Главная / Пресс-служба / Интервью, выступления, публикации

Информационно-аналитическое управление

Почтовый адрес: 220010, Республика Беларусь, г. Минск,
ул. Советская, 11.

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:    +375 (17) 222-64-75
             +375 (44) 755-22-94

Электронная почта: inform@house.gov.by

21.02.2019

У краіне распрацуюць адзіныя падыходы пры правядзенні судовых даследаванняў

21.02.2019

Грамадства

Для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу рыхтуецца праект новага для Беларусі закона «Аб судова-экспертнай дзейнасці». Дэпутаты асабіста пазнаёміліся з работай Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

«Зладзеі яшчэ не паспелі распакаваць нарабаванае, а ў дзверы ўжо пастукала міліцыя. Адбіткі пальцаў ледзь не ў рэжыме рэальнага часу «выдалі» злачынцаў», — тлумачыць старшыня камітэта Андрэй ШВЕД, дэманструючы самае сучаснае абсталяванне. І гэта далёка не ўсё, на што здольныя прафесіяналы камітэта пры дапамозе спецыяльных тэхнічных сродкаў.

Штогод вядзенне крыміналістычных улікаў спрыяе раскрыццю больш чым 20 тысяч злачынстваў. Адбіткі пальцаў — гэта першае, што недасведчаны чалавек прыгадае пра работу судовага эксперта, але спецыялісты камітэта праводзяць каля 160 тысяч відаў і падвідаў даследаванняў: ад зброі і дакументаў да каштоўных камянёў. Наяўнасць у аб'екце забароненых да абароту рэчываў вызначаецца кругласутачна на працягу 40 хвілін.

Працуюць мабільныя лабараторыі, выхоўваюцца новыя прафесіяналы, не застаецца пытанняў без адказу — раскрываюцца нават даўнія злачынствы... Да таго ж камітэт паспяхова зніжае бюджэтныя выдаткі на дарагія прыборы, якім няма аналагаў. Апошніх застаецца ўсё менш: прадукцыя «Белсудэкспертзабеспячэння» ў стане канкурыраваць з імпартнай. Калісьці эксперты павінны былі яшчэ скеміць, як без лішніх слядоў давезці да лабараторыі адабраны, напрыклад, мабільны тэлефон ці шпрыц. Зараз такога пытання няма: калі ласка, ёсць спецыяльная ўпакоўка беларускай вытворчасці. Як і крыміналістычныя сродкі, і праграмнае забеспячэнне.

Нядзіўна, што пераймаць беларускі досвед імкнуцца не толькі краіны постсавецкай прасторы: у Беларусі ў 2013 годзе створаны адзіны экспертны орган, які аб'яднаў розныя галіны. У 2015-м прыняты закон аб камітэце судэкспертыз. За гэты час значна скараціліся тэрміны разгляду спраў у судах і расследавання крымінальных спраў. Раней зняволеныя маглі чакаць экспертных заключэнняў да 12 месяцаў, зараз — за рэдкім выключэннем — 30 дзён. А па кожнай крымінальнай справе ў Беларусі праводзіцца мінімум па 2-3 экспертызы, часам да дзясяткаў.

Самастойныя заканадаўчыя акты па судовай дзейнасці ёсць у Казахстане, Кыргызстане, Украіне, Малдове і іншых краінах. Але ў іх няма аналагаў нашага камітэта. Беларусь, такім чынам, пачала з практыкі і вось падышла да стварэння адпаведнага закона. Для лепшага разумення асаблівасцяў працы «навуковых суддзяў», як іх часам называюць, парламентарыі (далёка не ўсе з якіх — юрысты) пазнаёміліся з гісторыяй, сучаснасцю і перспектывамі камітэта.

«Ніводная сесія Палаты прадстаўнікоў не абыходзіцца без разгляду законапраектаў, накіраваных на ўдасканаленне працэсуальнага заканадаўства. Новы закон павысіць эфектыўнасць судова-экспертнай дзейнасці, выніковасць барацьбы са злачыннасцю, абарону правоў грамадзян», — падкрэсліў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў ПІРШТУК.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталлі ГУЙВІК, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2019 год, зацверджаным Прэзідэнтам, праект закона аб судова-экспертнай дзейнасці будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў у найбліжэйшы час.

Законапраект рыхтуецца Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў і будзе ўнесены ад імя Прэзідэнта. У дакуменце будуць прадугледжаны агульныя стандарты для Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, прыватных экспертаў (іх у краіне больш за дзве тысячы) і экспертаў сумежных структур — пагранічнага і мытнага камітэтаў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Галоўная задача новага законапраекта — абараніць правы грамадзян пры правядзенні судовых экспертыз. Як падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім ІПАТАЎ, дагэтуль не забяспечана сістэмнае рэгуляванне судова-экспертнай дзейнасці, няма адзіных падыходаў да допуску работнікаў.

Таму ў праект закона ўключаны абавязковая атэстацыя асоб, якія жадаюць атрымаць права праводзіць экспертызы, і ліцэнзаванне недзяржаўных устаноў. Экспертам плануецца дазволіць уключаць у заключэнне ўласныя меркаванні, наконт якіх не былі пастаўлены пытанні.

Закон павінны ўрэгуляваць і тэрміны правядзення экспертыз (як правіла, не больш за 30 каляндарных дзён для ўстаноў усіх формаў уласнасці).

Праект датычыцца і правоў і абавязкаў фізічных асоб, у адносінах да якіх праводзіцца судовая экспертыза, — дагэтуль іх прававое становішча не замацавана. Калі даследаванне праводзіцца прымусова (напрыклад, чалавек змешчаны ў стацыянар), ушчамленне некаторых правоў непазбежнае і патрэбна для належнага правядзення экспертызы, бяспекі самой асобы ці іншых людзей. Частка праекта закона вызначае ўмовы і месца правядзення экспертызы, аб'ектам якой з'яўляецца фізічная асоба.

«Аб'ектыўнасць. Гонар. Айчына» — для экспертаў дзяржаўнага камітэта гэта больш, чым словы. Гэта кошт іх заключэння па канкрэтнай экспертызе, ад якога можа залежаць бяспека ўсёй краіны. Ці лёс аднаго чалавека.

Варвара МАРОЗАВА

Заголовки публикаций в СМИ

Все публикации
Главные новости
Все новости Законодательная деятельность Международная деятельность Общественно-политическая деятельность