Галоўная / Беларуская версія / Дзейнасць / Заканадаўчая дзейнасць / Законапраекты, што паступілі на разгляд у Палату прадстаўнікоў

«Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь»

Суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы: Савет Міністраў
Уваходны нумар: 5929
Мова законапраекта: Русский
Апісанне законапраекта
17 мая 2018 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняты праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Паветраны кодэкс Рэспублікі Беларусь», унесены Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Падрыхтоўка законапраекта абумоўлена тым, што правапрымяняльнай практыкай выяўлены шэраг недахопаў у Паветраным кодэксе Рэспублікі Беларусь, якія не дазваляюць Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту Рэспублікі Беларусь у поўным аб’ёме і з належнай якасцю рэалізоўваць ускладзеныя на яго паўнамоцтвы ў галіне эксперыментальнай авіяцыі.

Шэраг патрабаванняў і нарматыўных прадпісанняў Паветранага кодэкса рэгламентуе праваадносіны толькі ў галіне грамадзянскай авіяцыі, у той час як яны павінны распаўсюджвацца таксама і на адносіны ў галіне эксперыментальнай і дзяржаўнай авіяцыі. Гэта датычыцца пытанняў сертыфікацыі, кантролю, допуску да эксплуатацыі паветраных суднаў і г.д.

У гэтых мэтах пашыраецца і ўдакладняецца паняційны апарат Паветранага кодэкса, асобнае прававое рэгуляванне атрымліваюць беспілотныя авіяцыйныя комплексы (далей — БАК), у той час як дзеючае заканадаўства рэгулюе толькі выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў (далей — БПЛА), якія з’яўляюцца часткай БАК.

Адсутнасць сістэм, якія прадухіляюць сутыкненне БПЛА з пілатуемымі паветранымі судамі, і высокая верагоднасць некантралюемага падзення на зямлю істотна абмяжоўваюць магчымасць выканання палётаў БПЛА ў агульнай паветранай прасторы сумесна з іншымі лятальнымі апаратамі, а таксама магчымасць выкарыстання БПЛА ў населеных раёнах. Для зніжэння ўзроўню рызыкі нанясення шкоды прапануецца абавязковасць працэдуры сертыфікацыі БАК у залежнасці ад класіфікацыі БПЛА па ўзлётнай масе.

Выключаецца прабел у Паветраным кодэксе ў частцы адсутнасці органа, які ажыццяўляе кантроль у галіне эксперыментальнай авіяцыі. Гэты кантроль прапануецца ўскласці на спецыяльна ўпаўнаважаны орган у галіне эксперыментальнай авіяцыі — Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Істотна перапрацаваны артыкул 381Паветранага кодэкса («Медыцынскае забеспячэнне палётаў»). У прапанаванай яго новай рэдакцыі забяспечана ўзгодненасць прававых норм і прадпісанняў як унутры Паветранага кодэкса, так і самога кодэкса з іншымі заканадаўчымі актамі, ліквідаваны калізіі ў правапрымяняльнай практыцы і забяспечана выкананне канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, медыцынскае забеспячэнне дапаўняецца навучаннем экіпажа грамадзянскага паветранага судна метадам аказання першай дапамогі пры станах, якія прадстаўляюць пагрозу для жыцця і (або) здароўя пасажыраў на борце грамадзянскага паветранага судна. Акрамя таго, ствараецца дакладная сістэма нарматыўнага рэгулявання медыцынскага забеспячэння палётаў адпаведнымі авіяцыйнымі правіламі.

Акрамя таго, у Паветраны кодэкс уносіцца шэраг норм, якія вынiкаюць з Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». У прыватнасці, адзначаецца, што авіяцыйныя правілы не павінны ўтрымліваць палажэнні, што патрабуюць урэгулявання на ўзроўні нарматыўных прававых актаў, якія не з’яўляюцца тэхнічнымі.

Законапраект прадугледжвае значную колькасць іншых карэкціровак Паветранага кодэкса з улікам практыкі правапрымянення.

Гісторыя разгледжання
Бягучая стадыя: Прыняты ў другім чытанні
Унесенне ў Палату прадстаўнікоў
Дата паступлення ў Палату прадстаўнікоў: 23.10.2017
Скліканне: Шостае скліканне
Сесія: Трэцяя сесія
Камісія, у якой разглядаецца законапраект: па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі
Адказныя дэпутаты: Камароўскі Ігар Сяргеевіч , Русак Віктар Рамуальдавіч
Адказны работнік Сакратарыята: Ледаковіч Віталь Рамуальдавіч — загадчык аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі
Першае чытанне Другое чытанне
Усе законапраекты