Рус Бел En
09.04.2020

9 красавіка 2020 года адбылося чарговае пасяджэнне другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

На пасяджэнні ў першым чытанні былі прыняты тры законапраекты.

Праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя» дэпутатам прадставілі Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Каранік У.С. і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Курсевіч В.В.

Палажэнні законапраекта накіраваны на павышэнне якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, абарону здароўя насельніцтва.

У прыватнасці, праектам Закона вызначаюцца парадак медыцынскай акрэдытацыі дзяржаўных арганізацый аховы здароўя, аказання медыцынскай дапамогі пацыентам па профілях захворванняў, станам, сіндромам, ацэнкі якасці медыцынскай дапамогі і медыцынскіх экспертыз, абарачэнню медыцынскіх вырабаў, прадастаўлення інфармацыі, якая складае медычную тайну.

Заканадаўча ўстанаўліваюцца новыя віды экспертыз (прафесійнага характару захворвання, якасці медыцынскай дапамогі і клініка-эканамічная (фармакаэканамічная) экспертыза), віды паталагаанатамічнага даследавання (патагісталагічнае даследаванне і паталагаанатамічнае ускрыццё), удакладняецца аб’ём праоў на даступнае медыцынскае абслугоўванне пастаянна пражываючых у Рэспубліцы Беларусь замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, пашыраюцца правы пацыентаў, уводзяцца паняцці абгрунтаванай прафесійнай рызыкі і рэзідэнтуры.

Разам з гэтым праектам Закона пашыраецца пералік арганізацый аховы здароўя, упаўнаважаных на правядзенне абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працоўных.

Прапануецца таксама дапоўніць Закон аб ахове здароўя асобным артыкулам, які вызначае парадак інфармацыйнага забеспячэння ў галіне аховы здароўя з дапамогай функцыянавання і выкарыстання цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя.

Для павышэння даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі законапраектам замацоўваецца права грамадзян Рэспублікі Беларусь пры аказанні ім медыцынскай дапамогі ва ўмовах аддзялення дзённага знаходжання на забеспячэнне за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў лекавымі сродкамі, медыцынскімі вырабамі і біямедыцынскімі клеткавымі прадуктамі.

Акрамя таго, законапраектам істотна абнаўляецца паняційны апарат дзеючага Закона «Аб ахове здароўя».

Аб праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб гідраметэаралагічнай дзейнасці» парламентарыяў праінфармавалі першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Пірштук Б.К. і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Васількоў М.А.

Мэтай законапраекта з’яўляецца ўдасканаленне заканадаўства ў сферы ажыццяўлення гідраметэаралагічнай дзейнасці з улікам правапрымяняльнай практыкі, а таксама прывядзенне дзеючага Закона ў адпаведнасць з прадпісаннямі пазнейшых заканадаўчых актаў.

Законапраектам дакладна ўстанаўліваецца прадмет прававога рэгулявання. Гэта грамадскія адносіны, якія складваюцца ў галіне гідраметэаралагічнай дзейнасці, забеспячэння юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, гідраметэаралагічнай інфармацыяй.

Даюцца вызначэнні выкарыставаным тэрмінам (уводзяцца новыя тэрміны «гідраметэаралагічная бяспека», «прагноз надвор’я», «уладальнікі гідраметэаралагічнай інфармацыі»), вызначаюцца суб’екты гэтых адносін, іх паўнамоцтвы, правы і абавязкі, а таксама ўмовы, падставы і парадак узнікнення, змянення i спынення адносін паміж удзельнікамі праваадносін.

За юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі замацоўваецца права на ажыццяўленне як гідраметэаралагічнай дзейнасці ў цэлым, так і яе асобных відаў ці асобных работ і (або) паслуг, якія складаюць вытворчасць гідраметэаралагічнай інфармацыі.

Прадугледжваецца вядзенне Адзінага дзяржаўнага рэестра вытворцаў гідраметэаралагічнай інфармацыі. Уключэнне ў Адзіны дзяржаўны рэестр будзе ажыццяўляцца дзяржаўнай гідраметэаралагічнай службай на падставе пісьмовых апавяшчэнняў вытворцаў гідраметэаралагічнай інфармацыі.

Дзяленне гідраметэаралагічнай інфармацыі прапануецца ажыццяўляць на дзве групы, зыходзячы з неабходнасці правядзення аналізу для яе вытворчасці:

першасныя гідраметэаралагічныя даныя, атрыманыя ў выніку ажыццяўлення гідраметэаралагічных назіранняў, аналіз якіх не праводзіўся;

прагноз надвор’я і іншая, у тым ліку прагнозная, інфармацыя, для вытворчасці якой праводзіўся аналіз першасных гідраметэаралагічных даных.

Законапраектам рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з прадастаўленнем гідраметэаралагічнай інфармацыі (выплатным і бязвыплатным), забеспячэннем такой інфармацыяй асобных спажыўцоў. Замацоўваецца пералік дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія маюць права на бязвыплатнае забеспячэнне гідраметэаралагічнай інфармацыяй.

