Рус Бел Eng
02.04.2021

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання






 

 

Паважаныя дэпутаты і запрошаныя!

Пачынае сваю работу пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Яе падрыхтоўка праходзіла на фоне ўнікальнага па сваім маштабе грамадскага дыялогу, кульмінацыяй якога стала правядзенне VI Усебеларускага народнага сходу.

Усебаковае і зацікаўленае абмеркаванне пытанняў, ад вырашэння якіх залежыць будучыня Беларусі, дазволіла выпрацаваць выразную стратэгію эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Воля народа, увасобленая ў дэвізе «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць», становіцца безумоўнай праграмнай устаноўкай для ўсіх галін улады. І дэпутацкаму корпусу неабходна актыўна ўключыцца ў рэалізацыю прамых даручэнняў Кіраўніка дзяржавы і дакументаў, якія вызначаюць развіццё Беларусі ў бягучым пяцігоддзі.


У цэлым заканадаўчы парадак пятай сесіі адлюстроўвае асноўныя прыярытэты, пазначаныя на ўсенародным форуме, — умацаванне суверэнітэту, павышэнне стрэсаўстойлівасці эканомікі ва ўмовах сусветнай нявызначанасці, падтрыманне сацыяльнай стабільнасці і развіццё чалавечага капіталу.

На першы план сёння, безумоўна, выходзіць задача надзейнага забеспячэння бяспекі і абароны грамадзян ад дэструктыўных сіл, якія імкнуцца раскалоць беларускае грамадства і адкінуць рэспубліку ў развіцці на дзесяцігоддзі назад.

Так, мы вытрымалі беспрэцэдэнтны ціск. Але, як аказалася, у адрозненне ад многіх краін наша заканадаўства занадта ліберальна, каб даваць сіметрычныя адказы на новыя формы экстрэмізму і інфармацыйнай агрэсіі. Ліквідаваць гэты прабел — прамы абавязак дэпутатаў.

Нам неабходна аператыўна прыняць ініцыяваны дэпутатамі Закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. З пазіцыі ўмацавання грамадскай бяспекі варта разгледзець законапраекты па пытаннях абароны персанальных даных, процідзеяння экстрэмізму, крымінальнай адказнасці, правядзення масавых мерапрыемстваў, працоўных адносін, сродкаў масавай інфармацыі, адвакацкай дзейнасці і шэраг іншых.

Многія з іх вынесены на сённяшняе паседжанне. І далейшую работу з імі трэба ўзяць на асаблівы кантроль, паколькі іх прыняцце дазволіць нам больш эфектыўна супрацьстаяць антыдзяржаўнай і антынароднай дзейнасці. А самае галоўнае — гэта дасць магчымасць засяродзіць намаганні ўлады і грамадзтва на пераўтварэннях, што тычацца грамадска-палітычнага развіцця, якімі займаецца створаная Указам Прэзідэнта Канстытуцыйная камісія.

У склад камісіі ўвайшлі дэпутаты. І, безумоўна, мы павінны ўнесці дастойны ўклад у яе дзейнасць. Разам з тым нам вельмі важна працягваць актыўную інфармацыйна-тлумачальную работу з насельніцтвам. Людзі павінны ведаць, як ідзе падрыхтоўка канстытуцыйнай рэформы, бо менавіта ім трэба будзе вызначыць лёс Асноўнага Закона на рэферэндуме.

Кажучы пра Канстытуцыю, адзначу, што яе абнаўленне пацягне за сабой змяненне цэлага масіва заканадаўства. Таму пастаянным камісіям ужо цяпер трэба дзейнічаць з прыцэлам на будучыню, аналізаваць і ўносіць свае прапановы.

Што тычыцца нашых бягучых планаў, тут таксама важна працаваць на апярэджанне, пастаянна ацэньваючы адпаведнасць абмяркоўваемых намі дакументаў мэтам Праграмы развіцця на 2021 – 2025 гады, перш за ўсё ў сферы эканомікі.

Адной з самых прынцыповых пазіцый гэтага блока для нас застаецца паляпшэнне дзелавога клімату. Асаблівай увагі заслугоўваюць навацыі, што ўносяцца ў заканадаўства аб інвестыцыях. Яны прадугледжваюць умацаванне абароны праў інвестараў у выпадках нацыяналiзацыi або рэквізіцыі маёмасці, неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства. Іх варта сур’ёзна прапрацаваць з зацікаўленымі, каб выйсці на ўзважанае рашэнне. У цэлым жа праект носіць пазітыўны характар, і яго прыняцце дасць магчымасць узмацніць пазіцыі краіны ў перагаворным працэсе па далучэнні да СГА.

Сур’ёзныя меры для павышэння статусу і ролі бізнес-асацыяцый прадугледжаны праектам Закона «Аб самарэгулявальных арганізацыях». Надзяленне іх правам самастойна вызначаць стандарты і патрабаванні да ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці дасць магчымасць не толькі знізіць ступень дзяржаўнага рэгулявання галін эканомікі, але і ўзмацніць адказнасць бізнесу перад дзяржавай і грамадствам.

У рамках сесіі таксама чакаецца ўнясенне праекта Закона аб рашэнні праблемы неплацежаздольнасці. Наша задача — абараняючы правы крэдытораў на спагнанне даўгоў, даць магчымасць прадпрыемствам, якія сёння трапілі ў складаную эканамічную сітуацыю, працягнуць дзейнасць, захаваўшы тым самым працоўныя калектывы і кампетэнцыі. Гэта прынцыповае патрабаванне Кiраўнiка дзяржавы.

Эфектыўнасць беларускай эканомікі непасрэдна залежыць ад развіцця чалавечага капіталу. І пры разглядзе новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі асноўны ўпор нам трэба зрабіць на цеснай сувязі адукацыі з навукай і вытворчасцю, раскрыцці творчага патэнцыялу асобы, без чаго ў прынцыпе немагчыма эканоміка ведаў. Навукова-даследчая база вышэйшай школы павінна генераваць новыя ідэі, якія дапамогуць нашым вытворцам выпускаць канкурэнтную інавацыйную прадукцыю з высокім дабаўленым коштам. Усе гэтыя напрамкі мы абмяркуем з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі, працадаўцаў, бізнес-асацыяцый падчас парламенцкіх слуханняў, якія запланаваны на чэрвень.

На парадку дня нашай сэсіі шмат і іншых пытанняў – аб турызме, дарожным руху, транспартных перавозках, сацыяльнай падтрымцы насельніцтва. Усе яны, несумненна, значныя і прыцягнуць увагу грамадскасці. Гэта патрабуе ад нас якаснай, максімальна аператыўнай работы, каб надаць заканадаўству тую дынаміку і сацыяльную накіраванасць, якія былі пазначаныя Прэзідэнтам і ўдзельнікамі Усебеларускага народнага сходу.

Нягледзячы на абмежаванні, звязаныя з пандэміяй, Палата прадстаўнікоў працягвае актыўную міжнародную дзейнасць. Толькі з пачатку года мы правялі каля 30 онлайн-мерапрыемстваў.

Асноўны ўпор дэпутацкі корпус робіць на інфармаванні міжнароднай грамадскасці аб сітуацыі ў краіне, рашэннях Усебеларускага народнага сходу і ходзе іх рэалізацыі.

Карысныя кансультацыі праведзеныя з нашымі партнёрамі з Аўстрыі, Іспаніі, Турцыі. Адбыліся сустрэчы з амбасадарамі Венесуэлы, Казахстана, Рэспублікі Карэя, Сірыі, Францыі. На чарзе – перагаворы з калегамі з Кітая, і парадак дня гэтай важнай сустрэчы трэба насыціць канкрэтным зместам.

У шматбаковым фармаце мы працавалі на такіх буйных міжнародных пляцоўках, як Міжпарламенцкі саюз, МПА АСЕАН, Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя і іншыя. Такую працу варта працягваць, не збаўляючы тэмпаў.

У ходзе зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ беларускай дэлегацыяй быў прадстаўлены праект рэзалюцыі аб супрацьдзеянні спажыванні наркотыкаў сярод дзяцей і моладзі. Гэта ўжо дзявятая рэзалюцыя, якую мы прасоўваем на гэтай пляцоўцы. І нам важна забяспечыць яе прыняцце. Нягледзячы на адмену поўнафарматнага правядзення летняй сесіі гэтай арганізацыі ў Бухарэсце, нам усё ж неабходна знайсці магчымасці для далейшай работы з нашымі калегамі па гэтым і іншых пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць.

Тэм для дыскусій і абмеркаванняў у нас дастаткова. Свет не становіцца больш бяспечным. Гонка ўзбраенняў, актывізацыя тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці, наркотыкі, трансмежавая злачыннасць, стан экалогіі, пандэмія — вырашэнне гэтых праблем не трывае адкладаў. І альтэрнатывы дыялогу і супрацоўніцтву тут няма.

Менавіта на развіццё дыялогу і накіраваны ініцыятывы Кіраўніка дзяржавы, якія Рэспубліка Беларусь прасоўвае на міжнароднай арэне, праводзячы шматвектарны міралюбівы знешнепалітычны курс.

Нам трэба працягваць шукаць агульныя падыходы, магчымасці плённых кантактаў. Разважных палітыкаў у Еўропе нямала. Упэўнены, што ўсе яны бачаць бесперспектыўнасць палітыкі дыктату, санкцый і ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы.

Толькі беларускі народ мае права вызначаць свой шлях развіцця, уключаючы пытанні канстытуцыйнага будаўніцтва. І заходнім калегам, калі яны хочуць захаваць існуючыя міжнародны парадак і стабільнасць, неабходна падыходзіць да ўсіх працэсаў аб’ектыўна і непрадузята. Са свайго боку, беларускія парламентарыі адкрытыя да дыялогу і гатовыя ўзаемадзейнічаць у любым фармаце.

Безумоўна, галоўным нашым знешнепалітычным партнёрам застаецца Расійская Федэрацыя. Гэта было падкрэслена і ўдзельнікамі Усебеларускага народнага сходу.

Сёння ў Мінску і Маскве праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Карыстаючыся выпадкам, хачу сардэчна павіншаваць усіх прысутных у гэтай зале, а таксама расійскіх калег з гэтым святам. Нашы адносіны, заснаваныя на брацкім адзінстве беларускага і рускага народаў, агульных для нас каштоўнасцях, з’яўляюцца гарантыяй далейшага паглыблення саюзнага будаўніцтва і павышэння дабрабыту грамадзян дзвюх краін.

У гэтым годзе мы адзначаем важную падзею — 25-годдзе саюзнага парламентарызму. Для нас гэты юбілей — цудоўная нагода па-новаму зірнуць на пройдзены шлях і намеціць далейшыя перспектывы сумеснай работы. З гэтай устаноўкай нам і трэба ісці на 60-ю юбілейную сесію Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая адбудзецца ў чэрвені.

Яшчэ адна знакавая памятная дата — 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, перамога ў якой прадэманстравала свету непахіснасць духу і веліч подзвігу савецкага народа.

На жаль, сёння нам прыходзіцца змагацца са спробамі фальсіфікацыі гісторыі, навязвання маладому пакаленню далёкіх ад рэальнасці ўяўленняў аб гэтай вайне, аб нашым мінулым. Дапускаць гэтага ні ў якім разе нельга. Трэба разам адстойваць гістарычную праўду і справядлівасць, што мы і робім з нашымі калегамі па Парламенцкаму Сходу Саюза Беларусі і Расіі, МПА СНД, ПА АДКБ. Чарговым крокам у гэтым кірунку стала правядзенне канферэнцыі па пытаннях захавання гістарычнай праўды з удзелам расійскіх парламентарыяў.

Веданне гісторыі цэментуе грамадства і умацоўвае нацыянальную ідэнтычнасць. Таму ў бліжэйшы час мы правядзем парламенцкія слуханні на тэму «Тэрытарыяльная цэласнасць і народнае адзінства Беларусі. Гісторыка-прававыя аспекты ўз’яднання заходнебеларускіх земляў у складзе БССР». Мы ўважліва разгледзім працэсы, якія праходзілі напярэдадні Другой сусветнай вайны, і прасочым, які ўплыў яны аказваюць на сучасны стан міжнароднай бяспекі. Упэўнены, што выступленні спецыялістаў апынуцца для многіх, асабліва для маладых людзей, сапраўдным адкрыццём.

Па выніках слуханняў, акрамя рэкамендацый, неабходна падрыхтаваць матэрыялы для парламентарыяў, якія стануць сур’ёзнай асновай для правядзення інфармацыйна-растлумачальнай працы і патрыятычнага выхавання моладзі, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства.

Гаворачы аб іншых практычных задачах дэпутацкага корпуса ў выбарчых акругах, падкрэслю, што яны застаюцца нязменнымі. Сумесна з мясцовымі органамі ўлады трэба аператыўна вырашаць пытанні, што ўзнімаюцца грамадзянамі, а па праблемах сістэмнага характару, выкліканым прабеламі ў заканадаўстве, уносіць ўзгодненыя прапановы па яго карэкціроўцы.

Самую сур’ёзную ўвагу трэба надаць рэалізацыі на мясцовым і рэгіянальным узроўнях установак Кіраўніка дзяржавы, выказаных на Усебеларускім народным сходзе. Асабліва па такіх ключавых пытаннях, як фінансавы стан прадпрыемстваў і арганізацый, тэндэнцыі на рынку працы, работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, кантроль за цэнаўтварэннем, у тым ліку на сацыяльна значныя тавары і лекавыя сродкі.

Менавіта ад таго, як вырашаюцца паўсядзённыя праблемы грамадзян, залежаць меркаванне насельніцтва аб эфектыўнасці работы дзяржаўных органаў і гатоўнасьць грамадзтва падтрымаць уладу ў рэалізацыі сацыяльна-палітычнага курса. Па сутнасці, гэта пытанне даверу народа дзяржаве. І мы павінны шанаваць той рэсурс даверу, які ў нас сёння ёсць, штодня апраўдваючы яго канкрэтнымі справамі.


Усе навіны
Галоўныя навіны
Усе навіны Заканадаўчая дзейнасць Грамадска-палітычная дзейнасць Міжнародная дзейнасць

220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11

Аддзел па арганізацыі работы з дакументамі
Тэл. (017) 222 32 62
Факс: (017) 327 37 84
E-mail: kc1@house.gov.by

Аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб
Тэл. (017) 222 62 52
          (017) 222 63 58
E-mail: letters@house.gov.by

Накіраваць электронны зварот на адрас Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і яе Cакратарыята вы можаце тут

Тэл. (017) 222 64 75
Факс: (017) 222 32 13
E-mail: inform@house.gov.by