Галоўная / Беларуская версія / Дзейнасць / Заканадаўчая дзейнасць / Законапраекты, што паступілі на разгляд у Палату прадстаўнікоў

«Аб ратыфікацыі Дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза»

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы: Савет Міністраў
Уваходны нумар: 4730
Мова законапраекта: Русский
Апісанне законапраекта

25 кастрычніка 2017 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза», унесены Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па даручэнні Кіраўніка дзяржавы.

Дагавор аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза
(далей — Дагавор) падпісаны 11 красавіка 2017 года ў г. Маскве ў мэтах забеспячэння адзінага мытнага рэгулявання ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС).

У адпаведнасці з артыкулам 1 Дагавора дзяржавы — члены ЕАЭС прымаюць Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза, які знаходзіцца ў дадатку 1 да гэтага Дагавора і з’яўляецца яго неад’емнай часткай.

Структурна Мытны кодэкс ЕАЭС складаецца з 9 раздзелаў,
61 главы, 465 артыкулаў і двух дадаткаў.

У раздзелах I — VIII Мытнага кодэкса ЕАЭС выкладзены асноўныя палажэнні, якія тычацца мытнага рэгулявання ў ЕАЭС, перамяшчэння тавараў праз мытную граніцу ЕАЭС, адзінай Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС, класіфікацыі тавараў, паходжання, мытнага кошту тавараў, вылічэння мытных плацяжоў, мытных аперацый і працэдур, асаблівасцей парадку і ўмоў перамяшчэння праз мытную граніцу ЕАЭС асобных катэгорый тавараў, правядзення мытнага кантролю, узаемадзеяння мытных органаў, дзейнасці ў сферы мытнай справы.

У прыватнасці, Мытным кодэксам ЕАЭС устанаўліваецца, што мытнае рэгуляванне ў ЕАЭС грунтуецца на прынцыпах раўнапраўя асоб пры перамяшчэнні тавараў праз мытную граніцу ЕАЭС, выразнасці, яснасці і паслядоўнасці ажыццяўлення мытных аперацый, галоснасці ў распрацоўцы і прымяненні міжнародных дагавораў і актаў у сферы мытнага рэгулявання і іх гарманізацыі з нормамі міжнароднага права, а таксама на ўжыванні сучасных метадаў мытнага кантролю і максімальным выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці мытных органаў.

У выпадку ўзнікнення супярэчнасцей паміж гэтым Кодэксам і іншымі міжнароднымі дагаворамі, якія ўваходзяць у права ЕАЭС і рэгулююць мытныя праваадносіны, прымяняюцца палажэннi гэтага Кодэкса.

Мытныя праваадносіны, не ўрэгуляваныя міжнароднымі дагаворамі і актамі ў сферы мытнага рэгулявання, да ўрэгулявання адпаведных праваадносін такімі міжнароднымі дагаворамі і актамі рэгулююцца заканадаўствам дзяржаў — членаў ЕАЭС аб мытным рэгуляванні.

Раздзел IX вызначае пераходныя палажэнні аб прымяненні нормаў Мытнага кодэкса ЕАЭС да адносiнаў, якiя рэгулююцца міжнароднымі дагаворамі і актамі ў сферы мытнага рэгулявання.

У дадатку 1 вызначаецца парадак узаемадзеяння мытных органаў дзяржаў — членаў ЕАЭС пры спагнанні мытных пошлін, падаткаў, спецыяльных, антыдэмпінгавых, кампенсацыйных пошлін пры перавозцы (транспарціроўцы) тавараў у адпаведнасці з мытнай працэдурай мытнага транзіту і пералічэння спагнаных сум мытных пошлін, падаткаў, спецыяльных, антыдэмпінгавых , кампенсацыйных пошлін у дзяржаву — член ЕАЭС, у якім яны падлягаюць выплаце, а ў дадатку 2 утрымліваецца пералік звестак, якімі будуць абменьвацца мытныя органы.

Артыкулам 2 Дагавора прадугледжваецца, што ў сувязі з уступленнем гэтага Дагавора ў сілу спыняецца дзеянне (часовае прымяненне) міжнародных дагавораў, якія ўваходзяць у права ЕАЭС, па пераліку згодна з дадаткам 2 да Дагавора і прызнаюцца страціўшымі сілу палажэнні міжнародных дагавораў, якія ўваходзяць у права ЕАЭС, па пераліку згодна з дадаткам 3 да Дагавора.

У сувязі з гэтым у артыкуле 2 праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза» прадугледжана прызнаць страціўшымі сілу з даты ўступлення ў сілу гэтага Дагавора шэраг законаў Рэспублікі Беларусь, сярод якіх «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб вызначэнні мытнага кошту тавараў, што перамяшчаюцца праз мытную граніцу Мытнага саюза», «Аб ратыфікацыі Дагавора аб Мытным кодэксе мытнага саюза», «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дагавор аб Мытным кодэксе мытнага саюза ад 27 лістапада 2009 года», «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб патрабаваннях да абмену інфармацыяй паміж мытнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі органамі дзяржаў — членаў мытнага саюза» і іншыя.

Ратыфікацыя Дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза адказвае асноўным прынцыпам і мэтам функцыянавання ЕАЭС і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці мытнага кантролю, паскарэнню парадку ажыццяўлення мытных аперацый і ўкараненню ў дзейнасць мытных органаў перадавых метадаў мытнага адміністравання.

Гісторыя разгледжання
Бягучая стадыя: Прыняты ў адным чытанні
Унесенне ў Палату прадстаўнікоў
Дата паступлення ў Палату прадстаўнікоў: 11.08.2017
Скліканне: Шостае скліканне
Сесія: Трэцяя сесія
Камісія, у якой разглядаецца законапраект: па міжнародных справах
Адказны дэпутат: Шаўцоў Дзмітрый Яўгеньевіч
Адказны работнік Сакратарыята: Паўловіч Галіна Зянонаўна — загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах
Адно чытанне
Усе законапраекты
Сёмае скліканне
Навіны па тэме