«Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь»
Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы: Савет МіністраўУваходны нумар: 98
27 лістапада 2019 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у другім чытанні прыняты праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» (далей — праект Закона).
Прадметам прававога рэгулявання праекта Закона з’яўляюцца грамадскія адносіны ў сферы ўезду, выезду, знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (далей — іншаземцы) у Рэспубліцы Беларусь.
Праект Закона дапрацаваны з улікам патрабаванняў нарматворчай тэхнікі, якія ўстаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. № 130-З «Аб нарматыўных прававых актах». У прыватнасці, змянілася назва праекта Закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», які быў прыняты 2 красавіка 2019 г. у першым чытанні, на «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь». Пашыраны паняційны апарат Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» (далей — Закон) і скарэкціраваны ўжо вызначаныя паняцці. Напрыклад, у мэтах выключэння прававой недакладнасці з прычыны рознага тлумачэння нормаў на практыцы і ліквідацыі невыразнасцей праектам Закона дадзены дакладныя вызначэнні тэрмінаў «міграцыйны кантроль», «непрацаздольныя дзеці старэйшыя за васемнаццаць гадоў», «непрацаздольныя бацькі» і інш.
У праекце Закона прапануецца ўрэгуляваць пытанні аказання медыцынскай дапамогі іншаземцам, затрыманым у Рэспубліцы Беларусь за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб прававым становішчы іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь. У сувязі з гэтым артыкул 13 Закона дапаўняецца новай часткай, якая замацоўвае дадзенае права (пункт 6 артыкула 1 праекта Закона).
У мэтах мінімізацыі рызыкаў і выклікаў пагранічнай бяспекі праект Закона дапоўнены новым палажэннем, якое абавязвае іншаземцаў, якія прыбылі ў пункт пропуску праз Дзяржаўную мяжу для выезду з Рэспублікі Беларусь, у выпадку адсутнасці ў іх візы або ў выпадку, калі тэрмін дзеяння яе скончыўся, выехаць з Беларусі па дакументам для выезду за мяжу пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама правілаў транзітнага праезду (транзіту) праз тэрыторыю нашай краіны.
У праекце Закона ў новай рэдакцыі выкладзены артыкул 32 дзеючага Закона «Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы». Прапанаваныя змяненні накіраваны ў тым ліку на больш поўнае забеспячэнне права асобных катэгорый іншаземцаў на атрыманне імі асабіста або іх прадстаўнікамі дакладнай інфармацыі аб падставах для ўключэння іх у названы Спіс асоб. У законапраекце замацавана, што такое права яны могуць рэалізаваць бязвыплатна па iх запытах або на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных спраў у глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт.
Асобныя палажэнні праекта Закона прыведзены ў адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», Падатковым кодэксам, Кодэксам аб адукацыі і інш.
У ходзе дапрацоўкі праекта Закона да другога чытання ён быў аб’яднаны з праектам Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», які карэкціруе заканадаўства ў частцы рэгулявання пытанняў абмежавання ўезду іншаземцаў у Рэспубліку Беларусь (прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні 11 кастрычніка 2019 г.).
У аб’яднаны праект Закона ўвайшлі таксама асобныя палажэнні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях грамадзянскіх аспектаў міжнароднага выкрадання дзяцей», якія карэкціруюць заканадаўства аб прававым становішчы іншаземцаў з мэтай рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей ад 25 кастрычніка 1980 г. (прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні 19 чэрвеня 2019 г.).
2 красавіка 2019 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні прыняты праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».
У ходзе падрыхтоўкі да разгляду ў другім чытанні назва законапраекта была зменена на праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».
Камісія, у якой разглядаецца законапраект: па міжнародных справах
Адказны дэпутат: Корж Іван Аляксеевіч
Адказны работнік Сакратарыята: Кісель Марына Евстафьевна — галоўны саветнік аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах
2. Першае чытанне
Сесія: Шостая сесія
Пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў: 02.04.2019 2 красавіка 2019 года, адкрыццё шостай сесіі, першае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання
Статус: Прыняты ў першым чытанні
3. Другое чытанне
Сесія: Семая сесія
Пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў: 27.11.2019 27 лістапада 2019 года, чацвертае пасяджэнне сёмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання
Статус: Прыняты ў другім чытанні