07.06.2018

7 чэрвеня 2018 года адбылося пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у ходзе якога былі разгледжаны дзесяць пытанняў.

Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Шуневіч І.А. прадставіў для разгляду ў першым чытанні праект Закона «Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Судакладчыкам па гэтым пытанні выступіў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Міхневіч В.У.

Законапраектам прадугледжваецца ўнясенне змяненняў у Закон «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» у частцы выключэння УУС па ахове Мінскага метрапалітэна з сістэмы органаў унутраных спраў, а ў Закон «Аб гарадскім электрычным транспарце і метрапалітэне» — у частцы выключэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з ліку службовых асоб, упаўнаважаных на ажыццяўленне надгляду ручной паклажы пасажыраў Мінскага метрапалітэна ў рамках выканання функцыі па арганізацыі бяспечнага выканання перавозак пасажыраў Мінскім метрапалітэнам.

Пры гэтым уяўляецца мэтазгодным захаванне за супрацоўнікамі органаў унутраных спраў права правядзення асабістага дагляду грамадзян і надгляду iх рэчаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў, на аб’ектах метрапалітэна.

Наяўнасць у супрацоўнікаў органаў унутраных спраў дадзенага права з’яўляецца абавязковай умовай аказання пры неабходнасці органамі ўнутраных спраў дапамогі камунальнаму транспартнаму унітарнаму прадпрыемству «Мінскі метрапалітэн» у ажыццяўленні надгляду грамадзян і надгляду iх рэчаў на аб’ектах Мінскага метрапалітэна ў рамках разавых мерапрыемстваў.

У другім чытанні парламентарыі прынялі чатыры законапраекты.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Мілашэўскі В.С. расказаў аб праекце Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь«Аб якасцi i бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека».

Праект Закона падрыхтаваны ў мэтах прывядзення палажэнняў дзеючага Закона ў адпаведнасць з актамі Кіраўніка дзяржавы, іншымі законамі Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дагаворамі, а таксама ў мэтах уніфікацыі заканадаўства, якая ажыццяўляецца ў рамках існуючых інтэграцыйных працэсаў.

Законапраектам вызначаецца парадак прававога рэгулявання адносін у галіне забеспячэння якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі, паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і службовых асоб, іншых дзяржаўных арганізацый, парадак ажыццяўлення кантролю (нагляду) у названай сферы.

Праектам Закона таксама замацоўваюцца пералік мер, накіраваных на забеспячэнне якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, парадак размяшчэння інфармацыі аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў.

Разам з гэтым законапраектам устанаўліваюцца правы, абавязкі і адказнасць суб’ектаў названых праваадносін, істотна абнаўляецца i дапаўняецца з улiкам дагаворна-прававой базы Мытнага саюза паняційны апарат Закона.

Праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь»прадставіла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Філіповіч Г.В. Яна адзначыла, што мэтай законапраекта з’яўляецца прывядзенне ў адпаведнасць некаторых законаў з нормамі Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях судовага ладу і судаводства».

З дакладам па праекце Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Саўко В.І.

Законапраект накіраваны на далейшае ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін у сферы арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, прапануецца:

увесці паведамляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у пастаянных месцах для правядзення масавых мерапрыемстваў, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

прадугледзець шэраг мер, накіраваных на забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі, у тым ліку дадатковыя патрабаванні да арганізатараў масавага мерапрыемства, пералiку прадметаў, забароненых да праносу ў месца правядзення масавага мерапрыемства, а таксама павышэнне ўзроўню адказнасці палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый за арганізацыю і правядзенне масавых мерапрыемстваў;

урэгуляваць працэдуру адклікання заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства;

устанавіць абавязак журналіста, які прысутнічае на масавым мерапрыемстве з мэтай асвятлення ходу падзей, мець пры сабе дакумент, які сведчыць аб асобе, і службовае пасведчанне журналіста сродку масавай інфармацыі;

прадугледзець магчымасць змены кіраўніком мясцовага органа пры разглядзе заявы па ўзгадненні з арганізатарам масавага мерапрыемства выгляду масавага мерапрыемства (замест дэманстрацыі дазваляць мітынг і інш.);

устанавіць вычарпальны пералік спосабаў, якімі нельга аб’яўляць аб масавых мерапрыемствах да атрымання дазволу на іх правядзенне;

унесці іншыя карэкціроўкі юрыдыка-тэхнічнага характару.

Аб праекце Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны дзяржаўных сакрэтаў» дэпутатаў праінфармаваў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Атрошчанка П.А.

Парламентарый адзначыў, што законапраект накіраваны на ліквідацыю праблем, якія выяўлены ў правапрымяняльнай практыцы, і на стварэнне ўмоў эфектыўнага функцыянавання сістэмы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Праектам Закона прапануецца ўнесці змяненні і дапаўненні ў Гаспадарча-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на ўдакладненне парадку азнаямлення ўдзельнікаў працэсу з матэрыяламі спраў і працэсуальнымі дакументамі, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты, вырабу выпісак, копій працэсуальных дакументаў, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты, накіравання копій судовых пастаноў і абвяшчэння рашэнняў суда, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты, а таксама парадку падачы скаргаў на працэсуальныя рашэнні, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты.

Праектам Закона таксама прапануецца дапоўніць Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь нормамі, якія ўстанаўліваюць прававую падставу для скасавання працоўнага дагавора (кантракта) з работнікам, якому для выканання сваіх працоўных абавязкаў неабходны допуск да дзяржаўных сакрэтаў, у выпадку спынення яму такога допуску.

Акрамя таго, законапраектам уносяцца дапаўненні і змяненні ў шэраг артыкулаў Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах».

У прыватнасці, удакладняецца паняцце сродкаў шыфраванай, іншых відаў спецыяльнай сувязі, прапануецца ўскласці на органы дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь каардынацыю прымянення дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі сродкаў шыфраванай, іншых відаў спецыяльнай сувязі, ажыццяўленне кантролю за выкарыстаннем названых сродкаў, удакладніць ўмовы прадастаўлення грамадзянам допуску да дзяржаўных сакрэтаў. Адмова ў прадастаўленні допуску да дзяржаўных сакрэтаў прапануецца лічыць перашкодай для працягу працы па займаемай пасадзе грамадзянінам, якому для выканання сваіх працоўных абавязкаў неабходны такі допуск.

Праектам Закона ўстанаўліваецца, што грамадзяне, якім прадастаўлены допуск да дзяржаўных сакрэтаў, не маюць права атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, якія прадстаўляюць права на льготы і перавагі, у тым ліку ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, а таксама карыстацца такімі ільготамі і перавагамі, калі іншае не вынікае з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

На пасяджэнні таксама былі разгледжаны пяць пытанняў аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў.

Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь Вакульчык В.П. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Атрошчанка П.А. прадставілі праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі».

Пагадненне ўстанаўлівае парадак абмену і ўзаемнай абароны дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Узбекістан пры ажыццяўленні двухбаковага міжнароднага супрацоўніцтва ў ваеннай, ваенна-тэхнічнай, навукова-тэхнічнай і іншых сферах.

Аб праекце Закона «Аб ратыфікацыі Пратакола аб парадку перадачы наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, агнястрэльнай зброі, яго асноўных частак, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, якія з’яўляюцца рэчавымі доказамі па крымінальных справах» расказалі Старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Наскевіч І.Д. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Гобараў Д.Д.

У Пратаколе змяшчаюцца палажэнні, якія прадугледжваюць парадак накіравання і выканання запытаў кампетэнтных органаў бакоў аб перадачы наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, агнястрэльнай зброі, яго асноўных частак, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, якія з’яўляюцца рэчавымі доказамі па крымінальных справах, падставы для адмовы ў выкананні такіх запытаў, а таксама рэгламентуецца парадак забеспячэння ўмовы для іх захаванасці, транспарціроўкі і перадачы.

З дакладам па праекце Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб абмене інфармацыяй, неабходнай для вызначэння і кантролю мытнага кошту тавараў у дзяржавах – удзельніцах Садружнасці Незалежных Дзяржаў» выступіў намеснік Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Палудзень С.А., з судакладам – намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Корж І.А.

Пагадненне падпісана ў мэтах павышэння эфектыўнасці ўзаемадзеяння мытных служб дзяржаў СНД і упарадкавання інфармацыйна-метадычнай базы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы абмену інфармацыяй, неабходнай для вызначэння і кантролю мытнага кошту тавараў.

Упаўнаважаным органам, адказным за рэалізацыю Пагаднення, вызначаны Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Пагадненнем упаўнаважаныя органы, адказныя за яго рэалізацыю, будуць ажыццяўляць рэгулярны абмен інфармацыяй аб заканадаўчых i iншых нарматыўных прававых актах сваіх дзяржаў, а таксама даведнікамі і класіфікатарамі, што выкарыстоўваюцца пры запаўненні экспартнай дэкларацыі, іншымі дакументамі і звесткамі, якія тычацца вызначэння і кантролю мытнага кошту тавараў.

Пагадненнем таксама прадугледжана прадастаўленне ўпаўнаважанымі органамі адзін аднаму на рэгулярнай аснове ўзгодненага складу звестак з баз дадзеных электронных копій экспартных дэкларацый, аформленых пры вывазе тавараў на мытную тэрыторыю іншай дзяржавы, за выключэннем інфармацыі, якая адносіцца да звестак, што складаюць дзяржаўную тайну / сакрэты, а таксама інфармацыі, якая адносіцца да персанальных дадзеных, у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаў – удзельніц Пагаднення.

Інфармацыя, атрыманая ўпаўнаважанымі органамі бакоў, будзе насіць канфідэнцыйны характар і выкарыстоўвацца выключна ў мытных мэтах.

Намеснік Міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Міхадзюк М.І. далажыў парламентарыям аб праекце Закона «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змянення ў Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 г.». У якасці судакладчыка па гэтым пытанні выступіў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Дзьячэнка В.І.

Пратакол прадугледжвае змяненне тэрміну ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі з 2018 года на снежань 2019 года. Пры гэтым тэрмін уводу ў эксплуатацыю другога энергаблока застаецца нязменным — 2020 год.

Праект Закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе» прадставілі намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Муквіч У.В. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Чэкан С.У.

Пагадненне накіравана на забеспячэнне законнага абароту тавараў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, абарону правоў спажыўцоў і папярэджанне дзеянняў, якія ўводзяць іх у зман.

Пагадненнем, у прыватнасці, прадугледжваецца:

надзяленне Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі паўнамоцтвамі на прыняцце рашэння аб увядзенні маркіроўкі тавараў на падставе прадстаўленых у Еўразійскую эканамічную камісію дзяржавамі-членамі прапаноў (з абгрунтаваннем) аналізу мэтазгоднасці ўвядзення маркіроўкі тавараў, інфармацыі пра ўплыў увядзення маркіроўкі на ўмовы вядзення бізнесу і інш.;

забарона на захоўванне, транспартаванне, набыццё і рэалізацыю (продаж) на тэрыторыях дзяржаў – членаў немаркіраваных тавараў, якія падлягаюць маркіроўцы;

надзяленне Савета Камісіі паўнамоцтвамі зацвярджаць пералік тавараў з указаннем іх кодаў у адпаведнасці з адзінай Таварнай наменклатурай знешнеэканамічнай дзейнасці Саюза і адначасова вызначаць сродкі ідэнтыфікацыі, іх характарыстыкі, парадак іх генерацыі, склад і структуру інфармацыі, якая павінна ўтрымлівацца ў сродках ідэнтыфікацыі, дату ўвядзення і парадак маркіроўкі тавараў, фармат, склад і структуру звестак аб маркіраваных таварах, што перадаюцца паміж кампетэнтнымі органамі дзяржаў – членаў Саюза і Еўразійскай эканамічнай камісіяй;

вызначэнне выпадкаў нераспаўсюджвання патрабаванняў па маркіроўцы тавараў, уключаных у пералік;

увядзенне для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць увоз на мытную тэрыторыю Саюза і (або) вытворчасць тавараў, абавязкі па маркіроўцы тавараў, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб увядзенні маркіроўкі, сродкамі ідэнтыфікацыі;

абавязак для кампетэнтных (упаўнаважаных) органаў дзяржаў – членаў Саюза разам з іншымі кантралюючымі і (або) праваахоўнымі органамі ажыццяўляць кантроль за абаротам тавараў, якія падлягаюць маркіроўцы, у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаў – членаў.

Кампетэнтным органам Рэспублікі Беларусь па маркіроўцы тавараў кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі вызначана Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.

Правядзенне чарговага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання запланавана на 14 чэрвеня 2018 года.

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць