САЙТ РАБОТАЕТ В ТЕСТОВОМ РЕЖИМЕ
Главная / Пресс-служба / Интервью, выступления, публикации
05.01.2017

Дэпутат Людміла Канановіч: «У адзінстве наша сіла»


05.01 12:08
Аляксандр Лазоўскі

Наша размова — з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе  №72 Людмілай Канановіч.

Людмілу Канановіч жыхары Маладзечаншчыны ведаюць. Без малога дзесяць гадоў Людміла Мікалаеўна працавала намеснікам старшыні райвыканкама, адказвала за работу сацыяльнай сферы – устаноў адукацыі, медыцыны, культуры. Да сваіх абавязкаў ставілася вельмі сур’ёзна, разам з тым працавала без фармалізму, як кажуць, з сэрцам і душой. І людзі адказвалі ёй тым жа. У верасні мінулага года маладзечанцы падтрымалі кандыдатуру Людмілы Мікалаеўны на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Цяпер ужо ў якасці парламентарыя з уласцівай ёй адказнасцю выконвае справу, якой служыць.

Наша сустрэча з парламентарыем адбылася на мяжы двух гадоў, калі можна падводзіць пэўныя вынікі зробленаму, ставіць новыя задачы і без раскачкі брацца за іх вырашэнне.

– Людміла Мікалаеўна, прапаную вам аглянуцца назад, падсумаваць набыткі ў новым статусе – прадстаўніка вышэйшага заканадаўчага органа краіны.

– Карыстаючыся выпадкам, хацела б праз газету яшчэ раз падзякаваць сваім выбаршчыкам за давер, разуменне, супрацоўніцтва і падтрымку і выказаць надзею на сумесную дзейнасць у вырашэнні праблем, з якімі сутыкаемся мы, жыхары Маладзечна. Нагадаю дэвіз маёй праграмы: «Давайце дзейнічаць і ствараць разам!». Я ўсведамляю тую меру адказнасці, якая ўскладзена на мяне, і буду імкнуцца апраўдаць давер маладзечанцаў, а сумесна выпрацаваную праграму дзейнасці па вырашэнні праблем планую рэалізаваць разам, бо мы ўсе – адна сям’я, якая павінна жыць у міры, згодзе і ўзаемадзеянні.

Да выканання сваіх дэпутацкіх абавязкаў прыступіла адразу пасля выбараў. Важнай падзеяй у пачатку маёй дэпутацкай дзейнасці стала сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з дэпутацкім корпусам пятага і шостага скліканняў. Як выказаўся Кіраўнік дзяржавы, ён чакае ад нас прафесіяналізму, прыхільнасці курсу, які праводзіцца ў краіне, пераемнасці вопыту і ведаў.

У Палаце прадстаўнікоў аператыўна былі вырашаны арганізацыйныя пытанні: сфарміраваны 14 пастаянных камісій, вызначаны іх склад. Я ўвайшла ў Пастаянную камісію па працы і сацыяльных пытаннях. У складзе камісіі восем парламентарыяў. Гэта працаздольны калектыў, гатовы вырашаць важныя пытанні. Я з’яўляюся намеснікам старшыні камісіі, што накладае на мяне асаблівую адказнасць. 16 снежня на чарговым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў мною быў прадстаўлены праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Змены, якія прадугледжваюцца законапраектам, мелі дачыненне да павышэння ўзроўню пенсіённага забеспячэння асобных катэгорый грамадзян, што маюць працяглы стаж работы, замацавання практыкі правядзення пераразлікаў працоўных пенсій, абавязковага дзяржаўнага сацыяльнага страхавання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь, павышэнні пенсіённага ўзросту, мінімальнага стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў.

Першая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання завяршыла сваю работу. Вынікам заканадаўчай дзейнасці за гэты перыяд сталі падрыхтоўка і разгляд больш чым трыццаці пытанняў. Асноўныя намаганні былі засяроджаны на эканамічнай праблематыцы. Вялікая ўвага надавалася таксама пытанням сацыяльнай палітыкі. Прынятыя рашэнні па прававым забеспячэнні пенсіённай сістэмы, замацаванні дадатковых гарантый грамадзянам, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, пашырэнні даступнасці і спектра сацыяльных паслуг.

На пасяджэннях Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях праводзілася работа па падрыхтоўцы да разгляду законапраектаў. 13 снежня 2016 года ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў прыняты законапраект «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», накіраваны на ўрэгуляванне асобных пытанняў забеспячэння прававых гарантый грамадзян, што праходзяць альтэрнатыўную службу. 16 снежня ў першым чытанні прыняты законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні». Гэты законапраект удакладняе норму ў частцы ўстанаўлення патрабаванняў да зместу і якасці сацыяльных паслуг, пашыраны пералік арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, уводзяцца новыя артыкулы, што рэгулююць удзел некамерцыйных арганізацый у сацыяльным абслугоўванні, і пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы. У другім чытанні прыняты таксама законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», што маюць дачыненне да пытанняў пенсіённага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

– Работа дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – гэта не толькі заканатворчая дзейнасць, але і цеснае ўзаемадзеянне са сваімі выбаршчыкамі. Вы прадстаўляеце інтарэсы многіх маладзечанцаў, таму абавязкова павінна існаваць моцная сувязь з людзьмі. Ці не так?

– Сапраўды. Для правядзення мерапрыемстваў у акрузе, сустрэч з выбаршчыкамі, асабістага прыёму нам штомесяц даецца тыдзень. Практыка работы ў акрузе паказвае, што людзі прыходзяць да нас з рознымі пытаннямі асабістага і грамадскага характару. Мая першая сустрэча з выбаршчыкамі адбылася 3 лістапада 2016 года. На прыём запісаліся 13 чалавек, акрамя гэтага, яшчэ шасцёра грамадзян атрымалі тлумачэнні і рэкамендацыі непасрэдна да прыёму. Заяўнікі звярталіся па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аплаты дадатковых паслуг тымі, хто жыве ў інтэрнатах, працаўладкавання і пенсіённага забеспячэння. Шэраг пытанняў быў вырашаны ў час прыёму. Асобныя праблемы, якія патрабуюць больш глыбокага вывучэння, узяты на кантроль.

На прыёме прысутнічалі кіраўнікі аддзелаў раённага выканаўчага камітэта, а таксама адказныя работнікі розных службаў раёна. Яны не толькі дзяліліся меркаваннямі, але і прапаноўвалі свае варыянты выхаду з самых розных сітуацый. Такі калектыўны падыход дапамагаў больш глыбока ўнікнуць у праблемы і вызначыць прымальныя шляхі іх рашэння.

Як засведчыў прыём, органам мясцовага кіравання і самакіравання, камунальным службам, як правіла, вядомая кожная з праблем, з якімі да мяне звяртаюцца выбаршчыкі. Проста нейкія работы па шэрагу аб’ектыўных і перш за ўсё эканамічных прычын немагчыма выканаць на момант звароту, аднак яны застаюцца на кантролі ў дэпутата.

Не маўчала і «тэлефонная лінія». На працягу снежня паступалі званкі ад выбаршчыкаў па камунальных пытаннях і па пытанні пенсіённага забеспячэння.

У час работы ў акрузе адбыліся сустрэчы з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах. Так, у кастрычніку была арганізавана сустрэча з калектывам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама. Работнікі ўпраўлення азнаёміліся з дзейнасцю пастаяннай камісіі, а таксама з законапраектамі, якія былі на разглядзе дэпутатаў. На сустрэчы з кіраўніцтвам ААТ «Белінвестбанк» абмяркоўваліся пытанні медыцынскага страхавання юрыдычных і фізічных асоб.

Рэалізацыя комплексу мер па захаванні і ўмацаванні здароўя грамадзян – актуальная задача. Установы аховы здароўя маюць патрэбу ў сучасным медыцынскім абсталяванні. Аб гэтым вялася размова на сустрэчы з кіраўніцтвам цэнтральнай раённай бальніцы. Многае ў нашым раёне ўжо зроблена ў гэтым кірунку, аднак лячэбная база павінна ўдасканальвацца.

– Зачын, як можна меркаваць, неблагі. А што ў перспектыве?