Прыняцце законапраекта будзе спрыяць развіццю рынку паслуг у галіне гідраметэаралагічнай дзейнасці, а таксама сфармуе прававую аснову для доступу айчынных вытворцаў гідраметэаралагічнай інфармацыі на рынак дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

Законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай дзейнасці» прадставілі намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Смільгінь І.І. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Ляўчук А.Р.

Законапраект падрыхтаваны ў мэтах прывядзення палажэнняў дзеючага Закона ў адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2019 г. № 252 «Аб дзяржаўнай ветэрынарнай службе», Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», Законам «Аб нарматыўных прававых актах». Шэраг змяненняў у Закон унесены з улікам правапрымяняльнай практыкі.

У прыватнасці, праектам Закона:

удакладняюцца формы кантрольных (наглядных) мерапрыемстваў па ажыццяўленні дзяржаўнага нагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, Еўразійскага эканамічнага саюза, нагляду ў галіне ветэрынарыі і ветэрынарнага кантролю;

прапануецца карэкціроўка паняцця «ветэрынарны дабрабыт»;

уводзіцца паняцце «інфармацыйная сістэма ў галіне ветэрынарыі»;

прыводзіцца ў адпаведнасць з Указам вызначэнне паняцця «маніторынг у галіне ветэрынарыі»;

пашыраюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у частцы зацвярджэння агульных патрабаванняў у галіне ветэрынарыі да ўтрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), ізаляваных памяшканняў i iншых аб’ектаў, якія належаць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам;

пашыраюцца паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у частцы зацвярджэння Палажэння аб Дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, устанаўлення парадку стварэння, выкарыстання інфармацыйнай сістэмы ў галіне ветэрынарыі і ўзаемадзеяння з іншымі інфармацыйнымі сістэмамі;

пашыраюцца паўнамоцтвы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў частцы забеспячэння стварэння і функцыянавання інфармацыйнай сістэмы ў галіне ветэрынарыі;

прыводзіцца ў адпаведнасць з Указам артыкул 11 Закона ў дачыненні да ажыццяўлення дзейнасці дзяржаўнай ветэрынарнай службы і Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання;

артыкул 12 Закона дапоўнены пералікам органаў дзяржаўнай ветэрынарнай службы, якія ажыццяўляюць дзяржаўны нагляд за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, Еўразійскага эканамічнага саюза, нагляд у галіне ветэрынарыі;

у артыкуле 29 Закона ўдакладняюцца ветэрынарныя мерапрыемствы, якія падлягаюць фінансаванню за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.

У другім чытанні дэпутаты таксама прынялі тры праекты Закона.

Даклад аб праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб лекавых сродках»зрабіла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Макарына-Кібак Л.Э.

Законапраект распрацаваны з улікам практыкі прымянення, а таксама ў мэтах узгаднення яго норм з палажэннямі міжнародна-прававых актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.

Праект Закона прадугледжвае комплекснае рэгуляванне грамадскіх адносін у галіне абарачэння лекавых сродкаў.

Законапраектам прапануецца істотна абнавіць паняційны апарат, які выкарыстоўваецца ў гэтым Законе, вызначыць асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы абарачэння лекавых сродкаў, раскрыць змест Дзяржаўнай фармакапеі Рэспублікі Беларусь, належных фармацэўтычных практык, распаўсюдзіўшы дзеянне апошніх на ўсе этапы абарачэння лекавых сродкаў, пашырыць паўнамоцтвы Міністэрства аховы здароўя па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў названай сферы.

Разам з гэтым праектам Закона мяркуецца рэгламентаваць пытанні дзяржаўнай рэгістрацыі лекавых сродкаў, кантролю якасці, распрацоўкі, даклінічных і клінічных даследаванняў лекавых сродкаў, медыцынскага прымянення лекавых прэпаратаў.

Акрамя таго, законапраектам устанаўліваецца парадак прамысловай вытворчасці і аптэчнага вырабу лекавых сродкаў, аптовай і рознічнай рэалізацыі, захоўвання, транспарціроўкі, знішчэння, увозу і вывазу лекавых сродкаў.

Праект Закона«Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння» прадставіла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Ніжэвіч Л.І.

У ходзе дапрацоўкі да другога чытання ў законапраекце ўлічаны заўвагі і прапановы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі, галоўнага прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, ГУ «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій».

У прыватнасці ў праекце Закона прадугледжана, што орган фiнансавага манiторынгу прадстаўляе Міністэрству замежных спраў на падставе пісьмовага запыту і (або) Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а Міністэрства замежных спраў — адпаведным Камітэтам Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый інфармацыю аб сродках і фінансавых аперацыях арганізацый і фізічных асоб, уключаных у пералік тэрарыстаў, а таксама арганізацый, бенефіцыярнымі ўладальнікамі якіх з’яўляюцца фізічныя асобы, уключаныя ў гэты пералік, аб фактах замарожвання сродкаў і (або) блакавання фінансавай аперацыі, што ажыццяўляецца такімі асобамі.

Удакладнена вызначэнне тэрміна «сістэма ідэнтыфікацыі» шляхам уключэння сукупнасці банкаў даных, інфармацыйных тэхналогій і праграмна-тэхнічных сродкаў, створаных і (або) выкарыстоўваемых нерэзідэнтамі, якiя не супярэчаць рэкамендацыям ФАТФ.

На асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, ускладзены абавязак вызначаць у правілах унутранага кантролю парадак правядзення ідэнтыфікацыі, верыфікацыі і абнаўлення даных аб кліентах, іх прадстаўніках, іншых удзельніках фінансавай аперацыі на выдаленай аснове, а таксама парадак завяршэння ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў фінансавай аперацыі пасля заключэння дагавора ў пісьмовай форме у выпадках, вызначаных дзяржаўнымі органамі, Адміністрацыяй ПВТ.

Устаноўлена магчымасць завяршэння ідэнтыфікацыі пасля заключэння дагавора на ажыццяўленне фінансавых аперацый у пісьмовай форме пры ўмове, што гэта прадугледжана кантралюючым дзяржаўным органам, Адміністрацыяй ПВТ у патрабаваннях да правіл унутранага кантролю і сума фінансавых аперацый да завяршэння ідэнтыфікацыі не будзе перавышаць 100 базавых велічынь.

Зафіксавана, што Адміністрацыя ПВТ ажыццяўляе кантроль і паўнамоцтвы, прадугледжаныя артыкулам 16 Закона, з асаблівасцямі, вызначынымі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Замацаваны абавязак юрыдычных асоб вызначаць сваіх бенефіцыярных уладальнікаў, размяшчаць актуальную і дакладную інфармацыяй пра іх у аб’ёме, прадугледжаным артыкулам 8 Закона, захоўваць атрыманую інфармацыю і прадстаўляць яе ўпаўнаважаным дзяржаўным органам і органу фінансавага маніторынгу па іх запытах, а таксама асобам, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі.

Удакладнена палажэнне абзаца 21 пункта 15 праекта Закона ў частцы магчымасці ажыццяўлення тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўных органаў, галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі кантролю ў выпадках, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

Аб праекце Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі» дэпутатам расказаў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Ляўчук А.Р.

Праект Закона падрыхтаваны ў мэтах прывядзення палажэнняў дзеючага Закона ў адпаведнасць з указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2016 г. № 106 «Аб дзяржаўных праграмах і аказанні фінансавай падтрымкі», ад 25 ліпеня 2016 г. № 289 «Аб парадку фарміравання, фінансавання і ацэнкі эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм», ад 16 кастрычніка 2017 г. № 376 «Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці», ад 28 лютага 2018 г. № 91-дсп «Аб структуры і колькасці дзяржаўных органаў» і законамі «Аб ацэнцы адпаведнасці тэхнічным патрабаванням і акрэдытацыі органаў па ацэнцы адпаведнасці» і «Аб нарматыўных прававых актах».

Артыкул 1 Закона дапаўняецца вызначэннем тэрміну «пашпарт племянной жывёлагадоўлі».

Артыкул 7 Закона прыводзіцца ў адпаведнасць з пунктам 21 Палажэння аб парадку фарміравання, фінансавання, выканання і эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2016 г. № 289, у частцы ўказання на дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя фарміраваць і зацвярджаць рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў.

Артыкул 8 Закона прыводзіцца ў адпаведнасць з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2016 г. № 106 «Аб дзяржаўных праграмах і аказанні фінансавай падтрымкі» і ад 25 ліпеня 2016 г. № 289 «Аб парадку фарміравання, фінансавання і ацэнкі эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм».

Артыкул 10 Закона прыводзіцца ў адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2018 г. № 91-дсп «Аб структуры і колькасці дзяржаўных органаў».

Акрамя таго, у ходзе пасяджэння быў прыняты законапраект «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змянення ў Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ад 25 лістапада 2011 г.».

Дакумент прадставілі Міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Каранкевіч В.М. і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Сіняк У.А.

Законапраект падрыхтаваны ў мэтах выказвання згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Пратакола, падпісанага ў г. Маскве 2 сакавіка 2020 года.

Пратаколам канкрэтызуюцца тэрміны ўжывання іншага парадку вызначэння кошту на імпартаваны газ у Рэспубліку Беларусь, чым той, што прадугледжаны часткамі першай — шосты артыкула 3 Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб парадку фарміравання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспарціроўцы па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ад 25 лістапада 2011 г.

Устанаўліваецца, што па 31 снежня 2020 года цана на газ для Рэспублікі Беларусь будзе вызначацца Пратаколам паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і ПАО «Газпром». У выніку ўзровень фіксаванай цэны на газ для Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе складзе 127 долараў ЗША за 1 тыс. куб. м.

 


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць