Налады
Настройки шрифта
PT Sans
Times New Roman
Размер
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным<br/>по белому
Белым<br/>по синему
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Сёмае скліканне
26.11.2020

26 лістапада 2020 года пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі і па бюджэце і фінансах правялі пашыраную нараду, на якой былі абмеркаваны варыянты ўдасканалення сістэмы спагнання дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, першы намеснік Міністра фінансаў Кійко Д.М., прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства транспарту і камунікацый, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, канцэрна «Белнафтахім», ААТ «Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «АРІП», а таксама работнікі сакратарыятаў Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Перад прысутнымі з грунтоўным дакладам выступіў першы намеснік Міністра фінансаў Кійко Д.М. Спачатку ён расказаў пра недахопы існуючага метаду платы за ўдзел у дарожным руху, які заключаецца ў прывязцы яго да тэхнічнага агляду транспартнага сродку. Прывязка фіскальных пытанняў да працэдуры тэхагляду пры адсутнасці належных механізмаў кантролю прывяла да зніжэння бяспекі дарожнага руху і падзення ўзроўню напаўняльнасці рэспубліканскага дарожнага фонду.


У выніку сумеснай работы дэпутатаў і Урада на нарадзе быў прадстаўлены асноўны, найбольш прымальны варыянт вырашэння праблемы дарожнага збору, які заключаецца ў скасаванні дзяржпошліны і ўвядзенні замест яе платы за карыстанне дарогамі і асобнымі элементамі вулічна-дарожнай сеткі. Плата будзе спаганяцца незалежна ад тэхагляду, а плаціць можна будзе дыферэнцыравана — за перыяд ад месяца і больш. Акрамя гэтага, прапануецца прадугледзець перагляд ставак: для фізічных асоб устанаўленне штомесячных ставак на 10 працэнтаў ніжэй за дзеючыя і прымяненне паніжальнага каэфіцыента 0,8 пры выплаце за 12 месяцаў і больш, для арганізацый — зніжэнне дзеючых ставак дзяржпошліны на 20 працэнтаў.


Супадзенне пазіцый выканаўчай і заканадаўчай галін улады не выпадкова. Ёсць агульнае разуменне, што прапанаваны варыянт вырашэння праблемы дасць магчымасць:

падзяліць падатковыя пытанні і пытанні забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Адвязка выплаты дзяржпошліны ад праходжання тэхагляду выключыць прычыну для яго масавага непраходжання грамадзянамі з-за нежадання выплачваць дзяржпошліну і, такім чынам, павысіць бяспеку дарожнага руху;

прадаставіць варыятыўнасць у выбары аплачваемага перыяду. У грамадзян з’явіцца магчымасць выбраць перыяд, на працягу якога яны выкарыстоўваюць аўтамабіль (месяц, два месяцы, сезон і г.д.), а не плаціць за цэлы год без прывязкі да часу рэальнага выкарыстання. Для асобных катэгорый грамадзян (пенсіянераў, фермераў, асоб, якія плануюць прадаць аўтамабіль у бягучым годзе, і да т.п.) эканомія можа атрымацца вельмі адчувальнай. Акрамя таго, з’яўляецца магчымасць своеасаблівай «растэрміноўкі» для асоб, якія не маюць сродкаў для адначасовай выплаты дзяржпошліны за адзін ці два гады;

не павялічваць фінансавую нагрузку на добрасумленных аўтаўладальнікаў;

захаваць існуючыя льготныя ўмовы для асобных сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва;

выкарыстоўваць самыя зручныя для грамадзян спосабы выплаты з дапамогай вельмі даступнай для нашых грамадзян адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП);

задзейнічаць ужо існуючыя магчымасці фота- і відэафіксацыі для забеспячэння кантролю ўнясення платы.


Улічваючы шматлікія звароты грамадзян, прызнана мэтазгоднай адмова ад існуючага падыходу градацыі ставак дзяржпошліны ў залежнасці ад пападання дазволенай максімальнай масы транспартнага сродку ў пэўны інтэрвал. Выбаршчыкі часта наракаюць на тое, што разыходжанне ў некалькі кілаграм дазволенай максімальнай масы выклікае фіскальныя наступствы, якія вельмі адрозніваюцца (напрыклад, стаўкі за аўтамабіль да 1,5 тоны ўключна — 3 базавыя велічыні, а за аўтамабіль ад 1,5 тоны да 2 тон — ужо 6 базавых велічынь). У сувязі з гэтым дэпутатамі прапанавана, а прадстаўнікамі зацікаўленых органаў падтрымана ідэя аб тым, што ў новым фармаце плацяжу стаўкі павінны разлічвацца на кілаграм дазволенай максімальнай масы, што будзе адпавядаць прынцыпу суразмернасці плацяжоў і ўлічваць рэальны ўплыў пэўнага транспартнага сродку на дарожнае палатно. Пры гэтым стаўкі трэба разлічыць такім чынам, каб не адбыўся рост сумы плацяжоў у параўнанні з градацыяй транспартных сродкаў, якая прымяняецца ў цяперашні час, па дазволенай максімальнай масе (гэта асабліва актуальна для цяжкай грузавой тэхнікі).

Удзельнікі мерапрыемства прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні дадзенай праблемы, разгледжаны розныя варыянты перыядычнасці ўнясення названай платы і ажыццяўлення кантролю.

Па выніках абмеркавання сфарміраваны канкрэтныя прапановы для прадстаўлення ва Урад і рэагавання на іх у мэтах максімальна аператыўнай прапрацоўкі і рэалізацыі ў заканадаўстве.


Усе навіны