– Сёння бачу неабходнасць у павышэнні ролі сям’і ў грамадстве, стварэнні спрыяльных умоў для мацярынства і дзяцінства. Станоўчыя змены ў дэмаграфічнай сітуацыі ў нашым раёне патрабуюць неадкладнага вырашэння праблемы забеспячэння ўсіх жадаючых месцамі ў дзіцячых дашкольных установах. Лічу важнай задачай стварэнне крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі, таму пастараюся паспрыяць будаўніцтву школы-сада ў новым мікрараёне горада.

Бачу сваю задачу ў садзейнічанні ў рамонце раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Не сакрэт, што выхаванне павагі да культурна-гістарычнай спадчыны нашага народа – адна з першачарговых задач у працэсе фарміравання грамадзяніна нашай дзяржавы.

Адзін з найважнейшых кірункаў маёй дэпутацкай дзейнасці – забеспячэнне камфортнага асяроддзя жыццядзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама аказанне дапамогі сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. У час работы ў акрузе я наведала такія сем’і. У гутарцы з бацькамі цікавілася, з якімі праблемамі даводзіцца ім сутыкацца, завастрыла ўвагу на пытаннях далейшай работы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў краіне і, у прыватнасці, на Маладзечаншчыне.

Глыбока пераканана, што сацыяльная дапамога павінна быць даступнай і эфектыўнай. У маёй перадвыбарнай праграме значнае месца адводзіцца пытанням развіцця сістэмы сацыяльнай падтрымкі найменш абароненых катэгорый грамадзян. Гэта праблема абмяркоўвалася пры наведванні раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У пачатку 2017 года мы плануем адкрыць аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых грамадзян, што дапаможа хаця б часткова падтрымаць адзінокіх людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Планую таксама з мэтай маніторынгу адпаведнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы сучасным патрабаванням наведаць іншыя арганізацыі Маладзечанскага раёна, якія аказваюць сацыяльныя паслугі насельніцтву. Нашы грамадзяне павінны атрымліваць якасную адрасную сацыяльную паслугу.

Крыху аб планах на вясеннюю сесію. Пастаянныя камісіі засяродзяць увагу на заканадаўчым забеспячэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады. Прыярытэтамі яе рэалізацыі з’яўляюцца інвестыцыі, занятасць і экспарт. Уся заканадаўчая дзейнасць будзе падпарадкавана галоўнай мэце – умацаванню чалавечага патэнцыялу. У цяперашніх эканамічных умовах вельмі важна захаваць спецыялістаў і рабочыя месцы, дапамагчы пенсіянерам. Нам неабходна падтрымліваць дзелавую ініцыятыву грамадзян. У гэтых пытаннях маю намер займаць прынцыповую і паслядоўную пазіцыю.

Магчымасці міжсесійнага перыяду планую максімальна выкарыстаць і для работы ў выбарчай акрузе. Самая пільная ўвага будзе надавацца растлумачэнню асноўных палажэнняў Праграмы развіцця краіны на пяцігодку. Пераканана, што ад ініцыятыўнасці парламентарыяў, іх здольнасці эфектыўна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі органамі ўлады ў рашэнні праблем насельніцтва, уменні весці дыялог з выбаршчыкамі ў многім залежаць сацыяльная стабільнасць і ў канчатковым выніку – дынамічнае развіццё краіны.

– Людміла Мікалаеўна, мы гутарым з вамі ў вельмі адметную пару. Пачаў свой адлік новы, 2017 год. Працягваецца падрыхтоўка да аднаго з самых вялікіх хрысціянскіх свят – Нараджэння Хрыстова. Вашы пажаданні тым, хто будзе чытаць гэта інтэрв’ю.

– Дазвольце павіншаваць вас, паважаныя маладзечанцы, мае выбаршчыкі, з Новым, 2017 годам, са святам Нараджэння Хрыстова і пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, утульнасці і цеплыні ў вашых дамах!

Давайце будзем захоўваць і мацаваць мір на беларускай зямлі, радавацца магчымасці спакойна жыць, працаваць, ствараць. Шчасця вам, дарагія землякі!

Все материалы
Главные новости
Все новости Законодательная деятельность Международная деятельность Общественно-политическая деятельность