Главная / Пресс-служба / Интервью, выступления, публикации

Информационно-аналитическое управление

Почтовый адрес: 220010, Республика Беларусь, г. Минск,
ул. Советская, 11.

Факс:  +375 (17) 222-32-13
Тел.:    +375 (17) 222-64-75
             +375 (44) 755-22-94

Электронная почта: inform@house.gov.by

12.04.2019

Виктор Мирош: Если мы опоздаем, то останемся ни с чем

Пятница, 12.04.2019

Экалагічны – значыць, здаровы

Здаровае і правільнае харчаванне для многіх ужо не даніна модзе, а лад жыцця. Попыт на чыстыя, экалагічныя, вырашчаныя без выкарыстання хімічных сродкаў, прадукты ўзрастае ва ўсім свеце. Асабліва хуткімі тэмпамі расце запатрабаванасць у такіх прадуктах у найбольш развітых краінах свету. У лістападзе бягучага года ўступае ў сілу закон аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі. Як закон паўплывае на рынак экалагічна чыстых прадуктаў? Якія перспектывы закон адкрывае перад вытворцамі экалагічных прадуктаў у Беларусі? Пра гэта і іншае расказвае член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу  Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы Віктар Мірош.

– Віктар Вікенцьевіч, наколькі запатрабаваная арганічная прадукцыя за мяжой і ў нашай краіне?

– На сусветным рынку экалагічная прадукцыя займае 7-10% агульнага аб’ёму вытворчасці. Буйнейшыя рынкі “чыстай” прадукцыі знаходзяцца ў ЗША, Еўрасаюзе, Кітаі. За апошнія пяць гадоў аб’ём рэалізацыі арганічных прадуктаў у свеце ўзрос больш чым у пяць разоў: з 18 да 100 мільярдаў долараў! А да 2020 года ўзрасце да 130 мільярдаў. Калі мы спознімся, то застанемся ні з чым. Тым больш, што пераход да вытворчасці эка-прадукцыі зойме тры гады.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года прадугледжвае долю арганічных зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў да 4-8%.

– Ці складана атрымаць сертыфікат на арганічную прадукцыю?

– З уступленнем у сілу закона вытворца, які пажадае займацца “зялёным земляробствам”, зможа звярнуцца ў нацыянальную сістэму сертыфікацыі. Пры наяўнасці сертыфіката прадпрыемства будзе ўключана ў рэестр вытворцаў арганічнай прадукцыі, які будзе размешчаны на афіцыйным сайце Дзяржстандарта. А вытворца атрымае права наносіць на ўпакоўку знак “Арганічны прадукт”.

Але сертыфікацыя – не проста атрыманне дакумента.  Пры вытворчасці арганічнай прадукцыі нельга выкарыстоўваць хімічныя сродкі. Гэта пастаянны кантроль. Маніторынг на стадыі апрацоўкі глебы, сяўбы, вегетацыі раслін, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, уборкі, транспарціроўкі, перапрацоўкі, захоўвання і рэалізацыі прадукцыі. Спецыялісты будуць сачыць за захоўваннем усіх правілаў. Арганічная прадукцыя на ўсіх этапах вытворчасці павінна быць аддзелена ад неарганічнай. Толькі пасля інспекцыі, якая пацвердзіць адпаведнасць самым высокім стандартам, вытворца зможа атрымаць сертыфікат.

– Традыцыйна многія людзі лічаць экалагічна чыстай прадукцыю, якая вырашчана на дачы ці прысядзібным участку. Ці правільна гэта?

– Тавары на рынках, у крамах праходзяць лабараторную праверку, прадукты з пестыцыдамі, нітратамі, радыенуклідамі на прылаўкі не трапляюць. А гандляры, якія прадаюць тавар з зямлі, уздоўж дарог, не маюць ніякіх дакументаў, каб пацвердзіць якасць прадукцыі. Усё застаецца на сумленні прадаўцоў. Калі вы сумняваецеся ў якасці прадукцыі, аднясіце бульбу ці гародні-ну ў лабараторыю. Тэст на нітраты, напрыклад, можна зрабіць у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

– Арганічная прадукцыя запатрабаваная ў многіх краінах. Што патрэбна беларускім вытворцам, каб выйсці на замежныя рынкі?

– Вельмі высокі попыт на такія прадукты ў краінах Еўропы, расце запатрабаванасць у экалагічнай прадукцыі і ў іншых краінах свету. Гэтым трэба карыстацца. Цяпер арганічную прадукцыю ў краіне вырабляюць каля 20 вытворцаў, уключаючы фермерскія гаспадаркі. Для жадаючых прадаваць прадукцыю на экспарт існуюць асаблівыя патрабаванні. Пачынаючым вытворцам арганічнай прадукцыі трэба ўдзельнічаць у выставах, дзе можна знайсці спажыўцоў прадукцыі, заключыць кантракты, абмяняцца вопытам.

– Экапрадукты ў крамах не рэдкасць. Але часта надпісы пра экалагічнасць уводзяць пакупніка ў зман, бо вырабляюцца яны па звычайных тэхналогіях, з выкарыстаннем хімічных угнаенняў. Як абараніць спажыўца ад падробак?

– Так, прадукцыі з надпісамі “эка”, “бія” хапае, але гэта з’яўляецца маркетынгавым ходам, каб прывабіць пакупніка. Трэба ўважліва чытаць склад прадукту, не спяшацца класці любы “натуральны прадукт” у кошык. Закон аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі навядзе у гэтым парадак. Вытворцы сапраўды арганічнай прадукцыі атрымаюць права размяшчаць спецыяльны знак на ўпакоўцы.

– Натуральныя прадукты даражэйшыя. Як вы лічыце, ці будуць яны запатрабаваны ў нашым грамадстве?

– Сапраўды, кошт прадуктаў, вырашчаных без хімікатаў, гармонаў, антыбіётыкаў, на 15-20% вышэй, чым на аналагічныя звычайныя прадукты. Але спажыўцы, я лічу, гатовыя галасаваць рублём за смак натуральных прадуктаў. Паглядзіце, памідоры, агуркі, зеляніна з агарода разыходзіцца на рынках хутчэй, чым вырашчаныя ў прамысловых маштабах, што прадаюцца ў супермаркетах. Наогул, цана прадуктаў залежыць ад сабекошту і канкурэнцыі. Чым больш будзе арганічнай прадукцыі, тым яна будзе танней. Гэтай прадукцыяй актыўней сталі цікавіцца гандлёвыя сеткі. Менавіта такім прадуктам аддаюць перавагу, калі пытанне ідзе пра дзіцячае харчаванне ці ежу для хворых на алергію.

Трэба ўлічваць і тое, што вытворчасць экалагічных прадуктаў – стымул для развіцця сярэдняга і малога прадпрымальніцтва, стварэння дадатковых працоўных месцаў. Ды і забруджванне навакольнага асяроддзя таксама будзе зніжацца.

– І апошняе. Вы як дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыязджалі ў наш раён з традыцыйным рабочым візітам, праводзілі  прыём грамадзян, “прамую” тэлефонную лінію з жыхарамі раёна. З якім пытаннямі да вас звярталіся людзі, што іх хвалюе?

– Пытанні самыя розныя: ад уладкавання аўтамабільнай стаянкі каля шматкватэрнага жылога дома і рамонту даху да прызначэння пенсіі і сацыяльнай дапамогі, выплаты зарплаты. Усе пытанні накіраваны ў адпаведныя службы і арганізацыі, вызначаны тэрміны для іх рашэння ці кампетэнтнага адказу, яны знаходзяцца на кантролі ў мяне і ў райвыканкаме.

– Дзякуй за размову.

Гутарыў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №29 ад 12.04.2019 г.

Заголовки публикаций в СМИ

Все публикации
Главные новости
Все новости Законодательная деятельность Международная деятельность Общественно-политическая деятельность