05.06.2018

5 чэрвеня 2018 года ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы адбылося пасяджэнне рабочай групы па дапрацоўцы праектаў законаў Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях» і «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь».

У пасяджэнні, якое вяла старшыня Пастаяннай камісіі Кананчук Т.П., прынялі ўдзел дэпутаты Васількоў М.А., Клімовіч Н.А., Кралевіч И.М., Навумчык А.А., намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Кузьміч А.М., начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Юрэвіч М.М., начальнік аддзела ведамаснага кантролю Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Чарняўскі С.А., галоўны саветнік упраўлення рэгіянальнай палітыкі і мясцовага самакіравання Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Звадкоўская А.А. і загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Мацукевіч М.П.

На пасяджэнні былі разгледжаны заўвагі і прапановы, якія паступілі з Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. У прыватнасці, разгледжаны заўвагі і прапановы, якія тычацца:

вызначэння тэрмінаў «асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі» і «сістэма асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый»;

складу зямель, якія ўтвараюць асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі, і патрабаванняў па адабранні гэтых зямель;

дэталізацыі нормы аб прыярытэце экалагічных інтарэсаў над эканамічнымі пры абвяшчэнні, пераўтварэнні і спыненні функцыянавання асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый;

удакладненні круга асоб, якія ажыццяўляюць ахову асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый;

удакладненні вызначэння тэрміна «лесагаспадарчыя мерапрыемствы» у частцы правядзення меліяратыўных мерапрыемстваў;

паўнамоцтваў юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, на ўнясенне прадстаўленняў на прыпыненне (забарону) гаспадарчай і іншай дзейнасці, якая аказвае шкоднае ўздзеянне на лясы;

тэрмінаў арэнды ўчасткаў ляснога фонду пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў;

паўнамоцтваў рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання па лясной гаспадарцы па прыняцці рашэнняў аб правядзенні высечак лесу пры надзвычайных сітуацыях;

пашырэнні вызначэння тэрміна «незаконная высечка» за кошт уключэння ў яго іншых парушэнняў заканадаўства аб выкарыстанні, ахове, абароне і ўзнаўленні лясоў.

Па разгледжаных пытаннях выпрацаваны канкрэтныя прапановы, якія будуць вынесены на разгляд Пастаяннай камісіі.

Работа над падрыхтоўкай законапраектаў будзе прадоўжана на чарговым пасяджэнні рабочай групы.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць