіццё футбола ў рэгіёне, дазволіць вырасціць спартсменаў найвышэйшага класа, якія сваімі дасягненнямі праславяць родную Віцебшчыну і Беларусь. «Акрамя таго, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, — развіццё футбола будзе спрыяць фарміраванню ў нашай моладзі якасцей, якія ёй абавязкова спатрэбяцца ў жыцці: сілы волі, цярпення, мужнасці і здольнасці дабівацца пастаўленых мэт».

У гэты ж дзень на полі прайшлі першыя спаборніцтвы — матчы турніру для дзяцей і падлеткаў «Скураны мяч».

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць