Рус Бел En
Галоўная / Дзейнасць / Заканадаўчая дзейнасць / Законапраекты, што паступілі на разгляд у Палату прадстаўнікоў

Праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Уваходны нумар: 2842
Мова законапраекта: Русский
Апісанне законапраекта

30 чэрвеня 2020 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняты ў першым чытанні праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – праект КаАП), унесены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Распрацаваны ў мэтах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы праект КаАП уяўляе сабой абноўлены нарматыўны прававы акт, у якім сістэмна перагледжаны палажэнні дзеючага заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях, зыходзячы з існуючага ўзроўню развіцця грамадскіх адносін у краіне і з улікам неабходнасці захавання патрабавання справядлівасці пры прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.

У прыватнасці, праектам КаАП прадугледжан падзел адміністрацыйных правапарушэнняў на тры катэгорыі ў залежнасці ад ступені іх грамадскай шкоднасці і цяжкасці іх наступстваў: адміністрацыйныя правіны, значныя адміністрацыйныя правапарушэнні і грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні.

Для ўзмацнення прафілактычнага эфекта нормаў аб адміністрацыйнай адказнасці ўводзіцца інстытут прафілактычных мер уздзеяння. Такімі мерамі будуць з’яўляцца вусная заўвага, папярэджанне, меры выхаваўчага ўздзеяння (у дачыненні да непаўналетніх), ужыванне якіх прапануецца ажыццяўляць у рамках вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці.

Зыходзячы з катэгорыі адміністрацыйнага правапарушэння будуць вар’іравацца тэрміны, па заканчэнні якіх фізічная або юрыдычная асоба лiчыцца не падвергнутай адміністрацыйнаму спагнанню, а таксама з’яўляецца магчымасць вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці з прымяненнем прафілактычных мер уздзеяння.

Праектам КаАП змяняецца карная накіраванасць адміністрацыйнай адказнасці на прымяненне да правапарушальніка адэкватных адміністрацыйных пакаранняў. У сувязі з гэтым з існуючай сістэмы адміністрацыйных спагнанняў выключаюцца папярэджанне і папраўчыя работы. Пры гэтым уводзіцца новае спагнанне немаёмаснага характару –– грамадскія працы. Па шэрагу правапарушэнняў выключаецца або зніжаецца мінімальная мяжа штрафу, што дазволіць ўлічваць ступень віны канкрэтнай асобы і ўсе абставіны здзяйснення правапарушэння, а таксама матэрыяльнае становішча вінаватай асобы. Прадугледжана таксама зніжэнне максімальных памераў штрафу па асобных правапарушэннях.

Праектам КаАП пашыраецца кола дзеянняў, якія цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць толькі па патрабаванні пацярпелага, пры гэтым вытрымліваецца падыход па аднясенні да іх дзеянняў, якія закранаюць пераважна прыватныя інтарэсы арганізацый і грамадзян.

Таксама прапануецца адмовіцца ад прымянення адміністрацыйнай адказнасці за замах на адміністрацыйнае правапарушэнне і саўдзел у адміністрацыйным правапарушэнні, паколькі названыя прававыя інстытуты, характэрныя па сваёй сутнасці для крымінальнага закона, прымяняюцца рэдка, а адпаведныя дзеяннi не прычыняюць істотнай шкоды ахоўваемым адміністрацыйным законам грамадскім адносінам. Пры гэтым прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць за спробу здзяйснення асобных адміністрацыйных правапарушэнняў шляхам ўказання адпаведных прыкмет у дыспазіцыі нормы аб адміністрацыйнай адказнасці.

Прадугледжваецца ўніфікацыя падыходаў да вызначэння тэрмінаў накладання адміністрацыйных спагнанняў, згодна з якімі асноўным крытэрыем для іх вызначэння абраны суб’ект здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. Так, па агульнаму правілу, тэрмін накладання адміністрацыйнага спагнання за здзяйсненне правапарушэння фізічнай асобай усталёўваецца ў межах двух месяцаў з дня здзяйснення правапарушэння; для індывідуальнага прадпрымальніка, юрыдычнай асобы і яго службовай асобы такі тэрмін будзе абмежаваны 3 гадамі з дня здзяйснення і 6 месяцамі з дня выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння.

Праектам КаАП прапануецца адмовіцца ад інстытута віны юрыдычнай асобы. Пры гэтым захоўваецца існуючы падыход да фармату адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, пры якім за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у эканамічнай сферы ў першую чаргу караюць вінаватых службовых асоб суб’ектаў гаспадарання, а адказнасць арганізацый разглядаецца як дадатковая і ўжываецца ў тых выпадках, калі адказнасць службовай асобы відавочна недастатковая з-за таго, што парушэнне наносіць значную шкоду інтарэсам дзяржавы і грамадства альбо звязана з атрыманнем суб’ектамі гаспадарання істотных эканамічных пераваг у выніку незаконнай дзейнасці.

Праектам КаАП прадугледжаны стымулы для аператыўнай ліквідацыі наступстваў здзейсненага правапарушэння. У прыватнасці, замацоўваецца, што добраахвотнае пакрыццё, ліквідацыя прычыненай шкоды, выкананне ўскладзеных на асобу абавязкаў, за невыкананне якіх накладаецца адміністрацыйнае спагнанне, з’яўляецца падставай для зніжэння памеру штрафу, якi накладаецца на правапарушальніка, у два разы. Прапануецца таксама ўсталяваць, што адміністрацыйная адказнасць не ўжываецца за асобныя дзеянні (перш за ўсё, падатковыя і мытныя парушэнні) пры ўмове ліквідацыі дапушчаных парушэнняў, пакрыцця нанесенай дзяржаве ці іншым асобам шкоды не пазней за 10 рабочых дзён з моманту выяўлення правапарушэння. У выпадку накладання адміністрацыйнага спагнання ў спрошчаным парадку (пры прызнанні віны і згодзе на прымяненне адміністрацыйнага спагнання без складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні) прадугледжваецца прызначэнне штрафу ў мінімальным памеры. Пры нявыплаце ва ўстаноўлены тэрмін такога штрафу яго памер павялічваецца на 2 базавыя велічыні.

У ходзе перапрацоўкі нормаў дзеючай рэдакцыі КаАП распрацоўшчыкі выключылі з яе неактуальныя склады правапарушэнняў з прычыны іх фармальнага характару, незапатрабаванасці практыкай, магчымасці прымянення да правапарушальніку мер грамадзянска-прававой адказнасці.

Гісторыя разгледжання
Бягучая стадыя: Падрыхтоўка да другога чытання
Унесенне ў Палату прадстаўнікоў
Дата паступлення ў Палату прадстаўнікоў: 19.06.2020
Скліканне: Сёмае скліканне
Сесія: Другая сесія
Камісія, у якой разглядаецца законапраект: па заканадаўстве
Адказны дэпутат: Любецкая Святлана Анатольеўна
Адказны работнік Сакратарыята: Лапіцкая Iрына Анатольеўна — саветнік-кансультант аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве

Колесень Iрына Уладзіміраўна — загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве



Першае чытанне
Скліканне: Сёмае скліканне
Сесія: Другая сесія
Статус: Прыняты ў першым чытанні
Усе законапраекты
Сёмае скліканне
Навіны па тэме