11.05.2019

Дзень Перамогі, велапрабег, вясенні вальс, закладка сквера сямейных дрэў: падчас работы ў акрузе ў маі 2019 года дэпутат В.В. Ражанец прыняла ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах

Падчас работы ў акрузе В.В. Ражанец правяла сустрэчы са случчанамі, кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў, прыёмы грамадзян, прыняла ўдзел у раённых мерапрыемствах, прымеркаваных да майскіх свят.

 1 мая 2019 года ў Слуцку ўрачыста адкрыта Дошка Гонару. Старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта А.У. Янчэўскі павіншаваў прысутных са Святам працы і адзначыў, што на Дошку Гонару раёна занесены працоўныя калектывы, якія дасягнулі высокіх вытворчых паказчыкаў, а таксама фотаздымкі з імёнамі перадавікоў вытворчасці і навучэнцаў Случчыны, якія сваёй працай развіваюць яе эканамічны і творчы патэнцыял. А напярэдадні прыйшла прыемная навіна: камунальнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Слуцкгандаль» (дырэктар Т.М. Мацкевіч) занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. Віншаванні адрасавалі ўсім лідарам працоўнага спаборніцтва.

3 мая 2019 года дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі В.В. Ражанец удзельнічала ў цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў ХV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара».

У 2019 годзе на конкурс паступіла больш за 330 заявак. Ушанаванне пераможцаў і лаўрэатаў адбылося ў Мінску ў рамках XХIII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі».

Дыплом і статуэтку-сімвал конкурсу В.В. Ражанец уручыла галоўнаму рэдактару навукова-практычнага часопіса «Папярэдняе расследаванне», які стаў пераможцам у намінацыі «Лепшы сумесны праект з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі». Рэдакцыя часопіса прадставіла на конкурс сумесны праект з Прадстаўніцтвам Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Захапляльны VII конкурс харэаграфічнага майстэрства "Вясновы вальс" прайшоў 4 мая ў Слуцку і ў чарговы раз прадэманстраваў, наколькі таленавітыя случчане! Кожны нумар прэтэндаваў на арыгінальнасць, захапляў і здзіўляў. Прыгожа, элегантна і эмацыянальна праходзіла конкурсная праграма! Зварот да гістарычных падзей, прысвячэнне малой радзіме, даніна класічным традыцыям і смелы эксперымент, спроба спалучыць несумяшчальнае — дзякуй, шаноўныя педагогі і юныя танцоры, за неверагодныя ўражанні! Пераможцамі можна лічыць усіх, бо гэты творчы экзамен усе здалі на выдатна.

8 мая ў Слуцку прайшоў раённы веласіпедны тур «Дарогамі Перамогі», прысвечаны 74-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, грамадскіх аб'яднанняў — удзельнікі велатура — прайшлі маршрут працягласцю 36 кіламетраў, да помнікаў загінулым землякам ускладалі кветкі.

Як і ва ўсёй краіне, 9 мая на Случчыне прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 74-й гадавіны Вялікай Перамогі. Да памятнага знака вязням слуцкага гета разам з удзельнікамі яўрэйскай абшчыны «Памятай!» усклалі кветкі, В.В. Ражанец павіншавала прысутных са святам Перамогі, падкрэсліла яе значнасць і неабходнасць зберагчы мір. На мемарыяльным комплексе ў Слуцку адбыўся ўрачысты мітынг, у якім прынялі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, працы, Узброеных Сіл, вайскоўцы, працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, школьнікі, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Па традыцыі маршам па пляцы прайшлі вайскоўцы Слуцкага гарнізона.

Святочная калона прайшла па вуліцах 14 Партызан, Леніна да гарадскога парку культуры і адпачынку. Удзельнікі шэсця ўсклалі кветкі да помніка Маршалу Г.К. Жукаву, памятных знакаў воінам-інтэрнацыяналістам, воінам-вызваліцелям. Случчане таксама прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае!».

10 мая Валянціна Вітальеўна сустрэлася з супрацоўнікамі і выхаванцамі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Слуцкага раёна. Абмеркавалі з калектывам патрэбы аддзялення і магчымыя шляхі іх вырашэння, паглядзелі работу майстэрань і падзелкі, якія там вырабляюць, а выхаванцы прадэманстравалі жэставы танец - вельмі кранальны і шчыры.

11 мая сквер сямейных дрэў заклалі на вуліцы Сацыялістычнай у Слуцку. Напярэдадні свята сям'і, якое адзначаецца ў Беларусі 15 мая, случчане ўключыліся ў праект БРСМ. Каля 20 сямей высадзілі дрэўцы на тэрыторыі, прылягаючай да Слуцкага гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры. В.В. Ражанец павітала ўдзельнікаў акцыі і таксама пасадзіла дрэўцы. Няхай сквер дорыць радасць адпачываючым, а ў сем’ях пануюць лад і згода! 


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць