09.06.2017

7 чэрвеня 2017 года пад старшынствам Л.Э.Макарынай-Кібак адбылося пашыранае выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы на тэму «Фізічная культура і спорт: заканадаўчае рэгуляванне і правапрымяняльная практыка».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Старавойтава І.А., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Міхневіч В.У., член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Багдановіч А.В., член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Няхайчык А.У., намеснік Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Партной М.П., генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Котаў А.А., прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва.




Прадметам абмеркавання сталі пытанні, якія тычацца стану спраў у сферы фізічнай культуры і спорту, праблем і перспектыў яе развіцця, удасканальвання сістэмы адукацыі ў гэтай сферы, стварэння эфектыўных механізмаў падрыхтоўкі кадраў і павышэння іх кваліфікацыі, удасканальвання сістэмы падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву і спартсменаў высокага класа, антыдопінгавага кантролю, забеспячэння бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама пытанні фізічнага выхавання насельніцтва, стварэння эфектыўнай сістэмы далучэння нашых грамадзян да заняткаў спортам і фарміравання новых магчымасцей для спартыўнай самарэалізацыі людзей.



На прыкладзе работы арганізацый фізічнай культуры і спорту г. Мінска ўдзельнікі пасяджэння змаглі азнаёміцца з практыкай прымянення заканадаўства, якое дзейнічае ў гэтай сферы, ацаніць паўнату заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін і выпрацаваць прапановы па далейшым удасканальванні нарматыўнай прававой базы, якая рэгулюе дзейнасць фізкультурна-спартыўнай галіны рэспублікі.



У ходзе пасяджэння парламентарыі наведалі Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, унікальны спартыўны аб’ект, аналагаў якому няма ў свеце, першы крыты комплекс для фрыстайлістаў — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле, адзін з найбуйнейшых і высокатэхналагічных культурна-спартыўных комплексаў Еўропы «Мінск-Арэна», шэраг навучальна-спартыўных комплексаў установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры».



Пленарная частка пасяджэння прайшла ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Тут дэпутаты і запрошаныя змаглі таксама азнаёміцца з музейнай экспазіцыяй, якая апавядае аб гісторыі развіцця Алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь.


Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня камісіі Макарына-Кібак Л.Э. падзякавала ўдзельнікам сустрэчы за шчыры і канструктыўны дыялог і адзначыла, што такія мерапрыемствы вельмі змястоўныя і карысныя, паколькі дазваляюць вывучыць палажэнне спраў у галіне, пачуць меркаванні спецыялістаў аб правапрымяняльнай практыцы, убачыць праблемныя пытанні і абмеркаваць шляхі іх пераадолення.


Прапановы па ўдасканальванні заканадаўства аб фізічнай культуры і спорце, паступіўшыя ў ходзе выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі, прааналізаваны і будуць выкарыстаны дэпутатамі ў заканатворчай дзейнасці, у тым ліку пры падрыхтоўцы да разгляду ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце».

Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць